it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 12

Карэспандэнты "Звязды" працягваюць вандраваць па Еўропе,
шукаючы там беларускiя сляды i месцы, звязаныя з сусветнавядомымi асобамi.
За адзiн дзень такiх пошукаў з нас нечакана ледзь не зрабiлi
сапраўдных яўрэяў, а потым чэхаў
блог

Гэтыя радкi мы пiшам з аўтобуса Прага—Парыж. Разам з намi едзе каля сотнi чалавек, пераважна моладзь, уся дарога мусiць заняць 14 гадзiн, засталося тры. Тут даволi ўтульна — можна глядзець тэлевiзар цi слухаць радыё ў навушнiках (яны далучаюцца да спiнкi пярэдняга сядзення), задарма частуюць кавай, гарбатай цi гарачым шакаладам.

Нас ужо паспелi напужаць нямецкiя палiцыянты. Спынiлi аўтобус на трасе i зладзiлi праверку пашпартоў. Бо ў Еўрасаюзе няма межаў, таму такiя праверкi практыкуюцца — каб не было стымулу грамадзянам iншых краiнаў вандраваць нелегальна. Палiцыянт паглядзеў нашыя пашпарты, вiзы, запытаўся, дзе мы будзем жыць у Парыжы. Мы з гонарам прадэманстравалi рэзервацыю ў самым танным гатэлi.

— Уан найт? — з недаверам спытаўся той. (Адну ноч?)

Давялося паказаць бiлет на самалёт Парыж—Рым i патлумачыць, што другую ноч мы пойдзем у стрыптыз-клуб i будзем "дэнс-дэнс-дэнс!" Палiцыянт у чарговы раз зiрнуў на нас так, быццам мы пазычылi ў яго сто еўра i не аддаём. А потым некуды панёс нашыя пашпарты. Што з iмi рабiлi — невядома, але праз паўгадзiны нашы дакументы прынеслi — i мы рушылi далей.

Дык вось, усе гэтыя прыгоды нас напаткалi пасля другога дня ў Празе. А другi дзень стаў такiм сабе "лiтаратурным" — у iм злучылiся Франц Кафка i Францыск Скарына.

Кафка —
чэшскi
Багдановiч!..

Зранку мы перш-наперш выправiлiся на... Новыя яўрэйскiя могiлкi. Тут пахаваны знакамiты лiтаратар Франц Кафка. Для Чэхii ён тое самае, што для нас Максiм Багдановiч. Супадзенняў процьма.

Нарадзiўся Кафка на год пазней за Коласа з Купалам, у 1883 годзе. Пiсаў усё жыццё па-нямецку (а Багдановiч спачатку толькi па-руску), большасць твораў надрукаваная пасля смерцi (як i ў нашага Максiма). Памёр Кафка ад сухотаў, у санаторыi пад Венай (Багдановiч таксама ад сухотаў, на лекаваннi ў Ялце).

Кафка ў Празе на кожным кроку — вулiца, музей, кавярня, стравы, фестываль, чытаннi, сувенiры — кубачкi, майкi, кепкi, алкаголь, асадкi, нататнiкi... Што казаць, чэхi распiярылi Кафку лепш, чым амерыканцы "Кока-колу"!.. Нам бы так з Багдановiчам...

Не наведаць магiлу Франца Кафкi мы не маглi. Адразу па ўваходзе на могiлкi скiравалiся да магiлы класiка, але пачулi ў спiны ўсё больш настойлiвае: "Хэло! Хэло!! Хэло!!!" Ахоўнiк, сухi строгi дзядуля ў крэмавым касцюме, махаў рукамi i клiкаў да сябе.

— Напэўна, вам трэба надзець ярмолкi?.. — крэмавы дзядуля працягнуў карэспандэнтам "Звязды" дзве сiнiя аднаразовыя яўрэйскiя шапачкi.

— Напэўна, нам не трэба надзець ярмолкi, — пастаралiся захаваць iнтанацыю мы.

— Напэўна, тут усiм трэба надзяваць ярмолкi, — даў зразумець дзядуля, што iнакш Кафку мы не пабачым.

Мы прынялi правiлы гульнi — i пайшлi "400 метраў уздоўж агароджы".

Магiла Кафкi — сямейная. Апроч пiсьменнiка, тут пахаваныя ягоны бацька, гандляр галантарэяй, мацi, пазней падхаваны прах сясцёр, закатаваных у канцлагеры ў Польшчы...

Мы вырашаем сфатаграфавацца на магiле Кафкi ў выдадзеных нам ярмолках. Просiм працоўнага, якi нанешта раскопвае магiлу непадалёк — ён ахвотна згаджаецца. На выхадзе кiдаем у скрынку некалькi манетак — i крэмавы дзядуля дазваляе пакiнуць нам ярмолкi на памяць...

За сцяной Новых яўрэйскiх могiлак месцяцца так званыя Чырвонаармейскiя могiлкi. Нас тут цiкавяць тры магiлы — айцоў БНР Васiля Захаркi i Пётры Крэчэўскага, а таксама Мiхася Забэйды-Сумiцкага, блiскучага беларускага тэнара, якi спяваў нават у славутай оперы "Ла Скала".

Дом, дзе Скарына
выдаў Бiблiю

...Помнiк Скарыну ў Празе знайсцi i лёгка, i цяжка. З аднаго боку, ён знаходзiцца за якiя 500 метраў ад Каралеўскага палаца (цяпер — рэзiдэнцыя прэзiдэнта), аднак стаiць убаку ад турыстычнай дарогi — i калi не ведаць, выпадкова не натрапiш. Помнiк ладны — больш за тры метры, на валуне непадалёк напiсаныя мiлыя нашаму вуху словы: "1535—1539. У гэтых месцах працаваў каралеўскiм батанiкам выдатны беларускi гуманiст i ўсходнеславянскi першадрукар Францiшак Скарына".

— Палыч, а як думаеш, калi б Скарына жыў, ён бы "Звязду" выпiсваў?.. — пытаецца карэспандэнт Валошын. Вырашаем, што — несумненна! І як ганароваму падпiсчыку ўзносiм на галаву першадрукара кепку з лагатыпам газеты.

Аглядаем Каралеўскiя сады — аднак, наш зямляк заклаў хараство на 500 гадоў наперад! У Каралеўскiм палацы працуе прэзiдэнт Чэхii, тут жа — ганаровая варта. Для турыстаў абавязковы атракцыён — сфатаграфавацца з хлопцамi-жаўнерамi, якiм нельга паварушыцца. Непаўторнае вiдовiшча — калi варта змяняецца кожныя некалькi гадзiн, назiраць за iх дасканала адпрацаванымi рухамi...

Тут жа — Сабор Святога Вiта, найвышэйшы ў Празе. Шкада, што наверх не дазваляюць падымацца... Аднак можна паглядзець iнтэр'еры сабора, цудоўныя вiтражы, спусцiцца ў крыпту, дзе пахаваныя колiшнiя ўладары гэтых земляў...

За саборам — храм Святога Iржы. Збудаваны ён у 920 годзе.

— Яму амаль 1100 гадоў, старэйшы за любы з беларускiх храмаў, — праводзiць экскурсiю карэспандэнт Лабадзенка. Пагладжваем сцены i думаем: колькi ж усяго яны пабачылi!..

Спусцiўшыся з Вышаграда да метро, вырашаем падсiлкавацца. У кавярнi даволi дорага (эканомiм грошы на Парыж i Рым), таму назiраем за чэхамi. А яны кiруюць крыху ўбок, да вазка з хот-догамi — па-чэшску яны называюцца "парэк в роглiку", сасiска ў рагалiку. Запiваюць хот-догi мясцовыя жыхары... вадой са спецыяльных фантанчыкаў! Кажам прадаўцу-чэху "дзякуй!"

— Не "дзякуй", а "дэкуйе", — папраўляе ён нас. Тлумачым, што гэта мы па-свойму, па-беларуску. Прадавец не аддаў нам "роглiкi", пакуль мы нарэшце не падзякавалi па-чэшску.

Дарэчы, унiкальная рэч. Размаўляючы па-беларуску, вы не прападзяце ў многiх еўрапейскiх краiнах — Польшчы, Украiне, Лiтве, Чэхii, Славакii... Чэшская мова дужа падобная да нашай. Расiйскiя турысты проста шалеюць, што iх "великий и могучий" не разумеюць. Яны бялеюць i пачынаюць "ГОВОРИТЬ ГРОМКО И ОТЧЕТЛИВО: МНЕ ЛЬГОТНЫЙ БИЛЕТ, ПОНИМАЕТЕ, ЛЬГОТНЫЙ!!!" Ты падыходзiш да кантралёра, кажаш яму па-беларуску, i спакойна праходзiш далей.

...Са Скарынам у Празе звязана яшчэ некалькi пунктаў. Непадалёк ад Карлавага мосту можна пабачыць мемарыяльную дошку з выявай генiяльнага беларуса: "1517—1519. У старым месце Пражскiм выдатны беларускi асветнiк Францiшак Скарына выдаў свой беларускi пераклад Бiблii". Аматары Скарыны высветлiлi нават, у якiм будынку гэта адбылося. 100-працэнтнай пэўнасцi няма, аднак нам дастаткова i пэўнай здагадкi — кiруем туды!..

Знайсцi будынак няцяжка. Ля Старой ратушы, дзе знаходзiцца славуты гадзiннiк Арлой, становiцеся да яго спiнай — i зеленаваты будынак, на якiм цяпер напiсана "Кавярны Прага" — ён!.. Паводле самай верагоднай версii (iншай мы не чулi) — тут, на другiм паверсе, наш зямляк i здзейснiў тагачасны цуд, скончыўшы эпоху перапiсвання кнiг ад рукi. Тут, у Празе, Скарына паспеў выдаць 22 кнiгi Бiблii, пасля друкарня пераехала ў Вiльню.

— Добрае сабе месца выбраў наш знакамiты палачанiн!.. — прысвiстваем мы, аглядаючы самае сэрца Старой Прагi.

Увечары мы сустракаем траiх беларускiх студэнтаў, якiя вучацца тут, i падымаем за сустрэчу келiхi са старадарожскай самагонкай. Абмяркоўваем, што праз 20 гадоў пасля выдання Бiблii Скарына зноўку вярнуўся сюды, каб працаваць каралеўскiм батанiкам. Тут сляды першадрукара губляюцца. Выглядае, што на адных з пражскiх могiлак i трэба шукаць ягоны апошнi прытулак.

Магчыма, аднойчы мы зоймемся гэтым. А пакуль што сцюардэса ў аўтобусе абвяшчае, што мы прыбываем у Парыж...

Глеб ЛАБАДЗЕНКА,
Яўген ВАЛОШЫН.
Прага.

pdf-версыя артыкула -- ТУТ

Тэгі: ,