it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 03

Мой артыкул з сёньняшняй "Звязды"

Дзве таямніцы Эльжбеты Радзiвiл
Што засталося па-за кадрам падчас гучнага вiзiту князёў у Беларусь

Пра гэты вiзiт напiсалi ўсе газеты, яго асвятлялi ўсе каналы. Але я хачу звярнуць увагу на два моманты, якiя засталiся па-за кадрам, на дзве таямнiцы княгiнi Радзiвiл.

Таямнiца Сверынаўскага абраза

Першая датычыцца наведвання мастацкага музея. У тэлевiзары вы маглi бачыць, што апроч сямейных партрэтаў княгiнi паказалi вялiкi прыгожы абраз. Дык вось, ён хавае ў сабе шмат таямнiц. Упершыню панi Эльжбета расказала мне пра яго за два месяцы да вiзiту. Пераглядаючы старыя здымкi, яна знайшла фота вялiкага абраза. З подпiсу на адвароце вынiкала, што за некалькi месяцаў да смерцi бацька панi Эльжбеты князь Альбрэхт Радзiвiл фундаваў каплiцу ў вёсцы Сверынава, дзе на адкрыццi падараваў гэты абраз.Справа датычылася 1935 года, пасля княгiня нi разу не чула нi пра каплiцу, нi пра абраз... Папрасiла даведацца пра лёс абаiх. Знайшоўшы на карце вёску Сверынава (сёння гэта Стаўбцоўскi раён), я выправiўся на пошукi.

abraz

Высветлiлася, што гэта тая самая вёска Сверынава. І пасярод яе стаiць каплiца! Збудаваная, аднак, на пачатку 1990-х... Яе трагiчную гiсторыю апавядае мне сверынавец Станiслаў Iванавiч Дземiдовiч:

— Як яе будавалi, я яшчэ дзiцем быў. Памятаю, як дрэва цягалi. Дарэчы, Радзiвiл бярвенне па вокны даў...

— А чаму па вокны? Пашкадаваў?

— Не! Проста ў кожнага з нас быў свой лес. I князь даў па вокны — а кожная сям'я па бярвенню даклала. Радзiвiл i ўнутры ўсё аплацiў.

Неверагодна, але Станiслаў Iванавiч, хоць быў малым, добра запомнiў, як князь адкрываў каплiцу.

— Во тут во прывезлi яго, на нейкай карэце цi машыне. Тутака ўсё было занята! Гэтыя атракцыёны, усё зроблена было!.. Нам галоўнае — цукеркi прадавалi! На стале стаяла такая стрэлка. Круцiш. Альбо выкруцiш — альбо пракруцiш. Як выкруцiў — табе цукерка! А мы сядзелi малыя на платох во тут во. Радзiвiл прыехаў. Нашыя чатырох хлопцаў узялi знялi яго з гэтай карэты цi машыны — ён хадзiць не мог. Аднеслi ў каплiцу, ён паглядзеў. Вынеслi, ён iм па 5 злотых даў — i паехаў!

Станiслаў Iванавiч апавядае, што камунiсты зачынiлi каплiцу практычна адразу як прыйшлi. Але людзi вечарамi хадзiлi ўпотай малiцца. I так працягвалася да 1965 года, калi iнструктар з райкама Шкодаў прывёз хлопцаў з суседняй Слабады, якiя за два днi раскiдалi храм... З замiраннем пытаюся пра абраз...

— Абраз ладны быў, ого-го! — прысвiствае Станiслаў Iванавiч. — Каб табе не схлусiць, мо метр на метр трыццаць. З золатам, прыгожы такi!.. Яго, ты ведаеш, уратаваў нехта. А калi каплiцу новы старшыня калгаса аднавiў, абратна ўжо не прынеслi...

Ужо ў Мiнску пачынаю шукаць абраз. I шчасце ўсмiхаецца! Мой калега Андрэй Куваеў, якi ўжо 10 гадоў займаецца гiсторыяй роду Радзiвiлаў, паведамляе, што абраз знаходзiцца ў Мастацкiм музеi!.. Намеснiк дырэктара спадарыня Усава пацвярджае гэта. I нават згаджаецца на дзянёк забраць абраз з рэстаўрацыi, каб княгiня магла яго пабачыць!.. Астатняе вы бачылi ў тэлевiзары: панi Эльжбета пабачыла абраз i была вельмi расчуленая...

Куды таемна паехала княгiня пасля Нясвiжа?

Другая таямнiца датычыцца вёскi Радзiвiлiмонты Клецкага раёна (сёння гэта недарэчная Чырвоная Зорка). Калi ў апошнi дзень вiзiту ўсе госцi паехалi ў мiкрааўтобусе на Мiнск, панi Эльжбета таемна (а было ўжо 22 гадзiны!) паехала ў iншы бок...

Гiсторыя гэтага адхiлення ад маршруту сягае ў 1910 год, калi на балi ў Рыме бацька княгiнi Альбрэхт сустрэў амерыканку Дароту Дыкен — i закахаўся ў яе без памяцi. Сям'я была супраць: як гэта Радзiвiл пашлюбiць простую амерыканку, а не каго з Сапегаў, Чартарыйскiх цi Вайнiловiчаў?! Аднак каханне перамагло — Альбрэхт i Дарота насуперак волi ўсёй сям'i таемна абвянчалiся ў Лондане. Калi ж маладыя прыехалi ў Нясвiж, то мацi Альбрэхта Марыя Ружа Бранiцкая прамовiла: нагi тваёй амерыканкi на парозе Нясвiжскага замка не будзе! I князь з жонкай нейкi час жыў у Радзiвiлiмонтах... Тут Радзiвiлы мелi маёнтак даўно, а ў 1780 годзе iтальянец Карла Спампанi збудаваў для князёў ладны палац з дрэва i цэглы.

Пасля свякруха замiрылася з нявесткай, маладыя пераехалi ў замак. У 1917 годзе, баючыся навалы рэвалюцыянераў, Альбрэхт павёз жонку нараджаць у Лондан. Нарадзiлася Бэтка (Эльжбета), i Дарота не захацела вяртацца. На той час Альбрэхт ужо быў ардынатам, у ягоным уладаннi было 85 тысяч гектараў зямлi. Ён не мог кiнуць гаспадарку — i вярнуўся ў Нясвiж. Бэтка жыла з мамай, а ўсе-ўсе вакацыi праводзiла з бацькам у Нясвiжы. У Радзiвiлiмонтах яна была двойчы. I абодва разы Альбрэхт нават не выходзiў з машыны. Адкручваў акно, даваў распараджэннi адмiнiстратарам — i з'язджаў. Бо пасля таго, як яго кiнула жонка, князь нi разу не пераступiў парог палаца. Яму было цяжка знаходзiцца там, дзе прайшлi самыя шчаслiвыя гады iх жыцця з Даротай...

I вось праз 80 гадоў панi Эльжбета вяртаецца ў Радзiвiлiмонты. На дварэ страшэнная залева, i зноўку, як i 80 гадоў таму, Бэтка глядзiць на палац, адкруцiўшы шыбу аўто... Глядзiць на руiну, бо спачатку тут была школа, пасля палац закiнулi, а некалькi гадоў таму ён згарэў...

— А тады, з бацькам, вы таксама прыязджалi сюды на "Мерседэсе"?

— Не, сюды была дрэнная дарога — i бацька ездзiў у Радзiвiлiмонты на "Кадылаку", бо ў яго падвеска вышэйшая была, — адказвае з дакументальнай дакладнасцю княгiня.

d180d0b0d0b4d0b72

Панi Эльжбета застаецца ў Радзiвiлiмонтах на каву — на запрашэнне сям'i Аляксеенкаў. Прымае гасцей Кiрыла Уладзiмiравiч. А ягоны бацька, Уладзiмiр Кiрылавiч, паходзiць з Радзiвiлiмонтаў. Гэта i пасябравала iх з княгiняй. Уладзiмiр Кiрылавiч з'ездзiў да яе ў Варшаву выказаць сваю павагу. А калi панi Эльжбета прыляцела ў Беларусь, выдзелiў ёй на ўсе пяць дзён свой шыкоўны "Мерседэс".

Лёс гэтага роду заўжды быў пакручасты, напоўнены таямнiцамi i iнтрыгамi. I цяпер, у ХХI стагоддзi, з такiх драбiнак складаецца iх гiсторыя.

PDF-вэрсыю артыкула можна паглядзець ТУТ

Тэгі: