it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 06

Надрукавана ў сёньняшняй "Звяздзе"

У Мiнску выйшаў кiтайска-руска-беларускi размоўнiк
Надзвычай карысную кнiжачку падрыхтаваў Інстытут кiтаязнаўства iмя Канфуцыя пры БДУ. Складальнiкi — Таццяна Смольская, Вэй Вэй i прафесар Iгар Малевiч. Пры дэталёвым разглядзе размоўнiк робiцца цудоўным сродкам для ўзняцця настрою.
Вось, скажам, прыехалi да вас на выхадныя сябры з Кiтая. А вы iм з парога:
— Хуаньiн нiмэнь цзай лай! ("Заходзьце, буду рады бачыць вас!")

Ясна, што мiжнацыянальныя адносiны адразу наладзяцца прасцей. А калi вашыя сябры стомяцца i захочуць спаць, вы, як адукаваны чалавек, пажадаеце:
— Вань ань! ("Дабранач!")
Паколькi кiтайцы — вельмi ветлiвы народ, то цэлы раздзел у размоўнiку прысвечаны выбачэнням. Наступiўшы каму на нагу, вы будзеце мець тузiн рэплiк у запасе:
— Дуй бу цы! ("Выбачайце, калi ласка!") Бу хао iсы! ("Даруйце!") Цiн юань лян! ("Выбачайце!")
Слова "добра", якое мы часта кажам штодня, запомнiць лёгка: "дуй!". Скажа мацi сыну: "Схадзi ў краму". А ён ёй з усмешкай: "Дуй!"
Размоўнiк выратуе вас у любой сiтуацыi. Дастаткова развучыць адну фразу, каб знаёмiцца з прыгожымi кiтаянкамi: "Цiн ба нiньдэ дяньхуа хаома гэй во!" ("Дайце мне ваш нумар тэлефона!")
Асобная частачка кнiгi прысвечана паходу ў рэстаран. Не памылiцеся з выбарам напою! Запомнiце: "пi дзю" — пiва, "хуа ча" — гарбата з кветак, а "сюебi" — спрайт. Уся ваша фраза будзе гучаць прыкладна так: "Лай iпiн пi дзю!" ("Дайце бутэльку пiва!")
Дарэчы, кiтайская мова вельмi падобная да нашай. Напрыклад, манга будзе "манго", капучына — "кабуцiно", фанта — "фэньда". Праўда, некаторыя падобныя словы маюць рознае значэнне. Вы будзеце казаць па-беларуску "цi", а кiтайцы будуць чуць "сем"...
I, напэўна, адна з самых галоўных фраз для беларускага турыста ў Кiтаi: "Цiн нiнь шчодэманьдянь!" ("Прашу вас гаварыць павольней!").
Маньдянь цзоў, спадарства! ("Шчаслiва!")

_______________
* — Я з Беларусi!

ВЫРАЖЫ I ЗАХАВАЙ
Дзень добры! — Нi хао!
Як справы? — Нiнь хао ма?
Маё iмя... — Во цзяо...
Дзякуй! — Сесе!
Цi не маглi б вы мне дапамагчы? — Банбан манн, хао ма?
Паўтарыце яшчэ раз, калi ласка! — Цiн чунфу iбянь!
Колькi часу? — Цзi дянь лэ?
Я аб'еўся! — Во чiдэ тай бао лэ!
Гарэлка — Футэцзя
Вельмi смачна! — Хэнь хаочi!

Тэгі: