it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 23

Квіткі на ўнікальны канцэрт у Купалаўскім тэатры знакаміты бард распаўсюджвае асабіста


У наступную суботу, 30 студзеня, а 19-й гадзіне на малой сцэне Купалаўскага тэатра ў Мінску адбудзецца канцэрт Алеся Камоцкага “Мітусня каляровых дзён”. Папярэджваем вас ужо зараз, бо месцаў вельмі мала, а канцэрт абяцае быць цікавым. Пакуль  жа спадар Камоцкі распавёў “Звяздзе” як спяваў уначы на трасе, чаму не прысвяціў песню дзяўчынцы Машы і колькі роляў сыграў як актор


-- Спадар Алесь, зараз вы робіце канцэрт у тэатры. А ў якіх яшчэ незвычайных месцах даводзілася выступаць?

-- Некалі ў турме выступаў – вельмі ўдзячная публіка там! Аднойчы на трасе іграў. Ноч… Да дому далёка… Машыны не спыняюцца… Вырашыў так прыцягнуць увагу. Спынілася машына, выйшлі людзі, я ім заспяваў…

-- Пасля турмы і трасы тэатр – не такая ўжо і экзотыка, выходзіць…

-- Я ўвогуле даўна павязаны з тэатрам – яшчэ з часу, калі быў тэатр “Дзе Я?”, у якім я працаваў. Таму мне хацелася зайграць у тэатры. І калі ўсё будзе добра, дык гэта будзе не адзін канцэрцік, а я б хацеў, каб яны былі з нейкай перыядычнасцю.

-- Як лічыце, чым канцэрт на тэктральнай сцэне адрозніваецца ад звычайнага?

-- Звычайная сцэна – гэта як бы “шырспажыў”, а тэатральная сцэна – яна больш намоленая, так бы мовіць. Больш сімпатычная…

-- А вы не лічыце гэта ўмяшальніцтвам у чужую “епархію”: “мы тут спектаклі ставім, а ён тут з канцэртам прыйшоў”?

-- Ну, у мяне ж не такі канцэрт “гдзе вашы рукі” і г.д. Калі паглядзець у маю працоўную кніжку, якая даўна ляжыць дома, і не ведаю, што з ёй рабіць – дык там напісана, што я абсалютна афіцыйна працаваў у тэатры…

-- І кім?

-- Там напісана, што акторам! Хаця я больш пісаў для гэтага ўсяго…

-- Сцэнары нейкія?

-- Збольшага песні для пастановак, а ў адным-адзіным спектаклі нават іграў ад пачатку да канца!

-- Вас там хоць не забілі?

-- Не, усё было добра. І любоў да тэатра ў мяне засталася з таго часу… Аднойчы я ў музеі канцэрт рабіў, дык сяброўка смяялася, што “Камоцкі сядзіць і спявае рамансы сярод трупаў казурак”!.. Бо там выстава адпаведная была. Вось гэта было не надта… А тэатральная сцэна – яна для канцэртаў! Тых, дзе ёсць, што паказаць.

-- Выбар канкрэтна гэтай сцэны – чым ён абумоўлены?

-- Самая ўтульная сцэна з маленькіх залаў у гэтым горадзе, на мой погляд.

-- Вас так цягне да маленькіх залаў?

-- Ну так, бо калі сядзіць многа народу – я ўжо ўсіх не бачу.  Вось такая зала, як малая сцэна Купалаўскага – аптымальна. А ведаеце, як білеты распаўсюджваюцца? Я сам іх распаўсюджваю. І буду ведаць практычна ўсіх, каму я іх аддаў. Гэта 60 ці 70 чалавек.

-- І што, вам цікава – ведаць усіх слухачоў?

-- Мне цікава! Мяне цікавяць людзі, для якіх я гэта раблю, вельмі цікавяць. Тым больш, што я для іх ні халеры не раблю ў прынцыпе, а ўсё раблю для сябе. Проста раблю так, каб мне не сорамна было паказаць гэта людзям. Я ніколі не мог напісаць песню пра сваё жыццё, і для нейкага канкрэтнага чалавека не магу нешта рабіць…

-- А пра чыё жыццё вы можаце напісаць песню?

-- Я калі пішу песні, абавязкова ўсё выдумляю!

-- Карацей, шукаць рэальных гісторыяў у вашых песнях не варта?

-- Неа. Шукаць, што гэтая песня прысвечаная “Машы, у якую я быў закаханы ў сёмым класе” – такога не бывае.

-- Аднак Машы, напэўна, было б прыемна…

-- Машы было б прыемна, але – неяк не выходзіць…

-- І што, ніколі дзяўчаты-жанчыны не крыўдавалі, што песні не прысвячаеце?

-- На мяне дзяўчаты і жанчыны ўвогуле не крыўдуюць! А што на мяне крыўдаваць?..

-- Спадар Алесь, калі вы асабіста ведаеце кожнага слухача – дык раскажыце нам, хто яны.

-- Яны самыя розныя – і мне гэта прыемна. Бывае так, што сядзяць адныя студэнты. Адзін з апошніх канцэртаў: прыходжу – а ў залі адныя бабулькі. Звычайна як? Канцэрт калі пачынаецца, дык першыя пару песень ідуць у пясок, пакуль публіка рассядзецца і пачне слухаць. А потым ужо ўсталёўваецца канктакт. А тут – зала бабцяў! І я думаю: “Што ж мы з вамі, бабці, будзем рабіць?” А кантакт ўсталяваўся – я яшчэ нават не пачаў спяваць!.. Нашыя бабці – гэта супер!.. …Дарэчы, наконт слухачоў. Я ведаю чалавека, які на мае канцэрты хадзіў некалі ў жываце мамы. А сёння я яго ведаю, дарослы ўжо.

-- Гэта не наштурхоўвае вас на думку, як вы ўжо доўга спяваеце?

-- Калі ты праўда займаешся гэтай справай – то часу не існуе… Калі ж гэта стамляе, калі гэта праца – то час ёсць…

P.S. Вяртаючыся да загалоўка: паразмаўляць з Алесем Камоцкім (і замовіць квіток на канцэрт) можна па тэлефоне (8.029) 2532504. Скажаце, у “Звяздзе” тэлефон прачыталі 😉

надрукавана ў "Звяздзе"
ад 23 студзеня

Тэгі: