it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 11

У Менску выйшла кніга Аляксандра Тамковіча "Інтэрвію, якіх не было". Аўтар разаслаў анкеты некаторым беларускім журналістам, а тыя адвольна адказалі на пытаньні. Патрапіла ў кнігу і мая анкета.

vokl3

vokl2

Вось, уласна, і анкета

А вось, уласна, і адказы

Глеб Лабадзенка

Я дакладна ведаю дзень, калі так было вырашана – пісаць мне вершы і артыкулы. Гэта 19 красавіка 2000 года, калі я пазнаёміўся з Рыгорам Барадуліным. Знаёмства мела цікавую гісторыю.
У нас у школе зьявілася новая выкладчыца беларускай мовы – Алена Сцяпанаўна Шпакоўская. Ёй было 65 год, і іначай як “бабка” ніхто яе не называў. Мая 126-я школа на той момант з перадавой у раёне пераўтварылася ў самую звычайную: у настаўніка працы мой аднакласнік Міша Руды проста на ўроку кідаў напільнікі, а найвышэйшым пілатажам лічылася выдурыць у вахторкі ключ ад гардэробу і ўцячы раней з урокаў. Пра тое, што мая школа такая, я даведаўся толькі ў пятым класе, калі нас выпусьціла геніяльная настаўніца пачатковых класаў Ірына Мікалаеўна Кульбіцкая, і пачаліся розныя настаўнікі па розных прадметах. Замест свайго 25-га кабінета на другім паверсе мы сталі швэндацца па ўсёй школе, і пабачылі, што на чацвертым паверсе мужчынская прыбіральня зачыненая, бо нехта ўзарваў унітаз петардай, а на перапынках у калідорах чуваць мацюкі ня горшыя, чым у Фрунзенскім РУУС. Вось у такі заапарк і прыйшла выкладаць Алена Сцяпанаўна.
Каб хоць неяк злавіць увагу вучняў, яна распавяла, што ва універсітэце вучылася разам са славутым паэтам Рыгорам Барадуліным, які зараз жыве ў Менску, і якога яна нядаўна бачыла ў трамваі. Бадай, гэтае паведамленне злавіла ўвагу толькі аднаго навучэнца. І прычын было некалькі. Галоўная – у мяне выклікала культурны шок навіна, што нехта з беларускіх паэтаў увогуле яшчэ жывы. На тым узроўні, як выкладалася беларуская мова і літаратура ў маёй школе (чытай: у большасці беларускіх школ), падобнае паведамленне і зараз можа здзівіць многіх школьнікаў. Забягаючы наперад, згадаю эпізод у тэму. У 2003 годзе, калі мы стаялі ў пікетах, баронячы Ліцэй, адзін з міліцыянтаў спытаўся: “А, гэта той ліцэй, дзе Якуб Колас дырэктар?” “Так, -- не разгубіліся ліцэісты, -- а Янка Купала – завуч”. Пазней, калі ў Ліцэй прыехаў разрульваць сітуацыю тагачасны міністр адукацыі Пётр Брыгадзін, мы сядзелі на ліцэйскай лесвіцы і спявалі “Gaudeamus igitur”. Намеснік міністра ціхенька (але мы пачулі) запытаўся ў Брыгадзіна: “На каком языке они поют?”
Другой акалічнасцю, што шакавала мяне з расповеду Алены Сцяпанаўны, быў факт, што Рыгор Барадулін (які на той момант па індэксу пазнавальнасці быў нароўных з Купалам-Коласам-Багдановічам, бо мы паспелі вывучыць ажно два ягоныя вершы) жыве ў адным горадзе са мной (!) і ездзіць на трамваі (!!). Прыйшоўшы дадому, я праз даведку высветліў нумар Григория Ивановича Бородулина, які неадкладна набраў. Распавёўшы паэту, што з'яўляюся гарачым прыхільнікам ягонай творчасці, папрасіў пра сустрэчу – ціпа паказаць вершы. Насамрэч мне проста карцела паглядзець на жывога беларускага паэта, чые два вершы мне давялося вывучыць у школе.
Да сустрэчы я падрыхтаваўся грунтоўна – скраў у школьнай бібліятэцы барадулінскую кніжку «Слаўлю чысты абрус», каб прынесці аўтару на подпіс (у той час «нячэснага» Барадуліна ўжо было не знайсці ў кнігарнях). У дзядулі на працы настукаў адным пальцам на кампутары ды раздрукаваў на струйным прынтары свае шэсць беларускамоўных вершаў – расейскамоўных у мяне тады было мо ў тры разы больш, але іх я абачліва не панёс.
Мы сустрэліся з народным паэтам на прыступках Палацу мастацтва, прайшлі разам у ПЭН-цэнтр, дзе і мелі размову. Яе вынікамі я быў акрылены. “Вам трэба пісаць і друкавацца”, -- сказаў мне дзядзька Рыгор. І падпісаў скрадзеную кніжку: “Таленавітаму паэту Глебу Лабадзенку – на поспех!” Пісаць і друкавацца я вырашыў адразу ж. Дайшоўшы да метро, пабачыў шыльду “Вечерний Минск”. Шыльда ўнушыла давер, бо газету доўгія годы выпісвалі дзядуля з бабуляй. У рэдакцыі мяне выслухалі і сказалі, што вершы па-беларуску не друкуюць, а мне лепей падняцца паверхам вышэй: там, маўляў, месціцца газета “Голас Радзімы”, якая друкуе вершы па-беларуску. Трэцяга траўня 2000 года выйшла мая першая публікацыя – падборка вершаў у газеце “Голас Радзімы”. 14 чэрвеня – першы журналісцкі матэрыял, інтэрв’ю з апошнім жыхаром Хатыні Віктарам Жалабковічам.
Інтэрв’ю тое атрымалася цікава. Нас класам павезлі на экскурсію Раўбічы-Хатынь-Курган Славы. Там экскурсаводка распавяла, што ў Менску жыве адзін з трох людзей, які выжыў пасля жудаснай трагедыі. Мяне гэта ўразіла прыкладна як паведамленне Алены Сцяпанаўны пра Барадуліна. Апынуўшыся ў сапраўднай газеце, да таго ж акрылены сваёй першай публікацыяй, усё склалася якраз пад тое інтэрв’ю. Для яго я выдурыў на дзянёк дыктафон у журналісткі “Мінскай праўды” (шкада, не памятаю яе імя). Не паспеў дайсці да хатынца, як тая журналістка, уцяміўшы, што пазычыла дыктафон хлопчыку, якога бачыла ўпершыню, ужо званіла мне дадому і казала бацькам, што дыктафон ёй пільна спатрэбіўся. Дарэчы, ён так і не спатрэбіўся мне – Жалабковіч сказаў, што ён чалавек проста, гаварыць не ўмее – таму пытайся, што цікавіць, а пасьля напішаш сам што.
У рэдакцыі “Мінскай праўды” я апынуўся невыпадкова. Усцешаны імгненнай публікацыяй сваіх вершаў (19 красавіка прынёс – 3 траўня выйшла), я раздрукаваў у дзядулі на працы шмат асобнікаў і адправіўся ў Дом прэсы. Пачаў з першага паверха – скончыў апошнім. У кожнай газеце я ішоў выключна да галоўнага рэдактара. І крыху здзіўляўся, што паўсюль мяне скіроўвалі да намеснікаў і загадчыкаў аддзелаў. Нумар паўсюль быў аднолькавы. Спачатку я дэманстраваў кнігу, дзе рукой Барадуліна было пазначана, што я “таленавіты паэт”, затым пакідаў камплект вершаў – і ішоў далей. Як ні дзіўна, але гэтае юначае нахабства дзе-нідзе пракаціла – некалькі газет вершы надрукавалі. Памятаю, як дайшоў да чацвёртага паверха – рэдакцыі “СБ”. Сакратарка накіравала мяне да намесніка рэдактара (ён працуе і зараз, і сядзіць у тым жа кабінеце). Той вальяжна паліў люльку (толькі праз некалькі год я зразумеў, пад каго ён касіў), глянуў адным вокам мае вершы і вынес вердыкт: нічога арыгінальнага, усё гэта ўжо недзе было. Відаць, журналісцкі Бог уратаваў мяне тады, пасадзіўшы ў крэсла намрэдактара “СБ” глухога да паэзіі чалавека 
Пабегаўшы па рэдакцыях, я зразумеў, што “Голас Радзімы” – найлепшы варыянт. Друкуюць хутка, правяць мала (для майго самалюбавання гэта было вельмі важна). Зразумела, што тады, у 13 год я не падазраваў, што ёсць “чэсныя” і “нячэсныя” журналісты, “правільныя” і “няправільныя” газеты. У “Голасе Радзімы” я друкаваўся 4 гады, паралельна заносячы матэрыялы ў “Вечерний Минск”, «Переходный возраст» ды іншыя газеты. Да гонару галоўнай рэдактаркі «Голасу Радзімы» Наталлі Уладзіміраўны Салук, за ўвесь час працы ў газеце я ні разу не адчуў цэнзуру, не зведаў, што ёсць забароненыя тэмы і персоны для згадкі. Пісаў і пра NRM, і пра «Рок-Каранацыю”, рабіў інтэрв’ю з Барадуліным, Сёмухам, Бураўкіным… Пры тым, што газета з’яўлялася дзяржаўнай і выдавалася Міністэрствам замежных спраў. Упершыню я зразумеў, што я “нячэсны”, калі ў часе абароны Ліцэю Наталля Уладзіміраўна сказала, мне, што газета часова не будзе друкаваць мае артыкулы, бо “так трэба”. Я быў ужо дастаткова дарослым хлопчыкам, каб зразумець прычыну і не крыўдаваць на рэдактарку. Праз пэўны час, гэтак жа нечакана, Наталля Уладзіміраўна сказала, што друкавацца мне зноў можна. Я напісаў яшчэ колькі артыкулаў, а пасля па-ангельску сыйшоў, не хочучы перад пенсіяй ствараць вялікія праблемы любімай рэдактарцы.
Сыйшоў у “Камсамолку”. Юлія Вітальеўна Слуцкая – вось другі чалавек, які адыграў агромністую ролю ў маім канчатковым выбары прафесійнага шляху і арыентыраў. Я шматкроць дзякаваў Богу, што ён паслаў мне такіх двух настаўнікаў у жыцці – найлепшага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна і найлепшага рэдактара Юлію Слуцкую. Гэтыя два чалавекі і па сёння з’яўляюцца маім сумленнем. Маральным чыннікам, які не дае ссучыцца і перакрочыць пэўныя межы.
У “Камсамолку” я прыйшоў адразу ж пасля паступлення на журфак БДУ, куды мяне прынялі без уступных іспытаў: на алімпіядзе “Абітурыент журфака” я здабыў абсалютнае першае месца, бо меў на той час 174 публікацыі. 15 чэрвеня 2004 года тагачасны дэкан Васіль Пятровіч Вараб’ёў уручыў мне адпаведны дыплом, і ў той жа дзень выйшаў мой першы рэпартаж у “Камсамолцы” – з галадоўкі дэпутатаў Фралова, Скрабца і Парфяновіча. Намесніца рэдактара Вольга Ўлевіч сказала тады, што я “зразумеў, чаго ад мяне патрабуюць”. Для мяне гэта была высокая ацэнка, бо Вольгу Ўлевіч я ведаў завочна яшчэ з часу “Имя”, якую выпісваў мой бацька. Дарэчы, менавіта бацька падсвядома сфармаваў мой “нячэсны” выбар, яшчэ задоўга да таго, як я пайшоў у журналістыку. Проста пералічу ў храналагічнай паслядоўнасці газеты, якія ён выпісваў (а іх зачынялі адну за адной): “Свабода”, «Имя», «БДГ», «Наша Ніва”. Размовы на кухні былі адпаведна выпісаным газетам. Параўнальна нядаўна бацька паказаў мне свае чорна-белыя здымкі пачатку 90-х, якія ён рабіў “Зенітам”. А на тых здымках перад Домам ураду – Зянон Пазьняк, Віктар Ганчар, Аляксандар Лукашэнка… Бацька распавядаў, што яскрава запомніў момант, калі была прынятая Дэкларацыя аб сувернітэце. Ён быў у адпачынку ў нашых Бабовішчах, і якраз ехаў на ровары ў Слуцк, каб набыць свежыя газеты (15 км у адзін бок – во што значыць інтэлінент!). У яго на грудзях вісеў маленькі прымач “Юность”, па якім перадавалі навіны. І, кажа, недзе каля Грэска яго напаткала навіна, якую дыктар прачытаў усхваляваным і урачыстым голасам: толькі што на паседжанні Вярхоўнага савета была прынятая Дэкларацыя, якая абвяшчае Рэспубліку Беларусь незалежнай дзяржавай. Мне тады было 8 год, таму сэнс гэтага словазлучэння я зразумеў значна пазней. А напамінам з таго часу засталіся граматы за другі і трэці клас, дзе стаіць пячатка з “Пагоняй”.
Чатыры гады працы ў “Камсамолцы” далі мне неймаверна шмат у плане прафесіі, і проста ў плане будавання чалавечых зносін. Гэта цудоўная школа, лепшую мне і прыдумаць цяжка. Зрэшты, школа гэтая ў многім грунтавалася на адным чалавеку – Юліі Слуцкай. Пасля яе адстаўкі паступова, паціху-памалу ўсё змянілася – хаця, здаецца, і людзі засталіся збольшага тыя ж. Яе мудрасць, як разумею я цяпер, была яшчэ і ва ўменні не даводзіць да шараговага журналіста ўвесь імперскі маразм, які ішоў у менскую рэдакцыю з маскоўскага кіраўніцтва. Я быў першы чалавек, які ў рэдакцыі размаўляў выключна па-беларуску. Таму, калі да нас мусіў прыехаць з інспекцыяй сам Сунгоркін (у маштабах менскай “Камсамолкі” гэта прыкладна як Будда для індыйцаў), мяне ці то жартам, ці то ўсур’ёз папрасілі не прыходзіць у той дзень на працу. Крый Божа, Сам пачуе ў рэдакцыі беларускую мову і падумае, што тут развялі гняздо нацыяналістаў!.. У адзін з наступных прыездаў Сунгоркіна Алега Улевіча папрасілі зняць са сцяны сцяг Еўразвязу. Гэта была гульня, якая давала вельмі добры вынік. Друкуючы на вокладцы цыцкастых дзевак з “Віагры” ці тайну новай пасіі Жаны Фрыске, Юлія Вітальеўна рабіла газеце наклад 330 тысяч паасобнікаў. А прадаўшы газету чытачу, устаўляла туда пад гэтую марачку матэрыялы з Барадуліным, Някляевым, Вайцюшкевічам… Як жа гэта мудра!..
Апошняя мая публікацыя выйшла ў “Камсамолцы” ў верасні 2008 года. Пасля гэтага я сыйшоў. Называць прычыны ўголас не лічу этычным, бо гэта датычыцца ўнутраных справаў рэдакцыі.
Змяніўшы статус журналіста папулярнай газеты на статус фрылэнсера, я зразумеў адную рэч. Што тая тысяча ці больш артыкулаў, якія я напісаў за 9 год працы ў газетах – усе яны знікнуць і не застануцца. Такая ўжо спецыфіка нашай з вамі працы. І трэба рабіць нешта больш даўгавечнае, пры гэтым ні на дзень не пакідаючы журналістыку. Такая ўстаноўка ўвасобілася ў мяне ў складанні кнігі пра 92-гадовую князёўну Эльжбету Радзівіл, дачку апошняга ўладара Нясвіжскага замка.
На апошняе пытанне дасланай мне анкеты – дзе я працую зараз – адкажу як нармальны беларускі “нячэсны” журналіст: зараз я працую дома.
vokladka

Тэгі: