it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 16

Карэспандэнты “Звязды” Глеб ЛАБАДЗЕНКА і Яўген ВАЛОШЫН дабраліся да Рыма і пасяліся ў бунгала на беразе Адрыятычнага мора

блог1

Рымскі аэрапорт Ciampino хочацца называць аэрапорцікам. Ён мілы і ўтульны, стылёвы і зразумелы, амаль хатні. Пасля вар’яцкага Парыжу мы адразу расслабляемся тут. Людзей не столькі, усе яны ўсміхаюцца, эмацыйна размаўляюць і махаюць рукамі. І калі кава ў Парыжы каштавала ад 2 да 5 еўра, то тут – 80 цэнтаў. Але ж гэта сапраўдная італійская кава, адно пах якой падымае настрой і інтрыгуе!.. Карабінэры тут – як з гістарычнага музею: прыгожыя, вытанчаныя, вымуштраваныя. А дзяўчаты… Італійкі, адным словам.

Наш гатэль не падмануў нас на сваім сайце – у зале прылётаў сапраўды чакала дзяўчына з аранжавай таблічкай. Бландыністая баўгарка, але падпрацоўвае тут, у Італіі, вучыць мову. Распавяла нам, што мора цёплае, але сезон сканчаецца – засталіся адныя нямецкія пенсіянеры і школьнікі… Мы сядаем у мікрааўтобус і едзем у наш абяцаны рай.

Гатэльны комплекс на ўзбярэжжы выглядае, як на наш розум, нязвыкла.

-- Глядзі, дамочкі, як у Коблева пад Адэсай, -- прасякнуўся ўспамінамі юнацтва карэспандэнт Лабадзенка. – А далей сапраўдны замак, з вежамі і капліцай побач!..

Уся тутэйшая тэрыторыя да канца 30-х гадоў мінулага стагоддзя належала італійскаму прынцу. Калі да ўлады прыйшоў фашыст Мусаліні, тэрыторыю ў прынца канфіскавалі, але пасля Другой сусветнай вайны вярнулі. Гатэльны комплекс тут працуе з 1969 года. У рэцэпцыі з вамі могуць паразмаўляць мінімум на трох мовах – італійскай, ангельскай і нямецкай.

--  Я не магу засяліць вас у таннае бунгала, - развёў рукі ў бакі адміністратар. – Вы  не зрабілі папярэднюю замову, таму сяліцеся за 50 еўра за суткі.

Па нашых тварах ён зразумеў, што зараз страціць кліентаў – і кліенты будуць жыць у лесе на беразе мора. Італіец  узяў слухаўку і стаў тэлефанаваць.

-- Вы шчасліўчыкі, што сустрэлі мяне!.. -- з мінай супермэна павярнуўся да нас адміністратар. – Будзеце плаціць па 10,5 еўра за суткі!

Сервіс у нашым бунгала апынуўся як у беларускім пацізоркавым гатэлі (толькі ў 15 разоў танней): душ, прыбіральня, лядоўня, кандыцыянер, фен і тэраса са столікам.

-- Не сорамна і дзяўчат сюды прывесці! – бліснуў вачыма карэспандэнт Лабадзенка.

-- Не кажы. Толькі спаць будзем як на турэмных нарах, -- аглядаў двухпавярховы ложак карэспандэнт Валошын.

У нашым бунгала ўжо быў заселены цікавы сусед – нігерыец Прынц Іман. Вегетарыянец, з ежы ўжывае толькі бабы і бананы, у моры не купаецца, віно не п’е, дзяўчат не прыводзіць. Нават ад “Алёнкі” далікатна адмовіўся!.. Іман запэўнівае, што меў у Італіі добры бізнес, але пачаліся праблемы з уладамі. Шляхетны нігерыец не дадае нашаму адпачынку няўтульнасцяў. Ён такі чысцюля, што ў першы дзень мы не маглі разабрацца, хлопец будзе з намі жыць ці дзяўчына. Мы ці не гадзіну распавядаем Іману пра Беларусь: паказваем здымкі нашых замкаў, палацаў,Ж касцёлаў і цэркваў, гарадоў.

-- Фантастыка!.. –войкаў Іман. – Якая ў вас фантастычная краіна!.. Якія ў вас прыгожыя мясціны!.. Я чуў пра Беларусь толькі некалькі разоў па “Еўраньюз”, і гэта тычылася нейкай палітыкі…

-- Іман, а ячшэ ў нас цудоўная прырода, рэкі, лясы, азёры, -- захоплена пералічаў карэспандэнт Лабадзенка. – Зубы палячыць у нас у разы танней, чым тут. Можна сабе прыдбаць домік у маляўнічым месцы за разумныя грошы… А якія ў нас, Іман, дзяўчаты!.. Ты ім не кажы, што Прынц – гэта тваё імя, скажы – пасада. Усе твае будуць!..

-- Глеб Паўлавіч, цябе трэба прызначаць піяршчыкам Беларусі замест Лорда Бэла!.. -- ці жартам, ці ўсур’ёз працягнуў карэспандэнт Валошын.

…Супермаркет знаходзіцца на тэрыторыі гатэльнага комплексу – кошты, як у сярэдняй італійскай краме. Пад’есці можна за 3-4 еўра на дзень – хлеб, сыр, салямі.

-- Ці гэта не сон, -- аж запішчаў карэспандэнт Валошын. – Пяцілітровы фугас сухога чырвонага італійскага віна за 6,5 еўра!.. У нас “чарніла” столькі не каштуе!..

З запасам на ўвесь адпачынак бярэм два такія фугасы – з чырвоным і белым віном, набіраем іншых прадуктаў і ледзь-ледзь валачэм усё гэта ў наша бунгала. Віно апынулася, як жывая вада.

Заходзім у мясцовы бар і здзіўляемся яшчэ больш. Бармэнам тут працуе беларускі хлопец Уладзь, амаль што мінскі сусед карэспандэнта Валошына.

-- Такое самае мы прадаем па 2 еўра за паўбакалы, -- усміхаецца Уладзь. – І купляюць на раз-два.

У гатэлі працавала ажно сямёра беларусаў – з мінскага універсітэта фізкультуры, віленскага ЕГУ, чэшскіх універсітэтаў.

-- Тутэйшае начальства лічыць кожную капейку, -- расказвае Уладзь пра свае ўмовы працы. --  Плоцяць 500 еўра за месяц. Ежа бясплатна, бунгала – бясплатна. Працую амаль кожны дзень па восем гадзін. Праўда, я тут з каханай дзяўчынай. Але ўсё адно ўжо хочацца дадому.

Тут жа на тэрыторыі комплекса збудавалі два басейны. Усё як у бразільскіх серыялах – блакітная вада, шэзлонгі, і гнуткія паненкі на іх папіваюць рознакаляровыя кактэйлі з трубачкамі. Тут жа яшчэ некалькі бараў (турыстаў у гатэльны комплекс набіваецца пад некалькі тысячаў) і начная дыскатэка з дужым сек’юрыці-баўгарынам на ўваходзе.

-- А што, калі быў сезон, тут людзей было не прапіхнуцца. І немцы, і італійцы адно аднаму кухталёў давалі , -- кажа сек’юрыці. – Паненак не маглі падзяліць. Таму ў нас тут з аховай усё ў парадку, толькі карбінераў на ўвесь комплекс набярэцца з тузін.

З аховай тут і праўда строга. Вулачкі комплекса ўначы патрулюе ахова на электрамабілях. А ўся тэрыторыя абгароджаная калючым дротам на манер нашых вайсковых частак, аглядаецца відэакамерамі. Аднак адпачынку ўсё гэта не замінае, адчуваеш сябе як дома.

Аглядаем замак на тэрыторыі комплекса, дзе калісьці жыў той самы італійскі прынц, а цяпер – яго ўнук. Бармэн Уладзь не раз бываў у сярэдзіне і цвердзіць, што не бачыў такога шыку нават у крутых музеях. Ля замку пасецца сапраўдны бізон і некалькі дзікоў, якія, пабачыўшы нас, прыбеглі знаёміцца, рохкаючы вільготнымі пятачкамі.
блог3

-- Валошын, ты з ім не рохкай, свінячы грып падхопіш, -- падазрона агледзеў дзіка карэспандэнт Лабадзенка.

-- Нічога, лячыцца буду на тутэйшых пляжах італійскім віном, -- пагладзіў хрушу скрозь агароджу карэспандэнт Валошын.

І мы скіраваліся ў бок тутэйшых пляжаў, сарваўшы каля замка па некалькі салодкіх гранатаў – яны растуць проста на тэрыторыі гатэльнага комплекса.

Мора ад нашага бунгала знаходзіцца кіламетры за паўтара. На пляж кожныя паўгадзіны ездзіць бясплатная маршрутка. Але карэспандэнты “Звязды” вырашылі хадзіць на мора пехам – дарога пралягае праз пахучы 500-гадовы лес. Па лесе, як жвавыя партызаны, бегаюць спартоўцы-аматары.

Хвілін за 20 даходзім да Адрыятычнага мора. Не адцягваючы, кідаемся ў ягоныя цёплыя бурлівыя хвалі. Нашае мястэчка паступова пачынае жыць вячэрнім ладам. Мы сядзім на гарачым яшчэ пяску і паглядаем удалечыню. Там, за 20 кіламетраў ад нас, знаходзіцца Рым.

(Працяг будзе)

Яўген ВАЛОШЫН, Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтараў.

Рым.

pdf-вэрсыя артыкула ТУТ
блог2

Тэгі: