it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 21

elzbieta
Калі бачыш пані Эльжбету Радзівіл – здаецца, ажывае ўся 600-гадовая гісторыя гэтага магутнага роду. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, Барбара Радзівіл, Рыбанька, Францішка Ўршуля, Пане Каханку –для нас гэта гістарычныя персанажы. Такія далёкія і магутныя, што падаюцца нават міфам. Для пані Эльжбеты гэта – сваякі, прабабкі і прадзеды.
Гэтым летам князёўна Эльжбета Радзівіл упершыню за апошнія 16 гадоў прыехала ў Нясвіж. Мінулы візіт адбыўся ў 1993 годзе намаганнямі прафесара Адама Мальдзіса. Сёлетні прыезд Радзівілаў стаў знакавым -- упершыню пасля 1939 года на нашай зямлі знаходзіліся адначасова 10 прадстаўнікоў Сям’і.
Хоць галавой Сям’і заўжды выбіраецца мужчына, сёння менавіта гэтая 92-гадовая князёўна яднае Радзівілаў усяго свету, з’яўляецца сімвалам. Іншыя Радзівілы выраслі ўжо ў гарадскіх кватэрах, а пані Эльжбета жыла ў Нясвіжскім замку. Бэтка памятае прыёмы, на якіх бывалі прэзідэнты, князі, нават прынц Манака…
Днямі пані Эльжбета тэлефанавала мне – і я вырашыў удакладніць дату яе народзінаў, бо ў розных крыніцах сустракаюцца розныя звесткі.
-- Я нарадзілася 21 кастрычніка 1917 года ў Лондане, -- распавяла князёўна. – Аднак бацька, калі запісваў мяне, памыліўся – і замест Х месяца напісаў ХІ. Так я ўсё жыцці і маю афіцыйны дзень народзінаў 21 лістапада!..
У свае 92 гады пані Эльжбета захоўвае надзвычайную актыўнасць і аптымізм. У часе летняга візіту ўсе перажывалі, як яна вытрымае такую насычаную праграму – паездкі, наведванне музеяў, сустрэчы. Аднак ледзьве вытрымалі ўсе астатнія, маладзейшыя, а князёўна толькі падбадзёрвала іншых.
Калі я гляджу ў яе вочы, на яе постаць – я адчуваю неверагоднае шчасце ад таго, што наша краіна мае Радзівілаў. Што для Радзівілаў Нясвіж – родны дом.
З Днём Народзінаў, пані Эльжбета!.. Я памятаю Вашае абяцанне – адзначыць стогадовы юбілей у Замку!

Тэгі: , ,