it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jul 19

Трапіўшы ў адзіную ў Беларусі пячору Цмокаву, мы выправіліся далей — на Браслаўшчыну. Нашымі гідамі і спадарожнікамі выступілі адразу два эксперты. Андрэй Дыбоўскі — стваральнік сайта “Глобус Беларусі”. Гэта сучасны Напалеон Орда — адзіны чалавек у Беларусі, які аб’ехаў 99% нашых помнікаў архітэктуры і стварыў унікальную анлайн-энцыклапедыю. А таксама Кастусь Шыталь — адзін з найлепшых краязнаўцаў Глыбоччыны, жыхар Параф’янава. Такім чынам…

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2707

Пратасы-Кукроўскія: паўзакінутая царква ХІХ стагоддзя

Дарогаю спыняемся зірнуць на паўзакінуты храм Узнясення канца ХІХ стагоддзя.

— Да прыходу савецкіх атэістаў гэтая вёска звалася Парэчча Царкоўнае, — кажа Андрэй Дыбоўскі. — Цяпер наўкола царквы вёскі як такой няма. Сама царква стаіць замкнёная і паволі прыходзіць у занядбанне… Выглядае, што служба праходзіць тут досыць нерэгулярна.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2052

Купал царквы згарэў у апошнюю вайну, таму сённяшні выглядае крыху ненатуральна, хоць і добра бароніць храм ад атмасферных нечаканак.

 

Гарадзец: сядзіба, дзе збірала фальклор Эмілія Плятэр

На гары пры самай дарозе стаіць рамантычнага выгляду капліца. Стаіць ажно з канца XVIII стагоддзя!

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2064

Пра сам пагорак гавораць рознае.

— Паводле аповедаў мясцовых, гэта — курган, насыпаны шведамі, — дае гістарычную даведку наш спадарожнік краязнаўца Кастусь Шыталь. — Наш слынны мастак і ўраджэнец гэтага краю Язэп Драздовіч звязваў курган з бітваю вялікага князя Мінгайлы з войскамі Полацкага княства: нібыта гэта — пахаванне войнаў. Між іншага, побач знаходзіцца праўдзівае гарадзішча, які археолагі адносяць да VIII-IX стагоддзяў. Гэта — умацаванае паселішча крывічоў, нашых продкаў з Полацкага княства.

Але капліца пры дарозе — толькі верхавіна гарадзецкага айсбергу гістарычных каштоўнасцяў.

Тут цудоўна захавалася сядзіба роду Плятэраў. Таго самага, з якога паходзіць нашая слынная зямлячка Эмілія Плятэр, гераіня паўстання 1831 года. У часе апісаных падзеяў пані Эмілія мела ўсяго 24 гады…

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-4690

Вікіпедыя: “…У часе вызвольнага паўстання 29 сакавіка 1831 разам са сваяком Ц. Плятэрам арганізавала ў мястэчку Дусяты партызанскі атрад з 280 стралкоў, 60 коннікаў ды некалькіх соцень касінераў і павяла яго на Дзвінск. Сярод паўстанцаў было нямала дзяўчат.

30 сакавіка паўстанцы разбілі расійскі аддзел каля паштовай станцыі Даўгелі, 2 красавіка адбыўся бой з ахоўнай часткай генерала Шырмана, потым — бой пад Уцянай і 4 красавіка — захоп мястэчка Езяросы.

…За смеласць і рашучасць у баявых дзеях камандаванне паўстанцкімі сіламі прызначыла Э. Плятэр ганаровым камандзірам роты ў пяхотным палку і прысвоіла ёй званне капітана. У ліку іншых паўстанцкіх груповак атрад браў удзел у бойках супраць царскіх войск (пад Радзівілішкамі, Вільняй, Шаўлямі і ў іншых месцах). Пры адыходзе паўстанцаў у Прусію захварэла і памерла”.

Дык вось, кожны цяпер мае магчымасць наведаць сядзібу, дзе бывала і сама Эмілія. У часе летніх вакацыяў паненачка, вялікая аматарка беларускага фальклору, запісвала спевы ды показкі мясцовых бабуляў, слухала байкі дзядоў ды натхнялася ўзорамі на нашых ручніках і вышыванках.

Паводле апокрыфу, Эмілія была так ўражаная, што адбываючы, забыла тут любімае люстэрка вытанчанай ручной працы. Неверагодна, але сёння, бліжэй да ночы, мы яшчэ патрымаем гэтае люстэрка ў руках!.. Але пра гэта — сваёю чаргою.

Дык вось, сядзіба Плятэраў ХІХ стагоддзя ў стылі класіцызм захавалася зусім няблага дзякуючы таму, што тут цяпер месціцца саўгасная кантора. Сядзіба святочна пафарбаваная ў ружовы і белы колеры.

— Гэта рэдкі маёнтак, які захаваўся так поўна, — тлумачыць Кастусь Шыталь. — Апроч сядзібы да нашых дзён стаіць млын, лютэранская кірха, стайні, гумно, брама, бровар, дом для працоўных, адміністратараў, агароджа, некалькі гаспадарчых пабудоваў…

Гэты пералік уважліва слухае мясцовы дзед, які пры канцы ўкідвае да кучы смачную дэталь:

— А цялятнік у паноў быў двух’ярусны, і на другі ярус сена ліфтам падымалі! А каровы ў іх былі не абы-якія, а галандскай пароды!..

Ліфт для сена, на жаль, ужо няможна пабачыць. А вось музей у былой кірсе — калі ласка.

Tarantino.by-2013-Cmok-IV-Volkovisk-4701

— Мінскія музеі няхай зайздросцяць!.. — выгуквае Кастусь Шыталь і коратка пералічвае асноўныя экспанаты. — Тут вам і некалькі палотнаў славутага мастака Пётры Сергіевіча (у тым ліку выява паўстанцаў 1863 года), і некалькі дываноў Яэпа Драздовіча, і частка слуцкага пояса, і старая скрыпка, і гармонік мясцовай работы…

Пры палацы стаіць гармата савецкага часу, чамусьці наведзеная ў бок Полацка. Дзед, пабачыўшы, што мы сыходзім, выдае на развітанне:

У калгасе добра жыць:

Адзін робіць — сем ляжыць.

А як сонца прыпячэ —

І адзін той уцячэ!

Падчапіць на палац Плятэраў шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!” мы не наважваемся. Усё ж помнік архітэктуры XVIII стагоддзя!

 

Лужкі: радзіма адраджальніка іўрыту

Не паспявае Кастусь Шыталь апісаць усё хараство Эміліі Плятэр, як мы трапляем у мястэчка Лужкі, вядомае, дарэчы, ажно з 1519 года!

— Тады Лужкі належалі Сапегам, а ў XVIII стагоддзі — Жабам, — выдае даведку Шыталь. — Пра Валяр’яна Жабу мясцовыя згадваюць неахвотна. Бо ён, кажуць, саджаў сялян на дрэвы і паліў па іх са стрэльбы, як па варонах!..

Невядома, ці чыніў такую сарамату таварыш Жаба, аднак што ў 1756 годзе ён зафундаваў цудоўны касцёл Міхала Арханёла — гістарычны факт.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2068

Касцёл гэты асабліва дзівіць сваёй архітэктурай, калі падысці да дзвярэй і падняць галаву ўверх. Фасад храма — не плоскі, як зазвычай, а паўкруглы. Такая пластыка — вялікая рэдкасць для нашых святыняў. Нават шаноўны Андрэй Дыбоўскі, які аб’ехаў абсалютна ўсе беларускія помнікі архітэктуры, прыгадвае два-тры такія храмы на ўсю Беларусь.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2081

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2092

— Пры касцёле быў кляштар, а пры кляштары — школа, — кажа Кастусь Шыталь так аўтарытэтна, нібыта добра пагуляў 200 гадоў таму на яе выпускным. — Там займалася 150 вучняў, пераважна з сем’яў незаможнай шляхты. Школа вяла метэаназіранні, мела мікраскопы ды перадавыя фізічныя прыборы, спартовую залу, арніталагічную калекцыю і батанічны сад на 400 раслін…

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2101

Усе разам мы марна намагаемся прыгадаць хоць адну сучасную школу, якая магла б пахваліцца хоць бы паловаю гэтага пераліку…

Апроч касцёла, у Лужках захавалася багата габрэйскіх камяніц, царква 1794 года, гістарычная планіроўка. Адметна, што тут амаль няма савецкіх назваў вуліц. Назвы лашчаць слых: Германавіцкай, Дзісненская, Мастовая, Млыновая (і па сёння — цалкам брукаваная), Касцельная… На Млыновай вуліцы, адпаведна, стаіць млын.

— Хай не пілікаюць, што Ленін даў людзям лямпачку!.. — адсякае сумневы Кастусь Шыталь. — У лужацкім млыне яшчэ да рэвалюцыі стаяў электрагенератар!

Лужкі вядомыя на цэлы свет дзякуючы прынамсі аднаму свайму ўраджэнцу — Эліэзэру Бэн-Егуду (народжанаму Эліэзэру-Іцхаку Перэльману), адраджальніку іўрыту ў сучасным свеце. Дагэтуль іўрыт не ўжываўся ў размовах і лічыўся моваю чытання рэлігійных тэкстаў. Бэн-Егуда, які вучыўся спачатку тут, потым на рабіна ў Полацку, пераехаў у Ерусалім і паклаў сваё жыццё на тое, каб адрадзіць іўрыт. Склаў першы поўны слоўнік іўрыту, выдаваў на гэтай мове газету… Ягоны сын стаў першым дзіцем пасля доўгіх стагоддзяў перапынку, для каго іўрыт стаўся роднаю моваю. 29 лістапада 1922 года брытанскі вярхоўны камісар абвясціў іўрыт адной з трох дзяржаўных моваў Палесціны (нароўні з арабскай і англійскай). А праз два з паловай тыдні Бэн-Егуда памёр ад сухотаў, паспеўшы дасягнуць мэты ўсяго свайго жыцця. Сёння галоўная вуліца Тэль-Авіва носіць імя ўраджэнца Лужкаў Бэн-Егуды.

Дык вось, у Лужках і цяпер стаіць сінагога, куды хадзіў маліцца малы Эліэзэр. Што праўда, стаіць у руінах. Габрэйская супольнасць спрабавала адрадзіць гэты культавы будынак, які ёсць ключавым у найноўшай гісторыі Ізраіля. Аднак папярэдні мясцовы кіраўнік стварыў незразумелыя перашкоды.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2105

Цяпер мясцовыя ўлады змяніліся — і справа зрушылася. Першы крок — 6 ліпеня ў Лужках прайшла краязнаўчая канферэнцыя, арганізаваная Адай Райчонак, прысвечаная Бэн-Егуду. Трэба думаць, адраджэнне сінагогі — справа часу.

А троху далей за сінагогай стаіць драўляны дом, дзе жыў Станіслаў Булак-Булаховіч, які тады быў землямерам паноў Плятэраў. Але нам ён вядомы як генерал, вайсковы дзеяч БНР.

 

Германавічы: два музеі Ады Райчонак

У суседнім мястэчку Германавічы, вядомым з 1563 года, аглядаем касцёл 1787 года і стараверскую царкву пачатку ХХ стагоддзя.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2108

Дужа шкадуючы на позні час і вялікую праграму наперадзе, не паспяваем адведаць два германавіцкія музеі. Абодва іх стварыла слынная дзяячка Ада Райчонак. Адзін музей месціцца ў сядзібным доме Шырынаў XVIII стагоддзя. Ён ужо зрабіўся дзяржаўным і афіцыйна завецца “Музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча”. Наш слынны мастак жыў тут у 1917-18 гадах, арганізаваў тут культурна-асветніцкае таварыства “Заранка”, пазней заснаваў беларускую школу ў суседняй вёсцы Сталіца. А пахаваны Драздовіч у недалёкім Падсвіллі. А ў Германавічах варта адведаць магілу мамы Язэпа Драздовіча спадарыні Юзэфы, дзе надпіс выкананы на беларускай лацінцы.

Другі музей у Германавічах носіць імя мастака Міхася Райчонка — заўчасна памерлага сына спадарыні Ады Райчонак.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2123

 

 Стары Пагост: камень-кравец, пад якім сядзіць Цмок!

Калі б нашая экспедыцыя была прысвечаная выключна вывучэнню біяграфіі выбітных беларусаў, то Стары Пагост мы б не абмінулі ніяк. Тут правёў дзіцячыя гады і скончыў пачатковую школу будучы міністр рады БНР, аўтар руска-крывіцкага (беларускага) слоўніка Вацлаў Ластоўскі.

Аднак яшчэ па тэлефоне шаноўны краязнаўца з Міёраў Вітольд Ермалёнак даў дакладную наводку: між Старым і Новым Пагостамі шукайце камень-кравец альбо Цмокаў камень. Пра гэты камень у інтэрв’ю Cmok.budzma.org расказвала яшчэ шаноўная доктарка тэалогіі Ірына Дубянецкая:

“…Цмок часам працуе альбо краўцом, альбо шаўцом. Ён жыве сярод людзей у мястэчку альбо ў камні без вокнаў і дзвярэй. Кладзеш яму грошы, просіш боты… Прыходзіш дахаты — а ў цябе стаяць боты цудоўныя. Ці, калі ён — кравец, замаўляеш вопратку. Было прынята казаць: “Пашый абы-як, абы насіць”. І ён табе пашые ну такую шыкоўную вопратку! А калі папросіш: “Пашый мне такую добрую вопратку, каб мне ў царкву хадзіць”, дык ён пашые так, што адзін рукаў на спіне, другі на падоле! Не любіць цмок, калі ў ягонай вопратцы ў царкву ходзяць”.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2140

Карацей, калі ехаць з Новага Пагоста ў Стары, то пры дарозе справа Цмока-краўца вам не абмінуць ніяк. Валун гэты такі велічэзны, што Цмок сярэдняга памеру змясціўся б пад ім цалкам — нават хвост бы не тырчаў. Між іншага, пра гэты камень пісаў яшчэ Вацлаў Ластоўскі.

На камяні добра заўважная лагчынка, куды некалі паспаліты люд клаў тканіну і грошы і дзе нараніцу атаварваўся адзеннем от куцюр by Беларускі Цмок. Паводле Вітольда Ермалёнка, дзівосная гісторыя цмачынага атэлье скончылася праз бязглуздую кабету, якая той камень замест платы нешляхетна абгадзіла. Цмок раззлаваўся, і з тае пары жыхары вёсак ходзяць як… Карацей, не па-моднаму.

 

Міёры: возера сотні цмокаў і пярсцёнак з жабраў шчупака.

Вітольд Ермалёнак — не проста настаўнік гісторыі школы №3 горада Міёры. Не проста “Чалавек года Віцебшчыны”. І нават не проста лаўрэат прэзідэнцкай прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Вітольд Антонавіч — скарб народнай мудрасці і любові, вялікі патрыёт Міёршчыны, стваральнік двух унікальных музеяў. Памятаеце, мы казалі ў Гарадцы пра люстэрка Эміліі Плятэр?..

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2153

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2220

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2249

— Дык вось тое люстэрка! — дэманструе нам Вітольд Антонавіч люстэрка такой прыгажосці, што яно магло б лёгка належаць і Барбары Радзівіл. — Эмілія прыязджала да сваякоў збіраць беларускі фальклор і забыла яго. Ганяўся я за гэтым люстэркам доўгія гады. Ведаў, у каго, але тыя людзі наадрэз адмаўляліся прадаваць. Але цяпер люстэрка тут, і кожны наведнік музея можа яго пабачыць!

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2254

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2159

Музей Ермалёнка — цуды на цудах. Вось унікальнае драўлянае распяцце. Стары дзед уратаваў яго, калі камуністы нішчылі касцёл, і прыхаваў на гарышчы хаты. Унукі пасля смерці дзеда разбіралі хату і знайшлі распяцце ды перадалі ў музей Ермалёнку.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2161

Вось — тузін унікальных манет. Штосьці знайшлі ў міёрскай зямлі, штосьці падарылі замежныя наведнікі музея. Тут вам і кітайскі фынь трэцяга стагоддзя да нашай эры, і манеты кельтаў 20-га года да нашай эры… Побач — кераміка з выявай сабачкі першага тысячагоддзя да нашай эры. Праўда, якую пароду трымалі тады беларусапітэкі, адгадаць ужо нялёгка.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2172

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2182

Тут жа — магічны пераплецены корань ад дрэва, у якое ўдарыла маланка. Праз гэты корань мясцовы чарадзей шаптаннем вылечыў многа людзей… Вось парахаўніца, зробленая з рога тура, якая належала паўстанцу, прадзеду спадара Ермалёнка. Вось прасліца з рунамі ХІІ стагоддзя…

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2275

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2229

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2191

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2232

-- А калі казаць пра Цмока, то тут нядаўна на балоце Ельня чалавек бачыў велізарны хрыбет нейкай істоты… -- інтрыгуе спадар Ермалёнак і працягвае экскурсію.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2201

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2204

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2205

Асобная фішка музея — пярсцёнак з жабраў шчупака. Без жартаў! На пярсцёнку выбіты год: 1884.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2206

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2241

— У гэтым годзе слуга мясцовага пана Святаполк-Мірскага вылавіў шчупака і прынёс гаспадару, — расказвае спадар Ермалёнак. — Але кухар сказаў, што шчупак замалы і добрай юшкі з яго не зварыш. Тады пан загадаў узяць пярсцёнак, выбіць на ім дату, засадзіць шчупаку ў жабры і адпусціць рыбу гадавацца далей. У выніку той шчупак пражыў прынамсі 112 гадоў і быў вылаўлены жыхаром Міёраў ажно ў 1996-м! А пярсцёнак — перад вамі!

Другі музей Вітольда Ермалёнка ў гэтай жа школе — Музей кнігі. Бібліятэкары ўсяго свету мусяць пакрыцца тут халодным потам зайздрасці! Вось “Трэбнік” ХVIII стагоддзя на стараславянскай мове… Вось жыцці знакамітых паэтаў ХІХ стагоддзя на польскай мове…. Вось казані XVIII стагоддзя на польскай мове…

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2282

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2277

— Адна з самых дарагіх і кранальных кніжачак для мяне — вось гэтая, маленечкая, — кажа Вітольд Антонавіч. — Яна рукапісная. У 1937 годзе тут праязджаў дзядзька таго Янэка, які меў пры сабе каляндар “Беларускі год”, пісаную лацінкай. І так яна спадабалася хлопчыку Янку Лаўчыновічу, што ён папрасіў яе перапісаць, ксеракса ж тады не было. Вандроўнік пагадзіўся, сказаў: праз тыдзень я буду ехаць назад, вось табе час на перапісванне. Але днём Янак пасвіў гусі, а ўвечары са святлом было складана. Газоўку бацька не дазваляў паліць, бо газа была дарагая. А лучыну не даваў паліць, каб хата не ўгарэла. У выніку Янак перапісваў яе пры святле месяца! Спадар Лаўчыновіч памёр некалькі гадоў таму, але паспеў перадаць нам гэтую кніжачку ў музей…

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2283

Некаторыя кнігі трапілі ў музей заакіянскімі дарогамі. Як “Крывавыя дарогі” Зыгмунта Кісялеўскага, выдадзеныя ў 1916 годзе ў Кракаве, што маюць штамп бібліятэкі польскіх эмігрантаў у Чыкага.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2293

— Некаторыя кнігі дасталіся мне натуральным чынам крывёю, — пужае нас пан Ермалёнак. — Аднойчы, калі я быў яшчэ студэнтам, то збіраў фальклор у адной вёсцы. Стаю на прыпынку, чакаю аўтобус, як раптам бачу: нейкі чалавек распальвае каля хаты вогнішча. Мне ў галаву як маланка стрэльнула: вогнішча з кніг!!! Я кінуўся проста ў агонь рукамі выхопліваць тыя кнігі. Высветлілася, што чалавек набыў хату і захацеў вызваліць гарышчы, каб яно не было пажаранебяспечным. Некаторы з тых кніг цяпер тут за шклом. Як працы друйскага аптэкара Аўгуста Адлера “Тэорыя земляробства, заснаваная на ўгнаенні паветра” і “Прыпавесць пра трох герояў сацыёлагаў і пра гравітолагаў”…

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2302

На іншых стэндах — старадаўнія газеты, паштоўкі і нават збор старых пачак ад запалак…

З чыстым сэрцам пакідаем у музеі шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”, амаль без сумневу, што ён тут, як дома! Бо не па сілах звычайнаму чалавеку зрабіць такое!

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2268

І тут Цмок… выбачаюся, Вітольд Ермалёнак хітравата прыжмурваецца:

— Калі вас цікавяць тутэйшыя цмокі, магу расказаць, адкуль узяло назву нашае возера Набіста… У тым возеры жыў праўдзівы Цмок, які меў шмат маленечкіх цмачанятаў, з выгляду амаль як звычайныя вужы. Шматдзетны Цмок, карацей! І тыя цмачаняты вялікай шкоды не чынілі, але паскудзілі ў навакольных вёсках. У каго куранят перадушаць, у каго ў агародзе пагаспадараць… Аднойчы ішоў праз вёску стары дзед, якому тут дужа спадабалася, і ён хацеў застацца тут жыць. Мясцовыя людзі сказалі: жыві, карміць цябе будзем. Але пры адной умове: парай, як з тым шматдзетным Цмокам разабрацца. І дзед параіў: выбраць самага дужага асілка-каваля з наваколля, каб ён выдраў старое дрэва і тым дрэвам перадушыў усіх цмачанятаў. Знайшлі асілка-каваля, але той адмовіўся: маўляў, мне тыя цмокі не замінаюць. Але неўзабаве каваль хацеў ажаніцца, вырабіў для сваёй каханай пярсцёнак, які… сцягнулі тыя цмачаняты! Тады каваль раззлаваўся, выдраў дрэва і пачаў ім біць цмокавых дзетак. Біў, біў, ажно пакуль не набіў роўна сто штук! З так пары так возера і завецца — Набіста: ад “набі сто штук”!

Моцна ўражаныя гісторыяй, кіруемся на начоўку ў іншае незвычайнае месца…

 

Друя: начоўка ў таямнічым кляштары 1646 года

Гэтым разам замест начоўкі ў аграсядзібе нас чакае шмат цікавейшы варыянт. Дзякуючы Кастусю Шыталю ёсць дамова на начоўку ў сапраўднай келлі друйскага кляштара. Скажу я вам, такога не прапануе ніводная аграсядзіба!

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2440

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2307

Той факт, што ў Друю мы прыехалі пад першую гадзіну ночы, толькі дадаў кляштару таямнічасці. Нягледзячы на позні час, нас шчыра вітаюць ксёндз-пробашч Сяргей Сурыновіч і вікарый Даніла Сваяк. Каб не затрымліваць адно аднаго размовамі на сонную гадзіну, зычым адно аднаму дабранач ды кладземся ў келлі, якой каля 360 год.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2315

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2319

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2320

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2326

…Нараніцу за каваю гутарым з шаноўнымі ксяндзамі. Гэта — дзве неверагодныя жыццёвыя гісторыі.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2425

Айцец Сяргей Сурыновіч сам з-пад Іўя, у Друі служыць ад 16 лістапада 2012 года. Вучыўся ў каталіцкай семінарыі ў Гародні, адкуль быў адлічаны ў 1998 годзе за… прабеларускія і антыпольскія настроі. Скончыў навучанне ў Пецярбургу, абараніўся ў Латэранскім універсітэце ў Рыме. Служыў на Каўказе (Краснадар), у Пермі (Урал), у Калінінградзе, потым вярнуўся на Радзіму.

Айцец Даніла родам з Пермі (Расія), але продкі з Беларусі. Далёкі сваяк Крукоўскі забяспечваў мясам каралеўскі двор, пра што захавалася дакументальнае сведчанне, падзяка ад караля. Айцец Даніла вывучыў беларускую мову, высвяціўся на ксяндза, цяпер служыць тут па-беларуску. Сваяк — прозвішча, узятае ім у гонар ксяндза-паэта Казіміра Сваяка.

Аглядаем касцёл, уздымаемся на 35-метровую званіцу.

За касцёлам — магутная Дзвіна, за Дзвіною — Латвія і мястэчка Піедруя, якое не так даўно яшчэ звалася Прыдруйскам і было зарэчнай часткай Друі.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2358

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2328

Пасярод Дзвіны — Бернардынскі востраў, які некалі належаў айцам марыянам і жартам у міжваенны час зваўся “Беларуская рэспубліка”.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2372

— Як я падняўся а пятай раніцы і пайшоў аглядаць наваколле, убачыў на беразе дзівосную карціну, — апавядае наш фатограф Аляксандр Ждановіч. — Некалькі жанчын селі ў чаўны з вёдрамі і павеславалі туды. Дзядок на беразе расказаў, што яны перапраўляюць кароваў на гэты востраў увесну, і каровы жывуць там ажно да халадоў. А потым пачаставаў мяне сырадоем!

Сярод званоў — і падарунак з далёкай Аўстраліі ад колішняга жыхара Друі доктара Язэпа Малецкага, аўтара кнігі “пад знакам Пагоні” і ягонай жонкі Аліны. Асцярожна, каб не нарабіць дужа шуму, выпрабоўваем чароўныя галасы званоў.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2380

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2331

З сярэдзіны касцёл больш-менш адноўлены айцамі-марыянамі. Хоць праблемаў стае: вільгаць на сценах падступна раз’ядае цэглу, чым стварае вялікую небяспеку. Звонку касцёл просіць тынкоўкі (хоць і так глядзіцца дужа фактурна і рамантычна).

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2400

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2408

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2410

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2416

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2421

З дазволу ксяндза Сурыновіча спускаемся ў касцельнае падзямелле. Верагодна, яно хавае шмат таямніц, але цяпер большасць адтулін і хадоў замураваныя…

А вось падзямелле кляштара больш атракцыйнае для турыста і цікаўнага. Тут б’е падземная крыніца, якая ўтварае невялічкі ручай. Шмат пакояў і адгалінаванняў даюць волю фантазіям шукальніка прыгодаў!

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2444

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2452

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2468

Сам кляштар вымагае тэрміновага аднаўлення — сцены ва ўнутраным дворыку нагадваюць фільмы пра разбомбленыя ў вайну гарады. Усярэдзіне ксяндзы Сяргей і Даніла ўжо пачалі рамонт сваімі сіламі: прывялі ў парадак некалькі келляў, зрабілі кухню, прыбіральню.

— Калі Бог дасць сілы, маю грандыёзны план, — дзеліцца айцец Сяргей. — Аднавіць кляштар цалкам і зрабіць тут цэнтр духоўнай рэабілітацыі. Каб чалавек, якому цяжка, мог прыехаць сюды і пажыць некалькі месяцаў, падумаць пра вечнае, пагутарыць з Богам…

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2437

Між намі кажучы, нават адна ноч у друйскім кляштары здольная паўплываць на чалавека станоўча. Прынамсі ўдзельнікі нашай экспедыцыі адназначна сышліся на думцы, што галовы нашыя прасвятлелі.

Развітваемся з Сяргеям Сурыновічам і Данілам Сваяком. Не ў якасці рэкламы, а ў выніку акту добрай волі змяшчаем нумар рахунка і кантакты Сяргея Сурыновіча для ўсіх ахвочых дапамагчы ў высакароднай справе аднаўлення друйскага кляштара:

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2434

Р\Р 3015000006283, “Беларусбанк”, філ. №205, г. Браслаў; код банка 637 УНН300170419; УНП 534. Адрас і тэлефон кляштара: 211960, Друя, вул. Леніна, 54, Браслаўскі раён, Віцебская вобласць. Тэл.: 8 (02153) 25109; е-mail: trojca@tut.by

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2429

Апроч касцёла і кляштара, на плошчы ў Друі варта пабачыць Барысаў камень з надпісамі ХІІ стагоддзя, які не так даўно выцягнулі з Дзвіны. Што праўда, у працэсе выцягвання камень раскалоўся на некалькі частак…

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2473

Таксама варта зазірнуць на адноўленыя габрэйскія могілкі і агледзець старую забудову Друі.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2480

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2489

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2491

А сягае яна ў XVII стагоддзе, калі Сапегі заснавалі тут паселішча Сапежын, дзе некалі нават была мытня, якая кантралявала бойкі гандаль на Дзвіне… Цяпер жа Друя – аграгарадок.

 

Вёска Яя і помнік Еўфрасінні Полацкай

Дарогаю на Браслаў Андрэй Дыбоўскі падказвае:

— Прапаную спыніцца і пасяліць Цмока ў самай апошняй паводле алфавіту вёсцы Беларусі — Яя!

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2512

Пакуль фоткаем, стараемся зразумець, як жа называюць сябе жыхары гэтай дзівоснай вёскі. Яяйцы? Яяйчукі?..

У Слабодцы стаіць незвычайнай прыгажосці касцёл Божага Провіду 1903 года, дзе ў 2008-2012 гадах быў пробашчам наш шаноўны знаёмы, айцец Сяргей Сурыновіч. За гэты час удалося вельмі дыхтоўна аднавіць касцёл, а таксама ўсталяваць на плошчы перад ім помнік святой апякунцы Беларусі Еўфрасінні Полацкай.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2519

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2525

 

Браслаўскія азёры: Цмок жыве на гары Маяк!

Даязджаем да Браслава. Тутэйшая замкавая гара вядомая тым, што некалі тут жылі яшчэ латгалы, потым — нашыя продкі крывічы. У касцёле 1824 года захоўваецца каранаваны Папам абраз Божай Маці, да якога штогод збіраюцца тысячы пілігрымаў. Сам Браслаў згадваецца ў хроніцы (паводле Стрыйкоўскага) ў 1065 годзе — на 2 гады раней за Мінск.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2536

— А герб Браслава выяўлены на купюры ў 1 долар! — патрыятычна заяўляе Кастусь Шыталь.

Гледзячы на герб Браслава і на 1 долар, не запярэчыш!..

Едзем у кірунку гары Маяк, як раптам фатограф Таранціна крычыць:

— Стой! Цмок!..

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2539

Тармозім каля… раённага грамадскага пункту аховы правапарадку. Роўна перад будынкам стаіць праўдзівы Цмок з адбітым вухам. Вуха тут жа, у яго на плячы. Во дзе ахоўнік браслаўскага парадку!

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2554

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2559

Гэта яшчэ шчыльней наводзіць нас на думку, што мы на правільным шляху.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2624

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2685

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2709

Дабіраемся да гары Маяк — найлепшага агляднага пункту Браслаўскіх азёраў. На вяршыні гары стаіць дыхтоўная альтанка: першы паверх мураваны, другі — драўляны.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2610

Наверсе — лавы, каб прысесці і падзівіцца на фантастычнае хараство айчыннай прыроды.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2579

Разам з намі сюды падымаюцца некалькі турыстаў з Мінска, якім праводзіць экскурсію гаспадар мясцовай аграсядзібы. Міжвольнымі слухачамі экскурсіі робімся і мы.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2595

— Вось гэта — востраў Чайчын, самы вялікі ў Беларусі, — вяшчае гаспадар. — Адносна ягонай назвы ёсць розныя версіі. Адна — што тут жылі кітайцы і назвалі яго ў гонар свайго Кітаю — Чайны. Ведаеце, пішуць жа — мэйд ін чайна. Але я вам скажу праўду: востраў так называецца ад чайкі: чый? чайчын!

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2576

Версія аграсядзібшчыка падабаецца вуху значна больш за “кітайскую”, хоць першая — весялейшая. Аграсядзібшчык паварочваецца на 180 градусаў і працягвае.

— Гэта — возера Волас. Вучоныя з біяфака знайшлі на ягонай глыбіні нейкіх дужа рэдкіх ачкоў, якія жывуць толькі ў акіяне. З чаго можна зрабіць выснову, што тут некалі быў акіян!

Турысты слухаюць, разявіўшы раты. Мы таксама глядзім на дзядзечку са шчырым захапленнем.

-- На другім беразе возера сапраўды бывае прыязджае цмок, які мае тут рэзідэнцыю… -- дадае да агульнай карціны Кастусь Шыталь.

Пасля такога спакойна прыбіваем на альтанку нашую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!” І хай нехта паспрачаецца!..

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2567

 

Опса і Відзы: разборкі з Казановам і 59-метровы касцёл

Зваротным шляхам коратка аглядаем неагатычны касцёл у Опсе.

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2743

— Опсе больш за 500 год, — каментуе Кастусь Шыталь. — Некалі мясцовы шляхціч Цеханавецкі ажаніўся з пані Стурыньскай. Але потым між гэтымі сем’ямі ўсчалася вендэта, у выніку чаго Цеханавецкага забілі. Пані Стурыньская стала каханкай караля Станіслава Аўгуста. Але потым кароль сасватаў яе графу Мануцы з Венецыі, якому і падарыў Опсу. Бацька таго графа, між іншага, у свой час здаў Казанову венецыянскай інквізіцыі…

І самы апошні наш прыпынак — касцёл у Відзах. Які, маючы 59 метраў, з’яўляецца адным з трох найвышэйшых у Беларусі!

Tarantino.by-2013-Cmok-3-Braslavi-2759

Дзякуем кампаніі “Атлант-М Брытанія”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы магутным джыпам Land Rover нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!

Атлант-М Брытанія
Афіцыйны дылер у Беларусі
Мінск, вул. Аэрадромная ,125А
тэл. + 375 (17) 335 33 33

Інфармацыйны партнёр акцыі — “Комсомольcкая правда” в Белоруссии”

ДЗЕ ШУКАЦЬ ШЫЛЬДУ “ТУТ ЖЫВЕ БЕЛАРУСКІ ЦМОК!”

1.    Цмокава пячора над возерам Гінькава блізу вёскі Сахновічы Глыбоцкага раёна: шыльда знаходзіцца ў самой пячоры

2.    Краязнаўчы музей у школе №3 горада Міёры

3.    Гара Маяк на Браслаўскіх азёрах: на альтанцы на гары

Тэгі: , ,