it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 28

стала

Дом па Рэвалюцыйнай 24а ў Мінску працягваюць разбіраць. Разам з унікальнымі сценавымі роспісамі XIX стагоддзя

Гэты артыкул можна разыгрываць па ролях. Адныя словы раздаць чыноўнікам ад архітэктуры, іншыя – заказчыкам перабудовы помнікаў архітэктуры. І вынік будзе нечаканы: усе будуць казаць слушна і празрыста, а помнік архітэктуры будзе зруйнаваны.

…Трагічную гісторыю гэтага гістарычнага будынка мы коратка распавялі ў нумары за 13 лістапада. Коратка кажучы. Старадаўні дом у Мінску па вуліцы Рэвалюцыйнай 24а падрыхтавалі пад знос. Замоўца працаў – прадпрыемства “Мінская спадчына”. І толькі імгненная рэакцыя грамадскасці, рэакцыя Міністэрства культуры прыпыніла тады беззаконне. Выпісваецца дакумент на прыпыненне працаў. Праз пэўны час да дома падганяецца экскаватар і палова дома руйнуецца. Пры тым, што Навукова-метадычная рада на гэтым будынку загадала весці выключна “ручную разборку” (гэта фармулёўка з дакумента)…
Да ўсяго ж, у будынку знойдзены насценны інтэр’ерны жывапіс, які ніхто сур’ёзна не даследваў. Тым часам, што адмыслоўцы нават наўскідку даюць малюнкам не менш за 100 гадоў… І такіх прыкладаў грамадзянскага старадаўняга жывапісу ў Мінску два-тры, у прыстойным выглядзе – ніводнага.
…Вы чытаеце гэтыя радкі, а будынак працягваюць разбіраць – на даху стаяць будаўнікі з адбойнымі малаткамі, адшчапляюць цэглу і складаюць у кучу. Нібыта для таго, каб пасля вярнуць у будынак. Што праўда, на маіх вачах “камісія” з зацікаўленых людзей адную з такіх кучаў прызнала “непрыдатнай для далейшага выкарыстання”…
У нашым сённяшнім матэрыяле – пазіцыя двух бакоў: Міністэрства культуры і прадпрыемства “Мінская спадчына”. Пазіцыя і зразумелая, і незразумелая адначасова. Паслухаць – дык усе жадаюць нашай гістарычнай архітэктуры выключна дабра, усе хочуць яе захаваць. А будаўнікі тым часам працягваюць арудаваць сваімі адбойнымі малаткамі…

Міністэрства культуры:
Гэта парушэнне заканадаўства!

Ігара Чарняўскага, начальніка Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры мы папрасілі пракаментаваць тое, што Навукова-метадычная рада Міністэрства культуры загадала разбіраць будынак “уручную” (там так даслоўна і напісана), а “Мінская спадчына” зруйнавала палову дома экскаватарам. І зруйнавала б рэшту, калі б на месцы не з’явіліся супрацоўнікі Міністэрства.

чарняўскі


-- Спадар Ігар, як вы класіфікуеце з пункту гледжання Закону тое, што ўчыніла “Мінская спадчына” з будынкам па вуліцы Рэвалюцыйная 24а?

-- З прававога боку гэта, зразумела, парушэнне заканадаўства, таму што рашэнні Навукова-метадычнай рады – гэта кіраўніцтва да дзеяння абсалютна ўсім, нават Міністэрству культуры, не кажучы ўжо пра ўласнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў або тых, хто праводзіць на іх працы. Было зроблена прадпісанне, прыпыненыя працы, быў аформлены ліст на “Мінскую спадчыну”. Мы ўказалі ім на неабходнасць прыцягнуць да правядзення гэтых работ навуковага кіраўніка, архітэктараў, якія б маглі фіксаваць магчымыя выяўленыя элементы, схаваныя раней. Галоўнае – зафіксаваць усе дэталі, якія могуць быць выкарыстаныя пры аднаўленні гэтага будынка.
-- Спадар Ігар, я бачыў малюнак, як будзе выглядаць гэты будынак пасля аднаўлення – абсалютна не так, як цяпер! Аднаўленне ідзе, вобразна кажучы, на часы цара гароха!
-- Аднаўленне ідзе на падставе архіўных матэрыялаў і на падставе натурных даследванняў. Будынак быў моцна перабудаваны ў пасляваенны час, стаў трохпавярховы, змяніліся ваконныя праёмы. Аднак аднаўленне ідзе на пачатак ХХ стагоддзя, калі ён меў цікавыя архітэктурныя дэталі, сведчанні пэўных традыцыяў будаўніцтва.
-- Вы сказалі, што “Мінскай спадчыне” прадпісана ў далейшым узмацніць нагляд. Але за тое, што яны ўжо парушылі закон – якія меры будуць прынятыя?
-- Разумееце, у заканадаўстве ёсць два падыходы. Ці той, хто ўчыніў парушэнне, сваім коштам усё выпраўляе і прыводзіць у адпаведнасць. Ці, калі ён гэтага не робіць, тады ўжо наступае як мінімум дзеянне Адміністрацыйнага кодэкса, або Крымінальнага кодэкса – ў залежнасці ад прычыненай шкоды…
-- Спадар Ігар, як вы лічыце, чаму “Мінская спадчына”, якая дасканала ведае парадак правядзення прац на помніках архітэктуры, бо працуе з імі не першы год, чаму яны, па-сутнасці, наплявалі на вас і на Міністэрства культуры ў цэлым?
-- Тут вельмі многае залежыць ад досведу людзей, ад іх культуры, ад іх падрыхтаванасці. Цяжка, калі працуюць людзі без належных ведаў у традыцыях архітэктуры, без гістарычных ведаў, без досведу работы на помніках архітэктуры… Звычайныя будаўнікі. Добрыя, магчыма, будаўнікі. Звычайныя інжынеры, звычайныя архітэктары, якія ніколі не мелі справы з захаваннем гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Вось гэта адная з такіх прычын. Людзям трэба тлумачыць банальныя ісціны. Я магу сказаць, што дырэктар “Мінскай спадчыны” Павел Шыкунец – гэта чалавек дастаткова дасведчаны, ён праз свае рукі, фактычна, прапусціў Траецкае прадмесце…
-- То бок, мае досвед будавання лялечных дамочкаў.
-- Я б не даваў такіх ацэнак. Трэба задавацца пытаннем, якія задачы стаялі на той перыяд у 80-х гадах…
-- Стварыць лубочны квартал для дэлегацый і вокладак цукерак?
-- Стаяла задача, і гэта адкрыта дэкларавалася: набраць вопыту работы на менш каштоўным квартале, каб перайсці на больш каштоўныя. Але, на жаль, у Траецкім прадмесці работы правялі, а потым прайшоў час, змяніліся людзі, і на Верхнім горадзе пачалі рабіць фактычна з нуля. Сёння ў нас маюць права займацца рэстаўрацыйнымі работамі фактычна ўсе. Няма спецыяльнай ліцэнзіі для работы на помніках архітэктуры, хаця раней яна была. Вось і прыходзяць на нашыя архітэктурныя каштоўнасці, майстры, якія дагэтуль будавалі панэльныя дамы. І з помнікамі архітэктуры працуюць, як кажуць у народзе, і жук, і жаба.
-- Вяртаючыся да Рэвалюцыйнай, 24а і “Мінскай спадчыны”. Калі гэты помнік ледзьве не зруйнавалі без усялякіх дазволаў, апраўданне было смешнае: час цісне, трэба грошы засвойваць. Вам не падаецца, што гэтае прадпрыемства, якое атрымала карт-бланш на працы з мінскімі помнікамі архітэктуры, занадта скіраванае на бізнэс, занадта імкнецца дагадзіць інвестарам?
-- Напэўна, так разглядае будаўнічы аб’ект любы ўласнік ці замоўца. Але “Мінская спадчына”, дэкларуючы высокую ідэю, займаецца рэалізацыяй іншых, вытворчых планаў, засвойваюць грошы, даюць справаздачы аб нейкіх паказчыках… Але што стаіць за гэтымі паказчыкамі?
-- Спадар Ігар, у будынку, які “Мінская спадчына ўжо пачала разбіраць”, выяўленыя старадаўнія малюнкі. Як вы іх ацэньваеце?
-- Пакуль што рана іх ацэньваць, трэба іх даследваць вывучаць, даць прафесійнае заключэнне. “Мінскай спадчыне” было ўказана Міністэрствам культуры на неабходнасць правядзення даследванняў, падрыхтоўкі заключэння – тады і мусіць быць прынята рашэнне. Пабачыўшы гэтыя малюнкі, скажу, як вопытны чалавек – ім дакладна больш за 100 гадоў.


“Мінская спадчына”:

Мы тут ні пры чым, гэта ўсё будаўнікі!

Міхаіл Жых – галоўны інжынер “Мінскай спадчыны”. Менавіта Міхаіл Іосіфавіч паводле статусу вырашае ўсе ключавыя пытанні што да будаўніцтва, падпісвае паперы.

жых


-- Міхаіл Іосіфавіч, пытанне з будынкам па Рэвалюцыйнай 24а паўстала тады, калі яго ледзьве не зруйнавалі без усялякага дазволу. Хіба “Мінская спадчына” не ведае парадку працаў на помніку архітэктуры? Чаму вы пачалі працы ў парушэнне заканадаўства?

-- Працы пачыналіся не асноўныя. Ёсць такая рэч, як падрыхтоўчыя работы да выканання асноўных працаў. Будынак аварыйны, катэгорыя IV. І для таго, каб пачаць выкананне работ, будынак трэба падрыхтаваць.
-- Аднак на помніку архітэктуры без дазволу забароненыя любыя працы. У законе няма такога азначэння “падрыхтоўчыя працы”. І пакуль не далі дазвол, нават дзверы вымаць нельга, вы згодныя?

-- Я згодны, але будаўнікі ў парушэнне гэтага заканадаўства паступілі наступным чынам… Мы прыпынілі гэтую работу, вы ж ведаеце…
-- Я ведаю, што яе прыпыніла Міністэрства культуры.-- Гэта нараніцу шуміха пачалася, а ўвечары мы прыпынілі – я знайшоў начальніка прадпрыемства, і ён прыпыніў працу. Увечары пачаліся працы, якія ўвогуле выходзілі па-за межы…
-- Ну так -- нараніцу будынак мусіў быць зруйнаваны. І вы, як заказчык, не ведалі гэтага?

-- Не, гэта домыслы, вашыя асабістыя домыслы.
-- Пра гэта мне паведаміў прараб, які кіруе працамі на будынку.
-- Не ведаю. Я прыпыніў працу да даследвання сітуацыі.
-- Што вы прыпынілі, я ўжо зразумеў. Але чаму пачалі без дазволу, чаму запыт на дазвол на выкананне працаў вы даслалі ў Міністэрства, калі работы ўжо пачаліся?
-- На жаль, падрыхтоўчая дакументальная праца – яна вельмі цяжкая, патрэбна ўсё ўзгадніць… Складаная працэдура… Мы не давалі дазвол будаўнікам калупаць гэты будынак, гэта ініцыятыва будаўнічага ўпраўлення №20… Яны будуюць побач паркінг, у іх усё звязана…
-- Міхаіл Іосіфавіч, я не веру, што прараб, якому вы плаціце грошы, заняўся самадзейнасцю і сам пачаў працы.

-- Дамова на выкананне працаў была падпісаная раней. А вось распараджэння аб пачатку працы не было.
-- Добра, іншае пытанне. У прадпісанні Міністэрства чорным па белым напісана: ручная разборка будынку. Але палову дома зруйнавалі экскаватарам. У вас было на руках прадпісанне Міністэрства. Чаму так адбылося?

-- На жаль, вы ставіце пытанне не так, як падабаецца мне. Пытанне не так ставіцца. “Мінская спадчына” не ёсць тое самае, што будаўнікі. Гэта дзве юрыдычныя асобы, кожны з якіх адказвае за тое, што робіць. Мы ж, як заказчык, адказваем за ўсё. Што чыніцца з гэтым гістарычным цэнтрам і канкрэтна гэтым будынкам. Але будаўнікі, маючы на руках паперкі дагавору, на свой розум, палічылі, што гэтую працу можна рабіць раней, чым атрымаць дазвол на рукі.
-- Атрымліваецца, што халопы пачалі руйнаваць, а цар не ведаў?

-- А як мы можам ведаць усё, што робіцца?

У такім ключы размова працягвалася яшчэ добра. Напрыканцы я спытаў у Міхаіла Жыха пра ўнікальныя малюнкі на сценах будынка, які разбіраюць з кожным днём.

-- Чаму не робіцца экспертыза малюнкаў, чаму будынак працягвае разбірацца?
-- Экспертыза робіцца, гэтую працу вядзе спадар Сарока.
-- Аднак праца сканчаецца аглядам малюнкаў, чаму не праводзіцца хімічная экпертыза, мастацкі аналіз?

-- Будзе фіксацыя, фотафіксацыя, ёсць прапановы, як у новых інтэр’ерах, можа, часткова, ужыць гэты жывапіс. Ёсць праект. А хімічны… Я так разумею, будзе асобны раздзел справаздачы…

P.S. Усё як у тэатры, і кожны добры выконвае сваю ролю. “Вы парушылі закон!” – кажа Міністэрства культуры. “Мы не вінаватыя, гэта будаўнікі!” – адказвае “Мінская спадчына”. А рацыю на справе маюць сапраўды будаўнікі. І з памяркоўнай згоды адных, і актыўнай згоды іншых, працягваюць рабіць сваю справу экскаватарамі і адбойнымі малаткамі.

Надрукавана ў "Звяздзе" ад 29 сьнежня

pdf-вэрсыю артыкула можна пабачыць ТУТ

было

Так было яшчэ два месяцы таму...

Тэгі: ,