it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 22

001
вяртаючыся ў 11 вечара з радзівілаўскай канфэрэнцыі ў нясьвіжы, вырашыў крыху скараціць шлях да свайго лецішча ў коласаве, і замест разьдзяўбанай гравейкі паехаў знаёмай дарогай праз поле і лес. гэты здымак зроблены нараніцу, а перад тым...

002

а перад тым была калюжына, якую ну ніяк не праехаць -- пачаў буксаваць і ледзьве вылез назад. канструктары "форда" яўна не прадугледзелі асаблівасьці рэльефу стоўпцаўскага раёну!.. на кароткай нарадзе з самім сабой было прынятае рашэньне акуратненька аб'ехаць калюжыну па траве. на сярэдзіне акуратненькага аб'езду машына акуратненька села на мель

003

і ладна б калёсы буксавалі ў брудзе -- супраць гэтага даволі лёгка нешта тэхнічна прадпрыняць. аднак "фордзік" з клірэнсам 150 мм надзейна ўзьбіўся на нейкую кочку, і пярэднімі калёсамі выключна паліраваў паветра.

004

пасьля 20 хвілін рытуальнага хаджэньня вакол машыны я вырашыў адкласьці змаганьне на раніцу -- каб з новымі сіламі ўзяцца за нялёгкую работу -- з балота цягнуць бегемота. добра, што пэўны досьвед спаньня ў машыне маю.

раніцай схадзіў па рыдлёўку і дошкі (а адбылося неверагоднае здарэньне з глебам паўлавічам за кілямэтр ад лецішча). дзьве гадзіны гімнастычных практыкаваньняў у капаньні акопаў плёну не далі. неабыякавы грамадзянін на "пасаце" таксама, хоць і стараўся, ня выручыў: адзіная вяроўка, што ў нас была, лопнула як спадзевы апазыцыі на дэмакратычныя выбары. а мой трос адыйшоў у лепшы сьвет яшчэ вясной пад ракавам, калі на хутары выцягваў "опель" сябра майго сашкі

я, прызнацца, пачаў напружвацца. аднак, набраўшыся цярпеньня, апрануўся цяплей -- і рушыў за пару кілямэтраў у суседнюю вёску (у маім дачным каператыве, як вы разумееце, у сераду ў канцы кастрычніка больш такіх прыдуркаў не знайшлося).

005

трактара там не знайшоў, але пабачыў "рэно сцэнік", каля якога два мужыкі ўжо зьбіраліся ад'язджаць. патлумачыў сваю бяду. і адзін мужык кажа другому:

-- так гэты хлопец прыгожа па-беларуску гаворыць, давай яму дамапожам!..

селі ў "сцэнік", а той кіроўца дадае:

-- два палкоўнікі цябе выцягваць будуць!.. (па-суседзтву знаходзяцца лецішчы МУС)

карацей, выцягнулі мяне гэтыя два палкоўнікі на раз-два, а калі я прапанаваў грошы-падзяку, адмовіліся:

-- мы, кажуць, таксама беларускую мову вельмі любім, таму нічога ад цябе браць ня будзем.

во як бывае.

Тэгі: