it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 08

Таццяна Кібіна: Я цяпер асоба вядомая. Але пастанову № 991 не пісала!

2009-08-07 13:17:01, Зміцер Глінскі

Карэспандэнт Еўрарадыё паспрабаваў запісацца на прыём да чыноўніцы, прозвішча якой пазначанае пад скандальнай пастановай № 991

Неўзабаве пасля з’яўлення пастановы № 991 у інтэрнэце з’явіліся звесткі пра яе меркаваных аўтараў. Сусветнае сеціва прыпісвала дакумент пяру Таццяны Кібінай – супрацоўніцы Ўпраўлення справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Карэспандэнт Еўрарадыё знайшоў нумар Таццяны Іванаўны і паспрабаваў запісацца да яе на прыём, каб сказаць усё, што ён думае з нагоды няўдалай пастановы.

Зміцер Глінскі: “Добры дзень! Скажыце, калі ласка, ці можна да Кібінай Таццяны Іванаўны на прыём запісацца?”

Суразмоўца: “Таццяна Іванаўна прыёмаў не праводзіць. А хто вы такі, што вы?”

Зміцер Глінскі:
“Я проста прачытаў гэтую пастанову і маю колькі прапановаў, каб давесці яе да ладу, так бы мовіць...”

Суразмоўца: “Ведаеце, што? Па-першае, адразу хачу сказаць, што пісаў іншы чалавек. І далей што? Вы хочаце даць парады?”

Зміцер Глінскі: “Ну, так!”

Суразмоўца: “Я хачу сказаць, што чалавек, які займаўся распрацоўкай гэтай пастановы па даручэнні прэм’ер-міністра, зараз у адпачынку. З адпачынка ён вернецца крыху пазней. Калі ў вас ёсць пажаданні – пішыце туды, звяртайцеся ў Савет міністраў пісьмова, і адправяць таму чалавеку, які займаецца гэтым пытаннем, вось і ўсё”.

Зміцер Глінскі: “Дык трэба звяртацца ў Саўмін?”

Суразмоўца: “Калі пастанова Савета міністраў, дык туды і трэба звяртацца”.

Зміцер Глінскі: “А чаму тады Таццяна Іванаўна пазначаная як выканаўца? Я нешта не разумею...”

Суразмоўца: “А вам і не трэба разумець парадак афармлення і прахаджэння дакументаў. Я думаю, вас гэта павінна менш за ўсё турбаваць. Таццяна Іванаўна не з’яўляецца выканаўцам і аўтарам гэтага дакумента”.

Зміцер Глінскі: “Ну, прабачце тады, калі ласка, што патурбаваў...”

Суразмоўца: “Да не, калі ласка! Няма патынняў, можаце звяртацца, але, я ж кажу, па-першае, чалавека няма, з якім вы маглі б пагутарыць...”

Зміцер Глінскі: “Вы маеце на ўвазе, што Таццяны Іванаўны няма?”

Суразмоўца: “Таццяна Іванаўна ёсць! Таццяна Іванаўна – я, калі вас гэта цікавіць! Але я не з’яўляюся аўтарам пастановы, і таму са мной проста няма аб чым размаўляць!”

Зміцер Глінскі:
“Ёлкі! Дык навошта ж вас тады ўпісалі туды???”

Таццяна Кібіна: “Ведаеце, не важна, што мяне ўпісалі! Хіба вам цікава як схема працуе – чаму і каго і куды ўпісваюць?”

Зміцер Глінскі: “Але сэнс у тым, што ў сувязі з аўтарам пастановы толькі вашае прозвішча і ўзгадваюць, і таму...”

Таццяна Кібіна: “...пра мяне шмат цікавага пішуць. Ну і што цяпер? Застрэліцца? Што зробіш, што такі парадак і трэба некага ўказаць. Далей што?”

Зміцер Глінскі:
“Вам мабыць часта цяпер тэлефануюць?”

Таццяна Кібіна: “Так, я цяпер асоба вядомая”.

Зміцер Глінскі: “Ну добра, прабачце, што патурбаваў”.

Таццяна Кібіна: “Звяртайцеся са сваімі прапановамі ў Савет міністраў – там іх разгледзяць”.

Такім чынам, калі каго і падставілі публікацыяй пастановы № 991, дык гэта Таццяну Кібіну, якая зараз прымае тэлефанаванні ад кожнага, хто шукае аўтараў няўдалага дакумента.

Тэгі: