it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 11

herb_radziwillow
Сёньняшні выпуск перадачы "Радыё Свабода" славутага маэстра слова й гука Вячаслава Ракіцкага "Беларуская Атлянтыда" прысьвечаны Радзівілам. Не пужайцеся словаў "міт" і "сьмерць" у загалоўку. У выніку мы прыходзім да выcновы, што Радзівілы будуць жыць вечна ))

Жыцьцё й сьмерць мітаў: Радзівілы

11.06.2009 21:16
Вячаслаў Ракіцкі

Удзельнічае пісьменьнік і журналіст Глеб Лабадзенка, эфір 11 чэрвеня 2009 году.
Радзівілы — адзін з самых буйных і ўплывовых магнацкіх родаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-XVIII стагодзьдзях. Радзівілы на ўсім працягу гісторыі Польшчы i Беларусi займалі вельмі высокае становішча ў дзяржаве. Валодаючы велічэзнымі маёнткамі, яны будавалі крэпасьці, утрымлівалі рэгулярнае войска і карысталіся правамі ўдзельных князёў.

Ва ўяўленьні простага беларуса Радзівілы спусьціліся зь нябёсаў. Амаль сем стагодзьдзяў налічвае гісторыя роду. Агромністыя палацы ў дзевяці эўрапейскіх краінах. Роднасныя сувязі з многімі каралеўскімі родамі, больш за 45 сэнатараў, канцлераў, ваяводаў, маршалкаў… Іх называюць некаранаванымі каралямі. Гэтая сям’я стала для Беларусі мітам магутнасьці, заможнасьці, непатапляльнасьці й чараўніцтва.

Вячаслаў Ракіцкі: Каб стаць такім прыгожым і вялікім мітам, трэба заслужыць. Найперш, якія заслугі Радзівілаў перад беларускай нацыяй выдзяляеце вы — пісьменьнік, журналіст, які піша пра гэта род, урэшце чалавек, беларус, які добра знаёмы з нашчадкамі роду, якія жывуць сёньня?

Глеб Лабадзенка: Радзівілы сталі мітам, бо больш за шэсьць стагодзьдзяў былі актыўнымі ўдзельнікамі ды ўладарамі рэчаіснасьці. Яны зрабілі вялікі ўнёсак хіба што ва ўсе сфэры — палітыку, эканоміку, культуру, навукі. Ужо на пачатку XVI стагодзьдзя Радзівілы трымалі ў руках значную частку ВКЛ. Чатыры браты Радзівілы дасягнулі значных посьпехаў ва ўладзе: Мікалай быў віленскім ваяводам і канцлерам, Альбрэхт — эпіскапам, Ежы — кашталянам віленскім і вялікім гетманам літоўскім, Ян — кашталянам троцкім.

Ракіцкі: Калі б Радзівілы клапаціліся толькі пра ўладу і грошы, не жыла б іх слава столькі стагодзьдзяў, ня сталі б яны мітам. Яны мусілі пакінуць матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасьці.

Лабадзенка: І яны іх пакінулі. Найвялікшая постаць у сям’і Радзівілаў — Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. Гэта чалавек, які пачаў будаўніцтва замка, дамогся Магдэбурскага права для Нясьвіжу і збудаваў ратушу — першы на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы барочны касьцёл, дзе заклаў першую на нашай зямлі і трэцюю ў Эўропе сямейную пахавальню. Гэта быў геніяльны крок — запрасіць зь Італіі архітэктара Джавані Марыя Бэрнардоні. Сіротка даў моду на эўрапейскую архітэктуру ў тутэйшых мястэчках. За ім пацягнуліся астатнія, дзякуючы чаму сёньня мы можам пабачыць у нас выдатныя творы эўрапейскіх архітэктараў. Сіротка паставіў для беларускіх арыстакратаў шалёна высокую плянку, да якой імкнуліся ўсе іншыя магнаты. Літаратурную спадчыну пакінулі пасьля сябе драматург Францішка Ўршуля Радзівіл і паэт Ульрых Крыштаф Радзівіл. Антоні Генрых Радзівіл быў кампазытарам, напісаў цікавую музыку да “Фаўста” Гётэ.

Ракіцкі: Менавіта культурныя здабыткі гэтага роду перадусім сталі падставай для міталягізацыі Радзівілаў… Акупацыя Вялікага Княства Літоўскага Расейскай імпэрыяй вынішчыла ці прывяла ў заняпад старажытныя магнацкія і шляхецкія роды, у тым ліку і Радзівілаў. Як склаўся лёс Радзівілаў у гэтую пару беларускай гісторыі?

Лабадзенка: Канец нясьвіскай лініі Радзівілаў сягае ў 1813 год і зьвязаны з імем Дамініка Радзівіла. Бацька Дамініка, Геранім Радзівіл, адышоў у лепшы сьвет праз паўтара месяцы пасьля нараджэньня сына. Выхоўвалі Дамініка спачатку ягоны дзядзька Пане Каханку, а пасьля Мацей Радзівіл, які запомніўся найперш як кампазытар. Выглядае, што выхаваньне Пане Каханку не мінулася для Дамініка марна. У 1807 годзе ён, ужо ажаніўшыся з графіняй Мнішак, быў на вясельлі сваёй сваячкі Тэафіліі Мараўскай. У адзін з момантаў Дамінік з-за стала выйшаў на двор. За ім праз пэўны час выйшла маладая. І на вясельле не вярнуліся. Яны разам уцяклі ў Аўстрыю — проста з-за вясельнага стала! У 1808 годзе ў Дамініка й Тэафіліі нараджаецца сын Аляксандар. Але ён не прызнаецца, бо зьяўляецца пазашлюбным. У 1812 годзе 26-гадовы Дамінік Радзівіл, дзевяты нясьвіскі ардынат, камэргер двара расейскага імпэратара Аляксандра І кідае гэтага самага Аляксандра І і пераходзіць на бок Напалеона. На свае сродкі забясьпечвае полк уланаў і ідзе змагацца з расейцамі. Дамінік шчыра верыў Напалеону, які абяцаў у выпадку перамогі аднавіць ВКЛ. Радзівіл робіцца палкоўнікам напалеонаўскага войска і ад’ютантам самога імпэратара. У 1813 годзе, калі Банапарт уцякаў пераможаны ў Францыю, Дамінік Радзівіл ня кінуў яго, не застаўся ў Нясьвіжы, а загінуў як сапраўдны жаўнер. Расейцы на знак помсты рабуюць і спусташаюць Нясьвіскі замак, і той прыходзіць у заняпад амаль больш чым на паўстагодзьдзя.

Ракіцкі: Калі ж Нясьвіскі замак ачуняў, зноў пабачыў беларускіх, так бы мовіць, некаранаваных каралёў?

Лабадзенка: Гэта падзея зьвязаная з унукам Антонія Генрыка — Антоніем Вільгельмам Радзівілам. У сям’і яго называлі, каб не заблытацца, Антоніем Другім, а ягонага дзеда, адпаведна, Антоніем Першым.

Ракіцкі: Патлумачым слухачам, што Радзівілы, паводле звычаяў каралеўскіх сямействаў, да аднолькавых імёнаў дадавалі парадкавыя пазначэньні і нават зь якім-небудзь эпітэтам.

Лабадзенка: Антоні Другі пабраўся з дачкой маркіза дэ Кастэляна Марыяй. Яна й натхніла мужа кінуць Бэрлін і вярнуцца ў Нясьвіж. І ў 1875 годзе яны вяртаюцца, іх сустракаюць адміністратары ў спустошаным замку. Столь правалілася, падлога згніла. Аднак спакуса вярнуць Нясьвіжу славу часоў Сіроткі робіць сваё — і Антоні Генрык з Марыяй дэ Кастэлян бяруцца за справу. Жывуць спачатку ў Радзівілімонтах, затым у замкавым пакойчыку. За некалькі гадоў завяршаюць рамонт, і Нясьвіж ізноў зьзяе, як у найлепшыя свае часы!

Ракіцкі: Калі пачалася міталягізацыя Радзівілаў у сьвядомасьці людзей? І навошта? Хто гэтым займаўся?

Лабадзенка: Самае цікавае, што спэцыяльна ніхто, хіба толькі яны самі. Уся гісторыя Радзівілаў — суцэльная міталёгія, пачынаючы зь першага ж вядомага нам прадстаўніка роду. Дый зьяўленьне прозьвішча саміх Радзівілаў — таксама міт. Нібыта быў такі Ліздэйка, малодшы сын наваградзкага князя Нарымунта. І да яго зьвярнуўся па параду сам Гедымін — папрасіў ператлумачыць свой сон. Ліздэйка так ператлумачыў сон, што Гедымін заснаваў Вільню. А Ліздэйку далі мянушку “Радзівіл”. Вядома ж, ад беларускага слова “радзіць”. І Ліздэйка, канечне, пражыў роўна 100 гадоў. Дарэчы, паводле іншай вэрсіі, Ліздэйку схавала ў гнязьдзе арла нянька, каб яго не забіў дзядзька Дэймунд, які цэліў на трон. І ў гэтым гнязьдзе яго знайшоў ніхто іншы, як вялікі князь Вітаўт. Некалькі пакаленьняў яны мелі за сабой гэтую мянушку, а пазьней яна зрабілася прозьвішчам. Першым “сапраўдным” Радзівілам быў Войшунд, праўнук Ліздэйкі. Гэтай гісторыі больш за 600 гадоў, і ўсе наступныя міты пра Радзівілаў былі ня меней маляўнічымі. Нашай нацыі, якая ўсю сваю гісторыю прагне мітаў і таямніцаў, і прыдумляць нічога асабліва ня трэба! І ўсе міты пра Радзівілаў — і пра Чорную Панну, і пра гарбатую труну, і пра неверагодныя здольнасьці некаторых прадстаўнікоў роду — нараджаліся найперш таму, што народ шчыра ў гэта верыў, а па-другое, ня шмат у гэтым было й перабольшаньня.

Ракіцкі: А для Караля Станіслава Радзівіла, празванага Пане Каханку, увогуле стварэньне мітаў, баек, легендаў, было ўлюбёным заняткам… А што сёньня ўключае ў сябе слова “Радзівіл” як міт? Ці патрэбны ён сучасным беларусам?

Лабадзенка: Радзівіл стала імем назыўным. Я заўважаў, што расказваючы небыліцы пра Радзівілаў, простыя людзі не абцяжарваюць сябе запамінаньнем і ўдакладненьнем імёнаў, ці тытулаў князёў. Табе расказваюць: “Радзівіл прыехаў, Радзівіл зрабіў, Радзівіл сказаў…” А калі ты пытаесься, які канкрэтна Радзівіл, на цябе глядзяць як на дурня: “Як гэта які? Ну, гэты — князь!” Слова Радзівіл зрабілася само па сабе знакам якасьці, брэндам нацыі, а ня толькі шыпучага віна ці хлеба. І атрымалася так, што ўсе разам байкі і міты пра шматлікіх выбітных прадстаўнікоў роду напластаваліся адно на адно. У выніку мы атрымліваем гэткага міталягічнага Радзівіла, які ўсё можа, які мае нечалавечыя сілы й здольнасьці.

Ракіцкі: Зусім нядаўна нашчадкі роду Радзівілаў наведалі Беларусь, ініцыявалі гэты візыт вы. Вы іх і суправаджалі ў вандроўцы па іхніх былых уладаньнях. Вы бачылі, як і чыноўнікі, і простыя людзі радасна іх сустракалі. Вы таксама робіце ўнёсак у тое, каб гэты міт ня зьнік, каб заставаўся ў сьвядомасьці беларусаў. Дык навошта сучаснай Беларусі Радзівілы?

Лабадзенка: З майго гледзішча, Радзівілы — гэта адзін з самых прыгожых і глыбокіх мітаў пра Беларусь. Пра тую Беларусь, якую мы ня памятаем і ня ведаем. Пра тую Беларусь, пра якую мы марым, — краіну высокакультурную, шляхетную, магнацкую. Краіну баляў, прыгожых кабет і мужчынаў, краіну замкаў і палацаў. ХХ стагодзьдзе адзначылася ўбіваньнем у народную сьвядомасьць іншага ўяўленьня пра Беларусь. Як слушна ахарактарызаваў яго філёзаф Валянцін Акудовіч, гэта мужык з каўтуном у валасах, які сядзіць каля сваёй гнілой хаткі ды енчыць пра сваю гаротную долю. Зразумела, такі міт быў выгадны камуністам і самазванаму расейскаму старэйшаму брату. Маўляў, да нас тут была выпаленая зямля, а прыйшлі мы — і беларусы зажылі, як людзі. Зразумела, што ніякіх Радзівілаў ня мог нарадзіць мужык з каўтуном! І зараз, калі Беларусь ужо амаль 20 гадоў мае незалежнасьць, мужык з каўтуном усё яшчэ перасьледуе нас. І на гэтым тле прыяжджае 91-гадовая княгіня Эльжбета Марыя Радзівіл, якая жыла ў замку. Паглядзіце толькі на яе прыкладзе, якую прыгожую гісторыю маюць беларусы!!! Яе бацька быў ардынатам нясьвіскім і клецкім, уладальнікам васьмідзесяціпяці тысяч гектараў зямлі. Ён прымаў у Нясьвіжы двух кіраўнікоў Польшчы, прынца Манака, герцагаў і курфюрстаў. Яе прадзед вітаў у Нясьвіжы імпэратара Вільгельма ІІ, яны палявалі разам пад Давыд-Гарадком, адкуль задаволены імпэратар павёз дадому трох забітых мядзьведзяў і яшчэ колькі жывых медзьвядзёнкаў. І паралельная гісторыя — брутальная. 17 верасьня 1939 году камуністы ўварваліся ў Нясьвіж усяго празь некалькі гадзінаў пасьля пераходу мяжы, якая праходзіла за 12 кілямэтраў ад Слуцкай брамы. І, перайшоўшы мяжу, галадранцы ў брудных шынялях найперш пабеглі нават не забіваць і рабаваць, а пабеглі хапаць і цягнуць у турму Радзівілаў. Злачыннай уладзе магнаты стаялі косткай у горле, бо за 12 кілямэтраў ад Савецкага Саюзу гасьцявалі прынцы і каралі. І вось зараз, роўна праз 70 гадоў, Радзівілы вяртаюцца ў Нясьвіж. І горад вітае іх, як гаспадароў, як пераможцаў. Сотні людзей выйшлі паглядзець на князёў. Кіраўнік гораду вітае іх каля ратушы словамі: “Каб ня вы, не было б нашага гораду”. І ён дакладна раскрыў сутнасьць міту “Радзівілы”. Гэта вельмі важна, бо ад мужыка з каўтуном мы паціху вяртаемся да сапраўднай Беларусі.

Ракіцкі: Чаму бальшавікам так і не ўдалося зьнішчыць міт пра Радзівілаў?

Лабадзенка: Таму што можна расстраляць людзей, але нельга расстраляць памяць цэлай нацыі… Апроч гэтага, трэба было цалкам зьнішчыць Нясьвіскі замак і ўвесь горад, зруйнаваць Мірскі замак, тузін кляштараў і касьцёлаў, спаліць старыя фаліянты з п’есамі Францішкі Ўршулі Радзівіл і непаўторнымі дыярыюшамі яе мужа Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, выкрасьліць зь гісторыі мастацтва славуты нясьвіскі тэатар, зьнішчыць абраз Маткі Божай Вострабрамскай, якая, зноў жа, паводле легенды, была маляваная з Барбары Радзівіл. Зьнішчыць міт пра Радзівілаў — значыць зьнішчыць вялікую частку беларускай гісторыі. Спадчыну такога маштабу нідзе ні фашыстам, ні камуністам не ўдавалася зьнішчыць.

Ракіцкі: Міт пра Радзівілаў вечны?

Лабадзенка: Так, і вынікам сёлетняга прыезду на радзіму рэальных Радзівілаў становіцца яшчэ большая міталягізацыя гэтага роду. Літаральна праз тыдзень пасьля ад’езду Радзівілаў зь Нясьвіжу, я запытаўся ў мясцовых людзей пра іхныя ўражаньні. І што вы думаеце? Усяго за тыдзень прыезд княгіні Эльжбеты пераўтварыўся ў міталягічную дзею. І вось мне ўжо расказваюць, як яна пабіла камэру аднаму самаму нахабнаму рэпарцёру, як згубілася ў замку, як горад заплакаў, калі яна зьяжджала. Сапраўды, як толькі Радзівілы выйшлі з замку, сонейка, якое зьзяла ад самага раньня, зьнікла, і зьмянілася на моцную залеву. І ўсе ахнулі: Нясьвіж плача, што княгіня ад’яжджае!.. І я адчуў тады, што міт пра Радзівілаў ніколі не загіне, што пра гэтае “горад плача” даведаюцца дзеці і ўнукі гэтых людзей. Міт пра Радзівілаў патрэбны беларусам нароўні з самімі Радзівіламі. І гэтага з нас ня выбіла савецкая ўлада, ня выб’юць і наступныя. І менавіта гэты міт можа стаць у падмурку эўрапейскай нацыянальнай дзяржавы Беларусь.

Тэкст перадачы на сайце "Радыё Свабода" зьмешчаны ТУТ

Тэгі: