it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 15

Карэспандэнты “Звязды” Глеб ЛАБАДЗЕНКА і Яўген ВАЛОШЫН знайшлі беларускі сцяг наверсе Эйфелевай вежы і замест аэрапорта апынуліся ў дзве гадзіны ночы ў вёсцы пад Парыжам

блог

Беларусаў заўжды цягнула на Манмартр. Тут раскрыліся зоркі выхадцаў з нашай краіны Восіпа Цадкіна і Хаіма Суціна, тут працаваў Марк Шагал, тут любіў бываць французскі паэт Гіём Апалінэр, сваяк нашага пісьменніка Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага). У іх была даволі цёплая кампанія – Агюст Рэнуар, Каміль Пісаро, Клод Манэ, Вінцэнт Ван Гог, Тулуз-Латрэк, Пабла Пікасо…

Нашых славутых замлякоў мы абмяркоўвалі, падымаючыся зранку на Манмартр.

-- Палыч, без беларусаў яны нікуды!.. – узрушана казаў карэспандэнт Валошын. – Мы пастаўляем талентаў для ўсяго свету!..

Манмартр – найвышэйшы пагорак Парыжа. Яшчэ 150 гадоў таму гэты пагорак лічыўся вёскай. Тут былі вінаграднікі, ветраныя млыны і руіны старадаўніх кляштараў. Пачынаючы з 1870-х гадоў сюды сталі цягнуцца мастакі. Бо жытло каштавала танна, а прырода была добрай натурай для працы.

У 1873 годзе на вяршыні Манмартра збудавалі храм Сакрэ-Кёр – памяці ахвяраў Франка-прускай вайны 1870-71 гадоў і Парыжскай камуны. На купал Сакрэ-Кёр можна падняцца за 5 еўра. Мнагавата, але вяршыня найвышэйшага парыжскага храма гэтага вартая. Пры ўваходзе надпіс строга папярэджвае: 300 прыстыпак і ніякага ліфта! У сапраўднасці здаецца, што гэтых прыступак тысяча – і кожная, як у Мірскім замку!.. Але ж якая панарама адкрываецца адсюль!.. Толькі тут бачыш сапраўдны маштаб Эйфелевай вежы – калі ўсе дамочкі ў параўнанні з ёю здаюцца цацачкамі з дзіцячай чыгункі…

Пакручастымі вулачкамі Манмартру спускаемся ўніз. Парыж Парыжам, а есці хочацца. У прыватнай прадуктовай краме бярэм па гамбургеру, бананы і ёгурт (не правіць на “йагурт”!J).

-- І зноўку ніводнай лавачкі на дварэ, хоць на асфальт пасярод дарогі сядай, -- бурчыць карэспандэнт Лабадзенка.

-- Зірні – вунь нейкая агароджаная пляцоўка. Ці то прытулак для бамжоў, ці то індзейская рэзервацыя, - заўважыў карэспандэнт Валошын.

Агароджаная тэрыторыя аказалася мініпаркам – трыццаціметровая алея з дрэвамі абапал, некалькімі сметніцамі, арэлямі для дзяцей. Мэрыя Парыжу стварыла па некалькі такіх “рэзервацыяў” ў кожным раёне. Каб парыжане маглі пасядзець у цянёчку, матулі - пагуляць з дзецьмі. Заадно і мясцовым бамжам ёсць куды кінуць косці. Праўда, рэзервацыя працуе толькі з дзевяці раніцы да васьмі вечара.

Падсілкаваўшыся, ідзем далей і фатаграфуемся каля старога “Сітраена”.

-- Машына, як з фільма “Фантамас”, -- прыняў ганарыстую позу каля “Сітраена” карэспандэнт Лабадзенка. – Зрабі добры кадр, буду паненкам паказваць.

Спускаемся ў метро. Пакуль едзе цягнік, дазвольце распавесці вам крыжу пра парыжскі метрапалітэн. Ён пачаў дзейнічаць у 1900 годзе, да Сусветнай выставы. Сёння ён цягнецца на 213 кіламетраў, мае ажно 284 станцыі, з іх 62 перасадкавыя. Дзіва дзіўнае для нас – што на некаторых лініях цягнікі едзяць на… шынах!.. А вось і цягнік. Вузенькі, незвычайны, дзе большасць крэслаў – адкідныя.

Сексуальныя меншасці і архітэктурныя большасці

Кіруемся ў Цэнтр Пампіду. Непадалёк ад выхаду з метро – агромністая (а ці ёсць тут іншыя?) царква Сэнт-Эсташ – па-нашаму, Святога Яўстаха. Яна збудаваная ў 1532 годзе, і нават на некалькі метраў вышэйшая за славуты Нотр Дам!.. Тут знаходзіцца найвялікшы арган у Францыі.

Праходзім Форум цэнтральнага рынку – чатырохпавярховы падземны гандлёвы цэнтр – прывітанне нашай Плошчы Незалежнасці!.. Перад намі – Фантан Цнатлівых, збудаваны ў XVI стагоддзі Жанам Гужонам. І на ягоным беражку – ці то ілюстрацыя, ці то антыілюстрацыя: двое здаровых лысых мужыкоў сядзяць і цалуюцца.

-- Трасца мне ў бок! -- вылупіў вочы карэспандэнт Лабадзенка. – Проста на вуліцы!..

-- І гладзяць адно аднаго!.. -- раскрыў рот карэспандэнт Валошын. – Хоць здаровыя, як коні, а не салодкія галубкі – як мы ўяўляем. Вось яна – свабода асабістага выбару!..

І гэта напраўду асаблівасць еўрапейскага грамадства: што б ты не рабіў, цябе ніхто не асудзіць, бо гэта твой выбар. Абы б іншым не шкодзіў. Праходзім славуты “Квартал чырвоных ліхтароў”, аднак цяпер дзень – і дзяўчат-матылькоў мы не пабачылі.

А вось і Цэнтр нацыянальнага мастацтва і культуры Жоржа Пампіду. Ён збудаваны ў 1977 годзе і названы імем тагачаснага прэзідэнта краіны. У кансерватыўным старадаўнім Парыжы Цэнтр і зараз застаецца самым мадэрновым будынкам у стылі хай-тэк. Тут размяшчаецца грамадская бібліятэка, увесь час адбываюцца выставы, а таксама дзейнічае Нацыянальны музей сучаснага мастацтва – так што наведнікаў заўжды процьма. Кіруемся туды і мы – каб па эскалатарах у празрыстых трубах узняцца на шосты паверх і палюбавацца яшчэ раз панарамаю Парыжу. Заходзім і ў згаданы Музей. Добра, што ў Еўропе дзейнічае правіла ў дзяржаўныя музеі пускаць журналістаў бясплатна. Гэтак жа бясплатна п’ем ваду з фантанчыка на вуліцы, якія тут паўсюль. А вунь, за мостам – Нотр-Дам!..

Нотр Дам такі ж велічны і агромністы, як на здымках. Вось толькі мы ўжо паспелі прызвычаецца да гэтай, выключна парыжскай, велічы і размаху. Аглядаем храм звонку, бо каб патрапіць у сярэдзіну, трэба выстаяць кіламетровую чаргу, а ў нас часу ўвобмаль. Цешымся цікавым супадзеннем: Нотр Дам – практычна аднагодак нашай гродзенскай Каложы, абое XII стагоддзя!.. Гэта пацвярджае, што беларуская культура і гісторыя ішла непарыўна з агульнаеўрапейскай. Хіба што маштабы пабудоваў былі іншыя, але гэта ўжо залежыць ад мэтаў і тэмпераменту. Парыжане вельмі любяць Нотр Дам. У часе Вялікай Французскай Рэвалюцыі бязбожнік і самадур Рабесп’ер заявіў, што калі мяшчане не хочуць, каб “гэтая цвярдыня мракабесся” была зруйнаваная, то няхай сплоцяць Канвенту грошы на “патрэба ўсіх рэвалюцыяў, якія пройдуць з нашай дапамогай у іншых краінах”. Парыжане не пашкадавалі грошай – і Нотр Дам дайшоў да нашага часу. Гэтак жа сама – хітрасцю ці самаахвярнасцю – ратавалі беларусы свае храмы ад недалёкіх камуністаў. Гісторыя цвердзіць – дурная ўлада праходзіць, а храм павінен застацца.

Нас падціскае час – трэба яшчэ паглядзець Луўр і магілу Напалеона. І – самае галоўнае – падняцца на Эйфелеву вежу. Агледзеўшы ўчора чаргу, вырашаем кіраваць найперш туды. На гадзінніку каля 17:00.

- Глядзі – салдат з аўтаматам, на нас пазірае, ці не на мушцы трымае, -- занепакоіўся карэспандэнт Валошын, паглядаючы на цёмнаскурага жаўнера Французскага легіёну. -- Вунь іх колькі пад вежай! А ты казаў што ў Беларусі міліцыянты на кожным кроку!

Відовішча сапраўды змрочнае – аўтаматчыкі ў натоўпе турыстаў. Відаць, што дзядзька Бін Ладэн добра напужаў і французаў.

-- А раптам сярод аўтаматчыкаў  шызафрэнік які патрапіцца?.. – з недаверам паглядае на жаўнераў карэспандэнт Лабадзенка.

-- Не трасіся, іх напэўна ў французскіх Навінках правяраюць, -- няўпэўнена адказвае карэспандэнт Валошын.

Стаім чаргу. Спачатку хвілін 40 – да паліцэйскіх з “рамкамі” і металашукальнікамі. Таксама на вежу нельга праносіць нічога шклянога. Затым – яшчэ хвілін пяцьдзесят да касаў і ліфта, які завязе нас на сярэдзіну вежы. Білеты на вежу не танныя. Калі хочаш на самы верх ліфтом – 13 еўра (моладзі 9.90). Калі ідзеш да сярэдзіны пехам, а ўжо адтуль на ліфце – 9.50 дарослым, 7 еўра для моладзі. Едзем на самы верх на ліфце.

Парыж сапраўды агромністы. А яшчэ – белы. У адрозненне, скажам, ад Прагі, дзе ўвесь горад – гэта чырвоная дахоўка, чорныя вежы і пазелянелыя купалы храмаў. Калі глядзіш на Парыж зверху, вельмі яскрава бачыш Імперыю, самае яе сэрца. Як на далоні – ужо знаёмы нам Нотр Дам. Вось, злева ад Марсавага поля – Дом інвалідаў, дзе пахаваны Напалеон. Правей – Луўр. Мяркуючы па часе, і туды, і туды мы ўжо не патрапім. Таму вырашаем не  спяшацца – і затрымацца на вежы падаўжэй. На самым версе (324 метры) месціцца мемарыяльны кабінет Эйфеля. Чалавек, які стварыў такую геніяльную пабудову, відавочна, заслужваў такога чароўнага месца для працы!.. Тут жа – прыбіральня (ці сікалі вы хоць раз на такой вышыні?..) і таблічка: “Шаноўнае спадарства! Эйфелева вежа – унікальны манумент. Паважайце гэта. Не малюйце графіці!” У гэты момант табе здаецца, што да гэтага прыслухоўваюцца ўсе, апроч “Здесь был Паша” і “Света и Катя-2009”… На самым версе Эйфелевай вежы нам прыемна пабачыць, сярод іншых сталіц свету, “Мінск, Беларусь 1836 км” і дзяржаўны сцяжок.

-- Давай сфатаграфуемся на самым версе, -- прапаноўвае карэспандэнт Лабадзенка.

-- Абавязкова, толькі б галаву не прадзьмула, -- стукае зубамі карэспандэнт Валошын. На вяршыні Эйфелевай вежы вецер дзьме, як падчас тарнада.

У гэтую вёску парыжскія таксісты ехаць адмаўляюцца!..

…Ужо глыбокі вечар, а мы развітваемся з Парыжам – ідзем па Елісейскіх палях між буцікоў сусветнавядомых брэндаў, між аўтасалонаў, дарагіх рэстаранаў і гатэляў. Паўтара дні на Парыж – катастрафічна мала! Абавязкова трэба будзе прыехаць сюды яшчэ!

Аднак цяпер нас чакае Рым. Хуценька збіраем рэчы, вельмі цёпла развітваемся з нашымі суседкамі па пакоі, абяцаем, што пабачымся ізноў. Да аэрапорту Арлі дарога здаецца не такой ужо і складанай. На метро – а затым на гарадской электрычцы. Пры перасадцы стараемся разабрацца – бо з адной станцыі электрычкі ідуць у некалькіх кірунках. Вось нарэшце і тая, на якой значыцца наш. Сядаем і пачынаем кімарыць, бо ехаць 15 кіламетраў.

-- Каб мяне перакасіла, Палыч, -- залямантаваў карэспандэнт Валошын. – Нас не туды прывезлі!!

Прачынаемся на канцавой станцыі іншага кірунку. Французы пераблыталі таблічку на цягніку. І ў гадзіну ночы мы апынаемся ў прагарадзе Парыжа, ці то ў вёсцы, ці ў мястэчку з літаратурнай назвай Рабінзон. Праз хвіліну даведваемся яшчэ адную цудоўную навіну – гэты цягнік быў апошні. І аўтобусы адсюль у аэрапорт не ходзяць. І ўвогуле ўжо мала ходзяць.

-- Вось гэта паварот для рэпартажу!.. – сумна пасміхаецца карэспандэнт Лабадзенка.

На платформе мы заўважаем двух калегаў па няшчасцю. Ірландцы Джэры і Салі таксама падмануліся надпісам на цягніку – і кукуюць цяпер як мы. Дамаўляемся аб’яднацца і ўзяць таксоўку. Дзяжурны па станцыі бярэцца дапамагчы нам і выклікаць – мы ж нават нумару не ведаем!.. Якое ж было нашае здзіўленне і абурэнне, калі праз пару хвілін дзяжурны прыйшоў і развёў рукамі:

-- Пардон, мадам і мэсье, але таксісты сюды з Парыжу ехаць адмаўляюцца, кажуць, што далёка…

У гэты момант  ірландцы і беларусы выказалі кожны па-свойму прыкладна адзін набор праклёнаў, прыйшоўшы да высновы, што на Радзіме кожнага з нас такое проста немагчыма.

Што рабіць – бярэм валізы і ідзем шукаць таксоўку па мястэчку Рабінзон. Праехала адная – занятая. Паўгадзіны – і больш нічога. Ходзім далей па пустых вуліцах. Мінула гадзіна, сітуацыя напружваецца, да нашага самалёта застаецца ўсяго пару гадзінаў. Сустракаем на вуліцы закаханую парачку і, з далікатнымі выбачэннямі просім нам дапамагчы. Хлопец тэлефануе нейкім сваім знаёмым – і праз 5 хвілін ратавальная таксоўка спыняецца ля нас. 33 еўра – і мы ў аэрапорце. Для справядлівасці трэба сказаць, што 25 еўра заплаціў Джэры, бо ехаў ночыць у гатэль пры аэрапорце. Так што на долю карэспандэнтаў “Звязды” засталося ўсяго 8 еўра – не так і шмат, каб выбрацца з такой прыгоды!..

-- Джэры, старына, мілая Салі, гэта вам прэзент, -- працягнулі карэспандэнты “Звязды” ірландцам пляшку старадаўняга беларускага напою крупніку. -- І трэба абавязкова сустрэцца ў нашым Мінску ці вашым Дубліне.

І вось у тры гадзіны ночы мы ў парыжскім аэрапорце Арлі. Ні душы. Не працуюць бары, крамы і кавярні. Няма людзей, каб спытацца, што і дзе. Толькі ў канцы паверха сустракаем прыбіральшчыка, які кажа, што да 5 раніцы “усе памерлі”. Але беларусаў голымі рукамі не возьмеш!.. Выцягваем з сумкі вялізную кансерву равіолі, набытую яшчэ ў Празе. Наліваем сабе па стопцы старадарожскай самагонкі – і кладземся спаць на лаўцы. Перад гэтым абачліва ставім будзільнік.

…У пяць раніцы голас Аляксандра Рыбака з тэлефоннага будзільніка падымае нас як па трывозе. Праціраем вочы і ідзем шукаць свой тэрмінал. Знаходзім лёгка – тум ужо стаіць чалавек 150… Доўгая, марудная чарга – і ўрэшце непрыемная нечаканасць.

-- У вас забраніраваная толькі адная сумка, якая можа важыць не болей за 20 кг, -- гаворыць нам дзяўчына на рэгістрацыі.

-- Чакайце, на сайце сапраўды ішла гаворка пра 20 кг на дваіх, аднак я не бачыў там колькасці сумак!.. – кіпяціцца карэспандэнт Лабадзенка, які купляў ківткі праз інтэрнэт. – Да таго ж, падумайце лагічна -- у нас на дваіх будзе адная сумка?!

-- Нічога не ведаю, даплочвайце 22 еўра, --  спакойна адказвае дзяўчына.

Сварыцца няма калі – інакш самалёт адляціць без нас. Мацюкаемся, даплочваем – і грузімся ў самалёт. Перад гэтым абшукаваюць так, што знаходзяць нават прэзерватыў у кішэні.

Стомленыя прыгодамі засынаем адразу ў салоне, не зафіксаваўшы ў свядомасці момант узлёту. Шум наўкол абуджае нас. Самалёт павольна пад’язджае да аэрапорту Ciampino ў Рыме.

(Працяг будзе)

Глеб ЛАБАДЗЕНКА, Яўген ВАЛОШЫН.

Парыж.

Тэгі: ,