it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 20

+ ДАДАЎСЯ АРТЫКУЛ СА "ЗВЯЗДЫ"

ragachou1

Я вельмі рады, што ўдалося давесьці гэтую справу да канца -- сёньня помнік бабулі Ўладзімера Караткевіча Людміле Барысевіч быў адкрыты. Помнік выйшаў сапраўды ладны, дыхтоўны і шляхетны. Хачу падзякаваць усім, хто паспрыяў такому хуткаму вырашэньню пытаньня і яшчэ раз згадаць усіх ахвярадаўцаў:

* супрацоўнікі Радыё Свабода (Сяргей Навумчык, Сяргей Шупа, Аляксандар Лукашук, Аляксей Знаткевіч, Сяргей Абламейка, Юрась Бушлякоў)
* Уладзімер Арлоў
* Віталь Саболька
* Таша
* Ніка
* Алекс
* astrynczanka з сябрамі

Я шчыра жадаю, каб адкрыцьцё гэтага помніка сталася першым, але далёка не апошнім крокам па ўшанаваньні памяці нашага вялікага пісьменьніка ў родным і знакавым для яго Рагачове.


магіла

Так выглядала магіла два месяцы таму

002

Нягледзячы на мароз, людзі прыйшлі на могілкі для ўрачыстага адкрыцьця помніка

003

Сяргей Панізьнік аглядае дыхтоўную пліту

004

У часе прэзэнтацыі ў музэі

005

Гэтыя дзеткі ня ведаюць, хто такі Ленін (я пытаўся), але ведаюць, хто такі Караткевіч!..

АРТЫКУЛ СА "ЗВЯЗДЫ" АД 22 СЬНЕЖНЯ

У Рагачове адкрыты помнік на магiле бабулi Караткевiча

Усталяванне помнiка i ўшанаванне памяцi пiсьменнiка iнiцыявала "Звязда"

Меней за два месяцы таму, 31 кастрычнiка, мы надрукавалi артыкул пра Рагачоў — што памяць Уладзiмiра Караткевiча там абсалютна не шануецца: вулiцы няма, шыльды няма, помнiка няма, дом недагледжаны, дарога як пасля бамбёжкi. А Рагачоў, мiж iншым, знакавы для класiка горад — тут ён падоўгу жыў у дзедавай хаце, тут напiсаў "Ладдзю роспачы", "Сiвую легенду", "Вiно дажджоў", часткова "Каласы пад сярпом тваiм", "Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi"...

Сярод iншых бедаў i недаглядаў асаблiва мяне кранула тады закiнутая магiла бабулi пiсьменнiка на Старых могiлках: голае месца i ржавы крыж без усякiх надпiсаў... Напiсаўшы артыкул, я паралельна вывесiў на сваiм сайце (www.labadzenka.by) заклiк: давайце збяром грошы i паставiм помнiк! Лiтаральна за два тыднi грошы, каля 800 тысяч, былi сабраныя. Замовiлi помнiк у Рагачове — i ў мiнулую суботу адкрылi яго.

Калi рабiлi помнiк, высветлiлi шмат новага. Па-першае, спачатку нам паказалi не тую магiлу. Калi на могiлкi прыйшлi сваякi Караткевiча — яны дакладна засведчылi, дзе пахаваная бабуля. Па-другое, гэта аказалася не тая бабуля. У дзеда Васiля было дзве жонкi. І Ганна Грынкевiч, якая памерла ў 1906 годзе, была пiсьменнiку бабуля па крывi. А Людмiла Барысевiч, другая жонка дзеда, была для яго бабуляй фактычнай, да якой маленькi Валодзя ездзiў на летнiя вакацыi, якой пасля падпiсаў сваю першую кнiгу "Матчына душа".

Да таго ж, спадарыня Тамара, братавая Караткевiча, знайшла адзiн-адзiны здымак бабулi. I гэта неверагодна, бо раней лiчылася, што фота бабулi няма — не было яго нi ў пляменнiцы пiсьменнiка Алены Iванаўны, нi ў музеi Караткевiча ў Оршы, нi ў Зборы твораў.

Таму ўсё сышлося абсалютна мiстычна — я ўпэўнены, што зорка Уладзiмiра Караткевiча дапамагала нам у гэтым. Своечасова знайшлася магiла, здымак, верш-эпiтафiя... Своечасова вырабiлi помнiк i паспелi ўсталяваць яго яшчэ да маразоў. Вялiкая заслуга ў тым, што ўсё атрымалася, Андрэя Чарняўскага, дырэктара рагачоўскага Музея народнай славы. Гэта чалавек, якi шчыра i аддана любiць свой горад. Разумее i ганарыцца тым, што Рагачоў так цесна звязаны з iменем Караткевiча.

Трэба сказаць, што той артыкул у "Звяздзе" адыграў сваю ролю — праца ў Рагачове пайшла. Напрыклад, старадаўнiя каплiцы на могiлках, пераўтвораныя мясцовымi жыхарамi ў прыбiральню, цяпер закрытыя (што праўда, толькi дзве з трох), улезцi i нагадзiць туды больш немагчыма. I хоць мясцовая чыноўнiца голасна абуралася па тэлефоне, што "плахую стаццю напiсалi", пры асабiстай сустрэчы з прадстаўнiкамi мясцовай улады паразуменне было знойдзена лёгка, пытаннi знятыя. На адкрыццi помнiка i на наступнай вечарыне ў музеi прысутнiчаў начальнiк аддзела культуры Мiхаiл Зайцаў, а таксама галоўны iдэолаг раёна Пётр Гузялевiч. Радуе, што яны — вельмi прыязныя i шчырыя людзi. I артыкул у газеце ўспрынялi не як аплявуху i абразу, а як сiгнал да дзеяння, як падказку збоку. Пётр Гузялевiч пасля ўрачыстасцяў апавёў "Звяздзе" пра планы мясцовай улады на наступны год, год 80-годдзя Караткевiча.

— Па-першае, я хачу адзначыць, Глеб, i каб гэта ведалi ўсе, што Караткевiча ў Рагачове памятаюць, памяталi i будуць памятаць, — маючы на ўвазе мiнулы артыкул у "Звяздзе", пачаў спадар Пётр. — I вельмi добра, што зараз вы iнiцыявалi гэтую акцыю па ўсталяваннi помнiка i ўздымаеце памяць пра пiсьменнiка. Нам крыху можа i сорамна, што мы, можа, не ўсё зрабiлi для таго, каб памяць пра Караткевiча была на больш высокiм узроўнi менавiта ў Рагачове, на Рагачоўшчыне, дзе ён жыў падоўгу, дзе ствараў свае творы, якiя ўвайшлi ў сусветную класiку. Што датычыцца тых мерапрыемстваў, якiя плануюцца райвыканкамам. Адбылося пасяджэнне iнiцыятыўнай групы, дзе абмяркоўвалася распрацоўка турыстычных маршрутаў у рэгiёне. I зразумела, нiякi турыстычны маршрут не можа абысцi мясцiны, звязаныя з Караткевiчам. На жаль, не ўсё мы можам зрабiць, бо не хапае сродкаў. Але пэўныя захады, i менавiта да 80-годдзя Караткевiча, — будуць зробленыя.

— Спадар Пётр, цi можна тут спынiцца больш падрабязна?

— Вы ведаеце, што ў Рагачове ёсць дом, якi збудаваў дзед Караткевiча, дзе непасрэдна пiсьменнiк жыў месяцамi i пiсаў. Сёння там жывуць ягоныя родзiчы. Плануем правесцi добраўпарадкаванне вулiцы. У планах — частку гэтай вулiцы, якая носiць iмя Чкалава, пераназваць у вулiцу iмя Караткевiча. Сама хата на сёння знаходзiцца ў не зусiм добрым стане. Плануем дапамагчы сям'i ў рамонце дома — i дах, i афарбоўка хаты, рамонт плота, добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыi. Зразумела, павiнна быць, i мы гэта зробiм, усталяваная на доме памятная дошка з iнфармацыяй пра Уладзiмiра Караткевiча. Ёсць таксама планы наконт мястэчка Азярышча, дзе Караткевiч любiў бываць на беразе Дняпра, пiсаў там. Хочам пакласцi там валун i мемарыяльную дошку на iм з нейкiмi радкамi...

— ...напрыклад, "Груша цвiла апошнi год..."!

— Згодзен!.. Сапраўды, менавiта там пiсьменнiк заўважыў гэтую дэталь — дрэвы, якiя штогод з высокага берага Дняпра падалi ў хуткую плынь. I там у яго нарадзiўся згаданы вамi радок, з якога пачынаюцца "Каласы..." Думаем паставiць там альтанку — i ўключыць гэтае месца ў турыстычны маршрут.

— Спадар Пётр, а цi з'явiцца ў Рагачове помнiк Караткевiчу?

— Вядома, помнiк патрэбны. Я пакуль выказваю сваё меркаванне, з якiм многiя ў нас у горадзе пагаджаюцца. Мы зробiм сацыялагiчнае апытанне, што мяркуюць рагачоўцы: альбо помнiк самому Уладзiмiру Караткевiчу, альбо помнiк галоўнаму герою "Ладдзi Роспачы" рагачоўцу Гервасiю Вылiваху. Рэч у тым, што "Ладдзю Роспачы" Уладзiмiр Караткевiч скончыў 2 жнiўня 1964 года менавiта ў Рагачове, у гэтай самай дзедавай хаце. I пачынаецца твор радком "Жыў сабе год чатырыста назад у беларускiм горадзе Рагачове небагаты але добрага роду дваранiн па прозвiшчу Гервасiй Вылiваха". Уладзiмiр Караткевiч стварыў непаўторны вобраз "упар-
тага рагачоўца"! I асабiста я схiляюся да помнiка менавiта Вылiваху.

— Вы запрашаеце чытачоў "Звязды" ў Рагачоў?

— Дайце нам крышачку часу, каб падрыхтаваць маршрут да юбiлею класiка, i тады нам будзе не сорамна запрасiць кожнага чалавека ў наш слаўны горад Рагачоў!..

P.S. Добра, што справа зрушылася з мёртвай кропкi. I я шчыра веру, што адкрыццё помнiка на магiле бабулi стане толькi пачаткам у справе ўшанавання памяцi Караткевiча ў Рагачове, што iмпэт на месцах не згасне. Толькi няправiльна, няправiльна гэта, што такiя справы робяцца пасля сiгналу зверху, пасля прачуханца, пасля крытычнага артыкула ў газеце. Няправiльна, што ў Мiнску людзей гэта кранула цi не больш, чым у Рагачове. Беларусь адзiная, Караткевiч — наш агульны нацыянальны скарб. Трэба толькi, каб у кожным куточку нашай Бацькаўшчыны памяталi сваiх герояў i захоўвалi памяць пра iх.

Тэгі: