it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 27

Паводле супрацьпажарных нормаў людзей прымушаюць усіх усталяваць аднолькавыя жалезныя дзверы. А свае, часам нятанныя, -- хоць на сметнік…


Зараз чыноўнікі замагаюцца з жыхарамі правай вежы

Уявіце сітуацыю. Вы паставілі сабе добрыя, прыгожыя жалезныя дзверы – за 500 ці нават за 1000 даляраў. А тут пачынаецца капрамонт – і вам кажуць: вашыя дзверы на сметнік, будзем усім ставіць аднолькавыя, супрацьпажарныя. З адным замком і без вочка. Неверагодна? Аднак гэта – рэальная гісторыя.

…Гэты дом у Мінску ведаюце вы ўсе – і жыхары сталіцы, і хто бываў тут хоць раз. “Брама гораду” – дзве вежы насупраць чыгуначнага вакзалу. Наша – правая, з гербам.

надрукавана ў "Звяздзе" ад 27 студзеня

-- Не ведаем, што і рабіць, паўсюль ужо пісалі!.. – ледзьве не плача ў слухаўку Таццяна, жыхарка кватэры №35. – Не хочам сабе дзверы, як у хляве ставіць, мае, напрыклад, каштуюць тысячу даляраў!..

Карэспандэнт “Звязды” выехаў на месца.

Кватэры ў гэтым доме каштуюць нятанна – дом, як ніяк, вельмі вядомы, помнік архітэктуры, у цэнтры горада, ля метро. Аднак зайздросціць жыхарам не выпадае. Заходзіш у двор – два мужыкі сікаюць у куце пасля наведвання бліжэйшай піўнухі. Адчыняеш дзверы пад’езду – ляжыць бамжыха і просіць не выганяць яе на мароз. У пад’ездзе таксама амбрэ грамадскай прыбіральні…

-- У складзе капітальнага рамонту нам хочуць навязаць адмысловыя супрацьпажарныя дзверы, -- коратка абмалёўвае Таццяна з трыццаць пятай кватэры праблему. – Нашая лесвіца лічыцца “задымляльнай” – так няўдала спраектаваны ў свой час дом. Дом лічыцца высотным – і паводле сённяшніх правілаў лесвіца мусіць быць назадымляльнай – між лесвічнай пляцоўкай і кватэрамі мусіць быць тамбур. Тут гэта зрабіць тэхнічна немагчыма – з кватэры адразу выходзіш на лесвіцу. Вось і прыдумалі правіла – паставіць у кватэру супарцьпажарныя дзверы…

Ірына Іванаўна (зьлева) і Тацьцяна

І жахары згодныя з тым, што аб супрацьпажарнай бяспецы трэба дбаць. Але нязгодныя з метадамі дбання.

-- Пе-першае, у многіх кватэрах ужо стаяць свае жалезныя дзверы, часам дарагія, -- кажа Ірына Іванаўна, суседка Таццяны. – Вы ж зразумейце – дом насупраць вакзала, тут трэба дбаць пра бяспеку, бо навалачы хапае ўсякай: ходзяць і за ручкі дзёргаюць, каб чаго скрасці… Дзверы, якія нам прапануюць, не прадугледжваюць вочка і маюць толькі адзін замок – каб у выпадку пажару ратаўнікі маглі іх выбіць і ўратаваць нашую маёмасць. Аднак, даруйце, з гэткім жа поспехам іх выб’е любы здаровы мужык!.. Як я, слабая жанчына, змагу спакойна жыць без вочка і з адным замком у дзвярах?!

Праблема яшчэ і ў тым, што прапанаваныя дзверы маюць толькі адную мадэль – і выглядаюць, мякка кажучы, як у хляве ці якім бамбасховішчы. Людзі парабілі сабе добрыя рамонты, наймалі дызайнераў, каб зрабіць цікавыя асаблівыя інтэр’еры – і тут ім пасярод хаты такая “прыгажосць”!..

Такія дзьверы навязваюць чыноўнікі жыхарам. З адным замком і бяз вочка

Дамовіцца па-добраму не ўдалося. Пачалася папяровая вайна. Жыхары (а сёння з 38-і кватэр пад’езда 22-е не ставяць новыя дзверы) сталі пісаць куды толькі магчыма – ад ЖЭСа да самага верха. Аднак па законе чыноўнікі маюць рацыю: сапраўды, ёсць супрацьпажарныя нормы, якія накіраваныя на бяспеку людзей…

-- Мы прасілі разабрацца па-чалавечы, а не па-бюракратычнаму, -- кажа Ірына Іванаўна. – Да таго ж, няўжо нашыя дарагія дзверы такія ўжо дрэнныя?..

На практыцы высветлілася, што не. Не так даўно ў пад’ездзе быў пажар: будаўнікі доўга не прыбіралі будаўнічае смецце – і нехта яго ўпаліў. Дыму было – цэлы пад’езд.

-- Я была згадзілася на прапанаваныя супрацьпажарныя дзверы, -- кажа жыхарка кватэры №38 Валянціна. – Дык вось – з гэтымі “супрацьпажарнымі” дзвярыма дым пайшоў у хату толькі так! А ў мяне дзіцё малое! Пасля гэтага мы замовілі сабе ў прыватнай фірме яшчэ адныя жалезныя дзверы. Хай робяць што хочуць – я дзіцёнкам і сям’ёю рызыкаваць не буду!..

Чыноўнікі пагражаюць нязгодным жыхарам судамі. Кажуць, будзеце штомесяц плаціць штраф, пакуль не згадзіцеся на новыя дзверы. Але і жыхары не пальцам пханыя – здавацца не намераны.

-- Наш важкі аргумент – суседні дом, такая самая вежа, -- кажа Таццяна. – Там рабілі капрамонт крыху раней, калі яшчэ не было гэтых новых супрацьпажарных нормаў. І ва ўсіх пазаставаліся свае, нармалёвыя дзверы. Ну чаму, чаму нам так не пашанцавала?!

…І гэта, відаць, той выпадак, калі па законе ўсё адбываецца слушна. Аднак, пагутарыўшы з людзьмі, разумееш іх таксама добра. Бо заўтра ў такую сітуацыю можаш патрапіць і сам.

КАМЕНТАР ЧЫНОЎНІКА

“Усё адно іх прымусяць выканаць нормы…”

Паколькі славутая “брама гораду” належыць Беларускай чыгунцы, мы звярнуліся па каментар да Васіля ВІРШЫЧА, намесніка начальніка па капрамонце Мінскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі.

-- Праект прайшоў пазаведамасную дзяржаўную экспертызу, -- кажа Васіль Уладзіміравіч. –Крый Божа, калі нешта загарыцца – як будуць эвакуявацца людзі? А прапанаваныя ім дзверы цягам паўгадзіны могуць вытрымліваць агонь і не прапускаць дым.

-- Жыхарам не падабаецца, што ў прапанаваных дзвярах няма вочка…

-- А ў супрацьпажарных дзвярах вочка не прадугледжана!

-- А як жыць насупраць вакзала без вочка і з адным замком?

-- Я жыву ў суседнім доме – і някіх бандытаў там не бачыў. Супрацьпажарныя нормы трэба выконваць – не я іх прыдумаў.

-- Людзі перажываюць, што паставілі сабе дзверы за тысячу даляраў, а цяпер іх што – выкідаць?..

-- Яны іх ставілі без узгадненняў. Трэба было ўзгадняць.

-- А вось вы жывяце ў суседнім доме. Вы сабе паставілі супрацьпажарныя дзверы?

-- Не, бо жыву не ў самой вежы, а ў пяціпавярховай частцы дома. А гэтыя нормы распаўсюджваюцца толькі на высотныя дамы.

-- Хто канкрэтна патрабуе ад вас, каб людзі паставілі новыя дзверы?

-- Міністэрства па надзвычайных сітуацыях – гэта іх супрацьпажарныя патрабаванні. Жыхары туды звярталіся – але ім адказалі, што трэба ставіць, нікуды не падзенешся…

-- Васіль Уладзіміравіч, што ў выніку – калі людзі не пагадзяцца ставіць новыя дзверы?

-- Суд. Будуць адказваць паводле Адміністрацыйнага кодэксу. Усё адно іх прымусяць выконваць нормы.

Тэгі: