it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Feb 03

Праз 75 гадоў у Дагестане знайшоўся стрыечны ўнук гэтага каларытнага сябра Альбрэхта Радзівіла

У цэнтры -- князь Альбрэхт Радзівіл, крайні зьлева -- Хусэйн Данагуй. Фота зробленае ў двары Нясьвіжскага замку, пачатак 1930-х гадоў

Яшчэ адсканаваўшы гэтае групавое фота ў альбоме шаноўнай князёўны Эльжбеты Радзівіл (у цэнтры – князь Альбрэхт, яе бацька), я зацікавіўся: з кім жа толькі не сябравалі Радзівілы!.. І прынц Манака, і італійская каралева, і – вось – сапраўдны горац. Аднак ні імя, ні звестак пра гэтага чалавека нідзе знайсці не ўдалося.

І вось да майго старэйшага калегі Уладзіміра Багданава звярнуўся з Дагестану спадар Хаджы Мурад, які папрасіў дапамогі. Хаджы пісаў:

“У майго прадзеда быў стрыечны брат Хусэйн Данагуй (Данагуеў) – вайсковец, пасля Першай Сусветнай апынуўся ў Польшчы, ваяваў з Чырвонай арміяй, пасля замірэння застаўся ў Польшчы, паступіў у 10-ы Уланскі полк, пасля выхаду ў адстаўку пасяліўся ў свайго сябра князя Радзівіла (імя яго я не ведаю, а іх жа было нямала!) у г. Нясвеж (паўсюль напісана менавіта такаўт.) і там у 1933 годзе памёр і быў пахаваны. Я знайшоў ягоныя палкавыя здымкі, некралог у эмігранцкім часопісе і хачу паехаць туды ўлетку, каб адшукаць ягоную магілу…”

Спадар Уладзімір звярнуўся да мяне, ведаючы, што я дужа цікаўлюся Радзівіламі канца ХІХ – ХХ стагоддзя. Я адразу скумекаў, што сябраваў Хусэйн Данагуй, хутчэй за ўсё, з князем Альбрэхтам Радзівілам. Альбрэхт памёр у 1935 годзе – падыходзіць па часе. Да таго ж, князь Альбрэхт сам служыў у полку ўланаў і да апошняга, хоць сам стаў інвалідам – ездзіў у вазочку, падтрымліваў з імі кантакты.

Так і сталася – сярод 535 здымкаў Радзівілаў, якія мне ўдалося сабраць на сённяшні момант, адшукаўся падыходзячы. На ім князь Альбрэхт, ужо з хворымі нагамі, сядзіць у двары Нясвіжскага замка, а наўкол стаяць уланы. І крайні левы – вельмі верагодна, Хусэйн Данагуй!..

Якая ж была мая радасць, калі атрымаў адказ з Дагестану! Хаджы Мурад пісаў:

“На групавым здымку – крайні злева і ёсць Хусэйн Данагуй, мой стрыечны прадзед, а тое, што ён (як мне падалося) яшчэ і поўны Георгіеўскі кавалер, дык гэта дзіўна ўтрая! Такога фота ў мяне не было, ёсць іншыя здымкі таксама з ягонымі сябрамі-вайскоўцамі, аднак крыжоў там не бачна. З усяго, што я знайшоў пра яго, ведаю, што яму было дазволена насіць сваё каўказскае адзенне ў часе службы ў 10-м уланскім палку. Высылаю вам артыкул пра яго і некралог з часопіса “Горцы Каўказу”, які выдаваўся ў Пырыжы. Мяркую, у Нясвіжы будзе шмат цікавага па Хусэйну – ён там для свайго часу, напэўна, быў каларытнай фігурай! Пацяплее – і буду збірацца ў Нясвіж! З павагай, Хаджы Мурад”.

У дасланым часопісе “Горцы Каўказу” адзін з чытачоў, схаваўшыся за ініцыяламі “Б.К.” піша пра Хусэйна Данагуя, які “на той час меў больш за 85 гадоў”. У прыватнасці, мілая дэталя: “Жыхары горада Нясвежа, дзе стаяў полк, часта мелі магчымасць бачыць старыка-каўказца, які сядзеў на шэрым арабе ў поўным нацыянальным касцюме і з шашкай. Свайго араба Хусэйн шкадаваў і пасля выхаду з полку, казаў, што спадзяецца яшчэ пабачыць Каўказ і яго стары баявы таварыш саслужыць яшчэ яму там службу”.

Хусэйн Данагуй, фота з часопіса "Горцы Каўказу", 1933 год

Аднак лёс вызначыў інакш – Хусэйн захварэў на рак страўніка. Чытач часопіса ўсхвалявана піша: “Цяпер ён ляжыць у Нясвіжы ў маёнтку князя Радзівіла – ардыната Нясвежскага. Князь Радзівіл атачыў яго бацькоўскім клопатам, забяспечыў яго не толькі матэрыяльна, але і падтрымлівае хворага старога маральна. Мы, горцы, не павінны забыцца на добру справу, якую робіць князь Радзівіл для нашага суайчынніка”.

У наступным нумары часопіса, на жаль, з’явіўся ўжо некралог…

Хусэйн Данагуй памёр. Хусэйн Данагуй, стары горац, -- здымак якога мы змясцілі ў папярэднім нумары – памёр. Цяжкая хвароба не дала яму магчымасці пабачыць родныя горы, да якіх ён так горача імкнуўся. Пахаваны ён у горадзе Нясвежы намаганнямі мясцовай мусульманскай грамады і пры матэрыяльнай дапамозе князя Радзівіла, мясцовага ардыната. Мір праху нябожчыка, а ўсім, хто аддаў яму апошні доўг, наш горацкі дзякуй”.

Хаджы Мурад, які даслаў гэтую інфармацыю, у мінулым годзе разам са сваім сынам ўжо наведаў польскае мястэчка Ракітна, дзе загінуў і быў пахаваны ягоны дзед, цяпер вось збіраецца ў Нясвіж… І апроч таго, што мы даведаліся яшчэ пра аднаго чалавека са старых здымкаў, пра незвычайнага жыхара Нясвіжа таго часу. Апроч гэтага, мне падумалася: каб жа ж кожны з нас так імкнуўся ведаць і шанаваць сваіх продкаў, захоўваць памяць пра іх, перадаваць наступным пакаленням. Толькі памятаючы свой род, мы захаваемся як нацыя.

Да ягога калена ведаеце свой радавод вы?

Фота з архіва Эльжбеты РАДЗІВІЛ і Хаджы МУРАДА.

Надрукавана ў "Звяздзе" ад 3 лютага

Тэгі: , ,