it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 23

Уладыслаў Журба -- украінскі паэт. Нарадзіўся ў 1974 годзе ў Кіяве. Скончыў філфак унівэрсытэта імя Тараса Шаўчэнкі. Як піша ён сам, "буддыст (але не вегетарыянец!) і антыглабаліст.

пераклаў з украінскай Глеб Лабадзенка

КОЛЕРЫ
Сяргею Беленькаму

Зіма

Ўсіх фарбаў лекавую сілу
Няйначай выпіла зіма:
Наўколле шэрым парабіла –
І снег, і неба спаражніла,
а беленькага вось няма.

Вясна

У траўні кветак поўна розных
Рассыпаў дождж, на выдумкі мастак.
Пазеляніў галлё ён віртуозна,
І неба паблакіціў так дзівосна,
а беленькага зноўку брак.

Абуджаны

Няспынны шквал густой самоты,
У бяздонні – люстра нематы.
Зіма і лета тут на “ты”,
А мы – нідзе, і гукі ўпотай
Не перамогуць тут экстаз –
Мы застаемся як збаночкі.
І знойдзены не намі час
Сыходзіць прэч без адвалочкі.

* * *
Мастацтву нямых дакрананьняў
Вучыўся ў асеннім святле.
Яна – як расінка згасання,
Яна – бы дзіцяці сляза –
Празрыстая і бязважкая,
Душа яе – тайна, але
Усё дыхае стомаю цяжкаю –
Нязгасная вечна краса.

Скарыліся моўчкі далоні.
Як цесна сплятаюцца рукі.
На велічным сонечным троне –
Разгадка яе чысціні.
Імя маё – шчасце й туга,
Імя яе – ціша і гукі,
Ад промня святлее смуга,
Яднаюцца свету вагні.

Як лёгка багамі з’яўляцца
І піць сабе гукі працяглыя,
Удыхаць цішыню да вар’яцтва,
Пакуль не настане імгла.
А неба ўжо побач, з яго
Я бачу, што мы – недасяглыя,
Праходзіць дарога паўзбок
Пустэчы, самоты і зла.

* * *
З’явілася зусім раптоўна
Як хваля ў срэбную раку,
Блакітнай кветкаю чароўнай,
Пахучай зёлкай на таку.

Прынесла водар касавіцы,
Палёў мядовы далягляд.
На золку жнівеньскім прысніцца
Твой асалодлівы пагляд.

Падыме ветразі дарога,
Аднак дарма баюся так –
Ты адплываеш, а за рогам
Знаходжу мёду вуснаў смак.

* * *
Нядаўна быў Вялікдзень ці Раство
І свята з перманентным хараством
Губляла ў хвілю перавагі свята.
Зямля стаіць без прыўкрас,
Нябёсы – гэта не для нас,
Таму застаўся голы час
У ролі ката.

Аскепкі сноў і сэрцаў, ветракі
Лятуць не цераз дах, а нацянькі
Праз растрапаныя фіранкі.
У гэты мы ўвайшлі паток,
І мы для ночы як каўток
Пігулкі, каб без засцярог
Кахацца з ранкам.

Ты ў цемры мусіш-такі йсці
Чаму яшчэ не здолеў я знайсці
Там краскі, дзе твае сляды?
Бо краскі ўночы – навіна,
А ягамосць заўжды адна
І ты схаваеш сутнасць дна
У мяне тады.

Празрыстых дзён юркоча плынь
Прастор як рыба, ўдалячынь
Свядомасць шле свае вітанні.
Свядомасць нам з табой адна,
Таму баяцца нам не ў знак.
Архангеле – на джаз мастак –
Зайграй да рання.

Тэгі: