it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 19

Да гэтай даты журналiст Сяргей Шапран выдаў Быкаўскую энцыклапедыю аб'ёмам больш за 1500 старонак

bykov022

Васiля Быкава няма з намi ўжо 6 гадоў. Гэтыя чэрвеньскiя даты сiмвалiчна перакрыжавалiся ў лёсе народнага пiсьменнiка Беларусi: 19 чэрвеня 1924 года нарадзiўся, 22 чэрвеня 1941 пайшоў на вайну, пра якую пiсаў усё жыццё, 22 чэрвеня 2003-га — памёр.

Васiль Быкаў — адзiн з нямногiх беларускiх пiсьменнiкаў, якога i сёння ведаюць у свеце. Пра вайну пiсалi многiя, але большая частка напiсанага даўно здадзена ў лiтаратурныя архiвы. Быкаў пiсаў пра вайну так, што, кажуць, яшчэ ў Гродне пiянеры па замове мясцовых гора-чыноўнікаў бiлi вокны яго кватэры. Сёння дзецi гэтых пiянераў даведваюцца пра вайну менавiта з твораў Васiля Быкава.

Да круглай даты падрыхтавана ўнiкальнае выданне. Яго задума прыйшла да журналiста Сяргея Шапрана яшчэ ў час пахавання народнага пiсьменнiка. Сяргей неаднойчы рабiў iнтэрв'ю з Васiлём Уладзiмiравiчам, i смерць пiсьменнiка кранула яго надзвычай балюча. На стварэнне двухтомнай кнiгi "Васiль Быкаў. Гiсторыя жыцця" ў аўтара пайшло 5 гадоў. Яшчэ год — на пакутлiвы пошук сродкаў i выдаўцоў. Інiцыятыву падтрымала Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" i "Гарадзенская бiблiятэка". Два месяцы таму выйшаў першы том, i вось лiтаральна некалькi дзён таму — другi. Агулам — больш за 1500 старонак!

— Гэтыя 5 гадоў я правёў у архiвах, бiблiятэках, паездках, сустрэчах са знаёмымi i сябрамi Васiля Быкава, — распавёў Сяргей Шапран у iнтэрв'ю "Звяздзе". — Удалося аднавiць гiсторыю жыцця i творчасцi пiсьменнiка з дакументальнай дакладнасцю. Дзякаваць Богу, яшчэ жыве сястра Быкава Валянцiна Уладзiмiраўна, якая згадала iх з братам дзяцiнства — тое, пра што нiхто iншы ўжо нiколi не раскажа. Для кнiгi напiсалi свае ўспамiны пра Быкава такiя вядомыя асобы, як Мiхаiл Гарбачоў, Рыгор Барадулiн, Чынгiз Айтматаў, Уладзiмiр Някляеў, Святлана Алексiевiч... Удалося знайсцi вельмi шмат лiстоў Васiля Быкава да сваiх сяброў, у якiх ён апiсваў многiя лiтаратурныя i жыццёвыя праблемы таго часу...

У гэтыя днi па краiне праходзiць шэраг iмпрэзаў, прысвечаных Васiлю Быкаву. Тады, у 2003 годзе, Беларусь амаль адначасова страцiла двух сваiх генiяў: Васiля Быкава i Уладзiмiра Мулявiна. Бульвар Мулявiна ў Мiнску ўжо ёсць.

Можа, настаў час ушанаваць памяць i народнага пiсьменнiка?..


Надрукавана ў сёньняшняй "Звяздзе".

Тэгі: