it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 20

Глеб Лабадзенка, фота, відэа аўтара, для TUT.BY

Рыгора Барадуліна не стала 2 сакавіка, на 80-м годзе жыцця. Тысячы беларусаў прыйшлі развітацца з Паэтам у Чырвоны касцёл. Сотні ягоных землякоў праводзілі дзядзьку Рыгора ў апошні шлях на Бутаўскіх могілках у Вушачах, дзе ён спачыў побач з мамай.

28 сакавіка Лятучы Універсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” ладзяць публічную лекцыю памяці Рыгора Барадуліна – у межах цыкла Urbi et Orbi (“Гораду і свету”). Паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла звернецца да прысутных з лекцыяй “Голас і логас Рыгора Барадуліна: лекцыя з чатырма лірычнымі адступленнямі”. Ці ацанілі мы напоўніцу, з кім жылі побач? Як разгадаць мову Барадуліна? У чым тайна і чараўніцтва вобраза Маці ў барадулінскай паэзіі? Прыходзьце на лекцыю 28 сакавіка (пятніца), 18.30, Галерэя Ў (Незалежнасці, 37а), уваход вольны. Напярэдадні лекцыі – гутарым з Міхасём Скоблам.

“Барадулін і без усякіх званняў народны, народней не бывае”

Спадар Міхась, Рыгор Барадулін – той выпадак, калі паэта напоўніцу ацанілі ўжо пры жыцці. Што да гэтых шматлікіх ацэнак і параўнанняў, эпітэтаў і ўсхваленняў можа дадацца цяпер, калі дзядзькі Рыгора не стала?
Міхась Скобла: Ты маеш рацыю – Рыгор Барадулін ацэнены прыжыццёва, што з сапраўднымі паэтамі не так і часта здараецца. Ацэнены як чытачамі, так і той беларускай уладай, якая так нядоўга пакіравала краінай у пачатку 90-х. І якая сваю беларускасць засведчыла менавіта наданнем звання народнага паэта Барадуліну. Неяк я загаварыў пра гэта са Станіславам Шушкевічам, і ён сказаў, што тою пастановай ён проста замацаваў відавочнае – Барадулін і без усякіх званняў народны, народней не бывае. Іншая справа, што народу, каб зразумець свайго паэта, трэба трошкі глуздамі паварушыць. За савецкім часам стварыўся стэрэатып, што беларуская літаратура ў масе сваёй патрыярхальна-вясковая, яе героі ледзь не ўсё ХХ стагоддзе аборай хлеб кроілі. Гэта, вядома ж, не так. У процівагу такім цверджанням я мог бы назваць дзясяткі імёнаў. Але дастаткова назваць аднаго Барадуліна, творчасць якога і паводле самых высокіх рахункаў мае найвышэйшы знак якасці, гэта залаты запас нашай культуры. Барадулінская паэзія акумулявала ў сабе і беларускую мудрасць, і беларускую дабрыню, і беларускі досціп. Усё наша шматпраяўнае беларускае быццё адлюстравалася ў ёй, і глядзім мы з радасным здзіўленнем на тое адлюстраванне: а мы, аказваецца, і цікавыя, і самадастатковыя, і нябедныя, і хадзіць нам у пазыкі да чужога дзядзькі не варта. Паводле сваёй метафорыкі, вобразатворчасці сваёй Барадулін папросту не мае сабе роўных. Беларусі ён дадзены як бы навырост. Чытаючы і спасцігаючы яго, мы будзем расці – і духоўна, і нацыянальна.
skobla2
Барадулін – рэдкі прыклад таго, як чалавек захаваў цудоўную творчую форму ажно да апошніх дзён. Які сакрэт гэтага, на вашую думку?
Міхась Скобла: Мяне самога барадулінская працаздольнасьць заўсёды зьдзіўляла. Яго творчы агмень нават хвароба – шматгадовая і страшная – не змагла патушыць. Ужо асадку ледзь трымаў, а працягваў пісаць. Што яму сілы давала? “Талент – заданне Бога, і яго трэба выканаць у любых умовах,” – гэта словы паэта Яўгенія Баратынскага. Вось і Барадулін Божае заданне выконваў да апошніх сваіх дзён. Ці дарэшты выканаў – гэта яны на нябёсах між сабой разбяруцца… А што Барадуліна апрача Божых заданняў натхняла – тут мы можам толькі свае мізэрныя дапушчэнні рабіць. Як на маю думку, крыніцай творчай энергіі для яго была сама мова. Дзіўна нібыта гучыць – з мовы вершы ляпіў і ёю ж натхняўся. Але ў мове назапашаная каласальная энергія – за тысячагоддзі яе існавання. І часам адно слова, як крэсіва, высякае патрэбную іскру. Так лёгкае і трапяткое слова “матылёк” дапамагло Барадуліну напісаць аднайменны верш-шэдэўр: “Лілею млявы плёс люляе”… У тым вершы незвычайны гукапіс; мова прызнала паэта за свайго і дапусціла ў свае запаснікі. Там ён сваю смагу спатольваў, там яму было і гаркотна, і хмельна. Што да хмелю іншага, які часам для творцаў допінгам служыць, то тут з боку Барадуліна была поўная ігнарацыя. Прызнаюся, мяне гэта цікавіла. Аднойчы ў архіве Ларысы Геніюш я знайшоў верш з прысвячэннем Барадуліну. Ён гучаў, як замова:
…Праз час, прастор крычу здалёк –
не пі, Рыгор, не пі, сынок!
Не п’юць жа людзі ля стырна,
і ксёндз не п’е ля алтара.
Хто піў, той без пары замоўк…
Не пі, Рыгор, не пі, сынок!
І так праз увесь верш ішло рэфрэнам: не пі, не пі, не пі… Я той верш скапіяваў і прыхапіў з сабой, калі ішоў да Барадуліна. “Дзядзька Рыгор, – пытаюся так сабе ненавязліва, – а як вам удалося раз і назаўсёды з Бахусам развітацца?” – Адказ прагучаў непераканальна, па-мойму, нават для яго самога, маўляў, сваё выпіў у маладосці (Барадулін перастаў увогуле ўжываць алкаголь у 1974 годзе – Г.Л.). Тады я паказаў Барадуліну замову ад Геніюш. Ён прачытаў і пагадзіўся, што сіла мастацкага слова Ларысы Антонаўны сапраўды тварыла цуды. Потым ён гэтую версію ў адным з інтэрв’ю зацвердзіў. Барадулін ад мовы хмялеў, як мы ад віна. Пабочныя допінгі яму былі непатрэбныя.

“Вушачы – гэта Барадулін. І ўжо навечна”

Літаратуразнаўцы адзначаюць, што адзін з асноўных вобразаў у вершах Барадуліна – мама. Чаму так сталася? Мама ж ёсць у кожнага паэта, але не кожны прысвячае ёй сотню вершаў...
Міхась Скобла: Да згаданай табою сотні вершаў дадай унікальную ў кантэксце ўсёй сусветнай літаратуры кнігу “Паслаў бы Табе душу…” – перапіску паэта з маці. Я параіў бы прачытаць яе ўсім сынам і дочкам, бо яна сатканая з любові і пяшчоты. Матчынай і сыноўскай. Маці ўведзеная Барадуліным у почат святых – згадайма яго кнігу “Евангелле ад Мамы”. Ён штодня маліўся да мамы, ён напісаў адмысловую малітву. У мяне ёсць яе дыктафонны запіс, і калі слухаю – перахоплівае дыханне… Аднойчы па дарозе ў быкаўскія Бычкі мы заехалі ў Вушачы, на Бутаўскія могілкі. Барадулін падышоў да помніка з барэльефам Куліны Андрэеўны, абняў яго і пацалаваў. І стаў гаварыць з маці – як з жывою. Мы з Сяргеем Шапранам ажно разгубіліся. Слухаў я і песні ў выкананні Куліны Андрэеўны. Што ні песня – то сюжэт. Думаю, што яна шмат дала сыну як паэту. Ён проста кшталтаваў тыя сюжэты, аздабляў літаратурна. Мне яшчэ са школьных гадоў помніцца барадулінскае “Вушацкае паданне” пра самаахвярнасць матчынай любові, дзе эмоцыі скандэнсаваныя да выбуховасці:
Яны сядзелі каля агню,
кармілі галодны агонь ламаччам,
і сын раптоўна схапіў галаўню
і торкнуў гарачую ў вочы матчыны…
Агонь ні на што не зважаў, балюючы,
ды стала светла аслеплай начы
ад крыку матчынага балючага:

“Сыночак, рукі не апячы!”.

rb-2009

Народны паэт Беларусі каля партрэта маці. Мінск, ліпень 2009 года. Фота: БДАКФФД
Читать полностью: http://news.tut.by/culture/390005.html
Восем радкоў усяго, а здаецца – сонца ўспыхнула і пагасла... З барадулінскіх вершаў, прысвечаных маці, можна скласці цэлую анталогію. І гэта будзе самая незвычайная і самая пяшчотная ў сусветнай літаратуры кніга. Мне здаецца, дзве маці – маці Куліна і маці-Радзіма – пэўным чынам атаясамліваліся ў паэзіі Барадуліна. Адна жыццё дала, другая прыняла ў сваё ўлонне. І сімвалічна, што – поруч з маці, у Вушачах. На развітанні ў Чырвоным касцёле я чуў: Барадулін – вялікі паэт, гонар нацыі, чаму вырашана хаваць у Вушачах? Менавіта ў Вушачах. Па-першае, каля мамы, як і наказваў паэт. Па-другое, выпраўляючыся ў паломніцтва да святыні, чалавек мусіць пераадолець пэўны шлях. Як пераадольваюць яго людзі, кіруючыся ў Святыя Горы да Пушкіна ці ў Зэльву да Ларысы Геніюш.
Вядома, што Рыгор Барадулін як мог узнёс у сваёй творчасці родныя Вушачы. Аднак гэта Вушачы ягонай памяці, як ён прызнаваўся ў гутарках. Ці не чакае расчараванне падарожніка, які, натхнёны Барадулінскай паэзіяй, патрапіць сёння ў гарадскі пасёлак Вушачы?
Міхась Скобла: Барадулін пакінуў нам Вушачы паваенныя і непарушныя – у сваёй творчасці. І не толькі Вушачы, але нават і неба над мястэчкам:
Нават страшна дыхнуць –
маладыя аблокі
над Вушаччынай ціха плывуць.
Вось гэтыя аблокі заўсёды будуць маладзець над тою багаславёнаю зямлёю – і над возерам Вечалле, і над быкаўскімі Бычкамі, і над вуліцай Барадуліна ў Вушачах, дзе засталася хата паэта. Дарэчы, да нядаўняга часу адрэзак вуліцы быў брукаваным, хай бы такім і застаўся. Але начальству на месцы відней – рана ці позна зробяць, каб стала “красіва”, заасфальтуюць... Паэт уславіў Вушачы, як Гамер Трою. Вушачы і мысліліся ім, як і Троя ў гамераўскім эпасе, горадам-крэпасцю, які належыць абараняць да апошняга слова:
Ірве стаеннік павады,
на волю скача.
Мне адступаць няма куды –
за мной Вушача.

І па сканчэнні свайго зямнога шляху паэт не забыўся пра сваю радзіму – ён падараваў сябе Вушачам. Можа быць, гэта яшчэ не ўсвядоміла мясцовая ўлада, але з цягам часу ўсвядоміць. Вушачы – гэта Барадулін. І ўжо навечна.

skobla4

Калі ўжо цяпер ацэньваць творчы даробак Барадуліна, з кім побач, у адзін шэраг вы паставіце яго з нашай літаратуры, культуры?
Міхась Скобла: Не становіцца Барадулін у шэраг, як ты яго ні стаў. Можна, вядома ж, папрасіць яго пастаяць у адной шарэнзе з паэтамі-раўналеткамі, з якімі ён сябраваў. З заглыбленым у гісторыю незвычайным жыццялюбам Уладзімірам Караткевічам, які зрабіў прышчэпку жыццялюбства ўсяму народу. З далікатным і тонкім знаўцам душы чалавечай Міхасём Стральцовым. З пажыццёва задзірыстым (нават на чыноўніцкіх пасадах) Генадзем Бураўкіным… Не, Барадуліна я не бачу ні ў шарэнзе, ні ў шэрагу. Ён сам па сабе, як той зубр-адзінец. Дарэчы, згаданая ўжо Ларыса Геніюш у лістах яго так і называла: “Барадулька мая харошая, шляхотны пабраціме зубра барадатага”. Каб ацаніць усё ім створанае і пакінутае нам як дар, не шкодзіла б заснаваць цэлы Інстытут Барадуліназнаўства. Спадзяюся, у будучай Беларусі такая ўстанова з’явіцца.

“Для суайчыннікаў многіх паэзія Барадуліна як кітайская грамата…”

Мова Барадуліна – прадмет асобнага даследвання філолагаў. Перадапошняя кніга дзядзькі Рыгора – “Вушацкі словазбор”, які ён складаў праз усё жыццё. Як думаеце, ці ёсць там доля “аўтарскай мовы” Барадуліна – ці ўсё насамрэч запісанае і пачутае ў Вушачах?
Міхась Скобла: Калі ў свой час выйшаў у свет зборнік эратычнага фальклору “Здубавецце”, я наўпрост спытаўся ў паэта: ці ўсё там народнае, ці вы трошкі і свайго дадалі? Адказ быў даволі ўхілісты, і я зразумеў, што нават не трошкі. Тое самае, думаю, адбылося і з “Вушацкім словазборам”. Дадумваць за народ – Барадулін меў такое права. Гэта немагчыма высветліць і ўдакладніць, але ў кожнай прыказкі, якімі мы і сёння карыстаемся, быў свой канкрэтны аўтар. Часта беларуская прыказка – гэта міні-твор мастацкі, часам нават рыфмаваны: “Памёр багатыр – за ім ідзе ўвесь мір, а памёр худачок – ідуць поп ды дзячок”; “Хваліўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю – нясуць яго да гаю”; “Буду недакнёнкаю са сваёй даёнкаю”. Хто прыдумаў гэтыя і сотні падобных прыказак? Нехта ж пусціў іх у свет, а народ узяў, як кажуць, на ўзбраенне, штосьці дадаўшы. Так і Барадулін часам пісаў у суаўтарстве з народам. І гэта ёсць найвышэйшы пілатаж для паэта. Пачытай барадулінскі паэтычны цыкл “Бяроза з лістам гаварыла”, прысвечаны, зноў жа, памяці маці.
Грабовыя дошкі
сціснулі ножкі,
сырая зямля
на сэрца лягла”
Гэта фальклор, ці гэта Барадулін? Давай пакінем наша пытанне для будучага Інстытута Барадуліназнаўства. У ім калісьці будзе складзены слоўнік мовы Барадуліна, дзе ўлічацца ўсе яго фразеалагічныя прыдумкі і неалагізмы. А іх – безліч! Толькі ў перакладзе Песні над песнямі Саламонавай я налічыў 68 слоў (!), не зафіксаваных нашымі слоўнікамі. Можна прывесці прыклады барадулінскага словатварэння: хмарабровы далягляд, сонцакрылы жаўранак, прыхмарваць страх, небаўзносіцца хвалой… Тут што ні слова, то алмаз. Барадулін і быў падобны на вытворцу алмазаў. Браў звычайнае слова-шкельца, пакручваў-апрацоўваў яго на сваім варштаце – і дыямент гатовы. Быў майстрам, а сціпла прыкідваўся: “Я быў на паслугах у роднае мовы”. Яны ўзаемна адно другому слугавалі.
skobla3
А гэтая асаблівая Барадулінская мова – ці не можа яна абярнуцца супраць яго ж самога? Я ведаю шмат людзей, у тым ліку беларускамоўных, якія проста не разумеюць некаторых словаў...
Міхась Скобла: А як перакладчыкі напакутваліся – я гэта чуў ад іх саміх. Каб перакласці Барадуліна, перакладчык сам мусіў быць паэтам-творцам мовы, але ўжо сваёй роднай. Вядома ж, Барадулін на іншых мовах – гэта зусім іншы паэт. А ў англійскіх перакладах – увогуле сярэдні паэт, бо перакладалі яго звычайныя ўніверсітэцкія выкладчыкі. Не хачу іх ганіць, рабілася гэта з прычыны заўсёднай беларускай нэндзы. Вядома ж, Нобелеўскі камітэт тыя пераклады адпрэчыў. На жаль, не чытаюць і не разумеюць шведскія акадэмікі па-беларуску. А калі б чыталі і разумелі, то абавязкова ўганаравалі б Барадуліна Нобелеўскай прэміяй у першы ж год вылучэння. Што там перакладчыкі і акадэмікі-замежнікі… Ты маеш рацыю – і для суайчыннікаў многіх паэзія Барадуліна як кітайская грамата. Вось давай выйдзем на мінскія вуліцы і спытаемся ў мінакоў, што такое рум, нагбом, неруш? Наўрад ці хто ведацьме. А гэта ж не проста адметныя беларускія словы, гэта назвы барадулінскіх кніг! Адна рэдактарка, якая ўсё жыццё адпрацавала ў выдавецтве, мне прызналася, што спачатку чытала Барадуліна, разумеючы з пятага на дзясятае, як “Слова пра паход Ігара” ў арыгінале. А потым нічога, прывыкла. Так і народ прывыкне. Яшчэ Герадот у чацвёртай кнізе сваёй “Гісторыі” пісаў пра племя будзінаў, якое жыло ў лясных краях, будавала чаўны, хаты і храмы з дрэва і – дзівавалася з свае ўласнае мовы. Так і беларусы ў свой час задзівуюцца з мовы Барадуліна. Хто ведае, можа Герадот акурат нас і меў на ўвазе…
Апроч уласных вершаў, Барадулін пакінуў па сабе дзясяткі перакладзеных на нашую мову замежнікаў. Аднак часам чытаеш тыя пераклады – і бачыш зноў жа Барадуліна! Так можа быць у перакладах?
Міхась Скобла: Пераклад – мастацтва дзівоснае, і ў ягонай прасторы магчыма ўсё. Збеларушаны Барадуліным паэтычны абсяг велічэзны – ад біблейскай Песні над песнямі Саламонавай да гуллівых латышскіх дайнаў. Адзін пералік паэтаў заняў бы пару старонак. Пераклад з чым толькі ні параўноўвалі – і з пацалункам праз шыбу, і з высахлым сенам, якое толькі ледзь улоўны водар канюшыны захоўвае. У мяне на гэты конт ёсць сваё параўнанне. У Беларусі здаўна ткалі падвойныя дываны, у якіх на два бакі – два падобныя ўзоры, якія супадаюць не цалкам. Так і пераклад – па розных асновах-мовах ткуцца арыгінальныя ўзоры. Свае падвойныя дываны Барадулін вырабляў разам з Амарам Хаямам, Федэрыкам Гарсія Лоркам, Сяргеем Ясеніным, Барысам Пастэрнакам, Маркам Шагалам, Сэсарам Вальехам, Андрэем Вазнясенскім, Габрыэлай Містраль, Іванам Драчом, Зелімханам Яндарбіевым (згадваю толькі тых, каго Барадулін пераклаў цэлымі кнігамі). А ўвогуле ён перакладаў з 37 (!) моў, што само па сабе – феномен.
Фото: baradulin.by
Фото: baradulin.by

“Шмат для каго было ясна як божы дзень – Рыгор Барадулін геній, які жыве побач з намі”

Асабіста для вас кім ёсць Барадулін?
Міхась Скобла: Калі адказаць адным словам – геніем. Я раней лічыў, што геній – вызначэнне пасмяротнае. Геніі так рэдка сустракаюцца на зямлі, што ў прысутнасць іхнюю боязна паверыць. Тым болей у нашым, наскроз скептычным, грамадстве. І ўсё ж, думаю, шмат для каго было ясна як божы дзень – Рыгор Барадулін геній, які жыве побач з намі. Але – і гэта вельмі істотная рэч – яго геніяльнасць нікому не перашкаджала, нікому ні на грам не замінала. Дваццаць гадоў ён быў для мяне дзядзькам Рыгорам, ад якога ў любую хвіліну можна было пачуць чарговы досціп, вершаваны экспромт, літаратурную показку, якія сыпаліся з яго, як з чарадзейнага рога ці бяздоннага меха. Нездарма Сяргей Шапран кнігу сваіх гутарак з паэтам так і назваў – “Тры мяхі дзядзькі Рыгора, албо сам-насам з Барадуліным”. І гэткі – сам-насамны – Рыгор Барадулін ёсць у кожнага з нас. І будзе ва ўсіх, хто возьме ў рукі яго кнігі. А калі ў руках будуць кнігі Барадуліна, то ў душы абавязкова абудзіцца Беларусь. А значыць – паэт і ў тагасветным сваім быцці працягвае выконваць заданне Бога.
Такім чынам,
Лекцыя Міхася Скоблы
“Голас і логас Рыгора Барадуліна”
28 сакавіка, 18.30, галерэя “Ў”
Уваход вольны!

 

Тэгі: