it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jul 29

Гэтым разам мы даведаліся пра касцёл, які праваліўся пад зямлю і ледзьве не былі патопленыя Цмокам у рацэ Ваўпянцы

Тэкст Глеб Лабадзенка, Cmok.budzma.org
Фота Аляксандр "Таранціна" Ждановіч

Пасля вандровак на Наваградчыну (РАЗДВА), Веткаўшчыну (РАЗДВА) і Глыбоччыну (РАЗДВА) мы адправіліся пад Ваўкавыск. Гэтым разам да экспедыцыі далучыўся легендарны беларускі баскетбаліст Аляксандр Куль — бадай, адзін з самых тытулаваных айчынных гульцоў. Асабіста для нас Аляксандр цікавы яшчэ і тым, што гэта з ягонай ініцыятывы баскетбольны клуб “Мінск-2006” быў пераназваны ў “Цмокі-Мінск”. Спадар Куль з’яўляецца цяпер дырэктарам па маркетынгу гэтага клуба. Такім чынам…

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-1825

Краснасельскі: крамянёвыя шахты, якім 5000 гадоў

Неверагоднае — побач. А калі не побач, то за 300 кіламетраў ад горада-героя Мінска дык дакладна. Туды мы і скіравалі лэндровер, ласкава выдзелены кампаніяй “Атлант-М Брытанія”.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-1851

Краснасельскі вядомы найперш крэйдавымі кар’ерамі, якія ў народзе даўно слушна празвалі “беларускімі Мальдывамі”. Аднак пра гэта — крышачку пазней, а напачатку…

Напачатку нас цікавяць крамянёвыя штольні (шахты), якім каля 4000-5000 год. Тагачасныя беларусапітэкі хаваліся тут ад Цмока. А паралельна здабывалі крэмень, з якога рабілі дзіды, сякеры ды іншыя прылады працы і абароны.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-1898

Яшчэ ў Мінску мы загуглілі гэтыя шахты і натрапілі на дужа цікавую спасылку. Аказваецца, мінулай восенню туды нібыта ўлез адзін журналіст. І фотачкі — ого-го, хоць ты на джыпе проста пад зямлю едзь, столькі там месца!

Аднак у тэлефоннай размове той журналіст чамусьці не змог дакладна патлумачыць, як улезці пад зямлю. Маўляў, мяне туды мясцовыя вадзілі, не запомніў.

На ўсялякі выпадак мы пазычылі ў вядомага фатографа і спелеолага Віталя Раковіча рыштунак: альпінісцкія тросы, карабіны, каскі, абвязку…

У Краснасельскім нас вітае мясцовы краязнаўца Дзяніс Ваканаў.

— Глядзеў я здымкі па спасылцы — не веру! — бянтэжыць нас спадар Дзяніс. — Паверце, калі б туды можна было ўлезці і там было такое хараство, нехта з мясцовых ўжо даўно б улез. І мы б ведалі.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-1927

Што ж, трывожныя знакі… Але цешым сябе, што Цмок чакае менавіта нас, таму кіруем на месца. Шахты месцяцца ў лесе практычна адразу за Краснасельскім, на беразе аднаго з кар’ераў. Звычайным аўтамабілем туды не дабрацца ніяк — нават не спрабуйце. А вось мы на лэндроверы паціху, памалу, але дапаўзаем да патрэбнай палянкі.

На ёй — дзевяць бетонных круглякоў, у паўтара разу большых у дыяметры за каналізацыйныя люкі. Ускрываць іх не ёсць нашай мэтай, бо гэта — гісторыка-культурная каштоўнасць. Пра што і паведамляе адпаведная шыльда побач: “Паселішчы, стаянкі, крэменяздабыўчыя шахты, майстэрні перыяду каменнага, бронзавага і ранняга жалезнага вякоў (3-1 тысячагоддзе да нашай эры)”.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-1922

— Нашыя шахты ўнікальныя тым, што пракладзеныя яны ў крэйдзе — вельмі крохкім матэрыяле, які можа абваліцца ў любы момант, — апавядае Дзяніс. — Гэтыя шахты — сведчанне перадавой на тую пару інжынернай думкі нашых продкаў. Каб пазбегнуць ахвяраў, старадаўнія беларусы рабілі не адну вялікую, а многа маленькіх шахтаў. Прычым яны былі вельмі блізкія адна да адной і злучаліся лазамі. Каб на выпадак абвалу мець шлях паратунку.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-1936

Усе гэтыя меры аказаліся вельмі дзейснымі — сучасныя археолагі не знайшлі ў шахтах ахвяраў абвалаў.

— Знайшлі аднаго памерлага шахцёра, — кажа Дзяніс Ваканаў. — Але пры дэталёвым даследаванні прыйшлі да высновы, што гэта было пахаванне — побач з шахцёрам ляжаў ягоны інструмент, асабістыя рэчы, прадметы рэлігійнага культу…

Дзяніс расказвае, што адкрытыя гэтыя шахты былі ў 1925 годзе польскім даследчыкам Зыгмунтам Шмітам. Аднак Шміт памёр літаральна праз тры гады і даследаванні спыніліся… Працягнуліся яны ў 1961 годзе пад кіраўніцтвам Ніны Гурынай, археолага з Ленінграда. Тады і было выяўлена, што такіх невялікіх шахт у гэтых мясцінах — каля  тысячы. На цяперашні момант бетоннымі пломбамі абазначаныя ўваходы ў дзевяць. Астатнія чакаюць археолагаў!

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2039

Дарэчы, у інтэрнэце можна прачытаць, што распрацоўка крэйдавых кар’ераў нанесла шахтам шкоду — многія з іх былі знішчаныя дзеля здабычы крэйды без папярэдніх даследаванняў археолагаў…

…Тым часам Дзяніс Ваканаў працягвае ўглядацца ў здымкі “з сярэдзіны шахтаў” з раздрукаванага намі  артыкула.

— Тут яўна нешта не тое… Глядзіце, на здымках, якія нібыта зробленыя мінулай восенню, палянка чыстая, не парослая дрэўцамі і кустамі. А вы ж бачыце, што цяпер яна зарасла так, як не магла за паўгода. Думаю, аўтар проста пазычыў фота 2008 года, калі тут праводзіў талаку шаноўны Міхась Чарняўскі…

Што ж, пашукаем уваход! Упяцёх мы размяркоўваемся і хвілін 40 вывучаем кожны сантыметр прылеглай тэрыторыі. Тым больш, што той калега ўпэўніваў па тэлефоне, што “калі вы ўжо прыедзеце туды, то дакладна знойдзеце дзірку”! Але ўсё марна…

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2026

Тэлефаную таму калегу. Кажу, дзядзька, мы тут цягнуліся 300 кіламетраў, але ўваходам у шахты і не пахне! Ён спешна адказвае, што на сустрэчы і не можа размаўляць. Тут я ўпершыню і разумею, што нас, відаць, развялі! Шахты — ёсць! Але ўваходу — няма! То бок пасля даследавання археолагі ўсе шахты надзейна закансервавалі да іншых часоў!

— Што ж, можа гэта і да лепшага! — усміхаецца Аляксандр Куль. — Раптам там пад зямлёй сядзіць сапраўдны Цмок? Мала б нам не было, што патрывожылі!..

З гэтымі словамі Аляксандр, рост якога складае 213 сантыметраў, бярэ нашую фірмовую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!” і прыбівае яе як мага вышэй на бярозу.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-1979

Чакаем здымкаў пад шыльдаю, шаноўныя чытачы!..

(Дарэчы, ужо потым у Мінску высветлілася, што здымкі таго журналіста “з сярэдзіны шахтаў” апынуліся фальшыўкай. Яны былі скрадзеныя ў расійскага блогера, які пабываў у закінутым рудніку на Урале).

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2078

 

Краснасельскі: беларускія Мальдывы!

Пра кар’еры ў Краснасельскім пісаць складана: нават здымкі, ужо не кажучы пра словы, не могуць перадаць іх хараство і незвычайнасць гэтых беларускіх пейзажаў.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2094

Таму мы вырашаем з жанру “рэпартаж” перамясціцца ў жанр “выпрабавана на сабе” — і пакупацца ў адным з кар’ераў. Варта адзначыць, што наконт купання ў кар’ерах ёсць розныя меркаванні, у тым ліку і такія, што яно шкоднае, бо тут істотна перавышанае ўтрыманне некаторых хімічных рэчываў. Таму кожны мусіць сам вырашаць — купацца тут ці проста аглядаць гэтую прыгажосць.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2114

Па чарзе з Аляксандрам Кулем улазім у бірузовую па колеры ваду. Як чалавек, далёкі ад спорту, вырашаю скарыстацца момантам і распытаць спадара Куля пра дасягненні айчыннага баскетболу і ягоныя асабістыя.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2108

— У 1994 годзе я ў складзе нашай моладзевай зборнай стаў чэмпіёнам Еўропы — і той вынік застаецца найлепшым для нашага баскетболу да гэтага часу. Падобны па значнасці вынік паказала нашая жаночая зборная ў 2007 годзе, калі здабыла 3 месца на Чэмпіянаце Еўропы.

Аляксандр расказвае, як паспеў пагуляць у Польшчы, Турцыі і Грэцыі, як 4 гады жыў і вучыўся ў Амерыцы.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2162

— Там я гуляў за ўніверсітэцкую каманду і меў шанец трапіць у НБА, бо на драфце, паводле прагнозаў, мог увайсці ў пятнаццатку найлепшых. Але тады я не скончыў навучанне — і сума кантракта была ў межах 1,5 мільёна даляраў за год. А калі б скончыў, атрымаў дыплом і меў прагрэс у майстэрстве, яна б ужо складала недзе пад 3 мільёны. Я вырашыў працягнуць навучанне, гуляў у летняй лізе НБА, а з асноўнай лігай потым не склалася.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2171

Пасля ўсіх гулянняў па свеце Аляксандр вярнуўся на радзіму і гуляў за клуб “Мінск-2006”. Потым, калі адчуў, што ўзрост і форма ўжо не тыя, перакваліфікаваўся і стаў дырэктарам па маркетынгу гэтага клуба.

— Адразу стаў думаць, што рабіць з такой бляклай назвай, як “Мінск-2006”, — прыгадвае спадар Куль. — Стаў шукаць цікавыя варыянты і натрапіў на кампанію “Будзьмы” “У пошуках Цмока”. Адразу зразумеў: вось яно, вось аўтэнтычны беларускі сімвал! Звязаўся з “Будзьмай”, спытаў дазволу “пазычыць” брэнд — і пачаў працу. Вой, нялёгка было давесці чыноўнікам, што за “цмокі” такія і чаму каманду трэба назваць менавіта так!.. Але пайшлі насустрач — назвалі. І, трэба ж было, адразу пасля перайменавання мы атрымалі некалькі паразаў. Тады яшчэ некаторыя язвілі: “Як мы зваліся “Мінск” і мелі на гербе Багародзіцу — усё ў нас было добра. А як назваліся “Цмокі” і яшчарку з крыламі на герб упёрлі — адразу д’яблавай дарогай пайшлі”. Але потым сталі зноў перамагаць, усе прывыклі і палюбілі назву “Цмокі” — і цяпер праблемаў няма.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2166

Што ж, час выбірацца з беларускіх Мальдываў, бо наперадзе яшчэ шмат цікавостак.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2151

— Прапаную агледзець Гранд-Каньён! — інтрыгуе нас Дзяніс Ваканаў. — Да нас далучыцца мой сябар, краязнаўца Раман Ваўчок.

Раман папярэджвае:

— Афіцыйна туды забаронены ўезд на аўтамабілях, таму вырашайце самі…

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2357

Вырашаем: пабачыць Гранд-Каньён трэба! Дарогаю сустракаем некалькі БелАЗаў. Што праўда, гэта — ці не самыя мініяцюрныя з сямейства нашых аўтаасілкаў.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2206

Гранд-Каньён уражвае неймаверна! Яшчэ нядаўна тут здабывалі крэйду, а цяпер затапілі вадой на радасць турыстам і падарожнікам.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2294

Стаіш на высокім абрыве — і не верыш, што гэта ў Беларусі! Гэй, Стывен Спілберг! Кінь кампутарную графіку, прыязджай здымаць свае фільмы ў Краснасельскі!

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2368

Пакуль Стывен у дарозе, сюды прыязджаюць фоткацца маладыя пасля вяселля. Гэта вам не вечны агонь у горадзе-героі! Во дзе здымкі ў шлюбны альбом!

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2231

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2273

Нахабнічаем і просім маладых папазаваць і для нашага сайта.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2320

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2332

Вяртаемся ў бок Краснасельскага. Справа ад дарогі — дзейныя кар’еры, дзе здабываюць крэйду. Хо-хо, хавайцеся Цмокі, мы едзем!..

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2404

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2421

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2458

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2470

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2472

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2488

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2520

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2532

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2553

Зноў жа, папярэджваем, што катацца па кар’ерах афіцыйна нельга, за гэта могуць і штраф даць. Таму паўтараць нашыя подзвігі можаце толькі на ўласную адказнасць!.. І яшчэ, майце на ўвазе, што крэйда ад машыны адмываецца потым далёка не з першага разу...

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2438

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2514-2

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2594

Рось: касцёл, які праваліўся пад зямлю

Рось знаходзіцца зусім блізка ад Краснасельскага.

— Россю ў розныя часы валодалі Хадкевічы, Глябовічы, Агінскія, Патоцкія, Сапегі… — расказвае Раман Ваўчок. — Слаўная гісторыя маёнтка скончылася, калі сюды прыйшлі камуністы…

Аднак і цяпер былая веліч Росі ўгадваецца добра. Чаго варты адзін дом садоўніка, які мы праязджаем дарогаю. Які ж быў сам маёнтак, калі дом садоўніка выглядае так!..

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2704

Самае манументальнае, што засталося ад маёнтка — млын. Ён — самы вялікі ў Беларусі, разам з падвалам мае ажно 6 паверхаў!

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2668

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2616

— Дарэчы, млын працуе і цяпер, таму у сярэдзіну мы не трапім, — каментуе Раман Ваўчок.

Аглядаем велічны млын звонку ды ідзем цераз парк да месца, дзе стаяла драўляная сядзіба Патоцкіх, якую камуністы разабралі на дровы. Мінаем таямнічы востраў.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2634

— Востраў яшчэ панскі, а за савецкім часам на ім ладзіліся дыскатэкі — і цяпер недзе ў кустах ёсць рэшты сцэны і танцпляцоўкі. А як збудавалі клуб, дык усё прыйшло ў поўнае занядбанне.

Канечне, давесці такі цудоўны парк да такога запусцення — вяршыня нядбайнасці і безгаспадарчасці мясцовых уладаў…

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2642

Выходзім на вялікую паляну.

— Вось тут, на ўзлеску, стаяў касцёл, які праваліўся пад зямлю, бо людзі занадта шмат грашылі…— расказвае Раман. — Паводле больш празаічнай версіі, якая сустракаецца ў гістарычных крыніцах, касцёл проста разабралі і перанеслі на іншае месца. Бо паны Патоцкія ўпадабалі менавіта гэтую пляцоўку пад будучы маёнтак — а касцёл “замінаў”.

Тут захаваўся невялікі флігель ад сядзібы, дзе і цяпер жывуць людзі.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2627

— Напішыце ў газеце, каб нам траву пакасілі, а то няма як хадзіць!.. — просіць бабулька на лавачцы.

У кустах можна пабачыць падмуркі і падвалы ад колішняй сядзібы Патоцкіх…

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2698

Вяртаемся да млына і цераз дарогу, у канцы вуліцы, аглядаем дом адміністратара, дзе за савецкім часам была школа мастацтваў, а цяпер будынак закінуты і даведзены да ручкі. Пры ўваходзе — як сімвалы безгаспадарлівасці — галовы Маркса і Леніна. Цмока на іх няма!

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2677

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2683

У Росі варта яшчэ пабачыць ці не самае ўнікальнае ў Беларусі надмагілле княгіні Соф’і Несялоўскай (Патоцкай). Параўнаць яго можна хіба што са знакамітым надмагіллем Ягайлы на кракаўскім Вавелі!

kostel317_a89

Фота: globus.tut.by

kostel11001_d186

Фота: globus.tut.by

Перадаем Раману шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”. Разумеючы, што ў парку з ёй хутка расправяцца, Раман абяцае павесіць яе на сваім доме. Так што занатуйце: Краснасельскі, вуліца Перамогі, 40.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2686

 

Воўпа: Цмок, які жыве ў рэчцы Ваўпянцы

Ад Росі кіруем да Воўпы.

— Некалі гэта былі ўладанні караля і вялікага князя Казіміра Ягелончыка, — расказвае Дзяніс Ваканаў. — За часам Станіслава Аўгуста Воўпа атрымала Магдэбургскае права і герб з выяваю бабра…

Галоўная разынка сённяшняй Воўпы — касцёл святога Яна, збудаваны ў 1773 годзе.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-3007

Вонкава сціплы, ён здзіўляе інтэр’ерам: распіснымі сценамі, скульптурамі, а галоўным чынам — драўляным разным алтаром, якому амаль 400 гадоў!

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-3017

Таксама ў Воўпе захавалася драўляная Петрапаўлаўская царква 1859 года.

— Чым яшчэ прыкметнае гэтае мястэчка, — працягвае Дзяніс Ваканаў, — некалі тут была Ваўпянская пушча, дзе дужа любіў паляваць кароль Стэфан Баторы. Яшчэ ў Воўпе некалі забілі аднаго з гетманаў войска ВКЛ — зрабілі гэта наёмнікі за тое, што ён з імі не разлічыўся…

Дужа шкада, што не захавалася ваўпянская сінагога — адной з самых вялікіх і цікавых драўляных сінагог Беларусі…

Едзем далей… Раптам нам трапляецца на вочы рака Ваўпянка. Экспромтам нараджаецца ідэя пашукаць Цмока там — для чаго мы вырашаем пераехаць Ваўпянку ўброд на нашым лэндроверы.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2712

Машына лёгка заязджае ў ваду, праязджае метраў 15. І тут…

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2717

— Стой! Давай назад!.. — крычыць з вады фатограф Таранціна. — Стой! Паспрабуй наперад!..

Забягаючы наперад, скажу, што з Цмокам у рацэ Ваўпянцы мы вырашылі пажартаваць абсалютна дарэмна. Бо ўжо ў вадзе выявіліся дзве акалічнасці. Першая — з кустоў у Ваўпянку падступна ўпадае яшчэ адзін невялікі ручай, які якраз у тым месцы здорава падмыў дно. І хоць вады там якіх сантыметраў 20, затое глею і гразі пад ёй — яшчэ сантыметраў 30-40! І другая акалічнасць — калі супрацоўнікі аўтацэнтра ганялі машыну на мыйку, яны выклалі з салона і забыліся пакласці назад пульт ад лябёдкі. Без якога лябёдка не працуе. З ёй бы вылезлі на раз-два!

— Я пайшоў па трактар у калгас! — кажа Таранціна і пакідае нас з Аляксандрам Кулем адпачыць у рацэ Ваўпянцы.

— Будзем змагацца!.. — кажа славуты баскетбаліст і пачынае арудаваць рыдлёўкай вакол колаў. Але Цмок вырашае пажартаваць з дырэктара па маркетынгу клуба “Цмокі” — і на адзін узмах рыдлёўкі наносіць на колы тры вядры гразі.

Тым часам жыхары Воўпы збіраюцца на беразе, нібыта ў амфітэатры “Славянскага базару”, каб паназіраць за сталічнымі пры… шукальнікамі Цмока.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2912

І тут па дарозе едзе міліцэйскі “жыгулёнак”, з акна якога махае рукой наш фатограф Таранціна.

— Ну, вось, яшчэ і Сашу загрэблі!.. — канстатуе Аляксандр Куль.

Аднак праз 5 хвілін “жыгулёнак” з Таранцінам на борце вяртаецца.

— Зараз прыедзе трактар! — радасна кажа Саша.

Высвятляецца, што па дарозе ён убачыў, як каля крамы сядзіць некалькі мясцовых п’янтосаў, а над імі стаіць і чытае натацыі ўчастковы міліцыянт. Да якога Саша і звярнуўся па дапамогу.

Праз 10 хвілін з’яўляецца мілы дзед на трактары і з разгону заязджае ў рэчку.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2887

І хто б мог падумаць — сядае там, ні ўзад, ні ўперад!

На сцэне з’яўляецца старшыня мясцовага ці то калгаса, ці то сельсавета,

які пачынае лямантаваць:

— От я зараз на вас экалогію вызаву, што вы ў рэчку на машыне палезлі!

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2925

Пачынае некаму тэлефанаваць:

— Алё! Тут нейкія разумнікі ў рэчку на машыне заехалі і селі!..

З-за куста выходзіць наш участковы. І высвятляецца, што старшыня тэлефанаваў яму.

— Я ўжо ў курсе і разбіраюся! — кажа ён.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2909

На сцэне з’яўляецца мясцовы дзед з сінім носам.

— Не памагайце ім!.. — крычыць ён трактарысту і ўчастковаму. — Я цілівізар глядзеў! Гэта яны свае цілішоў знімаюць і за гэта тысячу долараў палучаюць! Хай у іх машыне куры нясуцца, не выцягвайце іх, прашу вас!

— Вот сколькі вы палучаеце за сваё цілішоў? — нападае дзед на мяне.

— Тысячу! — падыгрываю дзеду.

— Вооот! Пяцьсот, пажалуста, Іванавічу аддайце!.. — ківае ён на трактарыста, які сядзіць на заднім коле патанулага трактара як Ды Капрыа на дзвярах шафы пры крушэнні “Тытаніка”.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2841

На сцэне з’яўляюцца ваўкавыскія даішнікі. Аднак пабачыўшы, што сітуацыя не па іх профілі, фоткаюць нас на тэлефон і з’язджаюць.

Участковы тэлефануе ў калгас і просіць прыслаць яшчэ адзін трактар. Прыязджае навейшы “Беларус” — сіні, поўнапрывадны і з касілкай. Найперш яны спрабуюць уратаваць патанулы МТЗ-80. Але бераг топкі, склізкі — нічога не выходзіць.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2969

Здаецца, што паглядзець на гэтае шоу сабралася ўжо ўся Воўпа. Каб не губляць час, раздаем мясцовым дзеткам нашыя значкі “Краіна Цмокаў!”. Дзеткі неадкладна чапляюць іх сабе на саколкі.

Мы з Аляксандрам Кулем спрабуем выцягнуць джып самастойна. Але кансіліум вырашае злучыць некалькі таўшчэзных ланцугоў.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2796

Штосьці ўрэшце дапамагае, і мы выплываем на бераг.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2987

Варта сказаць, што лэндровер за гэтыя дзве гадзіны нават не заглух, хоць труба была пад вадой і з яе ішлі бурбалкі! Ды і на машыне такая прыгода не адбілася. Як кажуць, абтрэсліся і паехалі далей — у пошуках Цмока!..

ПРАЦЯГ БУДЗЕ...

Дзякуем кампаніі “Атлант-М Брытанія”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы магутным джыпам Land Rover нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!

Атлант-М Брытанія
Афіцыйны дылер у Беларусі
Мінск, вул. Аэрадромная ,125А
тэл. + 375 (17) 335 33 33
Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-2347
Інфармацыйны партнёр акцыі — “Комсомольcкая правда” в Белоруссии”