it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 09

Карэспандэнты "Звязды" дзiкунамi выправiлiся ў турнэ па Еўропе. Каб не толькi паспытаць выгодаў замежнага жыцця, але i прасякнуцца пажыўнымi месцамi Старога свету. Першы пункт падарожжа — пiўная i культурнiцкая Прага.

9-35

У самым канцы сезона, калi турыстаў менее, а сонца не такое пякучае, мы выправiлiся заваёўваць Еўропу. Сабралi валiзы, падсiлкавалi акумулятары да фоцiкаў, ноўтбук пад паху — i наперад, у сэрца Старога Свету!
У самым канцы сезона, калi турыстаў менее, а сонца не такое пякучае, мы выправiлiся заваёўваць Еўропу. Сабралi валiзы, падсiлкавалi акумулятары да фоцiкаў, ноўтбук пад паху — i наперад, у сэрца Старога Свету!

Маршрут быў складзены сцiплы — Мiнск — Варшава — Прага — Парыж — Рым — Прага — Мiнск. Паколькi ў "Звяздзе" да журналiстаў ёсць строгi план, пiшам вам проста з пражскай пiўнiцы "Money Murphys", п'ючы чорнае чэшскае пiва i закусваючы яго "вепровым коляном".

— Глеб Паўлавiч, цяпер кавы вып'ем з печывам, а то ўжо 4 пiвы выпiлi!.. — узмалiўся карэспандэнт Валошын, пагладжваючы жывоцiк i паглядаючы хiтравата.

— Ты што, звар'яцеў — у Празе пiць каву!? — упраўляў яму мазгi карэспандэнт Лабадзенка. — Каву мы будзем пiць у Парыжы, ля Эйфелевай вежы. А тут — сусветная сталiца пiва!

Напраўду, у Празе пiва п'юць замест вады. Нават сур'ёзныя ўнiверсiтэцкiя выкладчыцы, спускаючыся мiж парамi ў буфет, бяруць грыбную полiўку — i да яе 0,3 пiўка. Уся сутнасць у тым, што чэшскiм пiвам ты не напiваешся. Яно створанае для асалоды, для падтрымання гутаркi, для наталення. Iм захапляўся Фрэдэрык Бегбедэр, Франц Кафка, Уладзiмiр Караткевiч, Уладзiмiр Арлоў...

— Дапiшы i нас у гэты шэраг! — просiць Яўген, замаўляючы яшчэ келiх. — Ад двух бы нашых я б ужо пад плотам валяўся, а тут... Глядзi, якая прывабная дзяўчына сядзiць за суседнiм столiкам!..
Дык вось, з Мiнска мы вырашылi выправiцца на Прагу. Памятаючы досвед мiнулых гадоў, спачатку надумалi ехаць з перасадкамi. Бо, напрыклад, цягнiк да Варшавы каштуе каля 70 долараў, а калi ехаць да Брэста, тады да Тэрэспаля, а тады да Варшавы — выходзiць усяго 22. Да Прагi быў распрацаваны даволi складаны маршрут: Мiнск — Брэст — Тэрэспаль — Варшава — чэска-польская мяжа — Прага. Атрымалася каля 76 долараў. Цягнiк каштуе каля 150. Аднак у апошнi момант мы вырашылi спраўдзiць, колькi каштуе квiток на аўтобус. Ха! Ён каштаваў 85 долараў, а з улiкам 10 % знiжкi для моладзi — увогуле 76,5!

— I грошы не скрадуць з гэтымi шасцю перасадкамi! — дадаў аргументаў карэспандэнт Лабадзенка. — А то прыедзем у Парыж у адных трусах, будзе тады, што да Моны Лiзы не пусцяць!

Праваднiкi па Парыжы i Рыме каштавалi ажно 66 тысяч! Добра, што ў Празе карэспандэнт Лабадзенка ўжо бываў, i ведае яе без праваднiка. Як водзiцца, за дзве хвiлiны да аўтобуса прыляцелi на вакзал, узялi бiлеты — i едзем у Еўропу!

— Суткi ў аўтобусе!.. Мы ж ачмурэем!.. — закацiў вочы карэспандэнт Валошын. Аднак усё падалося не так i страшна. Напачатку падтрымалi пiўзавод "Алiварыя" — i спалi да самага Беластока (праўда, перад гэтым усiх даволi непрыемна патрэслi польскiя мытнiкi). Там падтрымалi шапiк з гамбургерамi — i прачнулiся ажно ў Варшаве. А там наступiла ноч — i сам Бог сказаў спаць. Прачынаемся — Прага!..

— Я яе ўяўляў iншай... — сумна пацягнуў карэспандэнт Валошын, пабачыўшы бетонныя каробкi.

— Спакойна, гэта толькi ўскраiны, мясцовыя Шабаны!.. — суцешыў яго карэспандэнт Лабадзенка.

На вакзале здалi рэчы ў камеру захоўвання (суткi — 10 тысяч нашых рублёў) i пайшлi бадзяцца па Залатой Празе.

— Аёй, якi краявiд! — войкнуў карэспандэнт Валошын, пазiраючы на славуты Тынскi храм XV стагоддзя, пра якi пiсалi Мiлан Кундэра, Мiларад Павiч i iншыя лiтаратурныя класiкi.

— I такiх храмаў у Празе дзясяткi! Нiхто не вынiшчыў iх у гады лiхалеццяў, — заўважае карэспандэнт Лабадзенка. — Заўтра ты яшчэ пабачыш славуты сабор Святога Вiта i царкву Святога Iржы, якой 1100 гадоў!..

Культурную праграму мы вырашылi разбавiць шопiнгам. Пад Рымам нас жа чакае мора, а да пляжных прыгодаў амаль не падрыхтавалiся.

— Палыч, а плаўкi ў цябе якiя, у абцяжку? Ходзяць чуткi, што ў тых краях такiя плаўкi толькi гомiкi носяць, а так усе хлопцы купаюцца у шортах, — выдаў свае здагадкi карэспандэнт Валошын.

— Вой, а ў мяне ў абцяжку, у Баранавiчах на рынку купляў!.. — збянтэжыўся карэспандэнт Лабадзенка. — Вунь крама "Нью Ёркер", там i шорты, i ўсё што трэба.

За пяць хвiлiн выбралi хiповыя шорты — з палiэстэру, сiнiя, з чарапамi па баках, без кiшэняў (так цяпер модна). Усяго за 139 крон (23 300 беларускiх рублёў). I гэта фiрмовыя, брэндавыя!.. У Мiнску за такiя грошы мо i кiтайскую падробку не купiш!.. Ужо вечарэла, дэсант "Звязды" са спакойнай душой, задаволены зрабiў свой апошнi на гэты дзень марш-кiдок у пiўнiцу. Адкуль i пiшам вам, карыстаючыся дармовым iнтэрнэтам.

— Заўтра павяду цябе па Скарынаўскiх мясцiнах Прагi, — iнтрыгуе карэспандэнт Лабадзенка...

(Працяг будзе)

Глеб ЛАБАДЗЕНКА, Яўген ВАЛОШЫН.
Фота аўтараў.
Мiнск—Прага

КОШТЫ Ў ПРАЗЕ

(у пералiку на беларускiя рублi)

Разавы квiток на праезд — 2180 руб.

Бананы, кг — 3200 руб.

Пiва "Крушовiцэ", бут. — 2520
(у Мiнску каля 9000)

Пiва, келiх — 5000 руб.

Яйкi, дзяс. — 5000 руб.

Сасiскi, кг — 18 400 руб.

Штраф за праезд "зайцам" — 117 600 руб.
Сярэдні заробак -- 1100-1200 даляраў

Тэгі: