it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 26

“Мінск-Арэна” адчыніла свае дзверы для звычайных аматараў катання адразу пасля навагодніх святаў. Прызнацца шчыра, на каньках я катацца не ўмею, але люблю. Бо нават калі грохнешся попай аб лёд – станоўчых эмоцыяў маса. А што яшчэ трэба ад адпачынку?..

надрукавана ў "Звяздзе" ад 26 студзеня

Як тэатр пачынаецца з гардэробу, гэтак лядовы палац, тым больш такі грандыёзны як “Мінск-Арэна” пачынаецца з паркоўкі. Падруліваю. З боку праспекта Пераможцаў ніякіх заездаў не назіраю, павяртаю на Нарачанскую – вуліцу, якая вядзе ад праспекту ў бок кірмашу “Ждановічы”. Тут бачу знакі “паркоўка”, аднак на кожным удакладненне: “службовая”, “для прэсы”, “для інвалідаў”… Гм, а дзе для простых аматараў пакатацца на каньках?.. З прапанаваных варыянтаў (на кожнай паркоўцы багата вольных месцаў) выбіраю спачатку “для прэсы”, аднак пасля перасоўваюся на “інвалідную” – так бліжэй да ўваходу. Але, ці той  жа гэта ўваход? Ніводнага ўказальніка, дзе тут можна пакатацца, няма. Заходжу папытацца ў ахоўніка.

-- Выходзіш на двор, павяртаеш налева, ідзеш да канца будынка, там зварочваеш налева, падымаешся ўгару – і справа будуць дзверы на каток, -- тлумачыць мне ахоўнік. Прычым так завучана, што я разумею -- не адзін я такі дурань, што ня ведаю, дзе тут каток.

Іду строга па маршруце. І праўда – дзверы на каток! Заходжу.

-- Усё правільна, катацца тут, толькі каса знаходзіцца ў суседнім будынку, з вуліцы. Выходзіце – і направа метраў 200, -- ветліва тлумачыць ахоўнік.

Відаць, паставіць будачку з цёцяй, якая продае білецікі, у самім катку было тэхнічна немагчыма? Таму па добрай беларускай традыцыі квіткі трэба продаць у суседнім будынку?

Топаю туды (на дварэ мінус 20 – чаму б не прагуляцца, зрэшты?..) Кошты прымальныя: 45 хвілін катання – 8000 рублёў (дзецям да 16 гадоў – 4000), узяць канькі ў найм – 4000 (для ўсіх).

А ў самім катку, скажу я вам, усё зрабілі дыхтоўна і па-еўрапейску. Здаеш куртку, бярэш канькі, ідзеш да пакою-перапранальні, надзяеш канькі, боты здаеш у асобны гардэроб. Тут жа – прыбіральня. Дзе, праўда, пакуль няма люстэркаў і не працуюць сушылкі для рук (хаця вісяць на сценах). У жаночай прыбіральні (падзялілася са мной паненачка) яшчэ і кабінкі не замыкаюцца…

Калі спазніліся на пачатак сеансу – не бяда. Можна проста пабадзяцца, паразглядаць новенькі шыкоўны каток, можна выпіць гарбаты ў кавярні (знаходзіцца тут жа, каля гардэробу, альбо на паверх вышэй – яшчэ адная).

-- Можа, драбязою даць? – пытаюся ў бармэна.

-- Што вы, драбязы ў мяне хапае – тут жа дзеці купляюць!.. – усміхаецца ў адказ той.

Дзецям тут сапраўды балдзёжна. Нават для мяне каток выглядае агромністым, а яны, забягаючы на балкон і пабачыўшы ўсю прастору, не хаваюць эмоцыяў:

-- Ваў!.. Нічога сабе!.. Ты паглядзі!.. Ого!..

…Вось скончыўся папярэдні сеанс, адмысловая машына выехала абнавіла лёд, і – запускаюць нас. Сама каробка з лёдам для катання знаходзіцца ў цэнтры канькабежнага стадыёну. Цікава прадумана – каб аматары пакоўзацца не псавалі лёд самога бегавога кругу, з гардэроба да катка вядзе спецыяльны падземны тунэль з гумоваю падлогаю – каб не псаваць лязо канькоў. Выходзіш ужо ў сярэдзіне поля, ля ўвахода на сам каток.

Лёд класны. Такі слізкі, які бывае толькі на закрытых каньках. І канькі, якія бярэш у найм, здораўскія – пэўна, таму што яшчэ новыя. Людзей шмат (я катаўся ўдзень у суботу), але кожны едзе сам сабе і не замінае іншым. Тут і бацькі з дзецьмі, і закаханыя парачкі, і асобныя катальшчыкі, і сяброўскія кампаніі. Паўзбок каробкі для катання – лавы для адпачынку: вельмі зручна для непадрыхтаванага аматара. 45 хвілін пралятаюць нязмушана і незаўважна – здаецца, роўна столькі і хацеў пакатацца, ні больш, ні менш. Грохнуўся ўсяго тры разы – на апошняй хвіліне, калі ехаў да лавы забіраць кофту. На катку, дарэчы, не так і халодна – спачатку я ўзброіўся пальчаткамі, кофтай і шалікам, але пасля некалькіх колаў пакінуў толькі пальчаткі – і тое, каб падаць было прыемней.

Адкінуўшы некалькі арганізацыйных недахопаў, апісаных у пачатку, можна падсумаваць, што “Мінск-Арэна” – цудоўнае месца для тых, хто любіць альбо ўмее катацца на каньках. І мінчане гэта, здаецца, ужо ацанілі. Выглядае, што да паходаў у кіно і “пакарміць качак” людзям дадалася яшчэ адна прыемная і карысная забава.

МАЙ НА ЎВАЗЕ!

* Працуе каток: у буднія дні ад 16.00 да 23.00 (апошні запуск людзей а 22-й), у выхадныя – ад 10.00 да 23.00 (апошні запуск людзей а 22-й).

* Запускаюць на каток кожную роўную гадзіну – 14.00, 15.00, 16.00

* Каток знаходзіцца не ў галоўным будынку “Мінск-Арэны”, а ў тым, на якім напісана “Веладром” (правы ўваход). Арыентыр перад уваходам – рознакаляровыя сцягі-упрыгожанне.

* Каб узяць канькі, трэба пакінуць у заклад нейкі дакумент (пашпарт, пасведчанне кіроўцы і г.д.).

* Можна таксама прыходзіць са сваімі канькамі.

* Захапіце з сабой пакет на боты – каб здаць іх у спецыяльны гардэроб.

ЛЫЖКА ДЗЁГЦЮ

Ні ў самім катку, ні на паркоўцы вакол яго, ні на вонкавых шыльдах – ні слова па-беларуску. Адразу і не зразумець, што ты ў Мінску, а не ў якім Урупінску. Рабілі, відаць, для замежнікаў – з цвёрдым перакананнем, што які-небудзь англічанін ці француз зразумее на “великом и могучем”. Сумна…

Тэгі: