it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Feb 08

гэты факт, безумоўна, вядомы дасьледчыкам. а для мяне -- стаў маленькім адкрыцьцём і шчырасьцю.

на здымку -- інтэр'ер закрысьця дамавой капліцы Нясьвіскага замку, 1897 год. бачыце карціну справа -- жанчына з крыжом у руках?

дык вось, аказалася, што гэта...

славуты мастак Ян Дамель (1780–1840)!.. а карціна --

Сьвятая Канстанцыя. (каля 1825 году)

Паводле адной вэрсыі, карціна знаходзілася ў касьцёле, а ў капліцы -- яе копія. Паводле іншай -- карціну перанесьлі з касьцёла ў капліцу.

Першай вэрсыі прытрымліваецца дызайнэр Аляксей Кульбіцкі, да якога я зьвярнуўся па кансультацыю.

Вось ягоны параўнаўчы аналіз:

і камэнтар:

"Калі ўглядзецца, то ў мадэлі, што ў капліцы, больш моцныя рукі, зусім іншая драпіроўка на грудзях, і якое б асвятленне не было, такой чорнай сукенка быць не можа, што святлее толькі крыху на каленцы. Сукенка ў арыгінале насычаная і светлая - таму па тону на Ч/б павінна быць прыкладна, як я зрабіў. яшчэ ў арыгінале не відаць пад нагой нейкай прыступкі і яшчэ адной нішы пад сталом - а ў каплічным варыянце ё! у каплічным варыянце прыадкрыты рот, а ў арыгінале - не. карацей спісак гэта".

Зараз карціна знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі. Вось інфармацыя з сайта музэю:

Ян Дамель. 1780–1840
Святая Канстанцыя. Каля 1825 года
Палатно, алей. 186х92
Паходзіць з Нясвіжскага касцёла
Паступіў у 1976 годзе з Дзяржаўнага гістарычнага музея БССР
ЗЖ-176

Святая дзева Канстанцыя – дачка імператара Канстанціна Вялікага. Звесткі пра яе надзвычай сціплыя: памерла ў 354 годзе і была пахавана ў маўзалеі Санта Канстанца ў Рыме пры базыліцы святой Агнесы.
У правым нефе Нясвіжскага фарнага касцёла стаіць алтар у стылі класіцызму, завершаны саркафагам з белай статуяй маладой жанчыны і надпісам: «Maz Zenie z Xiazat Radziwillow Czudowskiey Roku 1825 Mar. 31». Пра яго пісаў Уладзіслаў Сыракомля: “Направа бачым алтар тонкай работы першых гадоў нашага стагоддзя; у алтары – карціна Дамеля з выявай святой Канстанцыі ці Гелены з крыжам, у даўнейшых строях; а над алтаром, на прыгожай, з каляровага мармуру труне – белая, майстэрскай работы статуя заплаканай жанчыны. Гэта надмагільны помнік Канстанцыі Радзівіл, дачкі клецкага ўладальніка маярату трокскага ваяводы Юзафа, якая была замужам за Чудоўскім. Гэта павінен быць алтар, але касцёльнае кіраўніцтва, ці то знайшоўшы ўборы святой Гелены на карціне занадта сучаснымі, ці то, як кажа паданне, рысы святой былі на ёй узяты з твару князёўны, на грабніцы якой стаяў алтар, не дазволіла яго асвяціць” . На той час карціна знаходзілася ў плебаніі, пазней, верагодна, пры Марыі з Кастэланаў, была перададзена ў замак, да другой сусветнай вайны знаходзілася ў замкавай капліцы, досыць добра пазнаецца на фатаграфіі інтэр'ера 1897 года. Аўтарства Яна Дамеля прынята ў “Слоўніку польскіх мастакоў”, мы не бачым асаблівых падстаў яго аспрэчваць .
На абразе, напэўна, прадстаўлена святая Канстанцыя як нябесная апякунка Канстанцыі Чудоўскай. (Па іканаграфіі Святая Алена, маці Канстанціна Вялікага, павінна быць пажылой, з вялікім крыжам Хрыста, знойдзеным ёю). Канстанцыя паказана ў рост, нібы выступаючы з цёмнага фону да гледача, сыходзячы з прыступкі алтара, павернутая ў тры чвэрці ўправа, абедзвюма рукамі трымае невялікі чатырохканцовы крыж. Адзенне нагадвае антычнае: белы з залатым шлякам пеплас да самых пят, з-пад яго бачны толькі ступні ног у сандаліях, падобныя сукенкі насілі пані і ў першай чвэрці XIX стагоддзя, у перыяд захаплення антычнасцю. З левага пляча спадае пурпурны плашч-гімацій, які захутвае фігуру і кладзецца на алтар. Старанна ўкладзеныя валасы спераду аздабляе дыядэма. Твар малады, прыгожы, з правільнымі рысамі, увесь вобраз цалкам рэпрэзентатыўны, застылы, позірк накіраваны да нябёсаў; крытыку духоўнага кіраўніцтва хутчэй магло выклікаць свецкае адзенне, чым партрэтнасць святой Канстанцыі.

1. Wladyslaw Syrokomla. Wedrowki po moich niegdys okolicach. – Wilno, 1852. Цыт. па “Уладзіслаў Сыракомля. Добрыя весці. Пераклад К. Цвіркі. Мн., 1993”. С. 225.
2. Slownik artystow polskich і w Polsce dzialajacych. T. 2. – Warszawa-Krakow-Wroclaw-Gdansk (артыкул – Damel Jan, аўтары – J. Derwojd, M. Skalska).

А.А.Ярашэвіч, кандыдат мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Тэгі: