it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 29

А таксама палiлi вадой i прадзьмулi ветрам. Карэспандэнт "Звязды" наведаў сеанс 5D-кiно ў сталiчным "Цэнтр-вiдэа"

— Блiжэйшыя бiлеты на 3-га лютага — засталiся два апошнiя!.. — тлумачыла касiрка "Цэнтра-вiдэа" (што ў гандлёвым цэнтры "Сталiца" пад плошчай Незалежнасцi) парачцы закаханых, якiя наiўна збiралiся патрапiць на 5D-сеанс проста зараз. Многiя мiнчане ўжо даведалiся пра навiнку, i спяшаюцца ўхапiць дэфiцытны квiток. У мяне атрымалася ўзяць на сеанс толькi за тыдзень да яго.

5D-зала адчынiлася ў "Цэнтр-вiдэа" перад самым Новым годам. У ёй — усяго 8 крэслаў, дзве платформы па 4 крэслы. Сеанс цягнецца 4-5 хвiлiн, але ўражанняў хапае.

— Усе дробныя рэчы з кiшэняў выкладайце на столiк, трымайцеся за парэнчы, клапан на iх не затуляйце рукой, калi будзе зусiм страшна — цiснiце на кнопку "СТОП", — iнструктуе дзяўчына перад паказам. Некаторым, здаецца, карцiць нацiснуць "СТОП" ужо пасля гэтых словаў!

Выключаецца святло, i вы пачынаеце ехаць на "амерыканскiх горках" (я ўзяў бiлет на такi сеанс, ёсць яшчэ iншыя — пра прывiдаў). І ўжо на першай горцы — калi вас зацягваюць спачатку наверх — а потым рэзка адпускаюць унiз, ты забываешся, што гэта не насамрэч. Дзякуючы спецыяльным акулярам, якiя ўсе надзяюць, ствараецца поўнае адчуванне аб'ёму i рэальнасцi! Да таго ж, рухомае крэсла паўтарае ўсе змены на экране — трасецца, паварочваецца, нахiляецца!..

Асаблiва ўцiскаешся ў яго, калi горка абрываецца — i ты ляцiш над пусткай, рэзка прызямляючыся на другi бераг. Альбо калi перад вачыма нечакана ўзнiкае сценка — у якую ты ляцiш i з усяго маху даешся галавой!.. Скажу вам шчыра — адчуванне дыскамфорту на нейкую секунду сапраўды ўзнiкае! Да таго ж, сярод спецэфектаў — вада. У парэнчах стаяць клапаны — i калi на экране ты нясешся праз вадаспад — з iх пырскаюць вадой. Два агромнiстыя вентылятары даюць адчуванне хуткасцi — ты сапраўды нясешся па горцы, вецер дзьме табе ў твар! А спецыяльныя шчотачкi пад каленямi ляпаюць цябе так рэалiстычна, што воблака матылькоў таксама "ажывае". У перспектыве, кажуць, усталююць яшчэ i прыстасаванне, каб пускаць у залу адпаведныя пахi (ў iншых краiнах ужо так робяць).

Выходзiш з залы — як пасля сапраўдных "амерыканскiх горак"!.. Галоўнае — не ўспрымаць гэта як кiно, а памятаць — што гэта, хутчэй, атракцыён, спосаб баўлення часу. Мiж iншым, залы 5D ужо пачалi з'яўляцца ў iншых беларускiх гарадах — Брэсце, Гродне, Маладзечне, Барысаве. Хоць раз паспрабаваць, што гэта такое, дакладна варта!

МАЙ НА ЎВАЗЕ

* На прагляд не пускаюць дзяцей да 5 гадоў, нецвярозых грамадзянаў, з ежай і напоямі.

* Не пусцяць і тых, хто важыць больш за 100 кг – каб не сапсаваць рухомую платформу.

* Наведванне такіх сеансаў не рэкамендуецца цяжарным жанчынам, а таксама асобам з псіхічнымі і сардэчнымі-сасудзістымі захворваннямі.

* Кошт квітка – 7-9 тысяч рублёў.

Тэгі: