it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 30

Гутарка з 90-гадовым паэтам Міколам Аўрамчыкам, старэйшынам беларускай літаратуры.

Мікола Аўрамчык. 1938 год, Менск, курсы пры Саюзе пісьменьнікаў для творчай моладзі з рэгіёнаў

У літаратуру яго ўвёў Якуб Колас, Кузьма Чорны пісаў вясковаму школьніку Міколу рэцэнзіі на першыя апавяданні, са Змітраком Бядулем ён разам выступаў на вечарыне, лепшым сябрам быў Пімен Панчанка… Выдатнаму беларускаму паэту Міколу Аўрамчыку споўнілася 90 гадоў!

…Так павялося, што журналісты пытаюць у доўгажыхароў (а ў нашых шыротах 90 – гэта ўжо доўга) пра сакрэты захавання формы, што баліць/не баліць і г.д. І я, прызнаюся, хацеў між іншым запытаць тое ў Міколы Якаўлевіча. Але, пабачыўшы на парозе энергічнага, вясёлага, рухавага (так і падмывае сказаць – “маладога”) гаспадара, забыўся пра гэта. Так і не згадаўшы да канца нашай шматгадзіннай размовы. Цяжка верыцца, што чалавек, у якога так блішчаць вочы, такі светлы розум і цвёрдая памяць – старэйшына нашай літаратуры.

надрукавана ў "Звяздзе" ад 30 студзеня
pdf-вэрсыю артыкула можна пабачыць ТУТ

“Купала без шапкі, як прарок, стаяў над масай людзей…”

-- Ну так, атрымліваецца, што старэйшына… -- кажа Аўрамчык. – Калі глядзець па даце нараджэння, то так яно і выходзіць…

-- А хто вашыя лепшыя сябры былі сярод пісьменнікаў?

-- Самы блізкі – Пімен (Панчанка – аўт.) і Брыль. Мележ. Шамякін. І, канешне, мой настаўнік, які сябрам стаў маім – Аркадзь Куляшоў. Ну і з Максімам (Танкам – аўт.) у мяне былі вельмі сяброўскія адносіны. Я ў яго працаваў 7 гадоў у “Полымі”.

-- Я чытаў, што ў літаратуру вас увёў сам Колас. Гэта праўда?

-- О, ну гэта ўнікальная гісторыя!

-- Дык распавядзіце!

-- Прыйшлі яны – Купала, Колас, Лынькоў, Эдзі Агняцвет – да нас у педінстытут на сустрэчу са студэнтамі. У 1939 годзе, у красавіку – недзе пятага ці шостага, не помню дакладна. І раптам мяне штурхаюць: “Глядзі, Колас узяў твой верш чытае!..” У нас выдаваўся машынапісны часопіс “Наша творчасць” – і нехта яму экзэмпляр на стол паклаў. Я спалохаўся страшна! Колас верш чытае – мой! Купала ўзяў акуляры, таксама прачытаў, нешта яны пагаварылі. Колас падымаецца і кажа: “Мы азнаёміліся з вашым часопісам, і нашую ўвагу прыцягнуў верш Аўрамчыка “Адлёт жураўлёў”, запрашаем аўтара на сцэну…” Мяне – першага на трыбуну! Я, канешне, выйшаў на трыбуну паслухмяна, а вершаў жа не падрыхтваў ніякіх… Пачаў лэпаць сябе па кішэнях – у тую пару ў мяне часта бывалі рукапісы з сабой, чарнавікі. Няма! У першых радах пачалі ўжо хіхікаць.

Лета 1949 году, паход маладых літаратараў у госьці да Якуба Коласа (стаіць зьлева). Сядзяць зьлева направа: Іван Шамякін, Мікола Аўрамчык, Кастусь Кірэенка, Антон Бялевіч, Іван Грамовіч, Іван Мележ. Стаяць зьлева направа: Аляксей Русецкі, Янка Брыль, Анатоль Вялюгін.

-- А што вы, свае вершы на памяць не ведалі?

-- Тады – не, толькі некаторыя. Але перад такой аўдыторыяй… Там жа тысячная аўдыторыя, вялізная зала!.. І я, не найшоўшы нічога, лупянуў па памяці два вершы! “Адлёт жураўлёў” (паслухаць верш Міколы Аўрамчыка "Адлёт жураўлёў" у аўтарскім выкананьні можна ТУТ ) і нейкі другі, не помню, нешта такое патрыятычнае. Аўдыторыя прыняла добра. Пасля яны пачалі выступаць самі. Купала чытаў верш “А мы сабе сеем і сеем” і ўрывак з паэмы“Тарасова доля”. Колас чытаў верш “Прывітанне Маскве” і нейкаму з’езду верш, які тады быў…

-- І хто з іх лепш вершы чытаў?

-- Канешне, Колас! Купала – страшэнна дрэнна… Хаця! Я вам скажу такую справу: Купалу я больш бачыў і больш з ім бываў у розных сітуацыях да вайны. І калі я ўбачыў, як Купала чытаў на могілках верш памяці Эдуарда Самуйлёнка… Я быў проста крануты… Снег падаў… Ён без шапкі, як прарок стаяў над масай людзей… Верш гэты кароткі, там радкоў 12 ці 16… Ён чытаў проста патрасальна! А тут, у інстытуце, ён чытаў “А мы сабе сеем і сеем” – доўгі страшэнна верш! І чытаў ён яго дрэнна, чамусьці трошкі рот крывіў улева. І неяк гнусава: “А-мы-са-бе-се-ем-і-се-ем…” У выніку ў зале пачалося трошкі ажыўленне…

“Калі я прыехаў у Мінск, усе пісьменнікі ўжо былі рэпрэсаваныя ці растраляныя…”

-- Тая спагада Коласа прынесла вам творчыя дывідэнты?

-- Назаўтра ў газетах напісалі пра гэта… Прычым Коласу нехта тады падсунуў сшытак чысты, каб ён напісаў водгук. І ён алоўкам напісаў на першай старонцы, што верш “надзвычай свежы, па сіле і эмацыйнасці я стаўлю яго ў рад такіх вершаў, як лермантаўскі “Парус”. І газеты далі ўсё гэта, надрукавалі.

-- А Купала з Коласам ужо на той час лічыліся першымі пісьменнікамі?

-- Дык нікога ж не было. Як я прыехаў у Мінск, усе пісьменнікі ўжо былі рэпрэсаваныя ці растраляныя… Але мы, вясковыя хлопцы, яшчэ тады далёка не ўсё гэта ведалі…

З Аркадзем Куляшовым

-- А з кім яшчэ з сённяшніх класікаў вы тады кантактавалі?

-- З Бядулем. Нават аднойчы давялося разам выступаць. Яго запрасілі да нас у інстытут вершы чытаць, у 1940 годзе. І ён сказаў: адзін не хачу, давайце яшчэ каго з вашых. І Бядуля нават захацеў, каб я першы чытаў. І я чытаў перад ім і перад вялікай аўдыторыяй… А потым нават праводзіў яго дахаты.

-- Мікола Якаўлевіч, а адчувалася тады напружанасць – пасля страшных сталінскіх рэпрэсіяў 1930-х гадоў?

-- Ведаеце, вось тады разам з Купалам і Коласам прыйшла і Агняцвет. А яна была сакратаром камсамольскай арганізацыі, усе казалі, што яна “стукачка”. Мікола Хведаровіч, калі вярнуўся з высылкі, распавядаў мне гісторыю. Куляшову, кажа, я дараваў, а Эдзі не дарую… Калі Мікола сядзеў, Куляшова выклікалі на вочную стаўку. І следчы пытаў, ці ведаеш яго, Хведаровіча,што можаш сказаць. Куляшоў адказаў: “Канешне, ведаю – наш пісьменнік. Нічога такога сказаць не магу… Толькі што ён Пушкіна пераклаў – дык мне не вельмі падабаецца…” Следчы парыраваў: “А вы думаеце, вы “Анегіна” дасканала пераклалі?..” Дык Куляшоў пасля прасіў прабачэння ў Хведаровіча: даруй, маўляў, калі што не так тады сказаў… А Эдзі, як сакратарка камсамола, напісала рэзалюцыю “згодная” на даносе ці на заяве. І не папрасіла прабачэння… Чаго Фадзееў загінуў, расейскі пісьменнік? Мне Кузьма Гарбуноў расказваў, як яны, хто ўцалеў, званілі Фадзееву начамі, вярнуўшыся з ссылак: “Сашка, ты жа, б…, ты такое…” І ў выніку Фадзееў застрэліўся. Ён жа ставіў на ўсіх подпісы…

“Маці мне да смерці заяўляла, што беларускай мовы няма…”

-- Мікола Якаўлевіч, які ваш першы ўспамін з дзяцінства?

-- Прыезд маці аднекуль, па-святочнаму апранутай. Кніг прывезла, брашуры нейкія, партрэты. Аказваецца, гэта быў 1926 год, сакавік месяц – першы з’езд беларускіх сялянак у Мінску, яна была дэлегаткай гэтага з’езду – і прывезла гэта ўсё.

-- А бацькі пісьменныя былі?

-- Так сказаць – было б смешнавата. Мама чытаць чытала, і многа вельмі чытала. Пісаць не ўмела, не пісала нічога, хоць дзьве зімы вучылася ў царкоўна-прыхадзкой школе. Бацька ніколі не чытаў, пісаў бязграматна, але почырк вельмі прыгожы быў …

-- Дык а вы ў каго такі пісьменны?

-- Я?.. Скажу вам адную рэч – толькі не здзіўляйцеся. Мая маці і да смерці мне заяўляла, што “няма беларускай мовы, гэта вы выдумалі яе”. Гэта ведаеце чаму так? Таму што мае быцькі і ўвесь гэты радавод іх былі блюдалізы. Маці з сямі гадоў была наймічкай у панскім маёнтку, бацька працаваў на панскай стайні. Дзед, мамін бацька, на бровары дэгустатарам быў – і стаў алкаголікам. Таму памешчык і ўзяў у двор яго дачку сямігадовую. І маці мне так казала – а якраз жа была беларусізацыя, і яна міжволі навучала мяне і па беларускаму лементару, і па рускаму буквару, яшчэ да школы. Бачыце, якія бываюць метамарфозы ў жыцці?

-- Маці вам так казала, дык а хто давёў, што беларуская мова – ёсць?

--  Гэта настаўніца мая. Пад яе ўплывам я і пачаў вершы пісаць – у пятым-шостым класе.

-- Адразу па-беларуску?

-- Я не знаю, на чым гэта было! Па-ўсякаму! А калі ўжо пачалі праходзіць Багдановіча, Купалу, Коласа, Чорнага --  тады пабачыў, як правільна пісаць.

Мікола Аўрамчык, Уладзімер Караткевіч, Васіль Быкаў. Менск, 1978 год. Фота Ўлазімера Крука


“Канваір у лагеры шкадаваў мяне – і цішком насіў бутэрброды…”

-- Мікола Якаўлевіч, ведаю, што вы былі ў палоне ў часе вайны…

-- У палоне я прабыў каля трох гадоў… Спачатку – перасыльныя лагеры. Першы – у Ноўгарадзе, які трымалі іспанцы. Адтуль я вельмі лёгка і проста ўцёк. Павезлі нас абрабляць плантацыю капусты за горад. Поле, жыта, хляўчук… Я паглядзеў – і дзёрнуў за гэты хляўчук. Па жыце, па жыце – і пабег. І ніхто з іх не заўважыў! Прайшоў, відаць, кіламетраў восем. Прыйшоў на бераг возера. Вёска. Што рабіць? Я ведаю, што немцы тут ці іспанцы. Бачу – каза пасецца, прыйшла жанчына яе даіць. Я прапрасіў яе даць якога адзення. Яна пайшла. Гляджу – ідуць немцы два! Я ў лес, а ў іх пачаў сабака брахаць – і знайшла мяне тая аўчарка, паймалі яны мяне, у машыну пасадзілі. Думаў – растрэльваць вязуць, а яны мяне прывезлі ў лагер… І самае цікавае – ні тады, ні пасля ў мяне ў кішэні гімнасцёркі не знайшлі вось гэта… (Мікалай Якаўлевіч дастае з шуфляды… студэнцкі білет і залікоўку 1939 года!.. – аўт.)

-- О, дык я зараз пагляджу, як вы вучыліся!..

-- Што там, сярэдненька вучыўся… (не хлусіць – аўт.)

-- І дзе вы далей у палоне былі?

-- У Расіі збольшага, у розных лагерах. Пасля быў лагер смерці ў Дзвінску (Латвія), адтуль павезлі ў Нямеччыну – на каменнавугальныя шахты каля Дортмунда.

-- Наглядалі так – што не ўцячэш?

-- Дзе там! Ахова з аўтаматамі, лагер абкружаны электрычным дротам, вывозяць на платформах на шахту, канваіры пільнуюць...

-- Аднак, слухайце, атрымліваецца – што вас палон у пэўным сэнсе ад смерці ўратаваў – усё ж не пад кулямі хадзіць…

-- Калі так казаць, дык мяне ўратаваў немец, нават два немцы. Адзін – у перасыльных лагерах, ён прыносіў мне бутэрброды. Пэўна, шкадаваў, бо я там самы маладзенькі быў, худы вельмі… У яго на грудзях быў крыж яшчэ з 1915 года, казаў, што сам быў у Францыі ў палоне… Другі немец выратаваў так. Мяне разам з іншымі палоннымі везлі са шпіталю, пэўна, назад на шахту – у цягніку, у таварным вагоне. Раптам цягнік спынілі – і мяне (а я стаяў крайні) забіраюць да “баўэра”. Так я стаў працаваць на баўэра – аднак гэта таксама лічылася палонам, бо за намі наглядаў канваір. Але кармілі добра, елі тое самае, што і гаспадары… Гэта мяне ад галоднай смерці ўратавала… Вызвалілі мяне 22 красавіка 1945 года ангельцы…

“Ведаеш, я лічу сябе шчаслівым…”

-- Мікола Якаўлевіч, я на вас гляджу, слухаю – і карціць спытаць: на колькі вы сябе адчуваеце?

-- Ты ведаеш, шчыра прызнацца, у мяне ўжо нешта было, як лекары кажуць, “мікра”… Відаць, увесну гэта здарылася. І вось з гэтага адбыліся нейкія змены… А так – у мяне адчуванне было як гадоў у 60… Яно, можна сказаць, і цяпер такое, але бывае ўжо, што трошкі не арыентуюся ў хадзьбе так, нядрэнна ўжо ўзяць кіёчак… Стаў не так есці, вельмі мала… Але затое стаў піць. Штодзённа – стопку гарэлкі ў абед. Шкада, што ты зараз на машыне…

-- Наступны раз без машыны прыеду…

-- Наогул, ведаеш, Глеб, я сябе лічу шчаслівым чалавекам. Хаця мае сябры смяюцца, калі я так кажу – Макаёнак смяяўся: “Цябе ўсё жыццё ў чорным целе трымаюць, а ты сябе шчаслівым лічыш”… Усякае, канешне, было – не выпускалі мяне ніколі за мяжу, скажам, першы раз не выпусцілі ў Варшаву з Уладзіславай Францаўнай, удавой Купалы… Але ўспаміны: як я пачынаў пісаць, як гэта было сустрэта… А пасля вайны – і друкаванне, і праца… Мяне пыталі, чаму я не застаўся пасля вызвалення з палона там, на Захадзе. І сапраўды – у мяне на вачах сотні заставаліся. Але для мяне ёсць – Радзіма, мова, бацькі. Як я мог застацца?! Усе гэтыя думкі даюць мне разуменне, што я – шчаслівы чалавек…

студзень 2010, Менск

УНІКАЛЬНЫ ЎСПАМІН

Да вайны, згадвае Мікола Аўрамчык, у мінскім кінатэатры “Чырвоная зорка” можна было перад пачаткам сеансу сфатаграфавацца – і пасля прагляду атрымаць картку. Альбо нават запісаць свой голас – і пасля фільма атрымаць кружэлку, пластыкавую такую, гнуткую. У Аўрамчыка была такая кружэлка – там ягоны сябар Коршак аб’яўляў “верш Міколы Аўрамчыка, чытае аўтар!”, а ён, Аўрамчык, дэкламаваў свой верш “Адлёт жураўлёў”…

ПАЛІТО АД МАШЭРАВА

Абсалютна выпадкова Міколу Аўрамчыку давялося больш за 10 гадоў насіць паліто з пляча Пятра Машэрава.

-- Пайшлі мы з жонкай аднойчы на Чэрвенскі кірмаш, шукаць мне паліто. І мне спадабаўся адзін шынель чыгуначніка, чорны такі з гузікамі бліскучымі. Аднак жонка запратэставала – “будзеш як абы хто!” Глядзім – жанчына стаіць і паліто праз руку трымае, продае – ажно да зямлі! Разгаварыліся. Яна кажа: пашылі мужу на адное мерапрыемства – паездку ў Лондан – а паездка адмянілася, і не прыдалося. Мая жонка – па-жаночы так – пытае: “А хто ж ваш муж?” Высветлілася, што Машэраў. (Аднак ён тады быў яшчэ трэцім сакратаром камсамолу, і я, як камсамолец, ведаў яго). Яна нам нават на тым паліце скінула 200 рублёў – аддала за 800. І я ў ім больш за 10 гадоў хадзіў, нават калі Машэраў ужо галоўным стаў… Добрае паліто было!..

паслухаць верш Міколы Аўрамчыка "Адлёт жураўлёў" у аўтарскім выкананьні можна ТУТ

Тэгі: