it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 06

артыкул у "Звяздзе" за 7 кастрычніка

skirmunt1

Страляйце так, я ад людзей нiколi не адварочваўся...
70 гадоў таму ў вёсцы Парэчча забiлi адраджэнца Палесся Рамана Скiрмунта

Прозвiшча Скiрмунтаў на Палессi згадваюць з павагай i захапленнем. Гэтая дынастыя — дзед, бацька i сын — пераўтварыла звычайныя вёскi сярод балотаў у прамысловы цэнтр усяго рэгiёна. На заводах Скiрмунтаў выкарыстоўвалiся перадавыя тэхналогii. Аляксандр Скiрмунт увогуле лiчыцца аўтарам першага беларускага патэнта. Ягоны ўнук Раман годна працягваў сямейную справу, аднак прыйшоў 1939 год — i новая ўлада моцна не цырымонiлася з ужо былымi панамi. 7 кастрычнiка 1939 года Рамана Скiрмунта забiлi мясцовыя жыхары — па загадзе савецкага камiсара Холадава. Без суда i следства...

skirmunt3
Пахавальня Скірмунтаў у Моладаве

Я бываў у Парэччы неаднойчы i, гледзячы кожны раз на колiшнiя фабрыкi Скiрмунта, слухаючы захопленыя аповеды мясцовых жыхароў, не разумеў: як i за што самi парачане застрэлiлi такога чалавека? Цяпер, у сумную гадавiну, я запытаўся пра Рамана Скiрмунта ў адной з найстарэйшых жыхарак вёскi Настассi Андрэеўны Вакульчык 1911 года нараджэння.

— Добры быў пан!.. — замест "прывiтання" адказала мне Настасся Андрэеўна, калi пачула прозвiшча "Скiрмунт". — Як прыйшлы гэтыя, ён сказаў: "Добра, я болей не пан, але са сваiмi людзьмi буду жыцi". А яны бачыш што зрабiлi... А я яшчэ, людкi, радзiлася пры цару, але, слава Богу, чую добра, бачу. Як сама сабе — та я ўсё памятаю, а як гэтак — то i забуваю...

— Настасся Андрэеўна, хто канкрэтна яго забiў?

— Ткачук... Юстын яго звалi. Яшчэ Салавей — гэта мянушка такая, гарбарукi ён быў, звалi яго Пархiмчук. I Козак — так называлi Лешчука Iвана. Iм сказалi яго ў Пiнск весцi, яны па дарозе кажуць пану: адвярнiся! А той кажа: я ад людзей нiколi не адварочваўся i ад вас не буду, а я вам не жадаў бы гэтага рабiцi, вы маладыя. Я ўжо аджыў свае гады, а вам трэба жыцi. Дык казалi, што пры гэтых словах у Iвана стрэльба выпала з рук нават...

— А вы добра запомнiлi Рамана Скiрмунта?

— Хадзiла на работу да яго, картоплi капацi, бурачкi выбiрацi. Спявалi ў абеды, картоплi пяклi... Ён дужа ветлiвы быў, як iдзе насустрач, дак адразу "дзень добры" дае.

— А на якой мове размаўляў пан?

— Па-нашаму, па-парэцку!..

Як я нi шукаў, знайсцi нашчадкаў цi сваякоў забойцаў не ўдалося. Паводле словаў Настассi Вакульчык, гэтыя "тры алкашы згiнулi як сабакi". Пархiмчук знiк яшчэ да вайны, Ткачука забiлi i закапалi проста каля хаты, Ляшчук знiк у вайну... Я наiўна запытаўся ў Настассi Андрэеўны, чаму, калi Скiрмунта павялi забiваць, нiхто з мясцовых не заступiўся за яго.

— А хто ж пойдзе? — цiха адказала 97-гадовая кабета. — Такi час быў... Брат брата прадаваў, прыходзiлi арыштоўвалi. Адна жанчына сказала была: "Што вы робiце?!" А ёй у адказ: "Зараз i з табой такое будзе!.."

"Абышоў
з абразом пажар —
i агонь знiк..."

Гродзенскi гiсторык, доктар навук, прафесар Алесь СМАЛЯНЧУК даўно цiкавiцца асобай Рамана Скiрмунта. Яшчэ ў 2000 годзе спадар Алесь узначальваў экспедыцыю ў Парэчча, каб сабраць звесткi пра гэту выбiтную асобу.

— Рамана Скiрмунта настолькi любiлi мясцовыя жыхары, што нават прыпiсвалi яму амаль чарадзейныя здольнасцi, — кажа Алесь Смалянчук. — Са слоў мясцовых старажылаў мы запiсалi аповед, як у Чамярыне гарэла хата, але паклiкалi Скiрмунта — ён з абразом абышоў пажар — i агонь знiк. Другi раз Скiрмунт гэткiм жа спосабам "патушыў" поле, дзе занялося жыта...

Ад Настасii Вакульчык, з якой я толькi што размаўляў, Алесь Смалянчук запiсаў у 2000 годзе i такi эпiзод. У вераснi 1939-га парэцкiя мужыкi пабачылi здалёк цягнiк — i падумалi, што гэта бальшавiкi. Схапiлi чырвонае i кiнулiся сустракаць. Аднак гэта быў польскi цягнiк. Афiцэр загадаў расстраляць "здраднiкаў". Але Скiрмунт, якi паспеў прыбегчы, не пагiдзiўся стаць перад афiцэрам на каленi i прасiць: "Гэта мае людзi, яны гэтага не рабiлi". Можна ўяўляць, чаго гэта каштавала 70-гадоваму беларускаму шляхцiчу.

Скiрмунты пакiнулi вялiкi след у гiсторыi Беларусi, у гiсторыi Палесся. Намаганнямi трох пакаленняў палескiя ўладаннi Скiрмунтаў сталi адным з буйных прамысловых цэнтраў Беларусi. Спачатку — яшчэ ў 1836 годзе — была заснаваная суконная фабрыка, прадукцыя якой неаднаразова атрымлiвала ўзнагароды на мiжнародных выставах. У 1860 годзе пачаў дзейнiчаць цукровы завод. У 1861-м Аляксандр Скiрмунт вынайшаў снарад для выпарвання цукру (першы беларускi патэнт. — Аўт.), прынцыпам якога карыстаюцца i па сёння!.. Пазней быў заснаваны бровар, крухмальны завод, наладжаная вытворчасць лесу... Скiрмунты ўтварылi ў Парэччы шпiталь на 12 месцаў, будавалi дамы для рабочых...

Раман Скiрмунт, апроч гэтага, заявiў пра сябе як палiтык — у 1918 годзе ўзначалiў урад створанай Беларускай Народнай Рэспублiкi, жадаў незалежнасцi нашай Бацькаўшчыне. Разам з князем Альбрэхтам Радзiвiлам нават паехаў у Нямеччыну i Швейцарыю як амбасадар БНР — прасiць крэдыты для маладой дзяржавы. Калi БНР спынiла iснаванне, Скiрмунт вярнуўся ў Парэчча i зноў заняўся вытворчасцю.

Незалежная Беларусь, пра якую так марыў Раман Скiрмунт, памятае i шануе свайго патрыёта. У 1992 годзе магiла Скiрмунта ў ягоным парку (там пана перапахавалi мясцовыя жыхары) была адноўленая. Iмя Рамана Скiрмунта назаўжды ўпiсана ў летапiс Берасцейшчыны.

Але старыя жыхары Парэчча, якiя памятаюць Рамана Скiрмунта, i цяпер, згадваючы жудасную расправу з iм, не здольныя хаваць слёзы.

КАМЕНТАР СТАРШЫНІ СЕЛЬСАВЕТА
“Заўсёды такія людзі знойдуцца…”
Старшыня Парэцкага сельсавету Міхаіл ВІРКОЎСКІ – даўні падпісчык “Звязды”. Пахваліўся нават, што аднойчы праз нашу газету ягоная сям’я выйграла лядоўню!.. Асобай Рамана Скірмунта ён цікавіцца даўно.
-- Колькі жыву тут, не чуў ад нашых людзей пра яго дрэннага слова, -- кажа Міхаіл Андрэевіч. – Старыя людзі згадваюць, што калі хто жаніўся, дык Скірмунт зямлі маладым даваў. Кажуць, апекаваўся людзьмі, дапамагаў па-ўсякаму. Я ячшэ паспеў запісаць успаміны Тэрэзы Асокінай, яна ўжо не жыве. Яе бацька, Вячаслаў Іосіфавіч Ягада, асабіста пераносіў цела Скірмунта з месца забойства ў сямейны парк ля маёнтка і хаваў. Рызыкаваў – за гэта самога забіць маглі. Тэрэза Уладзіміраўна згадвала, што вяскоўцы па-сапраўднаму плакалі, калі забілі Рамана Скірмунта. Яму ж на той момант быў 71 год… Сёння ў нас няма нашчадкаў тых забойцаў ці людзей з такім прозвішчам. Яны жылі не па-людску, і памерлі страшнай смерцю – я чуў такое меркаванне ад людзей. Вядома, гэта ганьба, што такога чалавека, як Раман Скірмунт, забілі самі ж мясцовыя. Але, ведаеце, такія вырадкі заўжды знойдуцца…

skirmunt2
Крухмальны завод Скірмунтаў у Парэччы

Тэгі: ,