it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 01

Глеб ЛАБАДЗЕНКА, для Naviny.by

rubel

Часам даводзіцца чуць: “Я душою й сэрцам за Беларушчыну! Толькі вось, бяда, ня ведаю, як і што зрабіць…”

Парада тут вельмі простая. Калі ня ведаеце, як галасаваць за Беларушчыну, – галасуйце рублём.

Набудзьце беларускамоўную кніжку, дыск са сьпевамі па-беларуску, схадзіце на канцэрт беларускамоўнага гурта ці выпішыце газэту на беларускай мове. Падкрэсьлю, што адрозненне між “беларускай кнігай” і “беларускамоўнай кнігай” – у дадзеным выпадку ключавое.

На гэтым этапе звычайна нявечыцца міф пра нашую памяркоўнасьць, бо “кніжка лажовая”, “дыск фуфло”, “гурт адстойны”, а “газэта – жоўтая”.

Часта так і здараецца. А вы вазьміце й набудзьце.

Плюнь – ды пацалуй.

Сітуацыя на беларускім культурным рынку падобная да сітуацыі з прыдарожным сэрвісам. Прыдарожных кавярняў і матэляў мала, бо ніхто да нас ня едзе, а ніхто ня едзе – бо няма кавярняў і гатэляў. (Ці ўсё ж таму, што візы да глупага дарагія?..)

Дык вось. Беларушчына ў задніцы таму, што мы, беларусы, не галасуем за яе рублём. Сёньняшні стан культуры вымагае мецэнацтва – як з боку фундатараў, гэтак і з боку кожнага спажыўца. Бо гэта сорам, калі кніжкі выходзяць накладам 300-500 асобнікаў і ляжаць на паліцах кнігарняў. Калі гурт гадамі не запісвае дыск, бо ведае: укінеш грошы – а набываць ня будуць, сьцягнуць з торэнтаў. Калі газэты маюць наклады ў межах астранамічнай хібнасьці... Ды што казаць – калі самыя папулярныя белмоўныя сайты наведвае меней за 1% беларусаў штодня.

Вядома, тут можна ў няведаньні гаварыць: дык пішуць абы-што, таму й не купляюць тыя кніжкі. Але ці хочаце вы такімі развагамі прыпадабніцца чалавеку, якому ніяк не кладуць на стол “Вайну і мір”?..

Дый каб так сказаць, трэба скупіць усю сучасную літаратуру ды перачытаць. А калі кожны скупіць – глядзіш, і працэс пойдзе. Тым больш, што пісьменнікі стараюцца спадабацца самым шырокім масам як толькі могуць: і класікаў бэсцяць, і па фене батаюць, і пра рэаліі ўскраінаў горада-героя пішуць з палохаючай рэалістычнасьцю…

Тэму галасаваньня рублём, прычым неабавязкова з шасьцю нулямі, можна разьвіваць. Як пісала адна газэта ў сваёй рэкламцы: “прачытаў – укінь у скрыню суседу”. Гэтаксама можна заўжды мець пры сабе якую беларускую кніжачку ці дыск – і пры нагодзе прэзэнтаваць сустрэчнаму. Майстру на шынамантажы, прыўкраснай цырульніцы, сакратарцы ў офісе, даішніку ўрэшце (толькі акуратна, каб не ўважылі за хабар!).

Хто ведае, можа, гэты ваш сімвалічны прэзэнт нагадае чалавеку ўрокі белліту ў школе ці “Александрыну” “Песьняроў”, рэкляму на бігбордзе ці які артыкул у інтэрнэце. І чалавек прыдзе на вечарыну Ўладзімера Арлова, выпіша абедзьве беларускія газэты, набудзе дыск Вайцюшкевіча й нацягне на сябе саколку з партрэтам Кастуся...

Рамантыка? Бздура?

А вы набудзьце беларускую кніжку.

Вам жа ня цяжка, праўда?

Тэгі: ,