it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 24

Экспедыцыя “Будзьмы” знайшла на Наваградчыне піранняў і адшукала апоўначы таямнічае балота пасярод лесу...

 

Тэкст: Глеб Лабадзенка

Фота: Аляксандр "Таранціна" Ждановіч

У папярэдняй частцы вы даведаліся, як мы шукалі Цмока ў мястэчку Мір, вёсцы Турэц і першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага Наваградку. Сёння -- працяг, дзе мы даехалі непасрэдна да возера Свіцязь, пабачыўшы шмат цікавостак па дарозе...

 

Валеўка і Радагошча: Чаму Цмок не сябруе з катамі?..

…Кіруемся ў бок Свіцязі — для гэтага з Наваградка трэба выязджаць на Баранавічы. На шляху — вёска Валеўка, адкуль можна трапіць у колішні маёнтак “Чамброва” (вёска Радагошча). Гэта радзіма маці Адама Міцкевіча. Пазней, у канцы ХІХ стагоддзя маёнтак прыдбалі паны Карповічы. Між іншым, паводле распаўсюджанай версіі, менавіта “Чамброва” з’яўляецца прататыпам сядзібы Сапліцова ў Міцкевічавым “Пане Тадэвушы”.

— Была сядзіба, ды разбурылі яе камуністы, адны падмуркі ў траве пазаставаліся… — выходзіць нам насустрач Вольга Міхайлаўна Семянчук. — А пан вой які разумны і харошы быў! Ведаў, што клён беражэ людзей ад маланак падчас навальніц. Дык, бачыце, усё тут клёнамі засадзіў…

Вольга Міхайлаўна — і сама пані, бо жыве ў колішняй панскай сыраварні. Спускаемся пад хату і трапляем у той самы пакой, дзе некалі паны Карповічы захоўвалі сыры. Сцены з вялізных валуноў даюць добрае ўяўленне, якой жа магутнай была сама сядзіба…

У гаспадарцы Вольгі Міхайлаўны — шасцёра катоў. Яны рэагуюць на нашага Цмока не вельмі ветліва: пэўна, адчуваюць мацнейшага. Прэзентуем гаспадыні фірмовую торбу і рухаемся за вёску, каб пабачыць у чыстым полі капліцу паноў Карповічаў XIX стагоддзя. Стаіць яна ў такім месцы, што без джыпа можна і не дабрацца, хіба што пехам ад вёскі.

Вяртаемся ў Валеўку. Тут цікава паглядзець драўляную царкву святых Пятра і Паўла 1736 года.

 

Сядзіба “Залатая падкова”: Цмок-каваль знойдзены!

У Валеўцы трэба павярнуць па ўказальніку на Карэлічы — і потым другі паварот за школаю направа. Праз нейкі час вы апыняцеся ў вёсцы Навасады, дзе ў самым канцы справа і будзе сядзіба “Залатая падкова”.

— Дык што гэта такое — “цмок”?.. — вітаюць нас гаспадары Алена Міхайлаўна і Аляксандр Валянцінавіч Піразевы.

Пачуўшы грунтоўны адказ, гаспадыня ўздыхае з палёгкаю:

— Ну, цяпер зразумела, што гэта дракон беларускі! Пойдзем у хату, пакажу вам свае творы.

У хаце Піразевых — гатовая карцінная галерэя.

— Зайздрошчу вам! — выгуквае наш спадарожнік Алесь Мазанік. — Я ў музей, мо, раз на год хаджу, а вы ў музеі жывяце!..

Алена Міхайлаўна — напраўду пацалаваны Богам чалавек, майстрыца на ўсе рукі. На сценах — дзясяткі карцін з саломкі, шкла, намаляваных алоўкам на паперы ці фарбамі на шкле, інкрустацыі з бяросты. Што казаць, калі нават падлога, дзверы і шафы на кухні па-майстэрску распісаныя рукою Алены Міхайлаўны.

— Усім турыстам экскурсію па хаце ладзім! — кажа гаспадыня.

У гаспадара ж хобі больш суворае: Аляксандр Валянцінавіч мае сваю коўню.

Ён распальвае агонь, і на нашых вачах за 15 хвілін з жалезнага бруска нараджаецца падкова, якую спадар Аляксандр дорыць на шчасце кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

— Толькі вешаць над уваходам трэба рагамі ўгору, каб дом быў як поўны келіх! — аўтарытэтна падказвае каваль Піразеў.

Апавядаем Аляксандру Валянцінавічу, што беларускі Цмок якраз быў шчыльна звязаны з кавалямі, бо і Цмок агнём пляваўся, і кавалі з агнём працавалі.

— Дык вашая цмачыная шыльда на маёй коўні будзе абсалютна дарэчы глядзецца! — рэзюмуе гаспадар.

Хоць кавальства гаспадар называе сваім хобі, поспехі відавочныя. Толькі на падворку сядзібы можна падзівіцца на выкшталцоную браму, каваную аздобу гаўбца, парэнчы, жалезным кветкам на дзвярах сядзібы. А колькі гадоў таму спадар Аляксандр Валянцінавіч заняў высокае месца на фэсце кавалёў у Дудутках. І, карыстаючыся выпадкам, там жа прэзентаваў сваю падкову прысутнаму на фэсце народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну.

На падворку мы знаходзім ажно двух цмокаў. Адзін мірна сядзіць сабе ў будцы (“Гэта мы такую карчагу ў возеры вылавілі”, — тлумачыць гаспадыня). Другі ў выглядзе валуна з вочкамі схаваўся ў траве каля альтанкі.

Збіраемся на Свіцязь.

— Вы ж, пэўна, ведаеце легенду?... — перапытвае Алена Іванаўна. — Некалі на месцы возера быў горад з плошчаю і царквою ў цэнтры. - І пайшлі ўсе мужчыны на вайну, а ў гэтую ноч ворагі напалі на г.Свіцязь. Толькі жанчыны, старыя і дзеці засталіся ў горадзе. І так яны сказалі:  “Лепей мы пад зямлю правалімся, чым дамо ворагу нас гвалціць і зневажаць”. І праваліся пад зямлю, і ўтварылася тут возера. А на возеры плавалі вялізныя белыя кветкі. Ворагі, якія пачалі зрываць тыя кветкі, усе загінулі! І цяпер у ціхую ноч можна пачуць з глыбіні звон царкоўных званоў і плач свіцязянак…

— Ну, паехалі ўжо на Свіцязь цмокаў шукаць!.. — падсумоўвае каваль.

 

Свіцязь: У нас тут не толькі Цмок жыве…

На Свіцязі лепата. Дзень спякотны, пляж поўніцца паўаголенымі беларусамі з Гарадзеншчыны, Міншчыны ды Берасцейшчыны, мяркуючы па нумарах машын на паркоўцы.

— Мужыкі, кажуць, у вас тут у Свіцязі Цмок жыве?.. — нясмела пытаюся ў ратаўнікоў на беразе.

— А то!.. — ссоўвае кепку на патыліцу галоўны ратаўнік і, не міргнуўшы вокам, дадае. — А яшчэ чарада піранняў і алігатар. А вось бегемот здох, не выжыў…

Бачу, што з гэтымі дзядзькамі кашу мы зварым.

— Дык вы не супраць, калі мы тут дзе шыльду павесім, што “Тут жыве беларускі Цмок”?..

— Няма нічога прасцейшага! — весела адгукаецца ратаўнік. — Віцька, цягні лесвіцу, таблічку пра Цмока вешаць будзем!..

Праз хвіліну лесвіца тут. Ратаўнікі трымаюць, а я ўзбіраюся на самы дах альтанкі ў выглядзе хаткі Бабы Ягі. На грукат малатка абарочваецца ўвесь пляж і з інтарэсам пачынае вывучаць нашую шыльду.

— Можа, хоць купацца асцярожней будуць!.. — усміхаецца наш новы аднадумца. — А то цераз дзень з вады людзей выцягваю, хоць бы хто дзякуй сказаў… Учора во ўратаваў дзетак малых — паўтара і два гады. Бацькі на хвіліну, як кажуць, адвярнуліся. Гляджу — а дзеці ўжо дагары спінамі ў вадзе. Я проста ў адзежы кінуўся, дзякаваць Богу, паспеў!..

Пакідаем шаноўным ратаўнікам жменю фірмовых значкаў “Краіна Цмока” і выпраўляемся да апошняга пункта вандроўкі — сядзібы “Чарэшля”.

 

Чарэшля: Каму пакажацца Цмок апоўначы на лясным балоце?..

Каб даехаць да вёскі Чарэшля, трэба ад Наваградка паехаць на Уселюб, адтуль — на Бенін (у кірунку Любчы), адтуль — на Вераскава, і звярнуць на ўказальніку “Чарэшля 5 км”. Між іншым, ва Уселюбе абавязкова паглядзіце самы стары гатычны касцёл у Беларусі, вядомы з 1433 года. Хоць ён і перабудаваны, бо неаднойчы змяняў сваю прыналежнасць, але ягонай значнасці гэта не змяншае. У Беніне захаваліся рэшткі стогадовай сядзібы Даўгарукіх, у Вераскаве — сядзіба Дыбоўскіх і Брахоцкіх ХІХ стагоддзя.

У Чарэшлі нас вітае старадаўняя брукаванка пад коламі.

 

— Каб і надумаліся асфальтаваць, я б перад сваёй хатай лёг бы на дарогу і не даў!.. — выходзіць насустрач гаспадар Міхаіл Зуевіч.

Міхаіл Анатолевіч толькі што з летняга душа, з ручніком на шыі.

— У мяне 7 вуллёў, завіхаўся тут з абеду, а пчолы вой як потных не любяць!.. — тлумачыць гаспадар.

Бацька Міхаіла Анатольевіча, Анатоль Міхайлавіч, — зорка Бі-бі-сі.

— Прыязджала здымачная група ажно з Лондана, — апавядае гаспадар. — Бацька мой — унікальны майстар, пляце лапці і кошыкі па старадаўняй тэхналогіі. Дык бібісішнікі здымалі ўвесь працэс ад пачатку да канца! Потым нам дыск з фільмам падарылі.

На падворку — сапраўдны музей. Вось стол, асновай для якога зрабіўся футурыстычны пень ад бярозы, а стальніцай — кола ад сечкі, накрытае шклом. Вось агромністы корань ад дрэва, які раскінуў галіны ва ўсе бакі. У цэнтры гаспадар дадаў вочы і ўсмешку — і пад сценкаю гаража адразу заззяла Сонца. У самім гаражы Міхаіл Анатольевіч абсталяваў яшчэ адзін спальны пакойчык. Прычым ложак зроблены са стогадовых саней! Тут жа — невялікі музей лапцяў са скуры да лыка ды чаравікаў з драўлянай падэшвай. За гаражом — лазня з ледзяной купеллю. А пры ўваходзе — канапа, высечаная з дуба.

— Сын налічыў 238 кольцаў і збіўся!.. — кажа гаспадар.

У хаце — гарачая вада і выгоды. Адначасова гаспадару ўдаецца захаваць аўтэнтыку: здымкі старасвецкіх будынкаў на сценах, кросны, абразы пад ручнікамі… На стэлажы стаіць старая магнітола з пласцінкамі.

— Гарадскім турыстам у навінку! — смяецца гаспадар. — Адной кабеце паказаў, што можна проста пальцам круціць — і без электрычнасці музыка будзе. Дык цэлы вечар круціла, усё надзівіцца не магла!

Цераз дарогу ад хаты — возера Чарэшля. Для аматараў пашукаць Цмока ў вадзе гаспадар мае тут лодку і некалькі байдарак.

У альтанцы знаходзім… Цмока!

— Быў у мяне такі вось ствол дрэва, я троху яго апрацаваў, сюды паставіў — турыстам падабаецца!

У кнізе гасцей сядзібы Чарэшля — актор Алег Гарбуз, дэлегацыя з Ізраіля, турысты з Каліфорніі, мэр аднаго польскага горада… На іншым краі альтанкі яшчэ адна драўляная пыса. Гаспадар цягне за нос — і ў руцэ апынаецца пляшка празрыстай вадкасці з надпісам “Чарашлянская”. Аднак гэта для нас заўчасна, бо ўжо сцямнела, і нас чакаюць самыя сапраўдныя пошукі Цмока!

— Самых смелых турыстаў я вяду ў лес, дзе ёсць два возеры — Святое і Глухое. Атмасфера там такая, што не толькі Цмока ўбачыць можна!..

Едзем на машыне спачатку па дарозе. Спыняемся і  запальваем паходні — Цмока трэба шукаць з агнём!..

Праходзім так пехам каля 100 метраў па лясным балоце. Потым пачынаецца самая сапраўдная дрыгва. Выходзім амаль да краю вады.

— Бачыце, як тут усё зраслося: можна стаяць як на падушцы!..

З гэтымі словамі Міхаіл Анатолевіч пачынае пагойдвацца, і зямля калышацца пад намі як жывая.

— Пад намі — 7 метраў вады, — нібыта між справаю гаворыць наш праваднік. — Зараз пакажу!

Спадар Зуевіч падымае з зямлі пяціметровую сухую елку без галін і пачынае апускаць у ваду за два крокі ад нас. Елка ідзе, ідзе, хаваецца цалкам і гулка сыходзіць у тоўшчу возера.

І вось уявіце сабе карціну. 12 гадзін ночы, глухі лес за 25 кіламетраў ад Наваградка, балота з дрыгвою. Над вадою стаяць чатыры чалавекі з паходнямі і яўна нарываюцца на непрыемнасці. На месцы Цмока варта было б ужо даўно скончыць гэты балаган ды паказаць нахабным вандроўнікам, што жарты з Цмокам кепскія!.. Аднак у беларускага Цмока тым вечарам быў вясёлы настрой, таму сталічных цмоказнаўцаў ён вырашыў адпусціць з мірам. Магчыма, каб потым паказацца менавіта вам?..

 

ПАЧАТАК ВАНДРОЎКІ (Мір, Турэц, Наваградак) ЧЫТАЙЦЕ ТУТ

 

ДЗЕ ШУКАЦЬ ШЫЛЬДЫ “ТУТ ЖЫВЕ БЕЛАРУСКІ ЦМОК!”

  1. Наваградак. Галерэя Кастуся Качана насупраць замка Міндоўга, тэлефон гаспадара: 8 029 6769038.
  2. Аграсядзіба “Залатая падкова” ў вёсцы Навасады Наваградскага раёна, 2 км ад возера Свіцязь, тэлефон гаспадара Аляксандра Піразева: 8 029 9396767.
  3. Возера Свіцязь — на пляжы.
  4. Аграсядзіба “Чарэшля”. Вёска Чарэшля Наваградскага раёна. Гаспадар Міхаіл Зуевіч, тэлефон: 8 029 6733307.

Будзьма Цмокамі!

Дзякуем кампаніі “Атлант-М Брытанія”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы магутным джыпам Land Rover нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!

Атлант-М Брытанія
Афіцыйны дылер у Беларусі
Мінск, вул. Аэрадромная ,125А
тэл. + 375 (17) 335 33 33
Інфармацыйны партнёр акцыі — “Комсомольcкая правда” в Белоруссии”

Тэгі: ,