it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 21

Глеб Лабадзенка, для tut.by

Тодар Кашкурэвіч – этнакультуролаг, мастак, дудар, рэканструктар дуды (рускія называюць гэты інструмент “волынка”). Сын народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча. Паўтара года таму Тодар, прыроджаны мінчанін, з’ехаў жыць у Ракаў. Паліць печ, сячэ дровы, глядзіць агарод. Кашкурэвіч – вядомы не толькі ў Беларусі стваральнік дудаў. Для таго, каб зрабіць сваю галоўную дуду, ён рытуальна забіў казу на Каляды – і з яе скуры змайстраваў інструмент.

Тодар Кашкурэвіч

25 студзеня (пятніца) у межах цыклу публічных лекцый Urbi et Orbi (“Гораду і Свету”) Тодар Кашкурэвіч прачытае лекцыю “Спаміж ці пасярод. Традыцыйная культура ў горадзе”, дзе распавядзе, ці ёсць месца ў бетонных каробках рэчам, якія складалі жыццё нашых продкаў доўгія стагоддзі і тысячагоддзі. Лекцыя адбудзецца ў Беларускім саюзе дызайнераў (Брылеўская, 14), пачатак у 18.30, уваход вольны. Напярэдадні лекцыі – невялікая гутарка з Тодарам Кашкурэвічам.


“Этнічны традыцыяналізм стварае сэнс быцця тут – гэтага чалавека на гэтай зямлі”

Спадар Тодар, пры словазлучэнні “традыцыйная культура” многія ўяўляюць сабе кашулю-вышыванку, народныя спевы ды лапці... А што ўкладаеце ў гэты панятак вы?

 

Тодар Кашкурэвіч: Наш традыцыяналізм увабірае ў сябе шмат паняткаў і культурных пластоў. Напрыклад, называць сябе традыцыяналістам можа паслядоўны вызнаннік каталіцызма ці праваслаўя – які выконвае ўсе абрады і рытуалы. Можна быць традыцыйным урбаністам, атаясамляць сябе з гарадской культурай… На жаль, гарадская культура і ўсе яе інстытуты знішчаныя – пачынаючы ад Магдэбургскага права, каталіцкіх кляштароў і калегіумаў, гарадскіх публічных святаў. Таму гарадскія традыцыяналісты горада Менска прадстаўляюць сабой носьбітаў гарадской культуры і менталітэту пасляваеннага часу. Мы - этнатрадыцыяналісты, і наш традыцыяналізм карэніцца ў этнічнай культуры і этнічнай мадэлі свету. Чаму ён стаўся для нас, гараджанаў, больш істотны за ўрбаністычны свет? Бо перадусім там – падмурак глыбіннай ментальнасці і мадэлі свету нашага народа, які адрознівае яго ад іншых і стварае сэнс быцця тут – гэтага чалавека на гэтай зямлі. А тыя стэрэатыпы, пра якія вы казалі, яны вельмі павярхоўныя. І крыўдна, калі нават інтэлектуалы іх прытрымліваюцца. Насамрэч усё глыбей. Наша дзейнасць, напрыклад, была накіравана на вывучэнне архаічнай міфалогіі і рэлігіі – дахрысціянскай. Там мы знаходзім складанейшыя схемы рэлігійных паводзінаў, эстэтыкі, сімвалізму рэчаў, уяўленняў аб сакральнай мадэлі свету!.. Нават калі тутэйшы народ прыняў хрысціянства – народ злукавіў! Памяняўшы коды, ён адаптаваў знакі новай канфесіі пад сябе, захаваў сваю структуру – абрадавую, каляндарную, тэалагічную… Таму нельга казаць, што гэта архаіка, мінуўшчына, нейкі свет дацывілізацыйнага перыяду. Ну, зрэшты, лётаючы самалётамі, ніхто антычных філосафаў і Стары запавет не адмяняў.

У якіх праявах народ захаваў? Адразу прыгадваюцца такія паганскія святы, як Купалле, Дзяды, Радаўніца…

 

Тодар Кашкурэвіч: Сапраўды, тое ж Купалле называецца Ян – “на Яна святкаваць”. Вялесава свята, звязанае з раўнадзенствам, называлася Вялічка – у хрысціянскім выглядзе яно зрабілася сугучным Вялікаднём. Пры тым, што тэксты маюць у сабе архаічнейшы пласт міфалогіі, аналагічны хецкім… (Хеты пакінулі самыя старажытныя пісьмовыя фіксацыі аб міфалогіі сярод індаеўрапейцаў). Архаічны беларускі строй у плане стылю, пластыкі, арнаменту – самы ўнікальны, самы старадаўні ў Еўропе! Гэта не проста нейкая апранаха, каб схаваць цела. Узор на кашулі адлюстроўваў уяўленні аб Сусвеце, быў своеасаблівай “іконай”, але чалавек у гэтай схеме быў не на адлегласці ад святога, а ў цэнтры святасці!

“Так ужо ходзіць “да касцёлу”, што нават яе сабачка Тузік ходзіць з ёй “да касцёлу”

Спадар Тодар, ад людзей, якія рэгулярна ходзяць у храм, даводзіцца чуць, што яны ніколі не пойдуць, скажам, да бабкі-шаптухі, бо гэта – не па-хрысціянску. З іншага боку, Рыгор Барадулін кажа, што беларусы – “кшчоныя паганцы”… Ці можа сумяшчацца этнічная культура, скажам, з хрысціянствам?

 

Тодар Кашкурэвіч: Калі казаць пра “бабак-шаптух”, то стаўленне да магічнага лекавання або народнай медыцыны сапраўды бывае рознае. Але гэты пласт не знікае. Нават у нас у Ракаве праз адну хату жыве такая каталічка зацятая – пані Яня. Так ужо ходзіць “да касцёлу”, што нават яе сабачка Тузік ходзіць з ёй “да касцёлу”. А я ж без комплексаў, я ёй магу сказаць “нех бэньдзе похвалёны Езус Хрыстус, са святам, пані Яня!”. Мы часам ходзім да пані Яні ў госці каву піць. Яна чарадзейка, яна лечыць дзяцей ад сурокаў – сама мне распавядала. Я так: “Пані Яня, дык а што ксёндз кажа?”. Яна кажа: “Ксёндз? Дык ксёндз не ведае!”. Я працягваю: “Але ж вы хрысціянка, дык нібыта лічыцца, што гэта нельга…”. І пані Яня шчыра дзівіцца: “А як жа ж, нельга людзям дабро прыносіць?!”. Вось – логіка! Пры тым, што сродкі, якімі яна паслугуецца, гэта і каталіцкія малітвы, і адначасова нейкія там “стаканчыкі”, соль… Я неяк запытаўся, адкуль у яе такія здольнасці, ці ёй хто перадаў гэта? Пані Яня насцярожылася: “А чаго вы пытаецеся? А я вам не адкажу! Бо вы як спыталіся, мне адразу вушы заклала і ў галаву пачало ціснуць!”. Пераемнасць была, і ў патаемнай форме традыцыя жыве дагэтуль!

Як прадстаўнікі духавенства ставяцца да “паганскіх” штучак?

 

Тодар Кашкурэвіч: Вось аднойчы я прыйшоў да такой бабкі, якая славілася сваімі здольнасцямі, а яна кажа: “А я ўжо не лячу. Бацюшка сказаў, што гэта грэшна”. І каму праваслаўны бацюшка зрабіў лепш? Ёсць і шматлікія прыклады, калі пратэстанцкія святары навучалі бабак выкідаць ды спальваць старыя рушнікі і кашулі, спяваць старыя песні, бо гэта “ад д’ябла”… Выходзіць, што ў гэтым выпадку яны знішчаюць нашую спрадвечную культуру? І што, нам проста глядзець на гэта?.. Я ні ў якім разе не заклікаю ваяваць з традыцыйнымі канфесіямі, у цэлым стаўлюся да іх прыязна, але трэба прызнаць, што прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій паводзяць сябе не талерантна і агрэсіўна, тым самым правакуюць да негатыўнага, як мінімум, стаўлення да іх.

“Моладзь творыць сабе на галаве дрэды – дык гэта тыя ж каўтуны!”

Спадар Тодар, вось вы выстаўляеце сур’ёзныя абвінавачанні традыцыйным канфесіям. Адначасова вы гаворыце, што вы не паганіст. У што вы верыце?

 

Тодар Кашкурэвіч: У нашай традыцыі вызначальным ёсць паняцце – рабіць, а не верыць. У нашым разуменні ўвасабленне сакральнага – гэта не вера, а дзеянні на перастварэнне космаса, сакральнага парадку. Кожны дзень – ад раніцы да вечара, цэлы год; ад пачатку жыцця да самай смерці. Верыць – гэта вельмі проста і прымітыўна.

У чым гэтае “ад раніцы да вечара” ўвасабляецца ў вашым жыцці?

 

Тодар Кашкурэвіч: Я сам пераехаў жыць на зямлю – у Ракаў. Для мяне, як патомнага гараджаніна, гэта быў рэлігійны выбар. Можна ў нейкіх формах культываваць сакральную мадэль свету, якая ў мяне сфармавалася ў горадзе, але толькі жывучы на зямлі, я ўвасабляю гэта рэальна. Кожную раніцу ў 6 гадзін я зімой палю печ, кармлю сабаку, ката. Паміж печкай і сняданкам – ранішняя гадзінка на інтэрнэт. Потым – работа на станку над дудамі, якія я ствараю. Кожны дзень ці праз дзень займаемся з жонкай музыкай – граем фальклорную, постфальклорную і авангардную музыку. Нарыхтоўваю дровы, займаюся будаўніцтвам, агародам... Саджу, вырошчваю – можа, не так многа, але я ўдзельнічаю ў цыкле гэтай прыроды! Не хачу падацца хвальком, але рымскія патрыцыі і арыстакраты ў адрозненне ад гарадскога плебса мусілі мець зямлю і ўдзельнічаць у культываванні яе. Тут, зрэшты, і пачатковае паняцце КУЛЬТУРЫ ў антычным разуменні.

Гэта ўсё – абавязковая ўмова, каб стаць на “правільныя рэйкі”?

 

Тодар Кашкурэвіч: Гэта ідэальная ўмова. Не абавязковая, але ідэальная.

Але вы можаце сабе гэта дазволіць. Творчы чалавек, мастак: сабраўся ды паехаў жыць у Ракаў, да чорта гэты Менск! А што рабіць тым, хто сядзіць у горадзе ў бетонных каробках?

 

Тодар Кашкурэвіч: Усе ж ужо начыталіся экзатычнай літаратуры кшталту фэн-шуя. Як арганізаваць свой дом, мэблю там расставіць... Альбо ў нас дужа модна запальваць і нюхаць гэтыя індыйскія палачкі... Але чамусьці, калі кажаш, што нашыя продкі таксама пэўным чынам арганізоўвалі сваю прастору, мелі нейкія знакавыя сістэмы, нават пахі – пачынаюць казаць: “паганства”, “у старадаўнія дзебры лезеце”! Такія мы: чужое – моднае, ад свайго – адмахваемся… Чаму нельга ў горадзе пільнавацца традыцыйных святаў, абрадаў, каляндара? Чаму праваслаўныя і каталіцкія малітвы можна спяваць у горадзе, а нашыя рэлігійныя песні нельга? Наадварот – гэта і будзе напаўненне гэтых каробак фарбамі і зместам! Я нават рабіў у горадзе маленькія алтарыкі, дзе запальваўся агонь… Чаму свечкі ў кватэры запальваць можна, а гэта – не?.. Чаму індыйскія палачкі можна нюхаць, а мяту паліць – не?.. Альбо, ведаеце, была на Палессі такая бяда ў людзей – каўтун у валасах. Чалавек з каўтуном лічыўся ніжэйшым класам. А цяпер, глядзіце, гарадская прасунутая моладзь творыць сабе на галаве дрэды – дык гэта тыя ж каўтуны! І яны з каўтунамі сябе нармальна чуюць у горадзе. А ўявіце, прыедзе чалавек з вёскі з каўтуном. Яму скажуць – ды ты ўрод, дзеравеншчына. А калі гэта чужое, запазычанае – дык гэта модна, крута. Ці ўсякія там фенечкі… Субкультура? Прасунутыя? А калі вы паглядзіце гэтыя фенечкі ў аўтэнтычных жанчын на Палессі – то яны ў разы прыгажэйшыя, з арнаментамі!..

“Ёсць факты, якія сведчаць, што дуда мела месца яшчэ ў вельмі старажытнай рытуальнай язычніцкай практыцы”

Ведаю, што вы праводзіце ў Ракаве семінары па традыцыйнай культуры…

 

Тодар Кашкурэвіч: Так, мы запачаткавалі школу традыцыйнай філасофіі і светагляду. У нас былі тэмы па семантыцы арнамента, па разуменні Пантэона, Ірына Дубянецкая выкладала міф пра цмокаў… У асноўным прыязджаюць людзі з Менска, хоць ёсць і мясцовыя – агулам, бывала, і па 60 чалавек збіралася…

Вы – не толькі вядомы дудар, але і чалавек, які сам вырабляе дуды. Ці можаце пры канцы троху сказаць пра гісторыю беларускай дуды? Бо даводзілася чуць, што “гэныя валынкі” мы падгледзелі ў шатландцаў…

 

Тодар Кашкурэвіч: Я з адукацыі мастак. І ў нашым мастацкім асяроддзі людзі ад пэўнага часу пачалі вывучаць пэўныя факты традыцыйнай культуры, у тым ліку рэканструяваць музычныя інструменты. Адзін з першых быў Уладзімір Пузыня, потым – мой настаўнік Алесь Лось. Потым я стаў займацца. І апынулася, што дуда, якая распаўсюджаная па ўсіх краінах Еўропы і Азіі, у беларускім варыянце мае сваю асаблівую канструкцыю. У нас адзін тып з літоўцамі. Дык вось, гэты інструмент ніадкуль сюды не “прыйшоў”. Ёсць факты, якія сведчаць, што дуда мела месца яшчэ ў вельмі старажытнай рытуальнай язычніцкай практыцы. Усім вядомы абрад Калядаў, калі адбываецца тэатралізаванае шэсце. І там рытуальна забіваюць Казу, яна валіцца – і ажывае толькі тады, калі ёй даюць дары гаспадары хаты. Дык вось, ёсць шэраг песняў, дзе апісваецца, што “не бойся, Козачка, стральцоў-мальцоў, а бойся дзеда старога, ён цябе забіець, скуру злупя, дуду пашыець”. Тут можна бачыць старажытнае ахвярапрынашэнне, якое магло быць на Каляды.

Казу забівалі, каб злупіць скуру і пашыць дуду?

 

Тодар Кашкурэвіч: Так! І такіх аналагаў я не бачыў ні ў адной дударскай міфалогіі іншых краін!.. Дуда – культавая рэч для нас. Не дарма, і псеўданімы “Дудар” бралі нашыя творцы, і Багушэвіч сваю кніжку назваў “Дудка беларуская”… Калі я ўсё гэта асэнсаваў, то стаў займацца навуковай рэканструкцыяй…

…казу забівалі для гэтага?

 

Тодар Кашкурэвіч: Так. Мы нават з літоўцамі знялі ад пачатку ўсё – нараджэнне дуды з ахвярапрынашэння… І вось сёння ў нас адбываюцца дударскія фэсты, ёсць дударскія гурты, канцэрты… Можна сказаць, што гэта ў пэўным сэнсе зрабілася модным. Няхай і так. Не так важна, у якой форме гэта ўсё вернецца ў нашае жыццё.
Такім чынам
Публічная лекцыя
Тодара Кашкурэвіча
“Спаміж ці пасярод. Традыцыйная культура ў горадзе”
з цыклу Urbi et Orbi
адбудзецца 25 студзеня (пятніца)
у Беларускім саюзе дызайнераў (Брылеўская, 14).
Пачатак у 18.30, уваход вольны!
Тэгі: ,