it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 22

апошняя частка падарожных нататак


Карэспандэнты "Звязды" трапiлi ў старажытную паганскую бажнiцу,
наведалiся "амбасадарамi" ў Ватыкан i арганiзавалi каля свайго бунгала Санта-Барбару

Калi вы лiчыце, што можна пахадзiць па Рыме два-тры днi — i ўсё пабачыць, не кажыце гэтага нiкому. Не смяшыце людзей. Карэспандэнты "Звязды" ходзяць па Рыме ўжо шэсць дзён — i сквапна смокчуць яго, як Рамул i Рэм малако Капiталiйскай ваўчыцы.

У гэтым годзе Рыму споўнiлася 2762 гады. Калi блукаеш тут, здаецца, што цiкавых помнiкаў архiтэктуры ў iм не менш. Прыехаўшы ў Рым ранiцай, накiроўваемся ў славуты храм Санта Марыя Маджорэ.

Гэта адна з чатырох галоўных базылiк Рыма. Заснаваная яна была, як i ўсё ў Рыме, не проста так. Паводле легенды, у адну летнюю ноч 352 года Папу Лiберу i заможнаму рымлянiну прыснiлася Мадонна i загадала на тым месцы, дзе заўтра з'явiцца снег, збудаваць храм. Зразумела, што наранiцу, 5 жнiўня 352 года, на Эсквiлiне, дзе цяпер знаходзiцца базылiка, ляжаў снег.

Той храм змянiла базылiка, збудаваная ў 440-х гадах Папам Сыкстам ІII. Шматкроць базылiка дабудоўвалася, упрыгожвалася — кожны Папа намагаўся зрабiць яе яшчэ лепшай. Званiца базылiкi (75 метраў) — найвышэйшая ў Рыме, збудаваная ў 1377 годзе. Сучасны фасад узнiк у 1740. А яшчэ ў храме захавалася мазаiка XIV стагоддзя.

Iншы аб'ект, якi безумоўна прыцягвае нашу ўвагу, — Пантэон.

— Я нешта не магу разабрацца, — круцiць галавой карэспандэнт Валошын. — Па гiсторыi вучыў, што Пантэон — гэта паганская штука, там многа багоў. Я вось з Дыянiсiем хацеў некалькiмi словамi перакiнуцца. А тут напiсана, што гэта хрысцiянскi храм.

— Пантэон, Валошын, паўтарае лёс беларусаў, — разважаў пад антычнымi мурамi карэспандэнт Лабадзенка. — Беларусы ад пачатку былi паганцамi, верылi ў многiх багоў. Затым беларусаў пахрысцiлi. Але i зараз у вёсцы, калi здараецца засуха, бабуля просiць дажджу не ў хрысцiянскага Бога, а ў зразумелага ёй Дажджбога, якi i адказвае за дождж...

Збудаваны Пантэон у II стагоддзi нашай эры — значыць, яму каля 1800 гадоў. А на ўваходзе зараз вiсiць плакат, што 1 лiстапада 609 года Папа Банiфацый IV асвяцiў Пантэон як хрысцiянскую царкву. I ў гэтым годзе адзначаецца 1400-годдзе гэтай падзеi. А з таго часу дзень 1 лiстапада лiчыцца ў каталiкоў i пратэстантаў Днём усiх святых.

— Палыч, вядзi ў Ватыкан, а то зачынiцца, — папрасiўся карэспандэнт Валошын. — Мо яшчэ i Папу Рымскага пабачым...

Карэспандэнт Лабадзенка ўзбройваецца картай — i па завуголiстых вулках Рыма мы накiроўваемся ў Ватыкан. Гэта горад-дзяржава, горад у горадзе, выспа сярод Рыма, самая маленькая дзяржава свету. Фармальна Ватыкан цалкам незалежны ад Iталii. Афiцыйная мова тут — латынь. Жыве ў Ватыкане ўсяго 826 чалавек — як вучняў у мiнскай сярэдняй школе. Праўда, з гэтых 826-i 58 — кардыналы, 293 — святары, 101 — жаўнеры Швейцарскай гвардыi (ахова Ватыкана), астатнiя — цывiльныя.

— Вось дык краiна, хоць саюз з iмi арганiзоўвай. Анi вiзаў, анi пабораў на ўваходзе, як у Калiзеi, — з прыемнасцю ўздыхае карэспандэнт Валошын, пакуль мы крочым уздоўж ватыканскай сцяны ў бок плошчы Святога Пятра.

На плошчы — шматлюдна. Яе дамiнанта — фантастычна прыгожы i магутны сабор Святога Пятра. Каб трапiць туды, трэба прайсцi праз металашукальнiк — цi мала вар'ятаў у гэтым свеце?..

Такiх вялiкiх храмаў у Беларусi няма. Нездарма сабор Святога Пятра — галоўны каталiцкi храм у свеце, якi таксама лiчыцца найбольшай хрысцiянскай царквой у свеце. Агульная вышыня храма — 125 метраў!.. Пры гэтым найвышэйшыя храмы Беларусi сягаюць прыкладна да 60-цi метраў.

— Палыч, гэта ж "П'ета" Мiкеланджэла!.. — шэптам пракрычаў карэспандэнт Валошын. — Сусветна вядомая скульптура!..

— Яўген, фатаграфуй, пакуль ёсць магчымасць, — цiха параiў карэспандэнт Лабадзенка.

"П'ета" выяўляе момант, калi Матка Боская аплаквае смерць свайго сына Хрыста. Адметнасць, за якую папракалi ў свой час генiяльнага скульптара, у тым, што Панна Марыя выглядае аднаго ўзросту з Хрыстом. Аднак 23-гадовы Мiкеланджэла яўна ведаў, што рабiў... У 1972 годзе ў храме здарыўся прыкры выпадак. Геолаг-вар'ят Лацла Тот з альпiнiсцкiм малатком кiнуўся на скульптуру i, пакуль яго адцягнулi, паспеў адбiць у Мацi Боскай палову рукi i нос, намагаўся разбiць Хрысту галаву... На месца трагедыi прыбег Папа Павел VI i плакаў каля разбiтай статуi...

Калi ў вар'ята запыталiся, нашто ён гэта ўчынiў, той адказаў: "Такую прыгажосць мог стварыць толькi д'ябал, i ёй не месца ў храме". I гэта вынiк спрэчак пра скульптуру генiяльнага Мiкеланджэла. Бо скульптар выявiў не толькi Мацi Боскую, а найперш жанчыну, якая плача па смерцi свайго сына... Дарэчы, гэта адзiная скульптура Мiкеланджэла, на якой ён высек сваё iмя.

Як нас прыраўнавалi
да прывабных немак

У Рыме ямо пасту — ну як без гэтага!..

— Звычайныя макароны, — жуе карэспандэнт Лабадзенка порцыю за 8 еўра. — I прынеслi на тры разы ўкусiць.

Затое iтальянскае марозiва нас не падвяло.

— Глядзi, колькi мне марозiва наклалi, шарыкi — як цыцкi ў Памэлы Андэрсан!.. — сiпеў ад шчасця карэспандэнт Валошын, ядучы порцыю традыцыйнага iтальянскага марозiва за 2,5 еўра.

...Тым часам у 500-гадовым лесе каля нашага бунгала вiравала сваё жыццё. Сотнi, а мо і тысячы iтальянцаў бегалi кросы па лясных сцяжынках, ухаючы i фыркаючы. Складаецца ўражане, што ў Кастэльфузана бегае кожны другi. Нездарма многiя тутэйшыя жанчыны ва ўзросце 40—50 гадоў выглядаюць, як маладыя дзяўчаткi. I толькi група школьнiц з Нямеччыны выглядала, як атрад калабкоў на фоне iншых турыстаў у Кастэльфузана.

Тут жа ў лесе ўсталявалi некалькi пляцовак з велатрэнажорамi i турнiкамi. Праца кiпiць, як у лiцейным цэху трактарнага завода, нягледзячы на моцную вiльготнасць, — нават ручнiкi не сохнуць.

— Палыч, вось чаму iтальянцы беларусаў у футбол, як катоў, перамагаюць, — здзiвiўся карэспандэнт Валошын, паглядаючы на iмклiвага мо 70-гадовага бегуна-дзядочка.

Напрыканцы курортнага сезона ў Кастэльфузана распачалася сапраўдная Санта-Барбара. У бунгала засялiлi адразу некалькi груп з нямецкiмi турыстамi-школьнiкамi. Амаль усiм споўнiлася 18. Наш райскi курорт расфарбаваўся апошнiмi колерамi вясёлкi. Але падчас нашай перадапошняй дыскатэкi адзiн з карэспандэнтаў "Звязды" меў неасцярожнасць пацiскаць i пацалаваць адну з прывабных немак (а тут i такiя знайшлiся) прама на дыскатэцы. Немка была гаваркой.

— Хлопцы, праўда, што вы немкам ледзь не жанiцца абяцаеце, а самi праз два днi туту-ляля дадому? — весела спытаўся беларускi бармен Уладзь.

Высветлiлася, што немка тут жа расказала пра мiлосныя жарсцi з карэспандэнтам "Звязды" сяброўкам. I панеслася...

— З гэтымi справамi будзьце пiльныя, — папярэдзiў балгарскi сек'юрыцi Хрыста. — Нямецкiя хлопцы тут на вас у апалчэнне аб'ядноўваюцца. Але глядзiце не дайце ў карак якому школьнiку, бо такая завiруха падымецца!

Мы паабяцалi Хрыста, што будзем рахманымi, i на апошняй дыскатэцы не асаблiва актыўнiчалi! Нас чакала доўгая дарога дадому праз Германiю, Чэхiю i Польшчу.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА,
Яўген ВАЛОШЫН.

Рым

pdf-вэрсыя артыкула <a href=http://zviazda.by/a2ttachments/43621/22ver-6.indd.pdf>ТУТ</a>


Тэгі: ,