it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Feb 19

Сяргей ШАПРАН, Новы Час

“ДДТ” зноў, пасля шасцігадовага перапынку, у Беларусі: 20 лютага — Віцебск, 22-га — Гомель, 24-га — Брэст, 26-га — Мінск. Лідар “ДДТ” Юрый Шаўчук у мінулыя гады часта бываў у беларускай сталіцы з канцэртамі дый не толькі — гэта дзякуючы менавіта яму напоўніцу загучала ў другой палове 1990-х назва гурта “Тройца” і стала больш шырока вядомая паэзія Веніяміна Блажэннага…

Юры Шаўчук

Май 1989 года. На мінскім стадыёне “Дынама” “ДДТ” дае два канцэрты. Інтэрнэта ў той час не было, і інфармацыю магчыма было здабываць толькі з газет ды тэлевізара. Зрэшты, нягледзячы на ўжо тады вялікую папулярнасць, пра “ДДТ” мала пісалі — карабель савецкага афіцыйнага друку быў даволі непаваротлівы. Я ведаў, бадай, толькі тое, што ў 1982 годзе Юрый Шаўчук (мастак-настаўнік па адукацыі, ён паходзіў з Уфы; некалі сям’я Шаўчукоў жыла пад Кіевам, але ў 1930-я гады былі выселена на Калыму) атрымаў за песню “Не стреляй!” першае месца ў конкурсе “Камсамолкі” “Залаты камертон”. Менавіта тады і з’явілася назва “ДДТ”. Справа ў тым, што калі песня “Не стреляй!” прайшла ў другі тур конкурса, стала патрабнай больш канцэптуальная назва, чым проста “Гурт Генадзя Родзіна” (Родзін фармальна лічыўся мастацкім кіраўніком калектыву). Тады і прыдумалі назвацца “ДДТ”. Фармальна – гэта абрэвіятура ад Дзіцячага дома творчасці, дзе рэпетавалі музыканты. Зрэшты, у назве быў схаваны і падтэкст: ДДТ, як вядома, — гэта інсеціцыд, ці, кажучы прасцей, дуст. Праўда, самі музыканты не дужа ўхвалялі такую аналогію, таму расшыфроўвалі назву іначай, напрыклад, “Дурні з Дома тэхнікі”.

У 1984 годзе гурт запісаў альбом “Периферия”, у якім кіраўніцтва Башкірыі ўбачыла паклёп на савецкую вёску. У мясцовым друку пачалося шальмаванне аўтара “Периферии”. Тады ж Шаўчука выклікалі ў КДБ, дзе патрабавалі не сачыняць песень, не выконваць і не садзейнічаць іх распаўсюду. Юра, вядома, нічога не падпісаў. У той жа дзень да яго на вуліцы падышлі невядомыя: “Ты Шаўчук?” — “Я”. Збіты, ён патрапіў у бальніцу… Стаўшы на ногі, лідар “ДДТ” зразумеў, што з Уфы яму трэба, як кажуць, рабіць ногі, і з’ехаў спачатку ў Свярдлоўск, пасля ў Маскву і толькі затым, у 1985-м, у Ленінград. Нават на тагачаснай эмблеме “ДДТ” быў крэйсер “Аўрора” з крыламі, як у самалёта, і прапелерам, чамусьці ззаду.

У той раз, у 1989-м, я і пазнаёміўся з Шаўчуком. Спачатку былі, вядома, на “вы”, але ў хуткім часе неяк лёгка перайшлі на “ты”. Шматтысячны стадыён ужо скандзіраваў: “Юра! Юра!”, а мы яшчэ гутарылі. Вось толькі фрагмент з таго інтэрв’ю:

 

— Каго б вы назвалі сваім настаўнікам?

— Найперш маму сваю. Яна — мой галоўны настаўнік. Апроч гэтага, любы добры чалавек, з якім сутыкае цябе лёс, таксама настаўнік. Ці кніга, яна — заўсёды гутарка з добрымі людзьмі. Я люблю кніжкі, якія пішуць добрыя людзі.

— Вы іграеце ў стылі рок, які быў запазычаны з Захаду…

— А знакамітая ікона?! Што, яе ў Расіі прыдумалі? Яна з Візантыі. Балет — з Парыжа. Прабачце, а што ўвогуле ў Расіі прыдумалі?! Зразумейце, справа не ў гэтым. Проста Расія дала гэтаму ўсяму магутнасць, глыбіню. Дала дастаеўскіх. Пушкіна таксама ў дзяцінстве клікалі французам. Еўропа прыдумвае формы, а наш мужык чухае патыліцу, падымаецца і дае гэтаму моц. Гэта тое, што называецца расійскім мастацтвам…

— Біцца — ваша крэда?

— Па галаве магу даць, часам трэба бывае… У добрага аўтара Толкіена ёсць такая думка: мы павінны дамагацца раўнавагі сіл дабра і зла, каб пакінуць для сваіх сыноў кавалачак прасторы, дзе яны маглі б пачаць рубіцца за дабро… Я не Астроўскі, “каб не было пакутліва балюча…” — увесь гэты пафас я не вельмі люблю. Галоўнае, каб мой палутарагадавалы сын потым не сказаў, што яго бацька быў, прабач, дзярмом. Гэта самае галоўнае…

 

Дарэчы, тады ж даведаўся, што “ДДТ” мог прыехаць у Мінск і годам раней, але канцэрт забаранілі. Зрэшты, не толькі ў Мінску — гурт Шаўчука забаранялі па ўсім Савецкім Саюзе: у Маскве, Палтаве, Чабаксарах… Але, як заўважыў Юра, “часы цяпер мяняюцца штомесяц”. І яно насамрэч было так, бо ў разгары была гарбачоўская “перабудова”.

ІНТЭРВ’Ю З ПЕЦЯРБУРГА Ў МАСКВУ

З таго часу і пачалося нашае знаёмства-таварыства. Мы бачыліся і гутарылі практычна штогод, у Мінску, Пецярбургу, Маскве… Так, да прыкладу, у 1991 годзе адзін рыжскі часопіс замовіў мне інтэрв’ю з Шаўчуком. Прыехаўшы ў Пецярбург, я спыніўся дома ў Юры. Праўда, патрапіў да яго не адразу: уваходны званок не працаваў, а бліжэйшы таксафон знаходзіўся ў дзясяці хвілінах ад дома. Патэлефанаваў. Хоць была гадзіна дня, Шаўчук яшчэ спаў. Ён — класічная “сава”. Пасля ўжо патлумачыў: “Трэба было ў вакно грукацца”. Жыў Юра на першым паверсе ў камуналцы ў доме пабудовы 1837 года. Яго жонка Эльміра ў той час разам з маленькім сынам знаходзілася ва Уфе. Ёй будзе ўсяго толькі дваццаць чатыры гады, калі яе не стане — анкалогія. У тым жа 1992 годзе Юра прысвеціць ёй, мусіць, самы светлы альбом “ДДТ” — “Актриса Весна”: на вокладцы дыска будуць змешчаны малюнкі Эльміры і яе партрэт…

Пражыў я ў Шаўчука пару дзён. З таго, што цяпер прыгадваецца. У яго суседа быў папугай, які мог гаварыць чалавечым голасам. Юра жартаваў: “Папугаі трыста гадоў жывуць. Навучыць бы яго песні “Родина”. Уяўляеш: мяне ўжо не будзе, а папугай будзе маім голасам спяваць: “Родина, еду я на родину!..” Ці вось прачынаемся нараніцы (трэба сказаць, Юра засынаў таксама класічна — з уключанай лямпай каля канапы і кнігай у руках) і п’ём гарбату — шклянку, другую, трэцюю, пятую. Ад кавы я ўжо адмовіўся. Потым Юра прапанаваў прагуляцца па Неўскім праспекце. “Даўно не гуляў!” — патлумачыў. На вуліцы многія пазнавалі яго. Падбеглі, напрыклад, школьнікі: “А вы будзеце выступаць?” Але, відаць, рэдка хто верыў, што гэта той самы Юрый Шаўчук. Нейкі хлопец папрасіў закурыць. “Дужа ты на Шаўчука падобны”, — заўважыў. У адказ Юра паціснуў плячыма. “А ты яго творчасць паважаеш?” — “Ну, у прынцыпе, так”. — “Малайчына!” — хлопец ухвальна пляснуў Шаўчука па плячы…

Дома нас чакаў боршч і пірог, што прыгатавала Юрына мама (Фаіна Акрамаўна жыла ў тым жа доме і нават у тым жа пад’ездзе, толькі ў іншай кватэры)… Увечары, калі мы нарэшце сабраліся размаўляць, па тэлевізары пачалася захараўская карціна “Убить дракона”. “Вельмі хацеў гэты фільм паглядзець!” — узрадаваўся Юра. А тут так недарэчы маё інтэрв’ю! Да таго ж сёння мой цягнік на Мінск. І вось задаю пытанне за пытаннем, а Юра адказвае хутчэй механічна, не ў звычайнай сваёй манере гаварыць разважаючы:

— Як ты вучыўся ў школе?

— Па-рознаму. Больш марыў ды глядзеў у акно. Урокі часта прагульваў. Біцца таксама даводзілася. У нас ва Уфе пастаянна адбываўся гвалт дужых над слабымі. Я ўсё гэта вельмі глыбока перажываў у душы. Увогуле, я рос даволі слабым хлопчыкам. І па першым часе мне шмат даставалася, гэта значыць, бойкі я прайграваў. Потым ўсё змянілася, як гэта звычайна і бывае: спачатку цябе б’юць, потым — ты.

— Ты ўпарты?

— Так, мяне даволі часта характарызуюць гэтым словам. Але ўпарты толькі тады, калі цалкам перакананы ў сваёй праваце.

— А ці часта дакараеш сябе за мяккаць характара?

— Здараюцца такія сітуацыі, калі мне падаецца, што трэба было паступіць больш жорстка. Але на самай справе я хутчэй дакараю сябе за мяккасць, якая часам ува мне праяўляецца. Залішняя мяккасць робіць столькі ж зла, колькі і залішняя жорсткасць…

 

Адным словам, гутаркі тым разам не атрымалася, таму дамовіліся сустрэцца праз нейкі час у Маскве, дзе ў “ДДТ” планаваліся канцэрты. Трэба патлумачыць, што размаўляць з Шаўчуком было кожнага разу надзвычай цікава (правільней казаць — слухаць Шаўчука), але не ў любы момант можна было распачаць тую гутарку — трэба было злавіць той настрой, калі ён гатовы да шчырай размовы. Як тады ў Маскве, калі сустрэліся пасля канцэрта ў грымёрнай. Юра гаварыў:

 

— Мая самая любімая культура — крыта-мекенская. Мне ўсё там падабаецца: якое месца займала жанчына ў грамадстве, чым яна займалася і нават тое, як апраналася. Такі позні матрыярхат. Мне не падабаецца ў сучасных жанчынах найперш танная, дурная эмансіпацыя, якая шмат у чым навязаная жыццём, сацыяльнымі ўмовамі мясцовага характара. Сапраўды — хоць гэта, мабыць, банальна гучыць, — але ў жанчыне мала жаноцкасці. Эмансіпацыя можа быць дарэчы ў Амерыцы, яшчэ недзе, дзе эмансіпіраваная жанчына абаронена грамадствам, законамі. У Расіі ж жанчыне патрэбная падтрымка, яна павінна быць з мужчынам і плаціць яму за абарону. Калі побач няма мужчыны, гэта, канешне, трагедыя. І эмансіпіраванасць шмат у чым вызначаецца гэтым. У нас, увогуле, Сярэднявечча — па характары ўзаемаадносінаў: я, мой дом, мая сям’я — усё! Велізарны плот і гэтак далей… Напэўна, у сярэднія вякі нарадзілася каханне ў сённяшнім разуменні: вельмі лірычны стан, звязаны з рэўнасцю, адчуваннем уласнасці чалавека, якога кахаеш, з гэткім гіпертрафіраваным пачуццём. І гэта ёсць ва ўсіх нас. І пачынаеш разумець, што ты не маеш рацыі, нават горш — калі ўжо, што называецца, насек дроў і разбіў сям’ю…

Увогуле, пра жанчын можна гаварыць гадзінамі. Дый што там гадзінамі — мы ім жыццё прысвячаем!.. На дадзены момант для мяне існуе адзіная жанчына — мая маці. І яшчэ сястра. Гэта мае самыя блізкія людзі. Вядома, у мяне ёсць і добрыя сябры сярод жанчын, у самым чыстым разуменні гэтага слова. Гэта, як правіла, людзі, якія пішуць, займаюцца творчасцю. Мы з імі маем выключна духоўныя стасункі.

— А ці памятаеш першае сваё каханне?

— Памятаю, канешне. Я вучыўся ў першым класе. Я дужа пакутаваў, як ні дзіўна, бо прадмет майго кахання быў вельмі какетлівы. І гэта, напэўна, былі першыя моманты рэўнасці... Пазней у нас у класе была самая прыгожая дзяўчынка школы, у якую былі закаханыя практычна ўсе. Мяне гэта таксама не абышло. Але я гэтага ніколі не выказваў. Я, увогуле, быў даволі скрытны хлопчык і перажываў у сваёй душы без сведкаў. Цяпер разумею, што гэта вельмі многа дало мне для больш тонкага ўспрыняцца сусвету, дало нейкае разуменне жыцця. Таму што калі тваё каханне не мае ўзаемнасці, чалавек значна больш атрымлівае духоўна. Калі каханне не выплёскваецца на паверхню, у чалавеку адбываецца каласальная праца. Для чалавека творчага вельмі важнае каханне без узаемнасці. Я прыйшоў да высновы, што ўсё-ткі лягчэй кахаць самому, чымсьці быць каханым. Таму што калі цябе кахаюць, а ты — не, гэта дужа пакутліва. Калі ты, вядома, не пераступаеш цераз людзей. А самому кахаць — гэта выхоўваць душу. Пакуты — гэта і ёсць тая выдатная глеба, на якой ўзрастае асоба. Гэта законы жыцця. Нельга, каб усё ішло як па масле. Іначай чалавек вырастае раўнадушным…

 

АД ІМЯ “ПАКАЛЕННЯ ДВОРНІКАЎ І ВАРТАЎНІКОЎ”

Зрэшты, паколькі мы бачыліся даволі часта, Шаўчук мо праз які-небудзь дзясятак-другі інтэрв’ю аднойчы папікнуў: “Што ты ўсё пра нас ды пра нас пішаш? Ты б лепей больш пра маладых пісаў”. З таго часу мы хоць па-ранейшаму сустракаліся, але нейкі перыяд інтэрв’ю я ўжо не рабіў. Праўда, аднойчы ў нас з ім узнікла ўсё ж узаемная зацікаўленасць у публікацыі. А ўсё таму, што падчас выступлення ў Мінску Юра прапанаваў гледачам дасылаць запіскі з пытаннямі, але ні на адно з іх не адказаў, бо з-за пражэктараў не заўважыў кошыкаў, што стаялі на авансцэне і куды гледачы клалі запіскі. І як жа ён быў здзіўлены, калі пасля канцэрта ў грымёрную прынеслі ажно дзва кошыкі, якія былі запоўнены паперкамі! Вось я і прапанаваў: Шаўчук адказвае на пытанні гледачоў, а я друкую яго адказы ў “Белорусской деловой газете”. Юра ахвотна пагадзіўся…

— Здараецца так, што “по нулям кислород и бензин”?

— Здараецца. Але кіслародную падушку я, канешне, у сябе пад ложкам не трымаю. Мяне выратоўваюць сябры і добрыя людзі, якіх у сапраўднасці значна больш. Проста дрэнныя людзі больш бачныя і смярдзючыя. Таму і здаецца, што іх болей.

— Ці не здаецца вам, што рускім рокерам, “пакаленню дворнікаў і вартаўнікоў”, паветра свабоды не надта пайшло на карысць? Наташа.

— Наташа, колькі горычы і самоты!.. Мы дасюль разбіраемся, што ж такое свабода. І ніхто, па-мойму, не ведае дакладнага адказу на гэтае пытанне… Асабіста я вельмі шмат разважаю на гэтую тэму. І, на мой погляд, свабода — гэта найперш адказнасць. Па-другое, гэтае вызначэнне вельмі цесна звязана з сэнсам жыцця. Гэта, мабыць, вельмі роднасныя рэчы… Нам Гасподзь дараваў свабоду выбару, дарагая Наташа, паміж дабром і злом. Свабода не азначае — што хачу, тое і раблю. Свабода значыць — выбіраю дабро. А мы часам выбіраем зло. Вось у чым самота свабоды. І мне здаецца, што маё “пакаленне дворнікаў і вартаўнікоў” разбіраецца ў гэтым крыху лепш, чым пакаленне, якое абрала “пэпсі”. Таму што новае пакаленне найчасцей прагне толькі задавальнення. А гэта, пагадзіцеся, суцэльны эгацэнтрызм.

 

КНІГА ПРА “ДДТ”

Быў кастрычнік 1993-га. Тым разам я прыехаў да Шаўчука, каб пераканаць яго толькі ў адным — мне карцела напісаць кнігу пра “ДДТ”, і я хацеў атрымаць не тое, што дазвол Шаўчука, — ягонае, так бы мовіць, блаславенне. Юра жыў пад Пецярбургам, у Рэпіне, дзе месцяцца лецішчы сябраў Саюза кампазітараў. Сустрэўшыся ў офісе “ДДТ” на вуліцы Пушкінскай, паехалі ў Рэпіна. Зрэшты, у горад я тым вечарам больш не вярнуўся, бо на лецішчы нас чакала пачатая пляшка гарэлкі, якая дужа засмуціла мяне. Рэч у тым, што ўсе, хто быў блізкі да “ДДТ” у той час, ведалі, што ў Шаўчука бываюць даволі працяглыя перыяды, калі ён вядзе абсалютна цвярозы лад жыцця (прыгадваецца, што ў яго камуналцы вісела карціна, на якой быў намаляваны жудаснага выгляду дзік, і тут жа быў, здаецца, такі надпіс: “Свіння той, хто спойвае Шаўчука”). Праўда, якраз у адзін з такіх перыядаў мы пасварыліся з Шаўчуком. Ён тады прыехаў у Мінск, і я, як звычайна, падараваў яму фотаздымкі, што зрабіў падчас мінулага канцэрта. Але Юру іх якасць даволі моцна засмуціла. “Нешта яны ў цябе шэрыя”, — сказаў ён. Я патлумачыў, што рабіў іх на таннай фотапаперы, бо грошай у мяне нямнога. “Стары, — Шаўчук часта так да мяне звяртаўся, — мастацтва нельга рабіць малымі сродкамі”. І нават плакат гэткім жа чынам пасля мне падпісаў. Праз гэта мы не тое, што разышліся, але, ва ўсялякім выпадку, не паразумеліся.

І вось цяпер, заўважыўшы пачатую пляшку, я асцярожна заўважыў: “Юра, ты ж не п’еш”. Шаўчук адказаў афарыстычна-мудра: “Стары, я зразумеў, што мастак не можа быць манахам”. У той час ён працаваў над новым альбомам і цяпер, уключаючы магнітафон, на які былі запісаны “балванкі” новых песень, спяваў іх пад гітару: “Ты не один”, “Что нам ветер…” Гэтыя песьні адразу лёгка і ўтульна леглі на душу, і я прасіў Шаўчука яшчэ і яшчэ раз спець іх… У тую ноч мы доўга сядзелі і гаманілі. Ужо потым Юра сказаў, што тут недалёка Фінскі заліў, на які вельмі добра глядзець, стоячы пад зорным небам. “Давай пойдзем”, — ахвотна пагадзіўся я. “Не, стары, да заліва трэба ісці аднаму!” — філасофскі хмыкнуў Шаўчук. Ну, калі аднаму, дык аднаму. Я пайшоў. А калі вярнуўся, Юра ўжо спаў… Нараніцы я не стаў яго будзіць, а ціха сабраўся, бо ўдзень ішоў мой цягнік на Маскву.

Ужо пазней даведаўся, што і Шаўчук праз некалькі дзён ірвануў уначы на машыне ў Маскву — пасля таго, як убачыў па тэлевізары, што танкі страляюць па “Белым доме”, ёсць забітыя і параненыя… Мабыць, мы былі ў той час недзе побач і, можа, разам траплялі пад аўтаматныя чэргі ці адзіночныя стрэлы снайпераў, якія паселі ў высотках уздоўж Кутузаўскага праспекта. Ужо потым Шаўчук напіша пра гэта песню “Правда на правду”:

 

…И справедливость думала занять чью-либо сторону.

Потом решила, как всегда, пусть будет смерти поровну.

Да погибали эти окна, эти крыши первыми.

Все пули были здесь равны, все мысли верными.

 

Аплодисменты, бис, везде ревело зрелище.

Стреляло право по беде — увидишь где ещё…

 

Але я забыўся сказаць яшчэ пра кнігу. Я так і не змог пераканаць Шаўчука, што здолею напісаць яе. “Стары, — казаў ён, — разумееш, ты не пісьменнік”. На мяне нібыта вылілі цэбар сцюдзёнай вады. Мусіць, я павінен быў бы пакрыўдзіцца, але Шаўчук, канешне, меў рацыю. Зрэшты, усё ж такі не зусім, бо я і пасёння думаю, што дарэмна ён тады ў мяне не паверыў. Затое ў хуткім часе паверыў іншаму журналісту, якога зусім не ведаў. Юра потым расказваў мне: з’явіўся чалавек з вар’яцкімі вачыма, ён жыў недзе на поўначы Расіі, у яго была свая газета, якую ён прадаў, і, прыехаўшы да Шаўчука, сказаў, што хоча напісаць кнігу пра “ДДТ”. “І ты ведаеш, стары, я яму паверыў”, — гаварыў Шаўчук, які паведаміў таму журналісту тэлефоны сваіх сяброў. “Ён і табе патэлефануе”, — дадаў.

Пасля я бачыў тую кнігу — я добрасумленна прачытаў пяцьдзясят старонак адтуль, болей не змог. Юра прачытаў, мусіць, усю кнігу, але яна — гэтая кніга пра “ДДТ” і Шаўчука — так і не сталася прадметам гонару ні “ДДТ”, ні Шаўчука… Адказваючы тады ў Мінску на запіскі гледачоў і, у прыватнасці, на пытанне, у якім прыгадвалася гэтая кніга, Юра папрасіў: “Не чытайце гэтую дурную кнігу! Яе аўтар — вар’ят, даруй мне, Гасподзь. Ён такога “нагарадзіў”!.. Лепш слухайце нашы песні. Там усё праўда”.

 

“ТРОЙЦА МОЖА БЫЦЬ ТОЛЬКІ АДНА”

І гэта ж дзякуючы Шаўчуку пачаў набываць вядомасць гурт “Тройца” (тады яшчэ ў складзе Івана Кірчука, Дзмітрыя Лук’янчыка і Віталія Шкілёнка). У той прыезд у 1996-м “ДДТ” выступалі ў канцэртнай зале “Мінск”. Яшчэ ўдзень Шаўчук папрасіў прынесці аўдыязапісы беларускіх музыкантаў, каб выбраць некага, хто б выступіў на пачатку канцэрта. Запісы тыя хутка з’явіліся, і Юра адкідаў касету за касетай, кожнага разу кажучы адно і тое ж недрукаванае слова, і спыніўся толькі тады, калі пачуў “Тройцу”. Ужо пазней ён запрасіў гурт у Пецярбург на фестываль “Песні канца ХХ стагоддзя”, які ладзіў “Тэатр “ДДТ”. І хоць вядучым тады быў шоўмэн з “Аўкцыёна” Алег Гаркуша, Шаўчук сам аб’явіў беларускіх музыкантаў, а падчас адной з песень пусціўся ў скокі прама на сцэне…

Зрэшты, калі гурт распаўся (першы яго склад), Юра па-філасофску заўважыў: “Тройца можа быць толькі адна”.

 

ВЕНІЯМІН БЛАЖЭННЫ

Варта ўзгадаць яшчэ імя Веніяміна Айзенштата, які пісаў пад псеўданімам Блажэнны. Сталага веку, Веніямін Міхайлавіч жыў у Мінску на вуліцы Караля. Яшчэ 24-гадовым юнаком быў частым госцем у Барыса Пастэрнака, які высока цаніў паэта-пачаткоўца. Узнёслыя словы пра яго паэзію казалі Арсеній Таркоўскі і Віктар Шклоўскі. А між тым у Беларусі яго практычна не ведалі. Веніямін Міхайлавіч цяжка хварэў і ў апошнія пятнаццаць гадоў не выходзіў з дому.

Пра яго Шаўчук даведаўся, мусіць, у рэдакцыі пецярбургскага часопіса “Петрополь” (ва ўсялякім выпадку, казаў, што сустрэцца з Айзенштатам яго папрасілі ў “Петрополе”). Пазнаёміў жа яго з паэтам Іван Іванавіч Паланейчык, арганізатар большасці мінскіх канцэртаў “ДДТ”. Я пачуў пра Веніяміна Міхайлавіча ўжо ад Юры. І гэта ж дзякуючы Шаўчуку выйшла ў 1994 годзе кніга Блажэннага “Сораспятье”, прычым з’явілася неверагодным накладам — дваццаць тысяч асобнікаў. Гэта сталася магчымым дзякуючы падтрымцы кіраўніка кампаніі “Нов & К” Валерыя Новіка, з якім Шаўчук пазнаёміўся, трэба сказаць, выпадкова. І вось праз гэтае знаёмства і сталася магчымай кніга Блажэннага, а пазней і дакументальны фільм рэжысёра Сяргея Галавецкага “Вениамин Блаженный”. Такім чынам, дзякуючы менавіта Шаўчуку імя Веніяміна Міхайлавіча стала больш шырока вядома хоць бы ў апошнія гады яго жыцця.

 

ВАСІЛЬ БЫКАЎ

Ліпень 2003 года. Тыдзень таму не стала Васіля Быкава. Перад канцэртам я прапанаваў Шаўчуку завітаць да Ірыны Міхайлаўны Быкавай. І хоць у гасцях мы былі нядоўга дый асаблівых гутарак Шаўчук і Ірына Міхайлаўна не вялі, але сама атмасфера быкаўскай кватэры і найперш кабінета Васіля Уладзіміравіча, які сотнямі кніг і фотаздымкаў зберагаў памяць пра гаспадара, відавочна ўразілі Юру. “Я нібыта ў храме пабываў”, — сказаў ён сыходзячы.

Ужо падчас канцэрта Шаўчук сказаў, што  прысвячае “Пластуна” сапраўднаму салдату Васілю Быкаву. Стадыён падняўся.

Мне страна ворковала о сыновней любви,

Вытирая платочком сухие глаза,

Сморкаясь в кровавое вымя зари,

Поминая героические имена,

Прикрепляя медаль на дырявую грудь…

 

Пасля канцэрта, усхваляваны, ён запытаўся: “Ты бачыў, калі я сказаў, што песня прысвячаецца Васілю Быкаву, партэр адразу ўстаў?! Я душэўна быў крануты гэтым”. На маёй памяці гэты быў першы выпадак, калі Шаўчук ахвяраваў некаму сваю песню.

Між іншым, той канцэрт доўжыўся дзве з паловай гадзіны, і аднаму Богу вядома, чаго гэта каштавала Шаўчуку. Рэч у тым, што напярэдадні ён патрапіў у аварыю і сур’ёзна пашкодзіў калена. Ужо ў дзень канцэрта ўрачы выдалі яму здымны гіпс. На сцэну і са сцэны Юра мог падымацца толькі з нечай дапамогай. І таму за некалькі хвілін да канцэрта вырашаў: ці казаць гледачам пра праблемы з нагой? Калі не скажа, разважаў, гледачы вырашаць, што Шаўчук, маўляў, пастарэў, бо ні танцаваць, ні рухацца ўжо не здольны. А пасля жартам казаў, што апране шорты, каб быў бачны гіпс. “Не, не будзем на шкадаванне націскаць”, — усміхнуўся. Я яшчэ запытаўся ў Юры, калі ён, кульгаючы, падыходзіў да сцэны: “Як жа ты будзеш выступаць?” — “Пра гэта ўмомант забудуся, бо на сцэне ў крыві адразу з’яўляецца адрэналін”. Зрэшты, так яно і выйшла — Шаўчук так разышоўся, што я й забыўся, на якую ж нагу ён перад тым кульгікаў…

Ужо потым, падчас прэс-канферэнцыі, Юра сказаў: “Калі даведаўся, што Васіль Быкаў, царствіе нябеснае, памёр, вырашыў абавязкова прысвяціць яму песню. “Пластуна” абраў таму, што Васіль Быкаў быў франтавік, баец і воін. Да таго ж у ім была вялікая ўнутраная свабода, якую і мне хацелася б не згубіць. Дзівосны чалавек, дзівосная асоба. Мне заўсёды падабаліся людзі, якія не хадзілі строем. Нават на вайне. Людзі, якія і думалі іначай. Прычым неістотна — памыляецца чалавек ці не. Важна, што ў ім ёсць нешта такое, што зачароўвае. Важна, што ў ім ёсць праўда, магутнасць, моц, інтэлект і сумленнасць. Сумленнасць найвысакародная. Можна толькі ўявіць, які існаваў у той час прэсінг у літаратуры: сацрэалізм, крок улева, крок управа — расстрэл. А чалавек пісаў пра вайну сапраўдную праўду. І пісаў не пра тую вайну, пампезную і гераічную, а пра вайну гераічную, але не пампезную. Гэта розныя рэчы. Гэта дарагога каштуе. І памёр 22 чэрвеня, у дзень пачатку вайны. Гэта, дарэчы, варта песні”. І пасля ўжо папрасіў неяк перадаць яму кнігу Быкава і пажадана, каб з дарчым аўтографам Ірыны Міхайлаўны “для Юры”.

 

* * *

Падчас нашай апошняй сустрэчы Шаўчук папісаў мне на кнізе “Поэты русского рока”: “Сергей, надеюсь твоё почитать!” З таго часу мы больш не бачыліся, і ён, канешне, не ведае, што за мінулае дзесяцігоддзе ў мяне з’явілася нават не адна ўжо кніга. Мо калі-небудзь мы яшчэ сустрэнемся, і я падарую яму адну са сваіх кніг. І толькі крыху шкада, што гэта не будзе кніга пра “ДДТ” і пра тыя часы, калі мы былі маладыя і калі жыццё здавалася бясконцым. Бо такую кнігу я так і не напісаў.