it cz lt rb
ua fr pl en
se by
траўня 30

Перадрук з Еўрарадыё

Генадзь Бураўкін змагаўся з анкалагічнай хваробай некалькі месяцаў. Апошні раз ён быў на публіцы ў студзені гэтага года, у кафедральным касцёле Панны Марыі на вянчанні Паўла Севярынца і Вольгі Шылак.
Пазычыў маладым шчасця, а сам літаральна праз пару дзён лёг на аперацыю. Пасля была рэанімацыя, паляпшэнне і выпіска дахаты, пасля некалькі тыдняў у коме ў шпіталі. Апошнія тыдні Генадзь Мікалаевіч правёў дома, з жонкай, дзецьмі і ўнукамі.
Лета 2013 года
Амаль кожны дзень да хворага паэта прыходзіў ягоны сябра, літаратуразнаўца Сяргей Шапран. Бураўкін сам папрасіў Шапрана задаваць яму любыя пытанні пад дыктафонны запіс, каб захаваць як мага больш успамінаў і дэталяў.
Дзён дзесяць таму Генадзь Мікалаевіч перадаў Шапрану два нататнікі з вершамі апошніх гадоў. Апошні верш там быў датаваны 21.12.2013 — і пасля гэтага Бураўкін не напісаў ужо нічога. Паэт выказаў фактычна апошняе жаданне: пабачыць гэтыя вершы надрукаванымі ў кнізе. І Шапран зрабіў немагчымае: за некалькі дзён расчытаў не самы разборлівы почырк Бураўкіна (а паэт заўжды пісаў вершы алоўкам), набраў, вычытаў. Паэт Уладзімір Някляеў выступіў рэдактарам кнігі. Мастак Зміцер Гупянец тэрмінова зрабіў вокладку, Кастусь Лісецкі звярстаў, а выдавец Генадзь Вінярскі адклаў усе іншыя справы і надрукаваў.
Такое хуткае выкананне жадання стала магчымым і дзякуючы дапамозе мецэната Паўла Бераговіча.
 
І два дні таму, у аўторак, здарыўся цуд: праз 7 дзён пасля агучанай просьбы Генадзь Бураўкін патрымаў у руках сваю апошнюю кнігу “Нагаварыцца з зоркамі”. Яна была неймавернымі намаганнямі надрукаваная ў адным (!) асобніку спецыяльна для яго. Цяпер друкуецца ўвесь наклад.
Генадзь Бураўкін у сваім жыцці шмат папрацаваў чыноўнікам. І неаднойчы казаў, што праз гэта засталіся недапісанымі сотні вершаў. Але яго апошняя воля была застацца найперш паэтам.
Бывайце, паэце!
Даведка Еўрарадыё
Генадзь Бураўкін нарадзіўся ў 1936 годзе на Расоншчыне. Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. Працаваў у “ЛіМе”, “Праўдзе”, узначальваў часопіс “Маладосць”, 12 гадоў быў кіраўніком Белтэлерадыё. У 1990—1994 — прадстаўнік Беларусі пры ААН. Пасля гэтага непрацяглы час быў намеснікам міністра культуры, дарадцам віцэ-прэм’ера. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў і ПЭН-цэнтра.

Голас Генадзя Бураўкіна.

Верш "Хоць не закончаны раман..." (крыніца: Блог Глеба Лабадзенкі)

Відэа: Генадзь Бураўкін апавядае пра сваю працу ў "Праўдзе"

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Малы Генадзь Бураўкін у вышыванцы.
З мамай, татам і сястрой.
Генадзь Бураўкін (стаіць чацверты справа) падчас сустрэчы з Коласам. Дарэчы, першы злева ў верхнім шэрагу – Ніл Гілевіч.
Студэнт Генадзь Бураўкін.
Шчаслівы татка.
З дзецьмі Аляксеем і Святланаю.
З Аркадзем Куляшовым.
З Яўгенам Еўтушэнкам.
З Пятром Машэравым.
З Іосіфам Сярэдзічам і Васілём Быкавым.
Злева направа: скульптар Генадзь Буралкін, , Уладзімір Мулявін, Генадзь Бураўкін і скульптар Станіслаў Ларчанка ў Нью-Ёрку.
З унукамі Машай і Іванам.

Са Станіславам Шушкевічам.

З Васілём Быкавым (у цэнтры) Бураўкін (злева) сябраваў да апошняга дня народнага пісьменніка. Справа сядзіць Рыгор Барадулін. Усіх траіх ужо няма на гэтым свеце. Фота Сяргея Шапрана, 2003 год.
За партаю роднай школы ў Полацку. Фота Глеба Лабадзенкі.
Каля роднай школы ў Полацку. Фота Глеба Лабадзенкі.
На магіле таты. Фота Глеба Лабадзенкі.
З мамай і сястрой. Мама Феадосія Ягораўна памерла некалькі месяцаў таму на 101-м годзе жыцця. Фота Глеба Лабадзенкі.
За сяброўскім вогнішчам у лесе.
Генадзь і Юлія Бураўкіны былі разам 55 гадоў. Фота Сяргея Шапрана.
У 2006 годзе пісьменнік Алесь Масарэнка (справа) уратаваў Бураўкіна, калі ў таго спынілася сэрца на судзе супраць Саюза пісьменнікаў. Фота Глеба Лабадзенкі.
Большасць вершаў была напісаная тут, на лецішчы ў Крыжоўцы. Фота Глеба Лабадзенкі.
Практычна ўся сям’я ў зборы.
На лецішчы ў Крыжоўцы. Фота Глеба Лабадзенкі.
У лякарні "Аксакаўшчына". Фота Глеба Лабадзенкі.
Тэгі: