it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jul 02

Тэкст Глеб Лабадзенка, Cmok.budzma.org

Фота Аляксандр “Таранціна” Ждановіч

Пасля адведзін Наваградчыны і возера Свіцязь экспедыцыя “Будзьмы” скіравалася на поўдзень краіны — у Веткаўскі раён. У тым, што гэта — сапраўдны цмачыны край, мы пераканаліся яшчэ ў часе гутаркі з галоўным цмоказнаўцам Гомельшчыны Андрэем Скіданам. Спадар Андрэйапавядаў пра цмокаў так “смачна”, што мы захацелі пабачыць усё на ўласныя вочы…

 

Жлобін: два цмокі!

 

Як вядома, Жлобін — край памаранчавых кракадзілаў і фіялетавых папугаяў. Дзеля таго, каб іх пабачыць, не абавязкова прымаць па чарзе мёртвую і жывую ваду — дастаткова спыніцца ў прыдарожным шапіку з цацкамі, як гэта зрабіла нашая экспедыцыя. Як на замову, тут нас чакалі адразу два цмокі — старэйшыя браты нашага. Жыве вобраз у народзе!

Пасля невялікай фотасесіі рухаемся далей у бок Гомеля, дарогаю прыпыняючыся палюбавацца чароўнымі краявідамі над Дняпром.

 

Ветка: цмок на ручніку, абразах і Евангеллі

 

Ветку заснавалі ў 1683-85 гадах выхадцы з “самога белакаменнага горада Масквы” — стараверцы. Гэтае адгалінаванне праваслаўя ўзнікла пасля царкоўнай рэформы 1660-х гадоў. Стараверцы не прынялі многія рэформы і працягвалі дзейнічаць па-даўнейшаму. За што іх і назвалі тады “раскольнікамі”.

Перад Веткаўскім музеем стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава нас сустракаюць шаноўная дырэктарка Галіна Рыгораўна Нячаева і шаноўны навуковы супрацоўнік Андрэй Скідан.

— Андрэю, правядзі іх спачатку па музеі абсалютна моўчкі, гэта зойме 15 хвілін, — хітравата кажа Галіна Рыгораўна.

Галіна Нячаева працуе дырэктарам з 1988 года, калі не стала заснавальніка і першага дырэктара Фёдара Рыгоравіча Шклярава, чыё імя сёння носіць музей. Фёдар Шкляраў быў мастаком, калекцыянерам, збіральнікам фальклору і артэфактаў. Ягоная калекцыя і легла ў аснову музея. А тут — дзясяткі стараверскіх абразоў і рэчаў, Евангеллі XVІ-XVII стагоддзя, стогадовыя ручнікі…

Як высветлілася потым, парада дырэктаркі “правесці нас па музеі моўчкі” была своеасаблівым тэстам: колькі цмокаў мы заўважым самі? А пачынаюцца цмокі ўжо на драўлянай музейнай браме ручной работы: два сімпацягі ахоўваюць сотні бясцэнных экспанатаў.

Пасля “маўклівай экскурсіі” дырэктарка хітравата пасміхаецца:

— То бок цмокаў на рукапісным Евангеллі XVII стагоддзя і на стогадовым ручніку вы не заўважылі?..

Каемся, што не заўважылі і адпраўляемся на другую спробу, ужо з каментарамі спадара Скідана. Ён — унікальны чалавек, самы аўтарытэтны цмоказнаўца на Гомельшчыне. Чаго варты той факт, што спадар Андрэй першы абвясціў аб знаходцы страчанага раней артыкула “Аб абароне цмокаў” са Статута Вялікага Княства Літоўскага і нават прадэманстраваў публіцы здабытую неймавернымі хітрыкамі старонку.

…Заходзім у вялікую залу з ручнікамі. Першае, што кідаецца ў вочы, — ручнік з “будзьмаўскімі” чалавечкамі!..

— Як з’явілася кампанія “Будзьма беларусамі!”, я адразу падумаў: дакладна з нашага ручніка ўзор пазычылі! Але гэта добра! Вы пафоткайце і іншыя нашыя ручнікі — можа, яшчэ якія ўзоры спатрэбяцца. Яны ў нас у Ветцы ўнікальныя! Ды таго ж, у нас — найбуйнейшы збор ткацтва з гэтага рэгіёна!

Побач з “будзьмаўскім” — ручнік з сапраўднымі цмокамі!..

— Мне таксама тут бачыцца Цмок, хоць некаторыя сцвярджаюць, што гэта індыкі… — усміхаецца спадар Андрэй.

Вам не перадаць, наколькі добрая аўра, наколькі лёгка і светла робіцца ў гэтай зале, дзе сабрана столькі найкаштоўнейшых старадаўніх беларускіх ручнікоў!.. Тут жа апавядаецца пра некаторыя старадаўнія абрады. Напрыклад, абрад “Свяча”, калі раз на год рытуальную свечку пераносілі з хаты ў хату. Альбо абрад “Пахаванне стралы”, калі свячу, апранутую у дзявочую сукенку, хавалі ў жыце…

У суседнім памяшканні — шматлікія стараверскія абразы. Гэта — найвялікшы збор у краіне. Некаторыя з іх — з выявай Цмока, якога забівае Георгій Перамоганосец. Барацьба нябеснага Бога і “паганага Цмока” — знакаміты міф многіх народаў. Але ў Беларусі быў свой міф і свой цмок, збольшага добры! Раззлавацца і пачаць шкодзіць Цмок мог толькі тады, калі чалавек пераступаў пэўную мяжу…

Невялікі пакойчык музея паказвае старадаўнюю чайную цырымонію, захавальнікамі якой лічыліся стараверы. Тут — дзясяткі самавараў, імбрыкі, сервізы, вытанчаная старадаўняя мэбля…

На сценах — ліштвы са старых хат, асобныя маюць алегарычную выяву цмокаў. Некаторыя з іх супрацоўнікі музея ўратавалі літаральна са сметніка. Людзі абшываюць хаты “па-моднаму” сайдынгам, а ліштвы проста здзіраюць і выкідаюць…

Асобная экспазіцыя музея ўвабрала ўнікальныя старадрукі і рукапісныя кнігі.

— Ёсць у нас два Евангеллі XVI стагоддзя — унікальныя для Беларусі рэчы, — паказвае Андрэй Скідан. — Ёсць кнігі Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца, выданні часоў Вялікага княства, Рэчы Паспалітай, кнігі з Віленскай, Кіеўскай друкарні…

Між іншых кніг — рукапіснае Евангелле пачатку XVII стагоддзя з цмокамі!..

— Гэта рэнесансная традыцыя, так званы “звярыны стыль”, улюбаваны нашымі майстрамі…

Дарэчы, будынак музея — гэта старасвецкі асабняк купца Грошыкава 1897 года пабудовы. А стаіць ён на… Краснай плошчы! Названай так задоўга да савецкага часу. Стараверцы, якія прыехалі сюды з Масквы, назву плошчы прывезлі з сабой. Паходзіць яна ад слова “краса” — таму і па-беларуску будзе Красная, а не Чырвоная.

З лёгкай душой пакідаем у музеі шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”. Супрацоўнікі кажуць, што на будынку яе павесіць нельга, бо ён з’яўляецца помнікам архітэктуры. Але абяцаюць змясціць усярэдзіне, каб турысты маглі фоткацца.

…Пад Веткай заязджаем на стараверскія могілкі ў вёску Мар’іна. Васьміканцовыя крыжы ўражваюць тут сваёй масіўнасцю: зробленыя яны напраўду з бярвёнаў, такіх, з якіх будуюць хаты!..

 

Бесядзь: найпрыгажэйшыя краявіды!

 

Канечне, калі казаць пра найпрыгажэйшыя краявіды нашай краіны, то ў першую дзясятку дакладна трапіць даліна ракі Бесядзь. Едзем машынаю да паўзакінутай вёскі Чамярня.

За вёскай — хутар. Гаспадар хітра перакапаў усё кругом — відаць, каб абы-хто не ездзіў. Але, па-першае, мы ж не абы-хто, а экспедыцыя “У пошуках Цмока”. Па-другое, гаспадар яўна не ўлічваў, што Цмока прыедуць шукаць на лэндроверы. Чык-пук па канавах ды пагорках — і мы стаім на высокім беразе над ракою.

— Бесядзь неймаверна прыгожая!.. — агучвае нашыя думкі Андрэй Скідан. — Таму яна карыстаецца вялікай папулярнасцю ў байдарачнікаў — яны стартуюць троху вышэй па цячэнні і сплаўляюцца да месца ўпадзення Бесядзі ў Сож…

Яшчэ вышэйшы пагорак за намі — курганны магільнік Х стагоддзя. Называюць яго цяпер па-рознаму: Серыкава гара, Чортава гара, Каменная гара… Тут продкі сучасных палешукоў, радзімічы, хавалі нябожчыкаў. Адметна, што і цяпер на вяршыні кургана — могілкі. То бок на гэтым месцы беларусы хаваюць памерлых ужо больш за 1000 гадоў!

— Дарэчы, паводле народных легендаў такія курганы ахоўваў Цмок. У нашы часы тут можна заўважыць шмат вужоў. А вужака, як вядома, гэта малодшы брат Цмока, — тлумачыць Андрэй Скідан.

 

Свяцілавічы: тут было старадаўняе Свяцілішча

 

У Свяцілавічах спыняемся паглядзець панскі крухмальны завод ХІХ стагоддзя і прыходскую вучэльню. Таксама пасярод вёскі заўважаем вельмі цікавае драўлянае наверша студні.

— Назва Свяцілавічы паходзіць ад “Свяцілішча” — пагорка, які ў нашых паганскіх продкаў выконваў функцыю храма. Мы з вамі толькі што былі на тым пагорку над Бесяддзю… — тлумачыць наш праваднік.

 

Будзішча: крыніца пасярод закінутай вёскі

 

Да вёскі Будзішча едзем каля 10 кіламетраў спачатку па полі (дзе месцамі дарогі ўжо проста няма), потым — па лесе. Абапал дарогі — ззелянелыя балоты. Часам шлях перагароджваюць маляўніча паваленыя дрэвы. Каб не джып, дык і не праехалі б!..

Нарэшце дабіраемся да вёскі, дзе жыццё практычна спынілася.

Перад намі — незвычайная крыніца. Зруб у некалькі бярвенняў вышынёю. Памерам, можа, пяць на пяць метраў. У галаве зруба — шэсць старадаўніх крыжоў з абразамі, упрыгожанымі ручнікамі. На дне зруба б’е крыніца, кудлата ўздымаючы глей…

— Калі была засуха, людзі ішлі да гэтай крыніцы, павязвалі ручнікі і прасілі дажджу…

За першым зрубам — другі, дзе з дошак зробленыя масткі. Раней людзі мылі тут бялізну.

Што казаць, каб убачыць такую крыніцу, можна было і 50 кіламетраў па лесе праехаць!..

Непадалёк крыніцы спадар Андрэй паказвае агромністыя жорны, якія нібыта паказваюць дарогу да крыніцы.

 

— Не хачу сказаць, што іх закінуў сюды Цмок, але…

ПРАЦЯГ БУДЗЕ...

 

Дзякуем кампаніі “Атлант-М Брытанія”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы магутным джыпам Land Rover нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!

Атлант-М Брытанія
Афіцыйны дылер у Беларусі
Мінск, вул. Аэрадромная ,125А
тэл. + 375 (17) 335 33 33
Інфармацыйны партнёр акцыі — “Комсомольcкая правда” в Белоруссии”
Тэгі: , ,