it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 18

«Сёння для мяне рухнуў бар'ер у адносінах Беларусі і Польшчы»
Спецыяльны карэспандэнт «Звязды» Глеб Лабадзенка суправаджаў міністра культуры Польшчы Богдана Здраеўскага ў часе візіта ў Мінск і Нясвіж

01 Богдан Здраеўскі ў Нацыянальным мастацкім музеі

Візіт міністра культуры Польшчы Богдана Здраеўскага 17 снежня пачаўся перамовамі з міністрам культуры Беларусі Паўлам Латушкам. Спачатку сам-насам, пасля – у пашыраным складзе, з памочнікамі і калегамі. На выніковай прэсавай канферэнцыі прагучала некалькі цікавых навінаў. Што 2010 год ў Беларусі абвешчаны Годам Шапэна. Пры вялікім жаданні можна нават знайсці сувязі Шапэна з Беларуссю. Напрыклад, наш славуты мастак і кампазітар Напалеон Орда сябраваў з Шапэнам у часе побыту ў Парыжы. Імя Шапэна, як мы паведамлялі, атрымала мінская музычная школа №3.
Ажыўленне журналістаў выклікалі словы спадара Латушкі пра магчымую супрацу са славутым польскім рэжысёрам Кшыштафам Занусі.

-- Магчыма, сваю наступную стужку спадар Занусі здыме ў Беларусі. Цяпер мы вядзем перапіску са славутым рэжысёр на гэтую тэму, -- сказаў спадар Павел.
“Звязда” пацікавілася ў міністраў наконт праблемы вяртання каштоўнасцяў.
-- Ці абмярковалі спадары міністры пытанне рэстытуцыі: вярнуць беларусам карціны, якія былі вывезеныя ў Польшчу, і вярнуць польскім родам маёнткі, якія засталіся ў Беларусі.
-- Гэта вельмі складанае пытанне, ім павінны займацца прафесіяналы. На сённяшні момант актыўна ідзе працэс вяртання каштоўнасцей хаця б у выгладзе копій – нядаўна ў Варшаве мы перадалі Беларусі 48 копій Радзівілаўскіх партрэтаў, -- адказаў пан Здраеўскі.
-- Наконт маёнткаў магу сказаць: сёння гэта ўласнасць Рэспублікі Беларусь, і так будзе, -- зазначыў са свайго боку Павел Латушка. – Але мы, вядома, зацікаўлены ў аднаўленні нашай гісторыка-архітэктурнай спадчыны, і гатовыя разгледзець пытанне супрацы з нашчадкамі гэтых родаў, абмеркаваць шляхі вырашэння пытання на розных умовах.

“Палескія абразы XVI стагоддзя – гэта сапраўдны цуд!»

Пасля прэсавай канферэнцыі міністр Здраеўскі накіраваўся ў Нацыянальны мастацкі музей.
-- Цяпер у нас экспануецца цэлая серыя карцін Івана Хруцкага, якую мы можам прапанаваць на выставу Нацыянальнаму музею ў Варшаве. А наўзамен папросім у вас на выставу арыгіналы партрэтаў Радзівілаў, -- звярнулася да спадара міністра Надзея Усава, намесніца дырэктара музея.
Богдан Здраеўскі агледзеў практычна ўсю экспазіцыю музея. Асаблівую цакавасць высокага госця выклікалі палескія абразы XVI стагоддзя, напісаныя на грубых дошках тэмперай – фарбай на аснове яечнага жаўтка.
-- Які цікавы эфект стварыў майстар – лік святога аб’ёмны, а адзенне і фон – плоскія! -- з захапленнем адзначыў міністр. – Адразу хочацца разглядаць твар, а пасля – усё астатняе. Выдатная растаноўка акцэнтаў!.. Вашыя палескія абразы – гэта сапраўдны цуд!
Безумоўную цікаўнасць пана Здраеўскага выклікалі партрэты Радзівілаў. Што праўда, польскага міністра гэтым не здзівіш – у 1950-я гады абсалютна злачынным рашэннем савецкія ўлады перадалі пераважную большасць партрэтаў з Мінска ў Варшаву. І назад ніхто гэта не адкруціць…
-- А вось гэты два малюнкі Фалата віселі ў Нясвіжскім замку, -- падказаў міністру амбасадар Польшчы Генрык Літвін. – І пані Эльжбета Радзівіл, калі іх пабачыла, узгадала!..
Спадар Здраеўскі адзначыў капмактную і прадуманую экспазіцыю новага корпуса музея. На невялікай плошчы ўдалося паказаць і беларускае мастацтва, і заходнееўрапейскае, і нават усходняе.

“Оперны тэатр: канапа, падлога і парапет”

Наступным пунктам наведвання стала мінская опера. Шыкоўна адноўлены будынак, абсталяваны па апошнім піску тэхнічнай моды. Аднак у мяне з’явілася лёгкае адчуванне, што я патрапіў на акцыю “Купляйце беларускае”.
-- Вось гэтыя канапы вырабленыя ў Беларусі. Вы думаеце, гэта дзермацін? Нічога падобнага – гэта натуральная скура! Тут усё натуральнае! А ў падлозе выкарыстана дзевяць відаў каменю, а парапеты ў нас гранітныя… А вось тут кавярня на 60 месцаў, а вось тут ліфт для інвалідаў…
Пры аглядзе ліфта для інвалідаў мне згадаўся нядаўні выпадак, калі ахоўнік опернага тэатра не пусціў на парог чалавека ў інвалідным вазку… А ўвогуле здалося, што расповед пра тэатр мусіць кранаць найперш творчасць, а не канапы і парапеты… Часам пану Здраеўскаму не ўдавалася хаваць нецікавасць да “матчасткі” – ён адставаў ад групы, разглядаў здымкі на сценах, у залі – адыйшоў на іншы край балкона каб праверыць акустыку. Твар групы ратаваў пан Вальдэмар Дамброўскі, дырэктар Варшаўскай оперы, які з непадробнай цікаўнасцю распытваў, колькі лямпачак і з якіх пунскаў могуць адначасова асвятляць сцэну. А выслухаўшы расповед, з прыемнасцю заўважыў:
-- Варшаўская опера ў тры разы большая па памеры. А нашая сцэна лічыцца самай вялікай у свеце – 66 метраў у дыяметры. Але я не хвалюся, бо такая вялікая сцэна – гэта сапраўдная праблема…
Асаблівае захапленне пана Дамброўскага выклікалі механізмы сцэны, якія ёсць вельмі сучаснымі.
-- Я вас запрашаю ў лютым на прэм’еру “Травіяты”, -- звярнуўся ён да дырэктара нашай оперы Уладзіміра Грыдзюшкі. – Я бачу, што нам ёсць што абмеркаваць і якім досведам узаемна падзяліцца!
Здраеўскі ў мінскім оперным тэатры

“2010 год будзе пераломным у адносінах Беларусі і Польшчы”

Фіналам візіту стала наведванне Нясвіжу. Вядома, для польскага міністра гэта знакавае месца, бо ён цудоўна ведае гісторыю, разумее значнасць роду Радзівілаў у нашым супольным мінулым. Пасля экскурсіі ў ратушы пана Здраеўскага просяць пакінуць запіс у кнізе ганаровых гасцё. І спадар міністр абсалютна шчыра піша, што несказана рады гэтаму прыезду ў Нясвіж, што ўражаны ім.
У касцёле Божага Цела гасцям распавядаюць як пра мастацкую і гістарычную вартасць помніка, гэтак і пра праблемы. Зусім нядаўна са столі адваліўся каваалк фрэскі, дах патрабуе неадкладнай замены… У крыпце, сямейнай пахавальні Радзівілаў міністр кажа, што ўражаны яе захаванасцю. Ксёндз Пётр адказвае:
-- У гэтым, пане міністру, вялікая заслуга ксяндза Каласоўскага – анёла-абаронцы нашага храма, які ўратаваў яго падчас ваеннага пажару, падчас бальшавіцкага ваяўнічага атэізму. Уратаваў і крыпту, нікога сюды не пускаючы.
Ксёндз дзякуе міністру, бо на польскія грошы ў гэтым годзе была зробленая дрэнажная сістэма, якая літаральна ўратавала крыпту – сюды ручаямі лілася вада з вуліцы…
У канцы насычанага дня міністр Здраеўскі адказаў на некалькі пытанняў карэспандэнта “Звязды”.
-- Пане міністру, якія вашыя ўражанні ад візіту?
-- Я жыва зразумеў, наколькі мы блізкія народы, наколькі блізкая нашая супольная гісторыя!.. Шкада толькі змарнаванага часу, калі мы амаль не мелі кантактаў, нягледзячы на тое, што з’яўляемся суседзямі. Гэты страчаны час трэба тэрмонова наганяць, будаваць масты, кантакты. У бліжэйшых планах – супраца ў сувязі з Годам Шапэна, супольнае святкаванне 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Мае перамовы з міністрам Латушкам надзвычай плённыя. Мы распачынаем супрацу мастацкіх школаў, бібліятэк, оперы, музеяў. Мы абмяркоўвалі пытанні падтрымкі творчай моладзі. Сённяшні дзень значыць для мяне пераходам пэўнага бар’еру ў супрацы нашых краінаў.
-- Пане Здраеўскі, на прэсавай канферэнцыі прагучала тэма захавання супольнай спадчыны…
-- Беларусь мае ў сваёй культуры фенаменальныя імёны, месцы і падзеі. Гродна… Навагрудак… Міцкевіч… Грунвальд… “Галька” Манюшкі… Гэта ўсё сёння не працуе ў Еўропе, а павінна. І значны кавалак працы па прасоўванні гэтага мы павінны рабіць разам. Немагчыма падзяліць між Польшчай і Беларуссю творчы даробак Станіслава Манюшкі, Чэслава Немана, спадчыну Радзівілаў… Мы павінны будаваць масты, а не бар’еры. Я не люблю палітыкі, бо палітыка будуе часам бар’еры там, дзе іх не павінна быць. Акурат культура ёсць шанцам на будаванне брамаў, вялікіх сувязяў, камунікацыяў.
-- Якія найбліжэйшыя планы ў супрацы нашых краінаў?
-- Год 2010 будзе пераломным – у добрым сэнсе. Гэта будзе Год Шапэна, мы будзем працаваць далей з агульнай спадчынай Станіслава Манюшкі, у тым ліку і фінансава. Такая супраца мусіць быць таксама і ў Гродна, і ў Нясвіжы. З лютага мы распачынаем супрацу Нацыянальнай оперы Польшчы і нацыянальнай оперы Беларусі. Гэта можа быць пералом. Я запрасіў пана міністра культуры Латушку ў Польшчу. Гэта не будзе яго першы візіт у Польшчу (усміхаецца), бо спадар Латушка 6 гадоў быў амбасадарам Беларусі ў Польшчы. І я хачу, каб наступны год прынёс нам вялікія зрухі ў культурным супрацоўніцтве. І, спадзяюся, не толькі.

Мэр Нясвіжа Ігар Макар, міністр Богдан Здраеўскі, міністр Павел Латушка
Мэр Нясьвіжа Ігар Макар, міністр Богдан Здраеўскі, міністр Павел Латушка

Тэгі: