it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 15

Сёньня спаўняецца 20 гадоў Ліцэю, у якім я меў шчасьце вучыцца. У яго было некалькі назваў – Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, Беларускі гуманітарны ліцэй, Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Часьцей яго называюць проста – Коласаўскі Ліцэй.

На мой выпуск прыпала закрыцьцё Ліцэю – ў 2003 годзе, калі міністрам адукацыі быў Пётр Брыгадзін, Ліцэй спыніў сваё фармальнае існаваньне “ў мэтах аптымізацыі сістэмы адукацыі”. Пастанову пра закрыцьцё Ліцэю падпісалі 25 чэрвеня 2003 году – у дзень, калі хавалі Васіля Быкава.

Гэты выпадак унікальны ў найноўшай гісторыі Беларусі – Ліцэй працягнуў сваё існаваньне і пасьля закрыцьця. Мой курс – першы падпольны выпуск, мы давучваліся на найманых кватэрах і дома ў сваіх выкладчыкаў.

Аднак цяпер, у Дзень Народзінаў Ліцэя, мне ня хочацца засяроджвацца на тым змаганьні, на тых пікетах, на тых складанасьцях – пра гэта шмат пісалася ў свой час. Ліцэй застанецца ў маёй душы ня гэтым, дзякуй Богу, ня толькі гэтым.

Ведаеце, я зайздрошчу сам сабе, што мне пашчасьціла там вучыцца. Калі б не Ліцэй, не было б мяне, цяперашняга. Калі б не Ліцэй, я мысьліў бы зусім інакш. Калі б не Ліцэй, я ведаў бы значна меней.

Аднак самае галоўнае, што даў Ліцэй кожнаму з нас, ліцэістаў, -- гэта нават ня веды (і ў іншых ліцэях, пэўна, добра вучаць) – а непаўторнае адчуваньне свабоды, адчуваньне эўрапейскай разьняволенасьці, адчуваньне патрэбы ў ведах, у штодзённым іх папаўненьні. Ліцэй навучыў мысьліць. А чалавека, які мысьліць, можна зьнішчыць толькі фізычна.

Я б хацеў, каб мне зараз зноўку было 15 гадоў – і я зноўку паступлю вучыцца ў Ліцэй, найлепшае месца, дзе можна было вучыцца ў той час у той краіне. Буду слухаць лекцыі Васіля Сёмухі пра Біблію, чытаць Сапфо на занятках Лявона Баршчэўскага ў перакладзе самога Лявона Баршчэўскага, адкрываць для сябе, аказваецца, такі цікавы Сусьвет і такую ўнікальную Беларусь.

Сёньня мы, ліцэісты, зьбярэмся – і ўзгадаем наш Ліцэй, уздымем бакалы за ягонае 20-годзьдзе.

Рыхтуючы сустрэчу, нехта сказаў, што зьбяруцца “былыя ліцэісты”. Гэта ня так.

У нашым Ліцэі былых ліцэістаў не бывае.

Тэгі: