it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 06

Надрукавана ва ўчорашнім нумары газэты "Туризм и отдых"

Князі правялі ў Беларусі чацвёра сутак – прыляцелі ў абед у нядзелю, адляцелі па абедзе ў чацвер. Праграма была супернасычаная, і ўсе пераймаліся, як яе вытрымае галоўная гераіня візіту – 91-гадовая княгіня Эльжбета. Яе бацька, Альбрэхт Радзівіл, быў перадапошнім уладаром Нясвіжскага замку, яму належала 85 тысяч гектараў зямлі. Агулам жа на той час Радзівілы валодалі ў нашай краіне 320-ю тысячамі гектараў…

Але на справе апынулася, што праграму з цяжкасцю вытрымалі ўсе астатнія госці, а княгіня трымалася бадзёра і ўпэўнена. Апроч яе ў Мінск прыляцілі дзевяцёра чальцоў Сям’і: яе сын Аба Чартарыйскі, унукі Аляксандр і Ксавер Тамашэўскія, іншыя сваякі Мікалай Радзівіл з сынам Антоніем, Дамінік Радзівіл з жонкай Эльжбетай, Мацей Радзівіл з жонкай Ганнай Марыяй. Усе яны маюць дачыненне да Беларусі: дзядуля Эльжбеты-малодшай Караль Радзівіл валодаў маёнткам Манькавічы пад Дывыд-Гарадком, а дзед Мацея і Мікалая быў уладаром маёнтка Паланэчка (сённяшні Баранавіцкі раён)…
Некаторыя з іх былі ў Беларусі ўпершыню. Напрыклад, пан Мікалай раней быў толькі праездам з калегам-гісторыкам. Згадвае, як спыніліся ночыць у Воршы. Вахцёр гатэлю завёў іх у нумар, дзе было два ложкі і паведаміў: “Ты (паказаў пальцам на Мікалая) будзеш спаць тут (паказаў пальцам на адзін ложак), а ты – тут!” Пасля павёў у прыбіральню і даў інструкцыю: “Тут – рукі мыць, а тут – с…ць”. Затым адматаў локаць туалетнай паперы аднаму і столькі ж другому…
Пасля размяшчэння ў гатэлі “Беларусь” спадар Мікалай весела заўважыў, што прагрэс ёсць: гэтым разам у нумары цэлы рулон туалетнай паперы…
Дзень першы. Мінск
Што ўразіла Радзівілаў найбольш – наяўнасць нармалёвай інфраструктуры. Што ў нас ёсць добрыя гатэлі, кавярні, рэстараны, крамы… Большасць з гасцей арыентаваліся на расповеды княгіні з паездкі 1993 года. І з тых словаў вынікала, што тут – выпаленая зямля і ледзьве не мядзьведзі па вуліцах ходзяць.
На справе ж апынулася, што і дарогі цяпер лепшыя, чым у Польшчы, і крамы такія самыя, і гатэлі…
Ля Чырвонага касцёла пані Эльжбета між справай зазначыла:
-- Гэты касцёл збудаваў сябра майго бацькі…
Сапраўды, палову Беларусі можна разглядаць праз прызму Радзівілаў і іх сяброў…
У гандлёвым цэнтры “Сталіца” княгіню пазнала прадавачка – і зрабіла ёй значную зніжку на сумку. З сумкай, праўда, выйшла аказія. Спачатку пані Эльжбеце спадабалася сумка “Louis Vuitton”. Але ж, вы разумееце, які гэта на самой справе “Louis Vuitton”… Унук Аляксандр тут жа папярэдзіў:
-- Бабуля, калі ты прыедзеш з гэтай сумкай да нас у Францыю, яе канфіскуюць на мяжы, бо зараз ідзе актыўная барацьба з падробкамі!..
У планы княгіні гэта не ўваходзіла, таму канчатковы выбар быў на торбе, дзе зусім нічога не напісана.
Дзень другі. Ішкалдзь, Паланэчка, Мір
Густу князёў не адмовіш. Калі ўзгадняўся папярэдні план візіту, Паланечка і Мір патрапілі туды безумоўна – бо “гэта мы збудавалі”. А вось Ішкалдзь князі выбралі, калі пабачылі фота і дату пабудовы. Ведаюць толк, аднак!..
Гісторыя пра тое, як камуністы адсеклі ксяндзу з Ішкалдзі галаву і ўтапілі ў калодзежы Мірскага замка, уразіла ўсіх найбольш… У суседняй Паланэчцы Радзівілы зайшлі спачатку ў касцёл. І тут жа выцягнулі агромністы ліст з генеалогіяй – высвятляць, хто з іх продкаў гэты касцёл збудаваў. Такая карціна паўтаралася практычна ў кожным пункце маршрута.
Палац у Паланэчцы ўразіў Радзівілаў тым, што захаваўся. Яны чамусці былі перакананыя, што ад яго засталося “дзве сцяны”. І былі вельмі ўражаныя, што палац стаіць цалкам, пад дахам – толькі што ўнутры ўсё спустошанае…
-- Глядзі, Мікалай, калі б не 1939 год, гэта ўсё было б нашым… -- сумна працягнуў князь Мацей. Іх стрыечны прадзед Альберт, уласна, і збудаваў гэты палац, а дзед быў апошнім уладаром…
Паглядзець на князёў сабраліся ці не ўсе сённяшнія жыхары мястэчка. Старыя людзі прыгадвалі ўспаміны сваіх бацькоў і дзядоў, якія служылі ў князёў. І, ведаеце, ніхто не сказаў пра “паноў-крывапійцаў” дрэннага слова… Перад ад’ездам Радзівілы пераканаўча папрасілі прадстаўнікоў мясцовай улады глядзець за палацам, не даць яму разбурыцца. Тым больш, што да Нясвіжа і Міра – рукой падаць. Пры ладным падыходзе Паланэчка ўдала б уключылася ў “радзівілаўскі” турыстычны маршрут…
Мірскі замак выклікаў захапленне князёў яшчэ здалёк.
-- Спыніцеся тут! – папрасіла княгіня Эльжбета кіроўцу. – Хачу палюбавацца крыху…
Пакуль стаялі на пагорку некалькі хвілін, сын княгіні пан Аба зрабіў некалькі дзесяткаў здымкаў. Прыемна, што Мірскі замак усё ж уражвае нават такіх пераборлівых і абазнаных людзей!..
У замку княгіня пачувала сябе яўна не госцяй:
-- Мы з бацькам колькі разоў прыязджалі сюды перад вайной да ягонага сябра, Міхала Святаполк-Мірскага. Ён рабіў мне камплімент, што мае вочы падобныя да фіялак… А жыў ён вунь у той вежы, бо гэтыя былі ў руінах… А абедалі мы вось у гэтым пакоі…
Здавалася, яна памятае ўсё. Хаця музейшчыцы паставіліся да расповедаў княгіні троху скептычна і нават не ўсё за ёй запісвалі… У замку здарыўся іншы непрыемны момант, калі княгіня захацела “вымыць рукі”. Высветлілася, што прыбіральня ў замку са Спісу ЮНЭСКА – гэта дзірка ў падлозе… 91-гадовай жанчыне было цяжка зразумець такія беларускія стандарты…
Увечары княгіня стамілася – і паехала ў Мінск у гатэль. А маладзейшыя Радзівілы папрасілі звазіць іх яшчэ ў Наваградак. Маўляў, як гэта – быць у Беларусі і не пабачыць першай сталіцы Вялікага Княства?!
Дзень трэці. Мінск
Афіцыйны дзень у сталіцы быў проста перанасычаны! Пачынаючы ад дзевятай гадзіны – і да позняга вечара: Нацыянальны гістарычны архіў, Нацыянальная бібліятэка, Фундаментальная бібліятэка Акадэміі Навук, Нацыянальны гістарычны музей, Нацыянальны мастацкі музей… Але ж – нічога лішняга, бо паўсюль гасцям паказвалі выключна радзівілаўскія рэчы. Перыядычна здараліся далікатныя моманты…
-- А вы ведаеце, што ў гэтых кніг ёсць гаспадары? – ушчувала княгіня бібліятэкарак. – Вось тут стаіць экслібрыс майго дзеда, а вось тут – бацькі. Чаму гэтыя кнігі тут, а не ў нас у сям’і?
Гэтаму светламу чалавеку і цяпер цяжка змірыцца, што 1939 год зруйнаваў слаўную 600-гадовую гісторыю іх роду…
-- Гэта бацька, гэта бабуля, гэта Аляксандра Браніцкая – у кожным музеі княгіні Радзівіл быў непатрэбны экскурсавод. Бо для любога экскурсавода, і для нас, людзі на карцінах – легендарныя гістарычныя постаці. А для Радзівілаў – сваякі, прычым не такія ўжо і далёкія…
Дзень чацвёрты. Нясвіж
Самы адказны і эмацыйны пункт візіту, канечне, быў Нясвіж. Для гэтага князі і прыехалі ў Беларусь – каб разам з пані Эльжбетай пабачыць слаўны замак, які быў для яе родным домам. Горад падрыхтаваўся да сустрэчы былых гаспадароў годна. Найперш па прыездзе (так захацела княгіня) – святая імша ў касцёле Божага Цела. Перад касцёлам князёў сустракала некалькі соцень чалавек. Калі ксёндз абвесціў, што імша адпраўляецца ў гонар Радзівілаў, нашчадкі якіх зараз сярод прысутных, усе ўсталі і віталі княгіню стоячы.
Пасля імшы – ускладане кветак у крыпце. Прычым, тут усё адбываецца таксама па пэўным рытуале. Спачатку да трунаў спускаюцца астатнія Радзівілы. Пра пахаванні ім распавядае прысутны польскі гісторык прафесар Тадэвуш Бернатовіч. Калі ўсе выходзяць, у крыпту заходзіць сама княгіня – выключна з сынам і ўнукамі. Ускладае кветкі да труны бацькі, дзядулі, прадзядулі з прабабуляй…
Пасля імшы – урачытстае вітанне князёў каля Ратушы. Сустракае княгіню асабіста мэр горада Ігар Макар. Падарункі – засмажаны карп з нясвіжскага возера і бутэлька шампанскага “Радзівіл” – прыводзіць княгіню ў захапленне. Як і касцюміраванае прадстаўленне ў іх гонар, і жывая музыка…
У Ратушы пані Эльжбета бачыць экспанаваную кафлю з сямейным гербам і цікавіцца, колькі іх захоўваецца ў музеі. Адказваюць, што 28.
-- Дык падарыце адну мне! – з непасрэднай простасцю просіць высокая госця. І, да гонару нясвіжцаў, у канцы дня дырэктар музею спадар Сталярчук прэзэнтуе пані Эльжбеце ладную кафлю з радзівілаўскім арлом.
Пасля Ратушы – невялікая экскурсія па горадзе. Радзівілы аб’язджаюць Слуцкую браму і, крыху далей на дарозе, княгіня паказвае ўнукам від на замак з-за возера:
-- Адсюль я любавалася замкам 80 гадоў таму. Толькі выглядаў ён значна лепш…
Ля кавярні “Чабарок” пані Эльжбета нечакана згадвае:
-- А гэты дамок бацька пакінуў мне ў сваім тэстаменце. Я тут, праўда, ніколі не жыла…
І, нарэшце, самы хвалюючы момант, -- замак.
-- Божа, што за ідыёцкая цыбуліна!? – вырываецца ў княгіні адразу пасля выхаду з машыны пры выглядзе новага купалу гадзіннікавай вежы. – Яе ніколі тут не было!
-- Была, пані Эльжбета, была! -- дураць галаву бабулі мінскія рэстаўратары. – У XVI стагоддзі, вельмі даўно.
-- Але ж крочыць трэба наперад, а не назад, -- пярэчыць княгіня. – Ніколі так не было, каб над замкам былі дзве розныя вежы!
І княгіня мае рацыю! Здаецца, што ў яе словах больш разумнага зерня, чым у развагах нашых гора-рэстаўратараў…
-- Руіна… -- шэпча княгіня на ўваходзе ў замкавы двор. Яе намагаюцца павесці на экскурсію ў адноўлены корпус, але 91-гадовая пані рашуча крочыць у самае жэрла будаўнічых прац. І наступныя тры гадзіны ўсё астатнія толькі і паспяваюць, што скакаць праз рыштаванні і пераступаць будаўнічае смецце за ёй. Амаль у кожным пакоі замку княгіня сядае на падрыхтаванае раскладное крэсла і згадвае, дзе што было. Музейшчыкі трапётка натуюць за ёй кожнае слова: і на паперы, і на дыктафоне. Бо ніхто ў цэлым свеце, апроч пані Эльжбеты, ужо не згадае, якім быў Нясвіжскі замак 80 гадоў таму…
-- А вось пад гэтай падлогай – прыступкі! – здзіўляе рэстаўратараў княгіня. Яны ўжо збіраліся класці тут паркет. – Калі бацька перастаў хадзіць і стаў ездзіць на вазочку, тут зрабілі адпаведныя пандусы…
Пакідаючы замак, княгіня з сумам заўважыла:
-- Я вельмі спадзяюся, што яны зробяць усё так, як было насамрэч…
Пачынаецца дождж (цэлы дзень свяціла сонейка). І нехта з натоўпу трапна заўважае:
-- Нясвіж плача, што княгіня Радзівіл ад’язджае…
Але напраўду ў Мінск едзе дзевяць чальцоў Сям’і. А сама княгіня кіруецца ў іншы бок... У вёску Радзівілімонты Клецкага раёну (сёння гэта недарэчная Чырвоная Зорка).
Тут захаваўся палац 1780 года, які стварыў выдатны італьянскі дойлід Карла Спампані. Тут, адразу па шлюбе, жылі яе бацькі, Альбрэхт і Дарота. І калі маці Эльжбеты кінула мужа, Альбрэхт больш не пераступіў парог палаца ў Радзівілімонтах…
-- Тады, ў пачатку 1930-х бацька двойчы браў мяне з сабой сюды, -- згадвае па дарозе княгіня. – Але мы нават не выходзілі з машыны. Ён адкручваў акно, даваў указанні адміністратарам – і мы ехалі абратна. Яму было цяжка знаходзіцца там, дзе прайшлі самыя шчаслівыя гады жыцця з былой жонкай…
Неверагодна, але пачынаецца моцная залева. І Эльжбета Радзівіл, як і 80 гадоў таму, зноўку вымушаная аглядаць палац (а дакладней, яго руіны) з вакна машыны.
Тады, у 1930-х маленькая Бэтка і ўявіць не магла, што праз 80 гадоў вернецца сюды. Але ўжо толькі як госця…
Дзень пяты. Адлёт.
Ужо па дарозе ў аэрапорт княгіня задуменна кажа:
-- А ведаеце, я б хацела гэтым летам прыехаць на месяц пажыць у Нясвіж.. Вельмі хацела б…
І яна не жартуе, гэтая мілая 91-гадовая пані.

Тэгі: