it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 22

Артыкул з заўтрашняй "Звязды"

133
Наглядзеўшыся па тэлевізары прыгожых карцінак з канцэртаў пад сценамі Мірскага замка, людзі, як апантаныя, тысячамі скіраваліся туды на мінулых выходных. Спадзеючыся, відаць, добра адпачыць і пабачыць знаёмых артыстаў. На справе выйшла крыху інакш…

Рэклама была прыгожай. Паслухаць оперу пад сценамі 500-гадовага замка, патанчыць там жа пад “Воплі Відаплясава” ці пабачыць на свае вочы легенду 80-х Крыса Нормана – добрая перспектыва на выходныя. На ўсякі выпадак я ўзяў з сабой раскладны турыстычны зэдлік, фотаапарат і падрыхтаваўся атрымліваць асалоду… Асалода не прымусіла сябе чакаць.
Прадчуванне яе апанавала мяне яшчэ на трасе Мінск-Мір, калі спачатку пачало накропваць, а затым занялася ўпэўненая залева. За кіламетр да белай таблічкі “Мір” я ўпёрся ў хвост вялікай чаргі. Пасля 20-хвіліннага прасоўвання ў бок нашай архітэктурнай каштоўнасці высветлілася, што даішнікі пасярод дарогі высвятлялі ў кожнага асабіста, ці на канцэрт ён едзе. Мір быў перакрыты цалкам такім чынам, што запаркавацца можна было толькі ў спецыяльна адведзеным месцы. Да яго вяла пакручастая дарога, якая ўрэшце сканчалася… чыстым полем за два кіламетры ад асфальта. Дождж мацнеў, а людзі, месячы бруд напаліраванымі дома туфлямі, дзяліліся ўражаннямі ад арыгінальнага рашэння даішнікаў адносна месца паркоўкі.

Дзень першы

З-за праблемаў з праездам і паркоўкай я быў на месцы, калі канцэрт “Новыя галасы Беларусі” пераваліў за сярэдзіну. Аднак, першае, што я пачуў на “Музычных вечарах у Мірскім замку”, была рэпліка мясцовага меламана:
-- Вася, даставай бутэльку, х… ты тармозіш?!
Аматары прыўкраснага прафесійна ўгаварылі недапітую пляшку, пасля чаго замітусіліся:
-- Пайшлі хутчэй, пакуль у галаву не дало!..
Прычыны для хвалявання ў іх былі. Ад 20-й гадзіны (а канцэрты пачыналіся а 22-й) ў Міры немагчыма было набыць алкаголь. Склалася, аднак, адчуванне, што ўсе, хто хацеў, затарыліся да “гадзіны ікс”. Яўна п’яных людзей на канцэрт не прапускалі. Астатніх прапускалі арыгінальным чынам.
-- Падыміце штаніну! – загадаў мне баец спецназу на ўваходзе.
-- Правую ці левую?
-- Спачатку правую, потым левую.
Агледзеўшы мае шкарпэткі (там паводле іх сцэнара я павінен быў хаваць бутэльку), прыняліся за сумку. Я абачліва пакінуў усё лішняе ў машыне, прыхапіўшы толькі фотаапарат і штатыў.
-- Уключыце фотаапарат! – працягвалі свае антытэрарыстычныя дзеянні міліцыянты. Упэўніўшыся, што гэта не бомба, мяне прапусцілі. Агулам такіх кардонаў было тры, і на кожным падобны цырк паўтараўся.
Тэлеканал АНТ, дзякуй ім, выдаў карэспандэнту “Звязды” чароўны пропуск, які даваў магчымасць патрапіць на ўсе канцэрты і нават за кулісы. Аднак я вырашыў карыстацца ім ашчадна. Каб праверыць, што зможа пабачыць і пачуць звычайны глядач, які прыехаў на канцэрт, скажам, з Мінску ці Віцебску.
Высветлілася, што практычна нічога. Арганізацыя канцэрта выглядала так: перад самім замкам усталявалі сцэну і глядацкую залу на 880 месцаў. На гэтыя месцы раздаваліся запрашальныя білеты на прадпрыемствах, ва ўстановах і г.д. Набыць іх было немагчыма, яны былі бясплатныя… То бок, ніводзін госць па азначэнню не мог з ходу патрапіць на запаветныя крэслы.
Паводле ацэнкі міліцыянтаў, на канцэрты збіралася ад 15 да 20 тысяч гледачоў. А цяпер уявіце: 880 з іх сядзіць перад сцэнай, а астатнія 15 тысяч стаяць у брудзе (а дождж усё азартней размывае зямлю пад нагамі) за 200 метраў убок, глядзяць канцэрт на сярэдняга памеру экране і шчыра не разумеюць, чаго яны сюды прыперліся?!
Вось хто спрацаваў добра – дык гэта гандаль. Па-за кардонамі міліцыі была выстаўлена мо сотня розных шапікаў з ежаю і пітвом. Каб накарміць народ, пад замкавыя сцены былі сцягнутыя сілы Карэліцкага, Стоўбцаўскага, Наваградскага, Дзятлаўскага гандлю… Тут табе і шашлычок, і блінчыкі, і чабурэкі з беляшамі, і пірожныя з марожанымі, і квас…
-- Бярыце паўтара літры! – заклікае мяне прадавачка квасу.
-- Дык туды з напоямі не пускаюць, а выпіўшы – лопну!.. – аднекваюся я.
-- А што табе: стаў пад плот – і добра!.. – не здаецца спадарыня.
Народ, адчаяўшыся пабачыць канцэрт, мірна жуе шашлычок, хрумсціць папкорнам і краем вуха слухае “Новыя галасы Беларусі”. Слухае, што праўда, у поўнай цемры. Бо асвятлялася выключна пляцоўка, якую ахоплівалі тэлевізійныя камеры…
Дажаваўшы шашлычок, я пацягнуўся слухаць “Воплі Відаплясава”.
-- Прывітанне, Беларусь! Прывітанне, Мірскі замак!.. З вам сёння ўкраінскі гурт “Воплі Відаплясава”! – звярнуўся да гледачоў лідар гурта Алег Скрыпка.
Гледачоў, дарэчы, паболела. Бо на “Воплі” не раздавалі запрашальнікі, а прыбраўшы крэслы, пераўтварылі залу ў танцпляцоўку…
Канцэрт цягнуўся амаль да другой гадзіны ночы. Дождж так і не скончыўся, то суцішаючыся, то набіраючы моц. У выніку дарога да “паркоўкі” пераўтварылася ў брудную кашу. Самастойна выехалі толькі джыпы. Мой “Фордзік” адчайна буксаваў, змагаючыся з глупасцю арганізатараў, але нарэшце выкараскаўся, аблеплены брудам па самы дах. Тыя, хто выехаць не змог, знайшлі выйсце – вылавілі недзе мясцовага трактарыста, які па прымальным кошце на вяроўцы па адным выцягваў людзей на асфальт…

Дзень другі

Як чалавек вопытны, я пачаў шукаць, дзе запаркавацца адразу пасля перасячэння мяжы гарадскога пасёлка. Прыткнуўшыся пад плотам, па асфальце дайшоў да замку.
Сёння была опера і Агурбаш. Я прыехаў паслухаць першае.
-- Ааааааааааа! – брала спявачка на сцэне высокую шчымлівую ноту. І тут проста над вухам:
-- Тысяча шасцісоты! Тры чалавекі выйшлі, запускайце траіх!.. І кантраліруйце, каб ў залі не курылі!..
Рацыі выдалі і жуку, і жабе. І я не супраць -- парадак трэба падтрымліваць. Але няўжо цяжка было раздаць да рацыяў навушнікі, каб загады чулі толькі міліцыянты, а не ўсе навокал?..
Прыхільнікаў оперы, дарэчы, выявілася значна менш, чым новых галасоў Беларусі і “Вопляў Відаплясава”. А яшчэ мне падалося, што опера была пад фанаграму. Бо калонкі надрываліся, а артысты на сцэне – не. Паколькі канцэрт называўся “Опера-мадэрн”, на сцэне былі скокі, танцы і акрабатычныя эцюды. Пасля ўвогуле высветлілася, што опера – гэта Георгій Калдун і ВІА “Беларусы”…

Дзень трэці

У заключны дзень я прыехаў раней на гадзіну – каб добра запаркавацца і паспець да пачатку канцэрта. У прадуктовай краме на плошчы распытаў міран пра іх уражанні.
-- Ведаеце – і добра, і дрэнна, -- распавяла мне жанчына ў мясцовым гатэлі. – Мір на гэтыя дні спаралізаваны: дадому спакойна не прайсці, машынай не праехаць, дзяцей на вуліцу страшна выпускаць – столькі п’яных… А добра тое, што зарабіць людзям удаецца. Гатэль жа разлічаны на 25 чалавек. Вось і прапануюць міране гасцям за невялікія грошы заначаваць…
На канцэрце – тая ж гісторыя: абраныя шчасліўчыкі сядаюць на крэслы, а тысячы і тысячы гледачоў таўкуцца ў брудзе, не бачачы толкам сцэны…
Прыладжваюся побач з бабуляй у сіняй хустачцы.
-- А вы па запрашальніку? – пытаюся на вуха.
-- Во мой запрашальнік! – паказвае яна свой кіёчак.
Баба Валя жыве непадалёк ад замка, але на канцэрт прыйшла ўпершыню.
-- Я тыя два дні не была, -- кажа мне баба Валя. – Так бульба зарасла, не да канцэртаў гэтых!.. А тут ужо дождж гэты так надакучыў, што вырашыла схадзіць.
-- А хто вам больш падабаецца са спевакоў?
-- А, дзетачка, якая розніца!.. Абы б песні пелі!..
Мне здалося, што так думае не адна баба Валя. І гэта дорыць вялікі бонус, скажам, Жору Калдуну, ставячы яго на адну прыступку з Крысам Норманам. І адзін жа спявае песні, і другі!
-- І хто вам больш спадабаўся? – цікаўлюся ў бабы Валі на выхадзе з канцэрту.
-- Мужчыны!.. – лагодна ўсміхаецца бабуля.
Яшчэ паўгадзіны – і сцэнай авалодвае чарговы “мужчына”, легендарны саліст гурта “Смокі” Крыс Норман.
Першыя тры песні Крыс спявае з непадключанай электрагітарай, пры гэтым энергічна на ёй граючы. Пасля Крысу, праўда, даюць гітару з дротам.
-- Добрый вечьор, Міньск! – крычыць у мікрафон спявак. І я разумею, што ён не ведае, нават не ўяўляе, дзе знаходзіцца. І, мяркуючы па ўсім, яму гэта нават нецікава. Выглядае, што спявак прыляцеў, яго пасадзілі ў машыну, прывезлі чорт ведае куды, пусцілі на сцэну і сказалі “грай гадзіну дваццаць”.
-- На гітары іграе дзяўчына, якая грала разам з маёй сяброўкай Патрыцыяй Каас, -- паведаміў Крыс па-англійску публіцы.
-- Давай, Патрыцыя!.. – раве публіка, пачуўшы знаёмае імя.
Канцэрт скончыўся, далі салют – вось і канец “Музычным вечарам у Мірскім замку”. Прызнаюся, цікава было пабачыць, як ствараецца прыгожая карцінка для тэлевізара. Але засталося ўражанне, што для арганізатараў гледачы – ўсяго толькі масоўка, дэкарацыі ў патрэбнай колькасці. Васемсот сюды, а астатнія хай глядзяць як хочуць.
Абраным – Крыс Норман. Астатнім – шашлычок з квасам.

Тэгі: