it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jul 31

Мой сябар Яўген Валошын зрабіў у "Звяздзе" выдатнае інтэрвію з Андрэем Арамнавым

Лепшы спартсмен Беларусi, якi патрапiў у апалу за язду нецвярозым, расказаў "Звяздзе" пра свой удзел у дзiцячым царкоўным хоры, планы пабiць свой жа сусветны рэкорд i пра тое, як яму жывецца на 450 тысяч рублёў у месяц.

aramnau

Лепшы штангiст планеты 21-гадовы беларус Андрэй Арамнаў вяртаецца да цяжкiх трэнiровак. Узiмку Андрэй патрапiў у скандальную сiтуацыю. Атлет выпiў пiва ў пiцэрыi i сеў за руль сваёй "БМВ". Нехта з наведвальнiкаў патэлефанаваў у ДАI i "заклаў" штангiста. У вынiку атлета пакаралi штрафам у пяць мiльёнаў дзвесце тысяч рублёў. За гэта ж Арамнава пазбавiлi стыпендыi ў 15 мiльёнаў рублёў. Калi выбухнуў скандал, ад Андрэя Арамнава многiя адвярнулiся. Ён з'ехаў у Барысаў да свайго асабiстага трэнера. Але днямi Андрэй усё ж вярнуўся у цэнтр алiмпiйскай падрыхтоўкi "Стайкi", каб зноў шчыльна трэнiравацца. Туды ж наведаць чэмпiёна прыбыў i карэспандэнт "Звязды".

— Ён ветлiвы i добры, душа кампанii, нiчога дрэннага пра Андрушу не пiшыце, — сустрэла мяне супрацоўнiца спартыўнага комплексу цяжкай атлетыкi ў "Стайках". — Ранiшняя трэнiроўка скончылася, шукайце яго ў гасцiнiцы.

Як толькi я жыўцом пабачыў дабрадушнага штангiста, то зразумеў: па-мойму, гiсторыi пра Арамнава-хулiгана i Арамнава-злодзея — гэта журналiсцкiя мiфы.


"Рыхтуюся ўстанавiць
тры новыя сусветныя рэкорды"

Ростам Арамнаў 173 сантыметры, трымае вагу ў 105 кг. Жылiстым качком спартсмена не назавеш. Хоць менавiта ён устанавiў на мiнулай алiмпiядзе ў Пекiне новы сусветны рэкорд. Андрэй не падае выгляду, што ў яго сёння цяжкiя часы i ўпэўнена дзелiцца грандыёзнымi планамi:

— Хацелася б устанавiць тры новыя сусветныя рэкорды.

— Куды ўжо больш? — здзiвiўся я.

— Цяпер сiлаў многа, вельмi добра адпачыў пасля Алiмпiяды. Узнаўляюся з вельмi добрай хуткасцю, працую з вельмi сур'ёзнай вагой. Мяркую, што на найблiжэйшым чэмпiянаце рэспублiкi праз паўтара месяца пакажу сур'ёзны вынiк. А 17 лiстапада на чэмпiянаце свету паўтару свой алiмпiйскi поспех. Думаю, што ўзiмку, пасля чэмпiянату свету, я буду з трыма залатымi медалямi...

Высвятляецца, што галоўны прыцэл Арамнава — гэта чэмпiянат Еўропы, якi павiнен адбыцца ў Мiнску ў наступным годзе.

— На Бацькаўшчыне я хацеў бы праверыць сябе на трываласць, устанавiць такiя рэкорды, якiя больш нiхто пабiць не зможа. Сваiм землякам я хацеў бы паказаць, што такое штанга i хто такi Андрэй Арамнаў. Каб нiто не слухаў нiякiх плётак i ўсе ведалi мяне ў твар. Хацелася б быць менш вядомым у плане негатыву. Планаў вельмi шмат наперадзе, трэба ўзнаўляць сваю годнасць, трошкi заплямленую рознай лухтой. Я буду думаць толькi аб спорце, без яго насамрэч нават нецiкава.

— I што, ты цяпер цэлымi суткамi знаходзiшся ў "Стайках"?

— Узнiмаюся ў 8.30. У 8.45 iду на пастраенне. У 9.00 — на сняданак. Да 12.00 маю асабiсты час, магу трохi драмануць, ўзнавiць сiлы. Потым — ранiшняя трэнiроўка. Яна вельмi шчыльная, дае добры тонус. Цяпер дадаў i другую трэнiроўку ў дзень, яна пачынаецца ў 18.00. У вольны час працую над сабой.

"Рос нармальным дзiцем,
спяваў у царкоўным хоры"

Пытаюся ў Андрэя, як сярод мiльёнаў асiлкаў менавiта ён здолеў стаць самым дужым. Бо не трэба мець арлiнае вока, каб убачыць — Арамнаў на Алiмпiядзе ў Пекiне падняў штангу, як гантэлю.
— Усё ў мяне было нармальна, з дзяцiнства звычайным дзiцем рос,- — усмiхаецца Андрэй. — Спяваў у царкоўным хоры свайго прыхода.

— Як у царкоўным хоры?

— Мацi прыходзiла ў царкву. А мяне пакiдала там жа ў дзiцячай групе. Мы спявалi. Некаторыя рэчы я памятаю i сёння, але вам праспяваць не магу, даўно не спрабаваў. Я чалавек-вернiк, абсалютна. Лiчу гэта нармальным. Без гэтага няма нармальнага адчування жыцця. А так усё ўспрымаеш адэкватна. Цяпер з-за напружанага графiка рэдка хаджу ў царкву. Але пра Бога задумваюся часта. Праўда, перад тым, як падняць штангу, думаю толькi аб тэхнiцы i сваiм самаадчуваннi.

— А калi ты адчуў, што можаш стаць чэмпiёнам?

— Дзякуй майму суседу, Вiктару Гродзе. Ён спакойна казаў мне: у 20-гадовым узросце ты ў прынцыпе зможаш перамагчы на Алiмпiядзе. Яго словы дакладна рэалiзавалiся. Вiктар сам быў таленавiтым цяжкаатлетам, але калiсьцi атрымаў сур'ёзую траўму нагi. Ён таксама хацеў стаць алiмпiйскiм чэмпiёнам, але не атрымалася з-за траўмы. Ён прывёў мяне ў залу цяжкай атлетыкi ў дзевяцiгадовым узросце. Я iмгненна пачаў паказваць добры вынiк. З самага дзяцiнства я быў гатовы стаць алiмпiйскiм чэмпiёнам.

"У тры гады выцягнуў старэйшага брата з ракi"

— Твае былыя школьныя настаўнiкi кажуць, што Арамнаў вельмi моцна адрознiваўся ад iншых дзяцей.

— З аднаго боку, я быў самым звачайным. З iншага боку — асаблiвым. У тры гады выратаваў брата ад гiбелi. З iм мы абодва нарадзiлiся 17 красавiка. Толькi ён старэйшы на чатыры гады. Жылi мы каля Бярэзiны i аднойчы пайшлi разам на рэчку. Я толькi навучыўся нармальна хадзiць. У тыя часы каля ракi стаялi мосцiкi, з якiх жанчыны мылi бялiзну. У мосцiках выразалi спецыяльныя дзiркi для паласкання. І брат правалiўся ў такую дзiрку. Але здолеў вынырнуць з iншага боку, а я схапiў брата за руку i змог яго ўтрымаць, пакуль не прыбег нейкi мужчына i нас дваiх адтуль не дастаў. Уяўляеш, якi шок я адчуў у тры гады. Тады мы проста падумалi: "Добра, што ўсё абышлося". А з часам я асэнсаваў, што, магчыма, гэта было не проста так, i ў мяне ёсць нейкiя здольнасцi.

— Цi праўда, што ў цябе на правай руцэ было шэсць пальцаў?

— Праўда. Але ў свой час я прыняў рашэнне зрабiць аперацыю i адзiн з пальцаў выдалiць. Сапраўды, я ў дзяцiнстве адрознiваўся ад iншых. Таму, напэўна, часам да мяне ставяцца з непаразуменнем. Не заўважылi, можа быць, што я iндзiга якi-небудзь (смяецца). Гэта я так, жартую.

"Жыву на 450 тысяч рублёў
у месяц"

Аказваецца, зарабляе сёння Андрэй Арамнаў менш за даярку сярэдняга беларускага калгаса. Усё з-за таго ж iнцыдэнта з ДАI.

— Цяжка жыць на 450 тысяч рублёў у месяц, — уздыхнуў лепшы штангiст свету. — Грошай хапае толькi на тое, каб заплацiць камунальныя плацяжы i папоўнiць рахунак на мабiльнiку. I ўсё. Зарплаты нармальнай у мяне няма ўжо паўгода. Жыву на сродкi, якiя зарабiў i скапiў раней. А чаму забралi стыпендыю, я не разумею. Лiчу, што спаўна заплацiў за тое, што нарабiў. Так моцна, што... Я ўжо на падпiтку ездзiць не буду нiколi, слова гонару. Не ведаю, чым яшчэ гэта даказаць. Я ўжо зразумеў гэта, апраўдаў так, што не ведаю. Але выхаванне працягваецца дагэтуль, i заробак не вяртаюць. Цi я, можа, не заслужыў? Ды i пакаралi мяне няслаба, усё ж атрымаў пяць мiльёнаў штрафу. Хацелася б, каб усё скончылася, каб мая добрая рэпутацыя ў вачах грамадства ўзнавiлася. Усе павiнны ведаць, што я выправiўся i рыхтуюся да чэмпiянату свету. Мне 21 год, i я адчуваю, наколькi стаў больш дарослым. Памылкi, якiя я зрабiў у 20, не паўтару нiколi.

— Не кажы, з такiм заробкам на чэмпiянаце свету праляцець можна на раз-два...

— Маё фiнансавае становiшча не дазваляе праводзiць нармальную падрыхтоўку. У маiх супернiкаў перада мной перавага. Думкi i праблемы перашкаджаюць жыць. Для нармальнай падрыхтоўкi я павiнен купляць узнаўляльныя прэпараты. Гэта вялiкая сума ў доларах. Беларуская фармакалогiя не заўсёды адпавядае сучасным стандартам. А на 450 тысяч заробку нiчога не купiш. У "Стайкi" я i вярнуўся таму, што тут вельмi добра i бясплатна кормяць, ёсць дзе жыць. Але не ведаю, да чаго гэта ўсё прывядзе. Пакуль я скiраваны на тое, каб паставiць тры новыя сусветныя рэкорды на чэмпiянаце свету. Потым адпачну тыдзень i зноўку пачну трэнiравацца. Спадзяюся, жыць стане лягчэй. I матуля не будзе за мяне хвалявацца. Яна залаты чалавек, у нас цудоўныя адносiны. Але з-за маiх праблем i ў мамы здаралiся праблемы са здароўем.

Р.S.
Андрэй папрасiў моцна яго не выхваляць, каб не раззлавалiся трэнеры. Але факт застаецца фактам. Па формуле Сiнклера, якой карыстаюцца ў цяжкай атлетыцы, менавiта Андрэй Арамнаў з'яўляецца найлепшым штангiстам свету сярод усiх вагавых катэгорый. Нават "жалезныя" кiтайцы, над падрыхтоўкай якiх працуюць суперлабараторыi, не змаглi апярэдзiць барысаўскага асiлка. Спадзяёмся, Андрэй, усе твае праблемы мiнуюць i шчыра зычым поспехаў!

Стайкi—Мiнск.
Фота аўтара.

Тэгі: