it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 22

Курт Вулхайзер (Curt Woolhiser) – амерыканскі навуковец, які даследуе беларускую мову. Пры гэтым цудоўна ёй валодаючы – гутарка адбывалася менавіта па-беларуску. Спадар Курт неаднойчы бываў тут, ездзіў па вёсках, вывучаў дыялекты. Даследчык і цяпер знаходзіцца ў Беларусі, вывучае “новых беларускамоўных” – людзей, якія засвоілі мову не з дзяцінства, а ўжо ў свядомым узросце. 

фото

27 жніўня ў межах цыкла Urbi et Orbi (“Гораду і свету”) Лятучага Універсітэта Курт Вулхайзер прачытае публічную лекцыю “Амбівалентныя нацыянальныя мовы: чым беларуская падобная да шатландскай?”. Пачатак у 18.30, месца правядзення – Галерэя "Ў" (Незалежнасці, 37а). Уваход вольны!

Напярэдадні лекцыі – наша гутарка з Куртам Вулхайзерам.

“Беларусы гавораць на “беларускай расейскай мове”


Спадар Курт, цяпер Вы праводзіце ў Беларусі сваё чарговае даследванне, якое тычыцца беларускай мовы. Для нас саміх (хоць і не для ўсіх) гэтае пытанне вострае і жывое. Таму цікавы погляд звонку: як вы ацэньваеце тую мову, на якой гавораць беларусы? 


Курт Вулхайзер: У гарадах на вуліцах у большасці выпадкаў гэта – беларускі варыянт расейскай мовы, “беларуская расейская мова”. У мяне ёсць даследванне адносна стаўлення расейскамоўных беларусаў да сваёй мовы ў параўнанні з той расейскай мовай, якая сустракаецца ў Расеі. Вельмі цікавае меркаванне ў людзей: большасць інфармантаў лічыць, што ёсць нейкая адметнасць “беларускай расейскай мовы”. Асабліва тыя, якія сутыкаліся з расейцамі, заўважаюць гэта. Магчыма, яны перабольшваюць – і гэта проста адлюстроўвае пачуццё адметнасці. Хоць тая ж трасянка – гэта складанае пытанне…

А ці павінны беларусы імкнуцца вельмі правільна гаварыць па-расейску? Расейская мова тут – вынік гістарычных і палітычных падзей. Можа, калі беларусы навучацца правільна гаварыць па-расейску – то ўжо не вернуцца да сваёй мовы?

Курт Вулхайзер: Калі беларусы не лічаць сябе расейцамі, то яны маюць права і на сваю мову, і на свой варыянт расейскай мовы. Гэта – выбар саміх беларусаў. Хоць пад уплывам расейскай медыйнай прасторы ўздзеянне “расейскага варыянта расейскай мовы” будзе адчувацца. Аднак, напрыклад, у Бельгіі аналагічна ўплыў мас-медый з Францыі вельмі моцны, але, тым не менш, франкамоўныя бельгійцы працягваюць гаварыць менавіта на “бельгійскай французскай мове.”

Вы самі заўважылі, што ў гарадах на вуліцах дамінуе мова, бліжэйшая да расейскай. Аднак падчас перапісу насельніцтва 53% людзей назвалі роднай мовай беларускую. Чым Вы, як даследчык, патлумачыце гэты сантымент: “мы па-беларуску не гаворым, але вельмі любім гэтую мову”. 

Курт Вулхайзер: Я знайшоў даволі цікавыя паралелі ў Шатландыі – і гэта якраз тэма маёй лекцыі. У шатландцаў таксама сентыментальнае стаўленне да гістарычнай мовы. Але людзі саромеюцца гаварыць на ёй, асабліва ў гарадах…

У нас некаторыя саромеюцца, бо могуць “калхознікам” назваць. А шатландцы чаго?

Курт Вулхайзер: Тое самае! У Шатландыі ёсць стэрэатып, што гэта мова рабочых і вяскоўцаў.

“Шатландцы ў гэтым плане знаходзяцца на ўзроўні беларусаў пачатку ХХ стагоддзя”


Над якім даследваннем Вы працуеце цяпер у Беларусі? 


Курт Вулхайзер:
 Я займаюся параўнальным даследваннем моўных аўтабіяграфій і сацыяльнай ідэнтычнасці так званых “новых украінамоўных” і “новых беларускамоўных”. Гэта маладыя людзі з рускамоўных сем’яў, якія свядома перайшлі на нацыянальную мову. Мне цікава высветліць падабенствы і адрозненні ў сітуацыі на ўсходзе Украіны і ў Беларусі, бо ступень русіфікацыі ў Харкаве і Мінску прыкладна аднолькавая. Вядома, сітуацыя ва Украіне інакшая, бо там адна дзяржаўная мова – і там ёсць захад Украіны і нават цэнтральная частка, дзе ўкраінская мова ў нядрэнным стане…

Якія першыя высновы адносна “новых беларускамоўных”?

Курт Вулхайзер: Тое, што людзі, якія выраслі з беларускай мовай, ставяцца да іх абсалютна нармальна. У некаторых рэгіёнах Заходняй Еўропы інакш. Скажам, у Іспаніі падобная сітуацыя з галісійскай мовай – і там можна сустрэць меркаванне, што “новыя галісійскамоўныя” – штучная з’ява. Але з беларускай мовай не так, бо тут гісторыя кадыфікацыі мовы значна даўжэйшая. Там гэта пачалося толькі ў 1970-х гадах, а тут у 1920-х. У выпадку з беларускай мовай важна і тое, што народныя гаворкі тут паміраюць, у той час як у Галісіі яны яшчэ жывыя. Беларуская мова выйграе і ў тым, што тут ёсць традыцыя ўнармаванасці, нават дзве! А шатландцы ў гэтым плане знаходзяцца на ўзроўні беларусаў пачатку ХХ стагоддзя.

Ці верыце Вы, што аўтэнтычнасці і першароднасці мовы можна дабіцца не толькі шляхам наўпроставага пераймання пакаленняў? Напрыклад, маладыя людзі, якія хочуць спяваць народныя песні, слухаюць запісы вясковых бабулек і паступова навучваюцца патрэбнай лексіцы і патрэбнаму вымаўленню…

Курт Вулхайзер: Для адраджэння мовы ўсе сродкі легітымныя! У сучаснай сацыялінгвістыцы ёсць такі напрамак, дзе даследчыкі вывучаюць праблемы моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і намагаюцца распрацаваць канкрэтныя стратэгіі, каб спыніць і нават павярнуць назад працэс моўнай асіміляцыі. Беларуская, на жаль, уваходзіць у гэтую катэгорыю, паводле дадзеных ЮНЭСКА. Мне здаецца, у Беларусі недастаткова ўлічваюць вопыт іншых краін, дзе з нацыянальнай мовай падобная сітуацыя.

Спадар Вулхайзер, аднак культурнае жыццё ў Беларусі адбываецца збольшага па-беларуску, інтэлігенты-гуманітарыі таксама ў асноўным карыстаюцца нацыянальнай мовай. Некаторыя называюць гэта “гета”. Але ці магчыма захаваць мову хоць бы пры дапамозе такога гета?

Курт Вулхайзер: Зноў жа, паўтару: усе сродкі добрыя. У Шатландыі, апроч шатландскай мовы, ёсць яшчэ і гэльская – на якой, паводле статыстыкі, гаворыць 2% насельніцтва. Аднак там ёсць і дубляж шыльдаў па-гэльску, і ў сталіцы Шатландыі Эдынбургу нядаўна адкрылі гэльскую школу…

фото

А гэта не шыльда, не прыкрыццё – як у нас?.. Каб паказаць: глядзіце, як мы дбаем!..

Курт Вулхайзер: Не, там у гэльскамоўных школах большасць выкладання сапраўды на гэльскай мове. І бацькі вельмі прыхільна ставяцца да такіх школ, гэта нават лічыцца прэстыжным. Аднак, я думаю, у выпадку з беларускай мовай шанцы для распаўсюду мовы большыя.

“Расейскамоўныя беларусы таксама знаходзяцца ў гета. Расейскамоўным гета”


Некаторыя апаненты кажуць: поўная русіфікацыя непазбежная, бо мы знаходзімся пад бокам у Расеі, і гэта так добра – быць прыналежным да вялікай рускай культуры!..

Курт Вулхайзер: Насамрэч, гэта таксама – гета. Расейскамоўнае гета. Бо калі ўлічыць, што гістарычна і польская мова грала значную ролю на тэрыторыі Беларусі – то ў ідэале павінны быць уплывы з розных бакоў, не толькі з Усходу. Ніхто не зможа цяпер цалкам пазбавіцца расейскай мовы, але павінны быць натуральныя ўплывы. Яшчэ мяне вельмі здзіўляе, наколькі мала беларусы ведаюць пра сваю паўднёвую суседку, Украіну. Вельмі шкада – бо праблемы, у тым ліку і моўныя, падобныя.

Чаму Вы зацікавіліся беларускай мовай аж настолькі, што вывучылі яе? Сярод славістаў наша мова – не самая папулярная…

Курт Вулхайзер: Калі я вучыўся ў аспірантуры, займаўся спачатку расейскай лінгвістыкай, потым пачаў вывучаць яшчэ і польскую мову, а на трэцім годзе аспірантуры пісаў рэферат пра гісторыю кнігадрукавання ва ўсходніх славян. Чытаў пра Францыска Скарыну – і быў вельмі ўражаны! Уражаны, што ў межах праграмы па гісторыі расейскай мовы нічога не гаварылася пра ролю менавіта беларусаў у развіцці кнігадрукавання і ўвогуле адукацыі ў гэтай частцы Еўропы! Потым зацікавіўся сучасным становішчам беларускай мовы, дысертацыю пісаў ужо пра польска-беларускія моўныя кантакты. Потым стаў вывучаць сучасны стан беларускіх гаворак, паехаў па беларускіх вёсках…

Вяртаючыся да тэмы лекцыі, якія яшчэ падабенствы ёсць між беларусамі і шатландцамі, між беларускай і шатландскай мовамі?

Курт Вулхайзер: Была такая краіна, яе мова калісьці была афіцыйнай мовай шматэтнічнай дзяржавы. У выніку Рэфармацыі мова мацнейшага суседа пачала пранікаць на тэрыторыю гэтай дзяржавы, і потым гэтая дзяржава аб’ядналася з мацнейшым суседам і тая мова пачала распаўсюджвацца на тэрыторыі краіны. А цяпер адгадайце, пра якую краіну я кажу – пра Шатландыю ці Беларусь?.. У Беларусі, нагадаю, сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што на розных гістарычных этапах у Беларусі былі ўплывы не толькі расейскай мовы, але і польскай. Паралелі тут ёсць і іншыя – і шатландцы доўгі час адчувалі сябе ў Злучаным Каралеўстве вельмі ўтульна, і большасць беларусаў пачувалася ў СССР, скажам так, нядрэнна. У Шатландыі адносна нядаўна ўзмацніліся ўплывы Шатландскай нацыянальнай партыі – і ў іх ёсць ініцыятыва правесці рэферэндум аб незалежнасці ад Злучанага Каралеўства, гэта падтрымліваюць ужо каля 45% шатландцаў.

“Калі створыцца такая бізнэс-эліта, якая будзе беларускамоўная – гэта можа сапраўды змяніць сітуацыю”


У беларусаў ёсць пад бокам прыклад Прыбалтыкі, дзе шлях на нацыянальнае прынёс побытавыя страты: дарагія энэрганосьбіты, высокая кватэрная плата… Чалавек, асабліва беларус, вельмі любіць камфорт. Ад чаго беларусы павінны перайсці на нацыянальную дарогу, калі пры гэтым можа пагоршыцца жыццё?

Курт Вулхайзер: Нацыянальная культура і нацыянальная мова не перашкаджаюць добра жыць! Сярэдні грамадзянін сапраўды з насцярогай ставіцца, калі нейкая партыя робіць націск на пытанне ідэнтычнасці, а не на пытанне, як добра весці гаспадарку. Але чаму Шатландская нацыянальная партыя атрымлівае кожныя выбары ўсё больш галасоў? Яны робяць націск менавіта на сацыяльна-эканамічныя пытанні, а культурныя пытанні – на другім плане. Гэта асаблівасці Шатландыі – шатландскі нацыяналізм развіваўся, не абапіраючыся на мовы (шатландскую і гэльскую). Гэта для іх – толькі частка таго, што складае “шатландскасць”.

Памятаю, было апытанне кампаніі “Будзьма”, дзе атрымалі вынікі, што большасць рэспандэнтаў хацелі б больш ведаць пра беларускую гісторыю. Што да мовы, для многіх гэта каштоўнасць, але… У нас і сёння ўспамінаюць палітыкам пачатку 1990-х, што яны думалі, як шыльды на дамах памяняць, а не як у крамах каўбасу забяспечыць… Улада і сёння карыстаецца гэтымі страшылкамі. Як людзям пераадолець гэты страх?

Курт Вулхайзер: Цікава, што ў маіх даследваннях сярод “новых беларускамоўных” рэспандэнтаў вельмі шмат маладых людзей, якія хочуць займацца бізнэсам. Калі створыцца такая бізнэс-эліта, якая будзе беларускамоўная – гэта можа сапраўды змяніць сітуацыю! Бо калі толькі дзяржава бярэ адказнасць за мову, альбо толькі палітыкі… Калі ўспомніць чэшскае адраджэння, то там мова адрадзілася намаганнямі буржуазіі. У выпадку каталонскай мовы – таксама нацыянальная буржуазія адыграла ключавую ролю. Таму важней, каб на мінскіх вуліцах з’яўляліся білборды з рэкламамі тавараў на беларускай мове, чым білборды з рэкламай уласна беларускай мовы. Хоць і ў Галісіі вісяць білборды: “Любім галісійскую мову”.

Спадар Курт, вы бліскуча гаворыце па-беларуску. Бывае такое, што Вам не могуць у Беларусі адказаць на нашай нацыянальнай мове?

Курт Вулхайзер: Бывае такое… А бывае, што стараюцца ўжываць пэўныя беларускія словы. Скажам так, я сустракаў шмат людзей, за якіх я лепей размаўляю па-беларуску.

ТАКІМ ЧЫНАМ

Публічная лекцыя лінгвіста Курта Вулхайзера “Амбівалентныя нацыянальныя мовы: чым беларуская падобная да шатландскай?” з цыклу Urbi et Orbi Лятучага Універсітэта адбудзецца 27 жніўня а 18.30 у Галерэі "Ў" (Незалежнасці, 37а). Уваход вольны!

Онлайн-трансляцыя лекцыі

Тэгі: