it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 05

Ксёндз з Расіі Даніла Мыслянцаў прапаведуе толькі па-беларуску і ведае свой радавод аж да каралеўскіх часоў

Перадрук з Еўрарадыё

Ксяндза Данілу найчасцей параўноўваюць з Максімам Багдановічам. Падобны ўзрост – 27 гадоў. Падобная сітуацыя – вельмі доўга жыў у Расіі (нарадзіўся ў Пермі), але прасякнуўся беларушчынай. Ксёндз Даніла да нядаўняга часу служыў у Паставах, але быў пераведзены ў касцёл у Друі (Браслаўскі раён) XVII стагоддзя.

Ксёндз Даніла: “Так, мяне часта параўноўваюць з Багдановічам – але не таму, што і я геніяльны. Проста нарадзіўся і вырас у Расіі. Але пачаў цікавіцца Беларуссю. І калі прыехаў у Беларусь, то ўжо размаўляў па-беларуску, больш-менш спазнаў гэтую культуру. Каб пачаць размаўляць хоць бы на простым узроўні, мне спатрэбілася каля трох месяцаў. Але перад гэтым я пару славянскіх моваў ужо ведаў”.

Касцёл і кляштар у Друі. Фота globus.tut.by

Яшчэ ў часе вучобы ў семінарыі будучы ксёндз пачаў цікавіцца беларускімі святарамі–адраджэнцамі пачатку ХХ стагоддзя.

Ксёндз Даніла:  “Гэта і кола ў Акадэміі каталіцкай у Пецярбурзе ў 1910-х гадах, і ў Віленскай семінарыі беларускае кола. Так выйшаў на Гадлеўскага, на Станкевіча і на Казіміра Сваяка. Потым ужо зацікавіўся ягонай творчасцю”.

Пасвячэнне ў ксяндзы

Лёс Казіміра Сваяка ўразіў маладога семінарыста  да глыбіні душы. Ксёндз-паэт імкнуўся ўвесці ў касцёл беларускую мову, сам пісаў вершы па-беларуску, у 1924 годзе выдаў кнігу вершаў “Мая ліра”. Але ў 1926, ва ўзросце 36 год памёр ад сухотаў. Скончылася тым, што ксёндз Даніла ўзяў сабе псеўданім – Сваяк. Так ён фігуруе ў сацыяльных сетках, так яго ведаюць ужо многія людзі ў рэальным жыцці. У пашпарце ксёндз прозвішча пакуль не змяніў, але адпаведныя дакументы ўжо падаў.

Ксёндз Даніла: “Сваяк – гэта псеўданім, які я абраў сабе дзеля прапаганды Казіміра Сваяка. Я прыкрыўся ягонай славай не каб праславіцца самому, а каб шмат людзей зацікавіліся, чаму я раптам стаў Сваяком. Людзі пытаюцца – і я пачынаю апавядаць пра Казіміра Сваяка.  Для мяне гэта ідэал чалавека, святара, беларуса”.

Казімір Сваяк (сапр. Канстанцін Стаповіч)

Ксёндз Даніла актыўна цікавіцца сваім радаводам. Знайшоў ён там шмат цікавых дэталяў.

Ксёндз Даніла: “Я знайшоў грамату з двара польскага караля, адрасаваную маім продкам, Крукоўскім. Гэта падзяка за тое мяса, якое каралеўскі двор атрымаў на Вялікдзень ад гэтай сям’і, гэтага роду. А мой прадзед любіў экспедыцыі, вывучаў культуры індзейцаў Лацінскай Амерыкі. Большасць жыцця ён прасядзеў у Аргентыне -- прадаў тут сваю зямлю, каб мець грошы займацца там навукай. Бабуля кажа, што апроч навукі, ён там дужа любіў гульнуць – і раіць мне шукаць сваякоў таксама ў Аргентыне”.

Дарэчы, ксёндз Даніла – папулярызатар беларускага слова ў касцёле. Сам ён адпраўляе святую імшу выключна па-беларуску і не разумее, калі святары навязваюць беларусам “пальшчызну”.

Ксёндз Даніла: “У Пермі ў касцёле ўсё было па-расійску. Чаму тут, у Беларусі, такі ўхіл на польскасць?.. У кожнай еўрапейскай краіне ёсць галоўная мова – а таксама мовы меншасцяў. Сярод тых, хто называе сябе тут палякамі, мала сапраўдных палякаў. Большасць – тыя людзі, якіх хтосьці некалі падмануў. І яны застаюцца ў гэтым падмане – думаюць, што яны палякі. Хрысціянства – гэта адкрыццё праўды. І калі людзі ўсё жыццё жылі тут, я пераконваю іх любіць і слухаць родную беларускую культуру. Гэта дар Бога, не любіць гэта – не любіць сябе, пляваць на нашых продкаў”.

Ксёндз Даніла вядзе актыўны лад жыцця

Як працяг гэтага – ксёндз прагне, каб у літургічных тэкстах было як мага меней паланізмаў.

Ксёндз Даніла: “Наш мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адкрыта кажа, што беларускі касцёл вельмі малады – і таму працэс перакладаў пачаўся нядаўна, і ён не скончаны. Працэс ідзе – і ягоным вынікам будзе тое, што паланізмы адыдуць з літургічнай беларускай мовы”.

Мара ксяндза Данілы - каб святар-паэт Казімір Сваяк быў беатыфікаваны. Але пачаць такі складаны працэс можа толькі Канферэнцыя біскупаў Беларусі, якая мае права звяртацца з такім пытаннем у Ватыкан.

Здымкі з фэйсбука ксяндза Данілы

Касцёл у Друі вымагае неадкладнай рэстаўрацыі. Ксёндз Даніла папрасіў паведаміць праз Еўрарадыё рахунак для ахвочых дапамагчы:

Р\Р 3015000006283 Беларусбанк
філ. №205 г. Браслаў;
код банка 637
УНН 300170419; УНП 534
"Для ахвяраванняў на Друйскі касцёл"

 

 

Тэгі: , ,