it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 16

даведацца падрабязнасьці і ахвяраваць на выданьне "Ладзьдзі Роспачы" можна ТУТ

ГЛЕБ ЛАБАДЗЕНКА: “ГЕРВАСІЯ ВЫЛІВАХУ КАРАТКЕВІЧ НЯ ВЫДУМАЎ”

інтэрвію Валянціне Аксак (Радыё Свабода)

У 2010-м будзе адзначацца 80-годзьдзе Ўладзімера Караткевіча. Да гэтай даты паэт і журналіст Глеб Лабадзенка зьініцыяваў факсымільнае выданьне аднаго з самых загадкавых твораў легендарнага пісьменьніка – аповесьці “Ладзьдзя Роспачы”. Гэта будзе народнае выданьне. Праз інтэрнэт-старонку Labadzenka.by кожны чытач можа замовіць сабе пэўную колькасьць асобнікаў кніжкі і гэткім чынам паспрыяць хутчэйшаму яе зьяўленьню на сьвет. Пра рукапіс “Ладзьдзі Роспачы”, таямніцы аповесьці і ганарыстых рагачоўцаў з Глебам Лабадзенкам гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Глеб, чаму з сотняў твораў Уладзімера Караткевіча для факсымільнага выданьня вы выбралі менавіта аповесьць “Ладзьдзя Роспачы”?

Глеб Лабадзенка: “Гэта яна выбрала нас, бо тут сышлося проста адно да аднаго. Спачатку патэлефанаваў Рыгор Барадулін і сказаў, што ён знайшоў у сваім архіве рукапіс “Ладзьдзі Роспачы”. Гэтая аповесьць была прысьвечана Рыгору Барадуліну, і таму арыгінал рукапісу з усімі праўкамі, якія ўносіў аўтар, ён падараваў яму. Дзядзька Рыгор праз усе гэтыя гады памятаў пра падарунак, але ў сваім пакоі, які нагадвае дом-музэй, знайсьці яго доўга ня мог. Але як толькі рукапіс патрапіўся яму на вочы, ён патэлефанаваў і папрасіў зрабіць некалькі копіяў, каб перадаць іх у літаратурныя музэі. Калі я пабачыў гэты рукапіс, то сеў і за некалькі гадзінаў прачытаў яго. Дваццаць тры старонкі ўборыстага і выразнага почырку не складалі ніякай цяжкасьці для чытаньня. Я не зразумеў адразу толькі пару словаў у ім. Таму ідэя выдаць гэты рукапіс факсымільна прадыктавана найперш невялікім аб’ёмам твора”.

Аксак: “Кніга, відаць, ня будзе складацца з дваццаці трох старонак?”

Рукапіс Уладзімера Караткевіча “Ладзьдзя Роспачы”. Фота Глеба Лабадзенкі

Лабадзенка: “Як я бачу гэтую кнігу? Гэта сам рукапіс, друкаваны тэкст, і тут жа даць адсылкі да рукапісу пра аўтарскія праўкі. Думаю, гэта будзе цікава чытачу, таму што я, калі чытаў рукапіс, то нанова адкрыў для сябе гэты твор. І я адкрыў для сябе Караткевіча-рэдактара. Наколькі ён працаваў над дасканаленьнем тэксту, як ён мяняў словы месцамі ў сказах, як замяняў сынонімамі, як выкрэсьліваў цэлыя абзацы. Таму гэты рукапіс – ня проста твор “Ладзьдзя Роспачы”. Твор чытач можа і ў зборы твораў знайсьці. А гэта – артэфакт і помнік Караткевічу-рэдактару, які мусяць сядзець і дасьледаваць філёлягі. Таму гэтае выданьне будзе складацца з рукапісу, друкаванага тэксту, рэдкіх фотаздымкаў аўтара і мясьцінаў, датычных Рагачова, дзе ён пісаў гэты твор. І я вельмі рады, што дасьледчык Анатоль Верабей, а гэта найбуйнейшы дасьледчык творчасьці Караткевіча, пагадзіўся зрабіць для кнігі тэксталягічны аналіз усіх правак. Прадмову да выданьня напіша Рыгор Барадулін. Прычым, яна будзе зьмешчана таксама ў двух варыянтах – рукапісным і друкаваным”.

Аксак: “На якога чытача разьлічаная будучая кніга? Ці будзе яна цікавая шэраговым прыхільнікам творчасьці Караткевіча, а ня толькі дасьледчыкам?”

Лабадзенка: “Я думаю, што гэтае выданьне, кажучы сучаснай лексыкай, будзе адрасаванае прасунутаму юзэру. Просты чытач будзе чытаць выніковы тэкст, але калі ён яго зацікавіў і ў яго ёсьць магчымасьць даведацца, як Караткевіч пісаў гэты твор, то я думаю, такіх людзей могуць быць сотні”.

Аксак: “Калі ўжо вы далучыліся да таямніцы стварэньня гэтага твору і ягонага далейшага лёсу, то, можа быць, некаторыя зь іх адкрыеце нашым слухачам. Напрыклад, ці даведаліся вы, чаму твор, напісаны ў 1964 годзе, быў надрукаваны ўпершыню толькі праз чатыры гады, ды й тое не ў арыгінале, а ў перакладзе на расейскую мову ў другім нумары часопіса “Нёман” за 1968 год”?

Лабадзенка: “Гэта яшчэ адна з таямніцаў гэтага твора. Караткевіч скончыў яго ў Рагачове 2 жніўня 1964 году. А Васіль Сёмуха, які тады гасьцяваў у Караткевіча ў дзедавай хаце ў Рагачове, пераклаў яго на расейскую мову. І ў Васіля Сяргеевіча захаваўся друкапіс перакладу, на якім рукой Караткевіча ўнесеныя праўкі. А чаму ўпершыню быў надрукаваны пераклад, а не арыгінал, я яшчэ не разьбіраўся”.

Аксак: “Ладзьдзя Роспачы” напісана ў Рагачове, і галоўны герой аповесьці Гервасій Выліваха – рагачовец. Ці шануюць рагачоўцы аўтара твора і яго героя, якія ўславілі іхні горад?”

Лабадзенка: “Нават чыноўнікі гарвыканкаму характарам – як той Гервасій Выліваха, такія ж шчырыя і ўпартыя. У размове зь імі я пачуў, што яны ганарацца тым, што Караткевіч меў дачыненьне да Рагачова. І адна зь іхных ідэяў па ўшанаваньні памяці пісьменьніка – гэта ўсталяваньне помніка Гервасію Выліваху. Першапачаткова яны хацелі ставіць помнік Караткевічу. Але пасьля, калі вырашылі ўсталяваць на хаце, у якой ён пісаў, мэмарыяльную дошку з барэльефам пісьменьніка, то вырашылі, што помнік будзе яго паўторам. А затым у Воршы ўжо стаіць цудоўны помнік Караткевічу, і рагачоўцам яго перасягнуць будзе вельмі цяжка. Таму яны вырашылі паставіць помнік выбітнаму літаратурнаму герою – свайму земляку. І я падтрымліваю гэтую ідэю, таму што ў нашай літаратуры ёсьць такі, бадай што адзіны герой зь ярка выражанай гарадзкой прыналежнасьцю. Караткевіч праз кожныя два абзацы падкрэсьлівае, што гэта ўпарты рагачовец Гервасій Выліваха. І пазнаёміўшыся з сёньняшнімі рагачоўцамі я хачу сказаць, што ён гэта ня выдумаў, што ён гэта ўзяў ня зь неба”.


Тэгі: