it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jul 29

Мая агромністая справаздача ў газэце "Звязда" пра таемны прыезд Радзівілаў у Беларусь

01

Усяго праз два месяцы пасля гучнага вiзiту князёў у Беларусь яны таемна прыехалi ў Нясвiж на тыднёвы адпачынак

Калi ў канцы мая я развiтваўся ў мiнскiм аэрапорце з князёўнай Эльжбетай Радзiвiл, яна пацiснула мне руку i заўважыла: "Калi атрымаецца, хачу гэтым летам прыехаць у Нясвiж проста адпачыць..." Я ўзрадваўся гэтым словам, аднак такi помысел падаўся мне не зусiм рэальным. Панi Эльжбеце 91 год, за 4 днi ў Беларусi яна моцна стамiлася: сустрэчы, экскурсii, падарожжы... Ды i дарога Варшава—Мiнск для чалавека паважнага ўзросту не тое каб лёгкая. Якое ж было маё здзiўленне, калi з Варшавы прыйшла вестка ад Мiкалая Радзiвiла па электроннай пошце: едзем!.. Амбасада Беларусi ў Варшаве без затрымкi выдала князям бясплатныя вiзы. Дэлегацыя Радзiвiлаў гэтым разам была крыху меншая, чым два месяцы таму: не дзесяць прадстаўнiкоў Сям'i, а ўсяго чатыры: князi Мацей, Мiкалай i Марцiн Радзiвiлы i, натуральна, панi Эльжбета. Праграмы асаблiвай не было: князi ехалi адпачываць.


"З Радзiвiлаў
штрафу не вазьму!.."

Дзе Радзiвiлы — там мiфы i прыгоды. Вось i цяпер беларуская зямля сустрэла князёў супрацоўнiкамi ДАI. Дзесьцi пасля вёскi Ленiнскай на Брэстчыне спынiлi: вы ехалi 80 у населеным пункце, а ў нас там стаiць радар. Пан Мацей прызнаў хiбу i ўжо падрыхтаваў 35 тысяч штрафу. Аднак калi iнспектар пабачыў прозвiшча ў правах кiроўцы, у таго ажно фуражка на цемечка спаўзла.

— Ведаеце што, з Радзiвiлаў не магу штраф браць!.. — прызнаўся ён пану Мацею. — Можаце ехаць, аднак больш не парушайце.

— Фенаменальна!.. — адгукнулася з задняга сядзення панi Эльжбета. — Як жа прыемна, што i сёння ў Беларусi нас ведаюць i паважаюць!..

Другiм прыемным сюрпрызам для Радзiвiлаў стаў крок дырэктара гатэля, дзе яны спынiлiся. Хоць, паводле правiлаў, ён i павiнен быў узяць з князёў як з замежнiкаў удвая больш, аднак сказаў, што Радзiвiлы столькi зрабiлi для Беларусi, што ў яго рука на гэта не падымецца.

I зразумела, што справа тут была не ў грашах. Справа тут у генетычнай памяцi i разуменнi людзей, што без Радзiвiлаў Беларусь i ў прыватнасцi Нясвiжская зямля была б зусiм iншай.

"Мой бацька —
апошнi Радзiвiл,
пахаваны ў Нясвiжы"

Так назваўся мне спадар Марцiн Радзiвiл. Ён не змог прыехаць у маi, бо меў пiльныя справы, аднак з задавальненнем прыехаў цяпер. Сапраўды, ягоны бацька Антонi Радзiвiл памёр у 1998 годзе i, паводле тэстамента, ягоны прах у 2000 годзе прывезлi i пахавалi ў крыпце касцёла Божага Цела ў Нясвiжы. Ён стаў 71-м Радзiвiлам, якiя цяпер спачываюць там. Хоць паводле пiсьмовых звестак, перад вайной трунаў было 102...

Хоць спадарства Мацей, Мiкалай i панi Эльжбета былi ў маi ў Мiры, яны захацелi паказаць колiшнi сямейны замак Марцiну.

Князь быў моцна ўражаны, бо мiнулы раз быў тут яшчэ ў 1990-х, калi адноўлена было не столькi.

— Гэта цудоўна, што Беларусь знаходзiць магчымасць выдаткоўваць грошы на аднаўленне такiх каштоўнасцяў, — рэзюмаваў пан Марцiн. — Я мару, каб Нясвiж быў гэтак жа прыгожа адбудаваны...

"Гэты крыж трэба
пераставiць сюды!"

У Нясвiжы, як i ў мiнулы раз, усё пачалося з наведвання касцёла. Ксёндз Пётр быў агаломшаны нечаканым вiзiтам.

— Чаму ж вы не папярэдзiлi?.. — хваляваўся святар. — А раптам бы мяне не было?..

— Я ведала, што вы будзеце... — усмiхнулася ў адказ панi Эльжбета.

Ксёндз расказаў пра надзённыя пытаннi касцёла. Пра тое, што вернiкам нарэшце перададзеная плябанiя. Гэта менавiта той будынак, дзе ў 1562 годзе славуты Сымон Будны выдаў першыя на тэрыторыi Беларусi друкаваныя кнiгi. Будынак з'яўляецца помнiкам архiтэктуры, таму яму патрэбны не проста рамонт, а добрае аднаўленне, што каштуе немалых грошай. Святар хвалюецца, што не ўправiцца ў тэрмiн — i тады атрымае штраф. Пакуль што сабраных грошай хапiла, каб усталяваць ладныя вокны. Наступны этап — прывядзенне ў парадак фасада.

Радзiвiлы зноў спусцiлiся ў сямейную крыпту. Панi Эльжбета падышла да труны бацькi, паклала кветкi. Пасля заўважыла ў куточку двухметровы крыж.

— А гэты крыж павiнен стаяць каля бацькавай труны! — прамовiла князёўна. — Яго вырабiлi ў 1935 годзе на смерць бацькi. Абапал таблiчкi з гадамi жыцця — жалезны вянок з лiсцем. Дык вось, калi прыгледзецца, на кожным лiсточку напiсанае прозвiшча — гэтак выявiлi павагу да майго таты адмiнiстратары, слугi, кухары, садоўнiкi, кiроўцы... Кожны з iх троху заплацiў майстру, каб той напiсаў iх прозвiшчы на гэтым вянку...

Гэтыя звесткi сталiся фенаменальнымi!.. Бо крыж стаяў 70 гадоў у цемры — i нiкому не прыходзiла ў галаву разглядаць тое лiсце на вянку. I толькi дачка самога князя магла ведаць такую драбнiцу!..

Тут, у крыпце, Радзiвiлы паказалi блiскучае веданне ўласнай генеалогii: iм дастаткова было кiнуць вока на таблiчку на труне, каб зразумець, хто тут спачыў i каму ён кiм даводзiцца...

"А вось за гэтай
брамай прызямляўся самалёт"

Важным момантам стала наведванне замкавага парку — у папярэднi прыезд на гэта не хапiла часу. Панi Эльжбету ласкава суправаджаў экскурсавод Нясвiжскага музея спадар Сяргей, аднак атрымалася так, што збольшага ён уважлiва слухаў князёўну i занатоўваў бясцэнныя дэталi.

— Вось тут быў тэнiсны корт, — паказвала панi Эльжбета. — А вунь там растуць тры дубы, якiя сiмвалiзавалi трох братоў — майго бацьку Альбрэхта, Караля i Леона...

Едзем па парку — i 91-гадовая Эльжбета Радзiвiл пазнае кожны закуточак, хоць апошнi раз грунтоўна шпацыравала тут, калi была дзяўчынкай.

— Добра, што лавак шмат стаiць, — хвалiць князёўна. — За маiм часам столькi не было, а цяпер людзi сядзяць — хораша так!..

Панi Эльжбета вельмi засмуцiлася, што загiнула славутая таполя, якая была першым дрэвам у гэтым парку, закладзеным у 1875 годзе Марыяй дэ Кастэлян, яе прабабкай. Яшчэ ў пачатку 2000-х таполя жыла, аднак мясцовыя людзi зрабiлi ў вялiзным дупле сметнiцу, а пасля нехта падпалiў унiкальнае дрэва...

Ля брамы ў Марысiным парку князёўна згадвае:

— Калi памёр Пiлсудскi, нейкая ягоная сваячка якраз знаходзiлася ў нас у гасцях. Па яе прыслалi самалёт з Варшавы — дык ён сеў проста на полi за гэтай брамай. А ўвогуле я часта ездзiла туды на канi — разам з маiм ахоўнiкам Уладэкам. Аднойчы конь нечага спужаўся — я грымнулася ў калюжыну i страцiла прытомнасць. Уладэк падхапiў мяне i стаў мыць твар халоднай вадой — толькi тады я ачуняла... Бацька дома толькi ўсмiхнуўся з маiх прыгодаў.

У парку панi Эльжбета згадала, якой сцежкай ездзiла на Мiхальскую гару, у Альбу, у леснiчоўку за колькi кiламетраў ад замка... Адноўленыя скульптуры на выспе ў парку ўхвалiла, аднак зрабiла заўвагу: зараз яны абедзве белыя, а раней адна была цёмная. Хлопец i дзяўчына сiмвалiзуюць вядомую легенду пра замерзлую князёўну i яе каханага-селянiна...

"Вежу-цыбулiну
з замка трэба
прыбраць!.."

Адзiн дзень знаходжання ў Нясвiжы спадарства Радзiвiлы вылучылi пад дэбаты з рэстаўратарамi замка. Панi Эльжбета падрабязна згадала, як выглядаў кожны пакой. Назаўтра мiнiстр культуры Беларусi спадар Павел Латушка запрасiў князёў у Мiнск на абед. У час спаткання Радзiвiлы выказалi спадару мiнiстру свае пажаданнi па аднаўленнi замка.

— Мы сказалi шаноўнаму спадару мiнiстру, што вельмi рады, што рэканструкцыя iдзе хутка, — апавёў пасля спаткання пан Мацей Радзiвiл. — Але выказалi думку, што некаторыя элементы трэба змянiць. Найперш — прыбраць вежу-цыбулiну, якая была зроблена некалькi гадоў таму. Гэта памылка. Яна не падобная да вежы, якая была ў Нясвiжы перад вайной. Магчыма, яна падобная да той вежы, якая была ў XVI стагоддзi... Аднак я мяркую, што гэта таксама была iншая вежа. I што нельга рабiць рэканструкцыю на ўзор маленькай гравюры XVI стагоддзя!.. Таксама мы абмяркоўвалi праблему: якi замак мы аднаўляем? Той, з часу Мiкалая Крыштафа Радзiвiла Сiроткi?.. Можа быць, той, з часу Рыбанькi, з сярэдзiны XVIII стагоддзя?.. Альбо замак эпохi Марыi дэ Кастэлян — канца ХIХ стагоддзя?.. Альбо з гадоў перад Другой сусветнай вайной?.. Няма адзiнай канцэпцыi, з кожнай эпохi бярэцца патроху... Наша цётка Эльжбета Радзiвiл зрабiла таксама заўвагу, што на адноўленай уязной браме трэба прыбраць недарэчныя дэкаратыўныя комiны, якiх тут не было раней...

Вынiк абеду быў вельмi плённы. Мiнiстр запэўнiў Радзiвiлаў, што вежа будзе змененая. Што да iх меркавання i надалей будуць прыслухоўвацца. А найвялiкшым плёнам стала дамова аб стварэннi Фонду аднаўлення Нясвiжскага замка, якi будзе апекавацца рэканструкцыяй.

Дарэчы, Радзiвiлы прыехалi ў гэты раз не з пустымi рукамi: прывезлi ў падарунак замку дзве арыгiнальныя гравюры XVII стагоддзя, а таксама 162 якасныя копii гравюр Ляйбовiча XVIII стагоддзя. Гэта стала добрым прэзентам Нясвiжскаму музею, якi займаецца цяпер напаўненнем экспазiцыi замка.

"Я застаюся
ў Беларусi!.."

Аднак самым нечаканым стаў планаваны дзень ад'езду. На сняданнi панi Эльжбета агаломшыла пляменнiкаў:

— Можаце ехаць, а я застаюся ў Беларусi яшчэ на некалькi дзён!..

Я паабяцаў князям, што завязу панi Эльжбету на машыне ў Варшаву, i пытанне было вырашана. Пляменнiкi з'ехалi, бо мелi справы ў Варшаве, а цётка засталася, бо мела яшчэ пэўныя планы ў Нясвiжы.

Датычылiся яны даўнiх сябровак панi Эльжбеты, з якiмi яна пазнаёмiлася яшчэ ў 1993 годзе — у часе сумбурнага прыезду ў Беларусь упершыню пасля вайны. Нi прозвiшчаў, нi нават дакладных iмёнаў панi Эльжбета не памятала. Апiсаннi былi ўскосныя: настаўнiцы, у адной муж таксама настаўнiк, у другой дачка — архiтэктар. У маi так i не хапiла часу знайсцi па гэтых прыкметах патрэбных людзей. Цяпер жа, па сутнасцi, для гэтага князёўна i засталася.

Едзем у былы кляштар бенедыктынак — цяперашнi педагагiчны каледж. У будынку колiшняга касцёла тут — актавая зала, дзе i сёння праводзяцца дыскатэкi...

— Калi мне было 14 гадоў, аднойчы з бацькам мы прыйшлi сюды, — згадвае панi Эльжбета ў прыцемках перад сцэнай, дзе раней быў алтар. — Я сядзела вось тут на лаве, а бацька вунь там на адмысловым крэсле. Якраз адну дзяўчыну пасвячалi ў манашкi. Яна i некалькi астатнiх ляжалi на падлозе на жыватах i кленчылi — пэўна, такi рытуал. Даволi доўгi час. А я глядзела на гэта i думала сабе, што не хацела б быць манашкай!..

За былой апсiдай касцёла мы спаткалi мясцовага працаўнiка. Высветлiлася, што раней спадар працаваў дырэктарам школы, а ягоная жонка — завучам у iншай школе. I — о цуд! — ён ведаў, пра якiх сябровак згадвала панi Эльжбета. Тэлефанаванне — i праз паўгадзiны Эльжбета Радзiвiл i Галiна Паторская вiтаюцца па-англiйску (спадарыня Галiна выкладала мову ў школе) i мiла размаўляюць на лавачцы.

Гавораць пра жаночае — пра дзяцей, хваробы, сённяшнi час. У спадарынi Галiны хворыя ногi, i панi Эльжбета запiсвае памер, каб набыць ёй у Варшаве спецыяльныя гумовыя шкарпэткi. Пасля едзем у госцi да Паторскiх. Князёўне прэзентуецца набор з трох аршанскiх iльняных ручнiкоў.

— Гэта на панядзелак-аўторак, гэта на сераду-чацвер, а гэта на пятнiцу-суботу-нядзелю!.. — жартуе панi Эльжбета.

Цiкава слухаць, як спадарыня Галiна i яе муж спадар Васiль гавораць з Эльжбетай Радзiвiл то па-польску, то па-англiйску. Шляхецтва жыве ў Нясвiжы i сёння!..

Спадар Васiль дапамагае панi Эльжбеце знайсцi i другую знаёмую з 1993 года — спадарыню Эльжбету Трапейку. Ёй прызначаецца спатканне на 11.30 заўтра ля касцёла.

"Калi б мы жылi
сёння ў Беларусi,
то размаўлялi
б па-беларуску"

Да касцёла Эльжбета Трапейка прыходзiць з дачкой, унукам i ўнукавай, а таксама шыкоўным букетам кветак. Старыя знаёмыя абдымаюцца i iдуць на каву да ратушы. Там — звыклая гаворка знаёмых, якiя даўно не бачылiся: хто ажанiўся, хто разышоўся, хто кiм працуе, хто дзе жыве.

— Ведаеце, я зараз скажу вам не зусiм прыемную рэч... — раптам прамаўляе Эльжбета Радзiвiл. — Гэта вялiкая ганьба, што вы ў Беларусi не гаворыце па-беларуску... Я адмыслова прыслухоўваюся ўжо колькi дзён... Ведаеце, калi б нас не пагналi адсюль у 1939-м, я сёння размаўляла б па-беларуску. Бо мой бацька з нясвiжцамi размаўляў выключна па-беларуску.

Пачуць такое ад польскамоўнай князёўны — вялiкае здзiўленне для нашых. Апраўдваюцца, што гаворым i так, i так — на трасянцы. Аднак пазiцыя панi Радзiвiл канкрэтная — па-беларуску! Падобны выпадак здарыўся i ў маi. У час наведванняў аднаго з касцёлаў панi Эльжбета запыталася ў ксяндза: на якой мове вядуцца службы? "Натуральна, па-польску!" — думаў дагадзiць ксёндз.

— Як гэта — натуральна!? — абурылася панi Радзiвiл. — Вы ў Беларусi, i павiнны адпраўляць святую iмшу па-беларуску!

Балюча, што Эльжбета Радзiвiл гаворыць гэта сённяшнiм беларусам. Балюча, што ёсць для гэтага падставы...

"Я нават не ўяўляла, што ў Сапегаў быў такi велiчны палац!.."

У апошнi дзень знаходжання ў Беларусi панi Эльжбета, як любая нармалёвая жанчына, захацела здзейснiць шопiнг. Едзем у нясвiжскi ўнiвермаг.

— Пакажыце мне маленькiя чарачкi, а то ў Варшаве прадаецца адна брыдота!.. — просiць яна прадавачку. Тая выстаўляе перад ёй сем цi восем вiдаў, якiя толькi ёсць у продажы.

— Якi ж у вас цудоўны сэрвiс!.. — дзякуе князёўна. — У нас паказалi б толькi, на якой палiцы стаяць...

Набор чарачак адпраўляецца ў торбу.

— А вунь там прадаюцца кубачкi з выявай замка, — падказваю панi Эльжбеце.

— Ооо!.. Фенаменальна!.. — рэагуе яна. — Набуду адзiн, з выявай брамы. I пакажу рэстаўратарам, што нават тут няма гэтых комiнаў, якiя яны выдумалi!..

Развiтваемся з Нясвiжам, бо па дарозе да мяжы маем яшчэ два пункты — Косава i Ружаны.

— Я i не ўяўляла, што ў Сапегаў быў такi палац!.. — здзiўляецца панi Эльжбета.— Амаль такi ж прыгожы, як наш у Нясвiжы!.. Увогуле, Сапегi — гэта нашы сваякi. А Марыя Сапега, якая пражыла 98 гадоў, да 28 гадоў жыла тут, у Ружанах...

Панi Эльжбета шмат фатаграфуе — яна захапляецца фатаграфiяй праз усё жыццё, пачынаючы з 12 гадоў, калi бацька падарыў ёй на дзень народзiнаў фотаапарат. Цяпер у князёўны два — стужкавая "Мiнолта" i лiчбавы "Панасонiк" з добрым зумам. Едзем у Косава.

— Цяпер я разумею, чаму мой сябар Сава Пуслоўскi быў такiм загадкавым i авантурным! — усклiквае князёўна. — Бо iхны косаўскi палац — такi ж загадкавы i авантурны!.. Аднойчы Сава расказваў мне, як прыехаў у Нясвiж да майго дзядзькi Леона перад самай вайной. Яго ўразiла, што дыван у спальнi Леона быў... намаляваны на падлозе!.. Дзядзька Леон сапраўды добра маляваў, i вырашыў так адзначыцца...

Мяжу перасякаем без праблемаў, даязджаем да Варшавы, дзе князёўна кажа на развiтанне:

— Да хуткай сустрэчы ў Нясвiжы!..

Цяпер я ведаю, што калi Эльжбета Радзiвiл так настроеная — усё гэта спраўдзiцца.

Тэгі: ,