it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 07

Глеб ЛАБАДЗЕНКА, фота забяспечана Дзмітрыем Івановым, TUT.BY

Фота забяспечана Дзмітрыем ІвановымДзмітрый Іваноў – доктар сацыялагічных навук, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі сацыялогіі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Спадар Дзмітрый прачытае ў Мінску публічную лекцыю “Час Чэ для глэм-капіталізму” з цыклу Urbi et Orbi (“Гораду і свету”), які ладзіць “Лятучы Універсітэт”. Лекцыя адбудзецца 14 чэрвеня ў галерэі "Ў" (пр-т Незалежнасці, 37а), пачатак у 18.30, уваход вольны!

 

Напярэдадні лекцыі мы паразмаўлялі з Дзмітрыем Івановым пра тое, чаму людзі пераплочваюць у тры разы за модныя брэнды, калі прыйдзе наступны крызіс перавытворчасці і чаму антыкапіталіст Чэ Гевара такі папулярны між сённяшніх капіталістаў.

“У іх няма будучыні ў сацыялогіі не таму, што яны бесперспектыўныя, а таму, што яны перспектыву бачаць іначай”

 

Спадар Дзмітрый, ведаю, што яшчэ нядаўна Вы дакладна выкладалі ў ЕГУ. Ці выкладаеце цяпер?

 

Дзмітрый Іваноў: Я сапраўды выкладаў там у 2009-2012 гадах, мы сумесна з Андрэем Ралёнкам вялі курс па сацыяльнай тэорыі. Гэта быў цікавы досвед і добрыя студэнты ў добрым прыемным горадзе. Але цяпер ужо не выкладаю.

Сыходзячы з тых гадоў працы, што Вы можаце сказаць пра беларускіх студэнтаў? Ці ёсць будучыня ў беларускай сацыялогіі?

 

Дзмітрый Іваноў: Я думаю, што беларускія студэнты прынцыпова не адрозніваюцца ад еўрапейскіх ці расійскіх, з якімі мне даводзілася сутыкацца. Сярод іх ёсць меншасць, якая шчыра захоплена сацыялогіяй – гэта і ёсць будучыня сацыялогіі, і ў іх у сацыялогіі цудоўная будучыня. Ёсць большасць тых, хто атрымлівае вышэйшую адукацыю (гэта тычыцца не толькі сацыялогіі) дзеля дыплома, які дасць стартавую пазіцыю ў кар’еры – часцей за ўсё, далёкай ад навукі і ў прыватнасці сацыялогіі. Гэта таксама прымальная стратэгія – у іх няма будучыні ў сацыялогіі не таму, што яны бесперспектыўныя, а таму, што яны перспектыву бачаць іначай.

Ці маеце кантакты з беларускімі калегамі? Што з сучаснай беларускай сацыялогіі Вам знаёмае?

 

Дзмітрый Іваноў: На жаль, я мала знаёмы з беларускай сацыялогіяй. Мой адзіны “жывы” кантакт – ужо згаданы вышэй калега па выкладанні Андрэй Ралёнак. Праз яго так ці іначай я кантактаваў з тымі, хто мае дачыненне да сацыяльных і палітычных навук у ЕГУ. А з тых, чые працы мне знаёмыя і блізкія, гэта быў ужо нябожчык Уладзімір Фурс.

“Сярэдні клас” лагічней назваць “звышновымі беднымі”

 

Спадар Дзмітрый, у адным са сваіх інтэрв’ю Вы кажаце, што стандартную сацыялогію (інтэрв’ю, апытанні, аналіз дадзеных…) Вы лічыце залішнім інструментам. Тым часам сёння ў Беларусі часта даводзіцца чуць менавіта такое разуменне сацыялогіі: сацыёлаг – той, хто праводзіць апытанні. Гэтая думка памылковая ў сучасным свеце?

 

Дзмітрый Іваноў: Гэтая думка грунтуецца на фактах. Людзі бачаць не ўсю сацыялогію, а, скажам так, інтэрфейс: сацыёлагі звяртаюцца па інфармацыю да людзей з пытаннямі. Увогуле, гэта падыход ХІХ стагоддзя – у найлепшым выпадку. Быў час, калі асноўныя масы людзей былі непісьменныя – і сацыёлагам даводзілася “кляшчамі выцягваць” звесткі з маўклівай большасці. Цяпер жа мы жывем у эпоху інфармацыйных плыняў, кампутарных сетак, дзе людзі самі выкладаюць масу кантэнту. І не трэба ствараць штучную камунікацыю ў выглядзе апытання – вельмі часта інфармацыя ўжо ёсць! Але паколькі замест гэтага ствараецца штучная камунікацыя – то і адказы атрымліваюцца штучныя, скажоныя.

Адказваючы неяк на пытанне пра галоўныя міфы сучаснай сацыялогіі, Вы назвалі тры: “інфармацыйнае грамадства”, “сярэдні клас” і “грамадзянская супольнасць”. У Беларусі ўсе гэтыя тры вызначэнні толькі прыжываюцца, не ўсе яшчэ да іх як след прызвычаіліся. А тут апынаецца, што ўсё гэта састарэла! Дык мы адстаем ад часу?

 

Дзмітрый Іваноў: Можна і так сказаць. Рэч у тым, што панятак “інфармацыйнае грамадства” мае на ўвазе, што галоўны рэсурс сучаснага грамадства – веды. А досвед і элементарны здаровы сэнс падказвае, што галоўнае ў сучасным грамадстве – гэта грошы. Такім чынам, мы вывучаем не рэчаіснасць, а вышукваем у рэчаіснасці нешта, што нагадвае ўтопію інфармацыйнага грамадства. Што тычыцца “грамадзянскай супольнасці”, гэты канцэпт прадугледжвае мноства аўтаномных самаарганізаваных грамадзян, якія ініцыятыўныя, адказныя і самастойныя. А насамрэч тыя грамадскія арганізацыі і грамадзянскія структуры, якія нам прапануецца вызначаць як “грамадзянскую супольнасць”, – гэта кліенцкія арганізацыі. Яны залежаць або ад карпаратыўных фундатараў, або ад фундатараў дзяржаўна-бюракратычных. На ахвяраванні, на гранты робіцца кліенцкае грамадства, якое выдаюць за грамадзянскае. Ініцыятыўнымі і незалежнымі ў нашым сучасным грамадстве апынаюцца маргінальныя буржуа… Што тычыцца міфа пра “сярэдні клас”, то гэта “драўлянае жалеза” – лагічна немагчымы канцэпт, які, аднак, патрапіў ва ўжытак сацыёлагаў, а потым і далей. Бываюць “сярэднія слаі” паводле ўзроўня прыбытку – людзі, якія насамрэч належаць да розных класаў: прадпрымальнікі, кваліфікаваныя працаўнікі, прафесіяналы з вышэйшай адукацыяй. Цягам апошняга дзесяцігоддзя гэты сярэдні слой распадаецца, усё менш дамінуе ў сучасным грамадстве. А мы прывыклі, што ён нібыта – апора сучаснага грамадства.

Даводзіцца чуць такое меркаванне пра беларускі сярэдні клас, што гэта людзі, якія здавальняюцца нечым невялікім: патрыманы “Пасат” з Нямеччыны, перыядычны шопінг у Вільні, раз на год пагрэць косткі ў Турцыі. Іх гэта задавальняе, ім не трэба лепшага – і гэта тармозіць перамены. Апісаныя вышэй людзі з’яўляюцца “сярэднім класам”?

 

Дзмітрый Іваноў: Пра гэта я і казаў, што ўзнікаюць пэўныя парадоксы. Сярэдні слой традацыйна быў маторам эканамічнага развіцця. А апісаны вамі нібыта сярэдні слой больш слушна называць “звышновымі беднымі”. Яны бедныя не ў класічным сэнсе, бо маюць мінімальныя атрыбуты дабрабыту і могуць здавальняцца гэтым малым да пары, пакуль агульная эканамічная сітуацыя ім гэта дазваляе. Гэта кліенцкія групы, дабрабыт якіх залежыць не ад іх саміх, а ад знешняй кан’юктуры. А насамрэч маторам з’яўляюцца глэм-капіталісты (ад слова “гламур”) – тыя, хто гоніцца за большым, і гэтай сваёй гонкай ініцыююць эканамічны рост (але паралельна – і сацыяльныя канфлікты, экалагічныя праблемы, эканамічную дыспрапорцыю). А тыя, каго мы прызвычаіліся лічыць “сярэднім слоем” – гэтыя групы ў выпадку крызісу робяцца разбуральнай сілай. Яны былі лаяльныя, галасавалі на выбарах – але як толькі ўзровень жыцця падае, яны гэтую лаяльнасць страчваюць і выступаць за захаванне рэжыма не гатовыя. Таму мы і назіраем цэлую серыю квазі-рэвалюцыйных пераваротаў, якая пачалася з арабскай вясны, у гэтыя гадзіны мы назіраем турэцкае лета, была руская зіма, былі спробы пераварота ў Беларусі… Усё гэта праява той самай тэндэнцыі: няўстойлівасць інстытутаў і структур, да якіх мы прывыклі. Сацыёлагі пераўтварыліся ў нейкіх псіхатэрапеўтаў, якія галосяць, што гэтыя інстытуты рэальныя, у той час, як насамрэч яны ўсе зрабіліся віртуальнай рэальнасцю.

Для нас гэта таксама трапна заўважана. Перад кожным мерапрыемствам ці мітынгам сотні і тысячы людзей лайкаюць падзею і пішуць, што прыдуць. А прыходзіць дзве-тры сотні. Чым тлумачыцца такі феномен?

 

Дзмітрый Іваноў: Гэта тлумачыцца тэндэнцыямі віртуалізацыі палітыкі, якія пачаліся не ўчора. Людзі ўсё менш ходзяць на выбары, усё больш палітыка для іх – рытуал. Палітычныя эліты звяртаюцца да іх праз СМІ і інтэрнэт – і людзі гэтак жа сама на такія звароты адказваюць.

“Людзі пераплочваюць за магчымасць карыстацца брэндамі, карыстацца прыналежнасцю да трэнду”

Фота забяспечана Дзмітрыем Івановым

Спадар Дзмітры, я б прасіў Вас вярнуцца да думкі, нібыта “грамадзянская супольнасць” – гэта міф. Патлумачу, чаму гэта так важна для нас. У нас ёсць структуры і з боку ўладаў, і з боку апазіцыі, якія, можна меркаваць, знікнуць і расцярушацца, калі спыніцца фінансаванне. Тым часам ёсць дробныя ініцыятывы, якія робяць тое, чаго не робяць улады. Скажам, талокі ў Курапатах – месцы сталінскіх расстрэлаў інтэлігенцыі. Няўжо гэта – марнасць?!

 

Дзмітрый Іваноў: Зусім так не лічу. Калі людзі хочуць гэтым займацца – будуць займацца незалежна ад таго, ці даюць ім грошы і ці ўхваляе іх дзеянні прафесар Іваноў. У тым і справа, што сацыёлагі агледзелі “грамадзянскую супольнасць” там, дзе яна сімулюецца. Яны праводзяць там свае даследванні – якія, адпаведна, таксама ёсць сімуляцыяй. А побач адбываецца жыццё. Якое ёсць альтэрнатывай таму, што мы прывыклі называць “сацыяльным”. Таму я такія рухі называю “альтэр-сацыяльнымі”. Вы прывялі прыклад ціхай працы, якая не выклікае пратэста – людзі добраўпарадкуюць пахаванні. А ёсць іншыя рухі – калі людзі бароняць скверы і паркі каля дома ад забудовы.

Так, у нас таксама такое здараецца.

 

Дзмітрый Іваноў: Гэтыя людзі арганізуюцца адасоблена і ад дзяржавы, і ад так званай грамадзянскай супольнасці. Яны ствараюць альтэрнатыўную сацыяльнасць – гэта і ёсць сапраўдны актуальны прадмет для сучаснай сацыялогіі!

Наконт панятка “глэм-капіталізма” Вы пішаце: “у глэм-капіталізме грошы робяцца на брэндах і трэндах”. Тут можна прыгадаць і славутую цытату датычна кампаніі Apple: “мы зарабляем мільярды на пантах моладзі”.

 

Дзмітрый Іваноў: Сутнасць на гэтым прыкладзе паказаць можна вельмі добра. Прадукцыя Apple вырабляецца ў Кітаі. Але львіную долю прыбытку і шалёныя заробкі атрымліваюць не на гэтых кітайскіх фабрыках, а тыя дызайнеры і менеджеры, якія знаходзяцца ў штаб-кватэры Крамянёвай даліны ў Злучаных Штатах. Тыя, хто ствараюць вобразы і ўмеюць запусціць хуткую змену гэтых вобразаў, – вось яны і атрымліваюць пераважную долю прыбытку, на чым хутка зарабляюць мільёны і мільярды. Гэта і ёсць зарабленне грошай на брэндах, на хуткім абнаўленні мадэльнага шэрагу, а не на фізічных уласцівасцях прадукта. У выніку працаўнікам, якія непасрэдна збіраюць кампутар ці смартфон, недаплочваюць. А тым, хто працуе з эфемернымі рэчамі (брэндамі) дастаецца ўсё.

Як Вы лічыце, сітуацыя, калі чалавек пераплочвае сотні даляраў за аналагічны тавар толькі таму, што ён моднай маркі – ці можа яна цягнуцца вечна?

 

Дзмітрый Іваноў: Яна не будзе цягнуцца вечна. Але рэч і ў тым, што гэта не глупства. Глэм-капіталізм – гэта не маніпуляцыя глупымі спажыўцамі. Спажыўцы дзейнічаюць рацыянальна. Яны пераплочваюць – і ведаюць, што пераплочваюць. Але яны плоцяць за магчымасць карыстацца гэтымі брэндамі, карыстацца прыналежнасцю да трэнду (іх успрымаюць як лідараў спажывання) – для таго, каб выбудоўваць уласны імідж, падтрымліваць ўласны статус. Атрымліваецца, што яны плоцяць за віртуальныя, а не фізічныя якасці прадукта – але яны іх выкарыстоўваюць!

Спадар Дзмітрый, я хачу зразумець, ці адносіце Вы сябе да гэтай групы людзей. Які ў Вас тэлефон і ноўтбук, калі не сакрэт?..

 

Дзмітрый Іваноў: Няма сакрэту. Цяпер у мяне Asus з падрапанай і нават паламанай крышкаю, але ён функцыянальны. У мяне смартфон HTC 2-3-гадовай даўніны. Я аднойчы набыў кампутар ад кампаніі Apple – проста, каб праверыць свае высновы. І пераканаўся ў тым, што стратэгія Стыва Джобса, дзе зроблена стаўка на дызайн – яна напраўду працуе. У мяне ўзнікала эмацыйнае стаўленне да гэтага прадукта. Хоць ён мне быў непатрэбны і карыстацца ім мне было абсалютна нязручна… Але я хачу вярнуцца да галоўнай праблемы глэм-капіталізму – попыт не паспявае за прапановай. Вырабляецца больш, чым сучасны спажывец можа засвоіць, аплаціць, набыць – гэта выклікае крызіс перавытворчасці, якія адбываецца раз на 7-8 гадоў. Быў у 2008 годзе, у 2000-м, да гэтага у пачатку 1990-х. Гэта цыклічныя крызісы, якія толькі для палітыкаў надыходзяць раптоўна. Таму наступны крызіс адбудзецца ў 2017 годзе, плюс-мінус пару год. Аднак з крызісам перавытворчасці могуць супасці і іншыя – разам з эканамічным, могуць настаць палітычны, культурны крызіс. І найбольш ад такога крызіса пацерпяць негнуткія аўтарытарныя рэжымы – бо яны самі выхоўваюць кліенцкае грамадства, якое іх у цяжкі момант не падтрымае.

“Капіталісты выкарыстоўваюць вобраз рэвалюцыянера, які адчайна змагаўся з капіталістамі!"

 

Вашая лекцыя ў Мінску называецца “Час Чэ для глэм-капіталізму”. І прысвячаецца 85-годдзю Чэ Гевары. У сваіх кнігах і працах Вы часта звяртаецеся да гэтай асобы як своеасаблівага прыкладу даўншыфтынгу – быў міністрам, але кінуў і пайшоў зноў партызаніць. І пішаце, што сённяшні міф пра Чэ не адпавядае яго біяграфіі.

 

Дзмітрый Іваноў: Вельмі цікава, што вобраз Чэ Гевары, які цяпер папулярны – ён не капіталістычны. Я разглядаю феномен Чэ як парадаксальную з’яву. У сучасным капіталістычным грамадстве капіталісты, дробныя буржуа, карпататыўны бізнес вельмі любяць выкарыстоўваць вобраз рэвалюцыянера, які адчайна змагаўся з капіталістамі! Ствараецца вобраз рамантычнага рэвалюцыянера ў той час, што ён у многім быў рацыянальным менеджерам. Чэ Гевара быў адзін час старшынём нацбанка Кубы, міністрам прамысловасці – і цалкам паспяхова. Тады, калі Стыву Джобсу і Білу Гейтсу было па 6-7 гадоў, Чэ Гевара казаў, што “свет уступае ў электронную эру” і марыў пра тое, каб зрабіць Кубу лідарам мікраэлектронікі! Разумееце, ён быў на самай вяршыні ўлады і папулярнасці на Кубе – і ў гэты момант пакінуў усе пасты і зноўку зрабіўся партызанам, каб заставацца вольным і быць заўсёды ў руху. У гэтым была сутнасць ягонай партызанскай філасофіі. І гэтую сутнасць не разумеюць, але адчуваюць сёння тыя, хто ў Чэ Гевары бачыць універсальны вобраз свабоды ад руціны і намагаецца ўвасобіць яго ў сваім жыцці – здабыць поспех у кар’еры ці бізнесе, каб потым усё кінуць і стаць даўншыфтэрам, то бок свайго роду віртуальным партызанам.

Каго б Вам хацелася бачыць сярод слухачоў мінскай лекцыі?

 

Дзмітрый Іваноў: Людзей, якім цікавая не сучасная сацыялогія – а сучаснае грамадства. І пагутарыць пра тое, як нам разумець, якія канцэптуальныя ідэі выкарыстоўваць, каб разумець і тлумачыць сучаснае грамадства.
ТАКІМ ЧЫНАМ
Публічная лекцыя
сацыёлага Дзмітрыя Іванова
“Час Чэ для глэм-капіталізму”
з цыклу адбудзецца
14 чэрвеня а 18.30
у галерэі "Ў" (пр-т Незалежнасці, 37а)
Уваход вольны!
Тэгі: