it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 17

Карэспандэнты “Звязды” Глеб ЛАБАДЗЕНКА і Яўген ВАЛОШЫН пабачылі ў Рыме 2000-гадовыя храмы і знайшлі падабенства беларускай і старадаўнярымскай архітэктуры

блог

Спеў птушак у 500-гадовым лесе абуджае нас. Прачынаемся і шыбуем на пляж – Адрыятычнае мора ў верасні асабліва чароўнае. Аднак, знаходзячыся ля Рыма, грэх доўга цешыцца морам…
Як вы думаеце, ці цяжка даехаць да Рыма? Анягож! Дзеля гэтага трэба сесці на бясплатны гатэльны аўтобус на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора, даехаць за пару хвілін да станцыі “Хрыстафор Калумб”, і за трыццаць хвілін даімчаць да станцыі метро “Піраміда”. Дзве станцыі на метро – і перад вачыма…
-- Палыч, трасца мне ў бок, гэта ж Калізей!.. – ажно аслупянеў ад відовішча карэспандэнт Валошын.
-- Валошын, наступі мне на нагу, -- як у сне сказаў карэспандэнт Лабадзенка. – Здаецца, мы перапілі віна і патрапілі ў падручнік па гісторыі!..
Калізей заўджды здаваўся нам нечым недасягальным. І нават не з-за тысяч кіламетраў, якія аддзяляюць Мінск і Рым. Цяжка асэнсаваць, гледзячы на гэту агромністую пабудову, што ўзнікла яна 2000 гадоў таму – і ўсяго за 5 гадоў!.. Без сучасных кранаў і тэхналогіяў!.. Выключна дзякуючы генію тагачасных рымлянаў і неабмежаванай працоўнай сіле рабоў. Дарэчы, Калізей на 20 метраў ніжэйшы за нашую Нацыянальную бібліятэку, але плошча ягоная візуальна здаецца большай.
Абыходзім Калізей два разы, фатаграфуем, паралельна шукаючы ўваход. Уваход каштуе 12 еўра, для моладзі 7,5. Аднак давесці свой узрост можна толькі з пашпартам – ніякім студэнцкім карткам яны не вераць. І да ўсяго – чарга стаіць гадзіны на дзве…
-- У газетным шапіку цераз дарогу вы можаце прыдбаць Roma Pass – адзіны квіток ва ўсе музеі Рыма, -- спагадліва падказвае мілая дзяўчына на ўваходзе. – Да таго ж, з гэтым квітком, прынамсі ў нас, уваход без чаргі.
Так і робім. Аднак гэты Roma Pass каштуе 23 еўра – таму бярэм адзін на дваіх, вырашаючы хадзіць па чарзе. Да цуда-квітка, які выглядае як банкаўская пластыкавая картка, прыкладаецца квіток на ўсе віды транспарту на тры дні (шкада, што мы ўжо набылі за 16 еўра такі ж праяздны на тыдзень), мапа Рыму і гід па музеях.
-- Ідзі, Палыч, любуйся тварэннем старадаўніх рымлян, а я пакуль на сучасных рымлянак палюбуюся, -- кажа карэспандэнт Валошын.
Калізей, для свайго ўзросту, захаваўся адносна добра. Ён цалкам закансерваваны – усе гарызантальныя плоскасці залітыя спецыяльным рэчывам, якое не дае сценам разбурацца. Аднак трывога за помнік не пакідае рымскія ўлады – літаральна ўчора з’явілася навіна, што неўзабаве ўнікальны помнік закрыюць на рамонт – сцены будуць мазаць нейкім спецыяльным росчынам, дарогу адводзіць далей. Бо сапраўды – машыны ездзяць пад самымі сценамі помніка. Навукоўцы высветлілі, што такая сталая вібрацыя не ідзе яму на карысць і можа прывесці да фатальных наступстваў.
Сёння ўнутры Калізея – музей пад адкрытым небам. Зробленыя спецыяльныя мосцікі і сцежкі для турыстаў. У цэнтры, дзе была арэна для гладыятарскіх баёў, археолагі адкрылі шматлікія падземныя памяшканні – там ўтрымлівалі людзей і жывёлу. Ладна, карэспандэнт Валошын чакае – трэба перадаваць яму квіток.
-- Хрэн!.. – абурана кажа карэспандэнт Валошын, вяртаючыся праз хвіліну. – Сказалі “онлі ўан тайм”, два разы ў адзін помнік нельга!.. От сабакі!..
Літаральна насупраць Калізею – “руіны і калоны”, якія мы вырашаем агледзець.
-- Ладна, сюды я квіток набуду… -- кажа Валошын і з болем у сэрцы аддае 12 еўра.
Рымскі Форум – колішняя плошча старадаўняга Рыму. Спачатку тут быў толькі кірмаш, затым ўзніклі пабудовы – каміцыі (месцы народных сходаў), курыя (Сенат), храмы.
Сёння Форум – таксама агромністы музей пад адкрытым небам. Уваход у яго находзіцца паблізу пагорка Палацін – месца, дзе ўзнік Рым. Паводле падання, менавіта тут ваўчыца выкарміла Рамулы і Рэма. Тут захаваліся рэшткі палацу імператара Аўгуста, стадыён з “віп-ложай”, шмат іншых пабудоваў і руінаў. На тэрыторыі ўласна Форуму можна пабачыць руіны Храма Сатурна і Дыяскурсаў, якім 2500 гадоў, Храма Антаніна і Фаўстыны, якому 1900 гадоў, Храма Веспасіяна, якому 2000 гадоў, а таксама славутую Арку Ціта, якой 1900 гадоў.
-- Яўген, у той час, калі гэта будавалі, нашыя з табой продкі яшчэ калупаліся ў зямлі палкамі-капалкамі!.. – уражана аглядаў руіны карэспандэнт Лабадзенка.
-- Цікава, а праз 2000 гадоў будуць гэтак сама аглядаць руіны нашага Палаца Рэспублікі?.. – задуменна пазіраў на калоны карэспандэнт Валошын. – Трэба якіх прыгожых калонаў кругом набудаць, нельга нашчадкам такія жахі, як Палац Рэспублікі пакідаць!..
Пачынае накропваць дождж, усе хаваюцца пад дрэва. Побач з намі – дзве турысткі, яўна мама з дачкой.
-- Муся, какой тебе дождь, иди фотографируй, такие деньги отдали!.. – загадва мама дачцэ і надзявае на галаву пакет з крамы.
…Уздымаемся на Капіталійскі пагорак, што каля самага Форуму. Тут, на вяршыні, стаіць Капіталійскі палац работы славутага Мікелянджэла Буанароці. Перад ім – конная статуя Марка Аўрэлія, якой таксама 2000 гадоў. Злева, на плошчы Сан Марка, аграмадністы палац Іль Віттарыяна, прысвечаны Віктору-Эмануілу II, пад кіраўніцтвам якога Італія зрабілася адзінай дзяржавай.
Калі стаць да палацу тварам, то злева зноўку будуць руіны – на гэты час Траянскага форуму. Нас цікавіць храм Святой Марыі. На ўзор яго быў збудаваны касцёл у вёсцы Воўчын Камянецкага раёна, дзе нарадзіўся, а пасля быў пахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Троху далей, за плошчаю Сан-Марка і Палацца Венецыя, нас цікавіць яшчэ адзін “беларускі храм”. Тут знаходзіцца Іль-Джэзу, саборны храм Ордэна Езуітаў, які зрабіў столькі добрага для нашай зямлі, даючы асвету сотням беларусаў. Заснавальнік Ордэна Ігнат Лаёла пахаваны тут жа. Але найбольшы шарм Іль-Джэзу – што менавіта на ягоны ўзор славуты архітэктар Джавані Марыя Бернардоні стварыў нясвіжскі касцёл Божага Цела. Іль-Джэзу збудаваны ў 1584 – і, хоць гэта не цалкам барочны храм, менавіта ён паклаў пачатак велічнаму стылю барока. А ўсяго праз тры гады ў Нясвіжы пачынае будавацца касцёл Божага Цела, які стаў першым барочным храмам на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Як бачым, беларускае грамадства ў асобе Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі ні на грам не адставала ад тагачасных прасунутых рымлянаў!
¬--Палыч, ужо ногі стаптаў, есці хачу, рымлян сапраўдніх пабачыць, мафіёзі якога, -- пачаў скуголіць ад перанасычэння архітэктурнымі каштоўнасцямі карэспандэнт Валошын. -- Хадзем!
-- І праўда, Парыж пабачылі і не памерлі, дык памерці з голаду ў Вечным Горадзе не хацелася б!.. -- паэтычна загаварыў карэспандэнт Лабадзенка. – Будзем вячэраць на беразе легендарнага Тыбра, як імператары!..
Мы скіраваліся да бліжэйшага супермаркета, скінуліся па пару еўра і скалацілі “імператарскі” стол: некалькі пакецікаў чырвонага віна (1,5 еўра), нарэзанай каўбасы з аліўкамі на манер нашай “Доктарскай” (0,8 еўра), агромны пачак салата на дваіх (1,8 еўра), які заправілі маянэзам з цюбіка (0,9 еўра). Усё гэта мы склалі ў торбу і пайшлі праз дарогу да каменных берагоў славутай ракі.
-- Галоўнае, каб нас адсюль мясцовыя бамжы не пагналі, -- выказаў пажаданне карэспандэнт Лабадзенка. Але ніякіх бамжоў на беразе не было. Мы спусціліся па прыступках да самай вады і расклалі ўсё наша дабро.
Сядзець на беразе ракі, пра якую раней чуў выключна з падручніка па гіторыі – шляхетная асалода. Мы папівалі добрае віно, разважалі пра вечнасць і паласкалі ногі ў Тыбры. Так працягвалася мо паўгадзіны, пакуль на нас не ўпалі першыя кроплі дажджу…
(Працяг будзе)
Глеб ЛАБАДЗЕНКІ, Яўген ВАЛОШЫН.
Фота аўтараў.
Рым.

pdf-вэрсыя артыкула ТУТ

Тэгі: