it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 24

140 гадоў таму нарадзілася Марыя Мякота (Багдановіч)

bagd

Марыя Багдановіч з сынам Максімам. Першае фота паэта

Ці былі вы на магіле мамы Максіма Багдановіча? Я колькі дзён таму пабываў. Едучы ў Гродна, даведаўся, дзе яна дакладна – і адшукаў. Шануючы Максіма, мы павінны памятаць пра людзей, без якіх яго не было б. Ідучы праз могілкі, я згадваў па памяці радкі Анатоля Сыса:
Ну і няхай музам колкая пожня,
Горкія вусны мае, дык няхай.
Мама, такога народзіць не кожная.
Мама, не перажывай!..

І няхай Марыя памерла, калі сыну Максіму было ўсяго 5 гадоў. Там, на нябёсах, у яе няма падставаў перажываць. Яна ўнікальны чалавек – яна нарадзіла Максіма Багдановіча.

…У гродзенскім Музеі Максіма Багдановіча захоўваецца шмат здымкаў Марыі Мякоты – ад яе дзяцінства да сталасці. Сімволіка лічбаў і фактаў -- яна памерла ўсяго ў 27 гадоў, сын Максім – на 26-м годзе жыцця. Абое – ад сухотаў. Я гляджу на здымкі Марыі – і добра разумею Адама Ягоравіча Багдановіча. Яна была шалёна прыгожая дзяўчына, я б у яе таксама закахаўся!..

004

Услухайцеся, як пісаў Адам Ягоравіч ва ўспамінах пра жонку: “Рухавая, заўжды вясёлая, з іскрыстымі вачыма, з касой вусцішнай велічыні, яна ў дадатак валодала грацыяй кацяняткі і тым неперадавальна чароўным хараством, якое прынята называць жаноцкасцю”.

003

Марыя была з небагатай сям’і – бацька працаваў наглядчыкам павятовай лякарні ў Ігумене (цяперашні Чэрвень). Быў хваравіты, нашмат старэйшы за жонку. Яшчэ пры ягоным жыцці сям’я была вымушаная аддаць дзяцей у мінскі прытулак. Там Марыі пашанцавала – яна спадабалася жонцы губернатара Ларысе Пятровай. Тая дае дязўчынцы дваранскі тытул і прыладжвае ў Аляксандраўскую жаночую вучэльню, затым у Пецярбург. Настаўніцкую гімназію Марыя не сканчае – выходзіць замуж за Адама Багдановача. У Мінску ў іх нараджаюцца Вадзім і Максім (падмуркі гэтага дома ў Траецкім прадмесці знішчылі колькі тыдняў таму пры пабудове шматпавярховіка). Сям’я пераязджае ў Гродна, тут з’яўляюцца на свет Лёва і доўгачаканая Ніна. Пасля нараджэння дачкі ў Марыі імкліва пачынаюць развівацца сухоты – і яна літарльна згарае.

002

Марыя і Адам Багдановічы ў Гродне з дзецьмі: Максімам, Вадзімам і Львом

Адам Ягоравіч апісаў апошнія гадзіны жыцця жонкі:
“У ракавы ранак 4 кастрычніка Максім прачнуўся вельмі рана і надзвычай разбасячыўся. Бегатня, спевы, смех, ваўтузня… А маці, пэўна, ужо дажывае свае апошнія гадзіны…
-- Лекара… -- сказала яна мне. Я бягу за яе лекарам І.К. Сямакіным, але, выбягаючы, каб перапыніць гэтую шалёную весялосць, якая так не гарманавала са смутнай узвышанасцю моманта, пасадзіў Максіма на крэсла.
-- Сядзі спакойна.
І вось ён увесь неяк смутна асунуўся. Відаць, мой твар казаў пра нешта нядобрае.
Лекар быў ужо ў шпіталі, але даведаўшыся, у чым справа, схапіў шпрыц і эфір і пабег следам за мною. Прыбягаем, запыхаўшыся.
-- Іван Канстанцінавіч, гэта ўжо смерць?
-- Супакойцеся, Марыя Апанасаўна, будзеце яшчэ жыць.
Але слезы пырснулі з яго вачэй і голас дрыжаў. Мне ён ціха сказаў: “Агонія”. Яна ўсё зразумела.
-- Святара, -- прамовіла яна, і гэта было яе апошняе слова.
Я кінуўся па святара. Пакль ён хадзіў у царкву, пакуль мы прыйшлі – усё было ўжо скончана. Пры ейным ложку над нябожчыцай плакаў Сямакін і рыдалі: мая сястра Маша, якая прыехала з Адэсы і замяніла дзецям маці, і Дарка, дзяўчынка, якую нябожчыца некаторы час выхоўвала і навучала. І нікога з дзяцей. Я кінуўся да дзяцей.
І вось, як цяпер, бачу схіленную фігурку са смутным выразам дзіцячага твара, з пытальным позіркам… Маленькае падабенства мамы. Ён увесь час паслухмяна сядзеў на крэсле. І нават смерці мамы не бачыў”.

005

Музей Максіма Багдановіча ў Гродне. Тут жыла сям’я пэўны час, тут памерла Марыя Апанасаўна

Адпявалі Марыю Багдановіч у Сафійскім саборы (колішняй Фары Вітаўта, якую перадалі праваслаўным, а за савецкім часам узарвалі). Літаральна праз тры тыдні пасля смерці жонкі Адам Ягоравіч з дзецьмі пераехаў у Ніжні Ноўгарад. Дачка Ніна не дажыла там нават да гадочка…
У гродзенскім Музеі Максіма Багдановіча захоўваецца каштоўны экспанат – рамачка, якая стаяла на стале Максіма ў Ніжнім. Здагадайцеся, чыё там было фота.

006

Магіла Марыі Багдановіч на старых праваслаўных могілках Гродна

…Будзеце ў Гародні, знайдзіце час наведаць магілу Марыі Багдановіч (Мякоты). Знайсці яе нескладана – на старых праваслаўных могілках, што насупраць Цэнтральнага рынку. У сярэдзіне могілак – роўна насупраць увахода ў жоўтую капліцу ляжыць вялізны камень з крыжом Еўфрасінні Полацкай (літары ледзьве відаць, няблага было б абвесці іх фарбай”.
Тут і пахаваная гэта вялікая жанчына, якая нарадзіла для Беларусі Максіма Багдановіча.

Дзякую Людміле Абраменцы, навуковай супрацоўніцы Музея Максіма Багдановіча ў Гродне за дапамогу пры падрыхтоўцы матэрыяла.
Дзякую гісторыку Андрэю Мялешку за падказку тэмы і наводку на магілу Марыі Апанасаўны!

Надрукавана ў "Звяздзе" ад 24 кастрычніка

Тэгі: , ,