it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 04

марыйка

Вядома, усё наблытала: і Радзівілаў месцамі памяняла, і лецішча пад Слуцк заперла, і шмат яшчэ чаго...
Але атрымалася добра -- я рагатаў, ажно плакаў!.. 😉

УСТУП
З 24 па 29 лістапада Гётэ Інстытут і расійска-нямецкі моладзевы партал Точка-Treff ладзілі праграму для маладых журналістаў з былога сэсэсэру, прысьвечаную 20-годзьдзю з дня падзеньня бэрлінскага муру. Уласна, 20-годзьдзе было 9-га лістапада, так што сэнс нашай праграмы быў прасьледаваць па зацішных пасьля ўрачыстасьцяў месцах баявой славы, каб потым апісаць пабачанае ў родных выданьнях. Усяго журналістаў было васьмёра: па адным з Украіны, Расіі, Казахстану ды Ўзбэкістану, двое зь Нямеччыны і двое зь Беларусі.

Вязунчыкі! – думалася мне пра калег з былога СССР. Іх па адным з краіны – запарука таго, што напісаны імі пасьля паездкі ў Бэрлін матэрыял выявіцца ўнікальным у іх мэдыйнай прасторы. Мне ж не пашанцавала. Не, каб яны абралі кагосьці з “Нашайнівы”, – але ж канкураваць за ўвагу чытача па дадзеным пытаньні мне цяпер даводзіцца з САМІМ карэспандэнтам газэты “Зьвязда” Глебам Лабадзенкам!!! Чалавекам, які першы артыкул у рэдакцыю адаслаў ужо 26 лістапада, а ўсяго іх заплянаваў тры! Не кажучы ўжо пра штодзённае панаўленьне блога http://labadzenka.by/.

Але ж эўрыка! – я знайшла нішу, якую апроч мяне ня зможа запоўніць ніхто. Падчас паездкі (і гэта было адной з умоваў праграмы) усе ўдзельнікі групы бачылі адно і тое ж. Інтэрвію былі групавымі, як згвалтаваньні. То бок, у нашым з Глебам досьведзе розьніцца максымум колер вадкага мыла ў жаночай і мужчынскай прыбіральнях Райхстагу. Але ж ёсьць, ёсьць адзін-адзіны шанец на сэнсацыю! Глеб бачыў тое ж, што і я. Глеб ня бачыў аднаго – сябе збоку.

Я паспрабую пераказаць падзеі бэрлінскага тыдня ў сэрыі фрашак пра Глеба Лабадзенку. Буйным шрыфтам у гэтых фрашках я буду вылучаць моманты, дзе, на маю думку, Глеб дэманстраваў кунг-фу ісьціннага журналіста.

ЛАБАДЗЕНКА І ПРАДСТАЎНІКІ “БЕЛАВІІ”

Сустрэўшыся рана-ранкам 24 лістапада ў бусіку Гётэ-інстытута, мы з Глебам перабывалі ў прыўзьнятым настроі. Усё гэта працягвалася да самай рэгістрацыі на рэйс “Менск-Бэрлін”. Я здала багаж, прайшла пашпартны кантроль і абярнулася зірнуць, як там справы ў Глеба. Бачу – ён усё яшчэ на чэк-іне. Праз пару хвілін да яго падыйшоў чалавек у цывільным, “нават у сьвеце чараўнікоў, Гары, гэта кепскі знак” (с.). Я хвалююся, аддаю пашпарт памежнікам, падыходжу да Глеба, калі ён застаецца адзін. Міргаю яму вачыма чалавека, які чытаў раман “Параноя” Марціновіча.

– Ды не, – адказвае Глеб. – Тут проста невялікія праблемы зь візай.

Аказваецца, гэты душка намерыўся ляцець у Нямеччыну з “цнатлівым” польскім мульцікам. Шэнгенам, канешне, але прадстаўнікоў кампаніі “Белавія” шэнгенскасьць яго польскай візы не кранала ніякім чынам. Рэгістрацыя заканчвалася, я мусіла ісьці на пасадку, пакінуўшы таварыша ў бядзе (пазбыўшыся канкурэнта – непатрэбнае скрэсьліць).

Але ў глыбіні душы я ведала: ня бачыць мне эксклюзіву, як уласных завушніцаў-цьвічкоў. Знаёмы, які ляцеў тым жа рэйсам, спытаўся ў аўтобусе, дзе хлопец, зь якім я прыехала аэрапорт. Я сказала, дзе.

– Гэта ён даў маху. Канешне не прапусьцяць, – аўтарытэтна заявіў знаёмы. – Мяне так год таму не пусьцілі.

– Ня пусьцяць, анягож, – пацьвердзілі іншыя пасажыры.

А аўтобус завеў матор, але дзьверы не зачыняе.

Думаю, лішне расказваць, што ў найлепшых традыцыях Галівуду, як толькі Лабадзенка скокнуў з тэрміналу ў аўтобус, дзьверы зачыніліся і мы паляцелі.

Як выяўляецца, ляцець з польскай візай у Нямеччыну можна, але “Белавія” перастрахоўваецца, бо калі чалавека разварочваюць у аэрапорце прыбыцьця, штраф да 20 тыс. эўра плоціць перавозчык, які пусьціў у самалёт такога фрукта. Жанглюючы імёнамі ўсіх начальнікаў “Мінску-2”, вывучанымі падчас нядаўніх авіякатастрофаў, Глеб зблефаваў, напісаўшы заяву, што заплоціць штраф са сваёй кішэні.

– А што? Я ўжо настроіўся ляцець, спакаваўся, прыехаў... Я так і сказаў прадстаўнікам “Белавіі”: “Вы сабе як хочаце, але я ўсё адно палячу” .

У самалёце, пабачыўшы шыльдачку з сэрыйным нумарам нашага крафта, Глеб радасна апавёў мне, што гэта той самы, які год таму двойчы не ўзьляцеў на Бэрлін, і чый брат-блізьнюк згарэў у Ерэване. Пасьля чаго са словамі: “Кагда пачнём падаць, абудзі, каб я пасьпеў пафоткаць”, – абаперся галавой аб ілюмінатар і шчасьліва захроп. Пакінуўшы мяне сам-насам з маёй аэрафобіяй.

Атмшчэніе пасьледавала незамедліцельна, але, на шчасьце, пасьля нямецкага пашпартнага кантролю, які Глеб прайшоў без праблемаў.


ЛАБАДЗЕНКА І ДЫНАСТЫЯ РАДЗІВІЛАЎ

Калі параўноўваць Глеба Лабадзенку з тэхнічнымі дэвайсамі, то, безумоўна, гэта смартфон, здольны вокамгненна пераключаць рэжымы і прыстасоўвацца пад любыя абставіны. А яшчэ Лабадзенка – гэта партатыўны Нацыянальны Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа з маторам. Я ведаю шмат выпускнікоў гэтай шаноўнай установы, практычна ўва ўсіх зь іх набытыя там адукацыя і выхаваньне так ці інакш лягла ў падмурак таго, што яны робяць па жыцьці, – але ніводзін зь іх няздольны трансьляваць тдэі Ліцэя у чыстым выглядзе, як гэта робіць Глеб. Глеб Лабадзенка – чалавек выключных празелітычных здольнасьцяў. Як толькі ён бачыць у радыюсе 2 мэтры ненавернутага, ён выстаўляе ўгару антэнкі і пачынае прапаведваць беларушчыну.

Гэтак было з Ёргам, дактарантам русістыкі, які быў адным з нашых праваднікоў падчас праграмы. Толькі мы селі ў таксоўку ў аэрапорце, Глеб выставіў антэнкі.

– Ёрг, а вы ўвогуле ведаеце, дзе знаходзіцца Беларусь, вось мы едзем па гэтай вуліцы, а ў вас тут цікавы бэрлінскі канструктывізм. А ў нас у Беларусі ёсьць шмат прыкладаў унікальнага віленскага, ці, як яго правільней называць – беларускага барока. Ёрг, вы калі-небудзь бачылі беларускае барока?

Ёрг ня бачыў.

Беларускае барока – гэта… (хуткая лекцыя). Ёрг, а вось нейкі рэстаран, там намаляваны кебаб. А вы ведаеце, у нас у Беларусі пякуць такія бульбяныя аладкі, яны называюцца дра-ні-кі! Ёрг, вы калі-небудзь елі дранікі?

- Ён еў! – сіплю я. Картофэлен пляцке даволі вядомая ў Нямеччынне страва.

Глеб ня слухае:

- Са сьмятанай – гэта проста смакоцьце! А калі начыніць іх мясам, но яны ўжо завуцца кал-ду-ны.

І так працягваецца ўсе паўгадзіны да гатэлю: “Ёрг, а вось у Нямеччыне ўсе ведаюць такога творцу ХІХ стагодзьдзя Базыльяна Пупкоўскага, які тут жыў і памёр і праславіў нямецкую культуру. Вы чулі пра Пупкоўскага? Дык вось, ён нарадзіўся ў фальварку Пупкавічы, на захадзе сучаснай Беларусі. Я пісаў пра яго вялікі матэрыял”. І так далей. Ёрг падтрымлівае размову аднаслоўнымі рэплікамі.

І толькі калі мы сядаем у кавярню папіць кавы, бо нас яшчэ не засялілі, я перахопліваю ініцыятыву і пачынаю роспыты Ёрга. Адкуль ён так добра гаворыць па-руску, чым займаецца, і чым яму так цікавая тэма Беларусі ды Бэрлінскага муру, што ён ласкава пагадзіўся сустрэць нас у аэрапорце.

- Нічым, – шчыра адказаў Ёрг. - Гэта мая праца, мне за яе грошы плоцяць.

Як выявілася, Ёрг – прафэсійны навакзалесустракацель, у гатэльсяліцель, пагорадзевадзіцель, абедамкарміцель, намесцаканфэрэнцыідастаўляцель, у нямецкай мове яўна існуе асобнае слова для гэтай прафэсіі. І што перад намі ў яго была група астрафізыкаў зь Каўказу, а пасьля нас будзе група хімікаў зь Сярэдняй Азіі. Так што нашу групу журналістаў з Усходняй Эўропы ён лічыў даволі лёгкай. Пакуль, дадаю я пра сябе, не сустрэў Глеба. Але гэта яго праца – вытрымліваць гадзіннае катаваньне віленскім барока і размаўляць пра дранікі, і Ёрг добра робіць сваю працу. Гэтак жа, як калі б групе астрафізыкаў з Каўказу заманулася паставіць тэлескоп пасярэдзіне Потсдамэр пляц, ён мусіў бы стаяць побач і сачыць, каб на тэлескоп не наляталі турысты.

- Ня ведаю якім чынам – магчыма, у кавярні гучыць клясычная музыка, з дранікаў Глеб пераводзіць размову на опэрнае мастацтва.

- Ёрг, а вось нас сюды запрасіў Гётэ Інстытут. А вы ведаеце, якая цікавая гісторыя была ў Гётэ зь прадстаўніком беларускага магнацкага роду Генрыхам Антоніем Радзівілам? Ведаеце, ён сябраваў з Гётэ.

- Хто не сябраваў з Гётэ, - засьмяяўся Ёрг.

- Радзівіл, калі жыў у Ваймары, напісаў опэру “Фаўст”, паказаў яе Гётэ, і той яе слухаў, і нават склаў для яе лібрэта. Гэта адзінае лібрэта, складзенае Гётэ ўласнаручна. На жаль, ні Гётэ, ні Радзівіл не дажылі да прэм’еры.

- Так, шкада, - спачувае Ёрг.

Пра Радзівілаў Глеб ведае ўсё. Факты пра славутых князёў ёд адрывае на роўным месцы, з-пад зямлі, як сьвіньня труфлі. Нават дзіўна, чаму ён дагэтуль Глеб Лабадзенка, а ня Глеб Лабадзенка-Радзівіл. Калі я яму сказала, што Ёргу, магчыма, абсалютна пофіг усё беларускае, бо ён наёмны супрацоўнік, а не ідэйны НГО-шнік, Глеб сумеўся, але ненадоўга. Бо неўзабаве мы пазнаёміліся з другім нашым правадніком – Робэртам.

- Марыйка, уяўляеш, Робэрт – французская шляхта, ён ведае ўсіх Радзівілаў! І ён мне пакажа месца, дзе на Вільгельмштрасэ, поруч з Райхсканцылярыяй Гітлера быў іх палац!!!

Што тут дадаць? Сачыце за публікацыямі ў “Зьвяздзе”.

Беларускімі каранямі эўрапейскай культуры Глеб тэрарызаваў групу да апошняга. І калі пад канец праграмы ў Ляйпцыгскім музэі сучаснай гісторыі Нямеччыны мы падыйшлі да стэнда Чэслава Немена, і Глеб закрычаў: “А ён зь Беларусі!” – у групы пачалася гістэрыка. Да стэнду іншага музыкі – Вольфа Бірмана, падыходзілі асьцярожна, папярэдне пацікавіўшыся ў Глеба: “А ён, ён хоць – зь Нямеччыны?” А калі дадаць, што першыя некалькі дзён Глеб на інэрцыі гаварыў па-беларуску з усімі – зь немцамі, казахамі і японцамі ў рэстарацыі, а тыя ветліва пасьміхаліся, і ківалі, нібы разумеюць яго, – то культуралягічны фон нашай паездкі будзе нарысаваны цалкам.

ЛАБАДЗЕНКА І ТАЯМНІЦЫ РАМЯСТВА

Але найбольшае маё захапленьне ў Бэрліне Глеб выклікаў сваім смартфонным рэжымам “прафэсія: рэпарцёр” і апэратыўнасьцю. Увесь тыдзень я спрабавала давесьці Глебу, што яго мэтад працы называецца “гонза-журналістыка”, але ён казаў мне сваё кароннае: “Марыя, не вучыце мяне жыць,” – і сьцьвярджаў, што я такі мэтад сама выдумала. Тым ня менш, як яшчэ можна назваць спосаб працы журналіста, які траціну матэрыялу на 8 000 знакаў прысьвячае таму, як яго не хацелі пускаць на борт “Белавіі”?

У апошні дзень у нас была заплянаваная “лятучка”: журналісты дзяліліся ўражаньнямі ад паездкі, расказвалі пляны, хто які аспэкт закране і пра што менавіта напіша. Нарэшце чарга дайшла да Глеба.

– Вы як хочаце, а я ўжо напісаў! – паважна абвесьціў ён. – Напісаў адзін артыкул і напішу яшчэ два. Калі хочаце, магу паказаць pdf-варыянт паласы з публікацыяй...

Група з цікавасьцю згрувасьцілася каля Глебавага ноўтбука. На маніторы мы пабачылі паласу “Зьвязды” з трыма фотакартачкамі.

– “За гады iснаваньня Бэрлiнскага муру памежнiкi застрэлiлi 1068 чалавек…” – чытаю я загаловак, як увогуле адзіная, хто ў гэтым памяшканьні, апроч аўтара, можа чытаць па-беларуску. – Глебе, адкуль такая лічба? У музэях нам называлі на парадак меншую.

– Дык гэта ж мур – Бэрлінскі, а лічба – па ўсёй мяжы ГДР і ФРГ, – кажа Глеб.

– А, – кажу я.

– А пра Райхстаг ты напісаў? – пытаецца каардынатарка сайту “Точка-Treff” Даніэла.

– А як жа! – з гонарам адказвае Глеб. – Вось, гэты разьдзел, падзагаловак: “Маю цётку згвалцiлi 12 савецкiх жаўнераў…”

Немцы пачынаюць разглядаць ілюстрацыі да артыкула. На адной зь іх – сам аўтар, запічатлённы, дарэчы, мной асабіста на балькончыку для публікі ў Райхстагу.

На другой – напаўпахабны надпіс, адзін з тых, якія згары данізу ўпрыгожвалі ў 1945-м ўзяты савецкімі войскамі Райхстаг. Кожны з жаўнераў, што дайшлі да Бэрліну, імкнуўся ўвекавечыць сябе ў графіці, палова зь якіх насіла мацерны характар. Рэканструктары будынка пасля 1990-га году пакінулі толькі фрагмэнты “роспісаў”, зацершы ўсю мацяршчыну (па спэцыяльным дазволе ўраду Расійскай Фэдэрацыі!). Дазнаўшыся пра мацяршчыну, Глеб не адчапіўся ад гіда (чыю цётку ўласна савецкія жаўнеры таго), пакуль той не падвёў яго да месца адзінага салёнага надпісу, які застаўся.

Трэці фотаздымак на паласе “Зьвязды” падняў валасы кардынатаркі тырчма. На ім быў сьпіс наведваньня паседжаньняў бундэстагу, дзе між шараговых дэпутатаў значылася Ангела Мэркель. У Нямеччыне нават у сабакі трэба пытацца дазволу, перад тым, як фатаграфаваць, а ад таго сьпісу ахова нас разоў пяць была адагнала. Але Глеб на ўсе мае спробы расказаць, што дазволена ў Нямеччыне прэсе, а што забаронена, заяўляў, што жыве ў свабоднай і незалежнай краіне Беларусь і на нямецкія дракрнавы законы клаў з прыборам.

– У нас тут ёсьць такая газэта – “Більд”. Ты выпадкам ня там стажыраваўся? – зьедліва пацікавілася Даніэла.

– “Більд” – а што гэта? – ажывіўся Глеб.

– Гэта як “Нашаніва”, – толькі па-нямецку, – шэптам адрэкамэндавала я Глебу ці ня самы знакаміты таблёід Эўропы.

– Не, ня там, – адказаў Глеб.

Калі на шчокі Даніэлы вярнулася чырвань, яна сказала, што ўсе матэрыялы Глеба вельмі цікавыя і яна хоча іх для свайго сайту.

Перад абедам Глеб зьнік кудысьці на некалькі хвілінаў. Калі ён зноў да нас далучыўся, з-пад пахі ў яго тырчэў сьвежанабыты “Більд”.

Яшчэ адзін “Більд” Глеб сьцягнуў пачытаць са стойкі ў рэстарацыі. “Гэта “Більд-вуман”, жаночы дадатак да таблёіда”, – ледзьве стрымліваючы сьмех, патлумачыў Ёрг. – “Нічога, газэту “Зьвязда” чытаюць і жанчыны”, – супакоіў яго Глеб, жуючы сушы.

Шмат чаго яшчэ можна было напісаць пра Глеба Лабадзенку ў Бэрліне. Маглі б паўстаць тэксты "Глеб Лабадзенка і шопінг у Шарлотэнбургу", "Глеб Лабадзенка і яблыкі ў шакалядзе"... Але пры ўсёй фактурнасьці Лабадзенкі і прыдатнасьці яго да апісаньня ў розных забаўных фрашках, ён мае адну цудоўную якасьць - гэта самаіронія. І таму найлепшай фрашкай пра Глеба Лабадзенкеу я лічу тую, якую ён расказаў пра сябе сам.

ЛАБАДЗЕНКА І ДЗЯДЗЬКА З РОВАРАМ

"Калі я прыяжджаю на сваё лецішча пад Слуцкам, - расказвае Глеб, - я заўжды ўздымаю над участкам бел-чырвона-белы сьцяг. Па-першае, мае сябры, чые лецішчы па суседзтве, могуць бачыць, што я на месцы. Па-другое, я вывучаю: а як да нашага сьцяга ставяцца самыя розныя людзі? Трэба скажаць, стаўленьне хутчэй пазытыўнае - абураныя выкрыкі а-ля "Бэнээфаўцы праклятыя!" можна пачуць вельмі рэдка.

І вось аднойчы сяджу я каля дамка між ялінак ды бярозак з ноўтбукам, дапісваю тэрміновы артыкул. І тут каля майго плоту спыняецца дзядзька, прытуляе ровар да плоту і зьвяртаецца да мяне:

- Малады чалавек, падайдзіце, сюда, пажалуйста!

Падыходжу, гатовы да суворай ідэалягічнай бойкі за сьцяг, за мову, за "Пагоню"... А дзядзька і кажа:

- Я, малады чалавек, з вамі даўно хацеў пагаварыць, але як ні еду - вы ўсё сьпіце. І вот наканец я вас увідзел. Знаеце, мне очэнь нравіццца ваш флаг. Маладзец, што падымаеце, у душы я з вамі. Але такія дзялы, у нас увесь каапераціў абеспакоены, на ваш шчот. Малады чалавек, ПАСМАТРЫЦЕ, ШТО РОБІЦЦА Ў ВАС НА ЎЧАСТКУ!!! Нейкае ламачча, рызьзё паўсюль, паленьніца раскіданая, быльлём усё парасло... Сваім участкам, малады чалавек, ВЫ ПАЗОРЫЦЕ ЭТАТ ФЛАГ!

Упершыню ўжыцьці, - кажа Глеб, - я не знайшоў, што сказаць чалавеку ў адказ. Ты не паверыш: я разгубіўся!"

Тэгі: