it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 29

Збіраў Барыс Гарэцкі для часопіса "Абажур", перадрук адсюль

Мы сабралі згадкі толькі пра некаторыя з навагодніх здарэнняў, што адбываліся з беларускімі журналістамі — зайздросцьце, калі самім не выпадала, ці стварайце свой вясёлы і бясконцы серыял! Наступным годам і вас «прапячатаем»!

Як офіс Еўрарадыё ў Варшаве ледзь не спалілі

Віталь Зыблюк

У Новы 2010 год мы засяляліся ў офіс і рамонт рабілі, таму святкаваць не было часу. На Новы 2011-ы ў нас быў ператрус напярэдадні, 25 снежня, — гэткі своеасаблівы падарунак ад спецслужбаў, і святкаваць не было на чым. А пад Новы 2012-ы так напрацаваліся, што проста ў боўлінг пагулялі трохі і моўчкі распаўзліся па хатах.

Але быў цікавы выпадак у 2007-м. Разам з сябрамі я паехаў святкаваць у Варшаву — думалі, будзе вельмі весела, будзе «двіжуха». А ў Варшаве якраз напярэдадні выбралі новую прэзідэнтку горада, якая забараніла ўсе вулічныя мерапрыемствы на Новы год. У польскай сталіцы нічога не працавала, ніякіх людзей на вуліцах не было — зусім глуха, як у вёсцы. Ледзь знайшлі ў навагоднюю ноч рэстаран, дзе перакусілі ўвечары, а потым і ён зачыніўся.

Тады мы вырашылі пайсці на офіс Еўрарадыё і там святкаваць. Туды на дзіва панаехала вельмі шмат замежнікаў, і мы па традыцыі святкавалі спачатку Новы год па маскоўскім часе — у 22.00 па варшаўскім, потым па беларускім — у 23, потым па польскім — роўна апоўначы, а потым яшчэ і па ангельскім — у гадзіну ночы.

І ўвесь час, пакуль мы адзначалі, танчылі, адпачывалі, на стале стаялі свечкі. Ад тэмпературы воск у іх расплавіўся, паплыў, і ніхто не заўважыў, як пачаўся невялічкі пажар. На стале ад воску і тэмпературы загарэлася сурвэтка, потым другая. Калі ўбачылі, усе адразу пачалі спрабаваць вогнішча тушыць, але пад рукамі, як на злосць, была толькі «гаручая» вадкасць.

З таго часу на дырэктарскім стале ў Варшаве вялізная чорная пляма. А ў офісе Еўрарадыё — забараняюць што-небудзь святкаваць. Мабыць, прэзідэнтка Варшавы таксама праз гэта калісьці прайшла, таму і забараніла пад 2007-ы святкаванні ў горадзе.

 

Пра песню для спецслужбаў ад Радыё Свабода

Алег Груздзіловіч

Неяк сабраліся адзначаць свята ў адной з кавярняў на Нямізе. Замовілі столік. А побач з намі паставілі невялікі столік на чатырох чалавек, дзе сядзелі два мужчыны, відавочна гэбэшнага выгляду, а з імі дзве жанчыны.

Яны сядзяць, амаль не размаўляюць, узялі бутэльку гарэлкі нейкую на ўсіх і ціхенька робяць выгляд, што п’юць. Ну вось мы сядзелі-сядзелі, глядзелі на іх, усміхаліся. А напрыканцы падыходзяць да нас музыкі з гэтай кавярні і прапануюць замовіць песню. Маўляў, у нас вялікая вясёлая кампанія, можна было б што-небудзь і замовіць.

А ў тых музыкаў такая кніжка вялікая з рознымі песнямі, можна выбраць любую, а яны сыграюць і спяюць. Ну, мы і вырашылі замовіць «Наша служба и опасна, и трудна». Запытваем: «Ёсць?» — «Ёсць, канешне, зараз сыграем!»

Дык вось, калі музыкі пачалі браць першыя акорды, нават гэтая кампанія ў чорных плашчах побач з намі пачала ўсміхацца і паказваць нам «брава!».

 

Як рэдакцыя «Беларускай маладзёжнай» ледзь у Беласток не паехала

Сяргей Пульша

Не памятаю, у якім годзе гэта было, але святкавалі Новы год у вялізнай нефармальнай кампаніі з рознымі культурнымі дзеячамі, журналістамі і г. д. Сядзелі мы сядзелі, пілі беларускае піва, размаўлялі. І ў рэшце рэшт, калі мы былі ўжо даволі гарачыя, беларускае піва чамусьці перастала нам падабацца.

І нехта прапанаваў: «А давайце ў Беласток паедзем піва пап’ём!» Тады яшчэ не трэба было ніякіх візаў, консульстваў, афармленняў, а проста па ваўчарах у Польшчу ездзілі. Усе ўжо пагадзіліся, сабраліся на вакзал, пачалі рэчы складаць і абмяркоўваць Беласток. І добра, што ў апошнюю хвіліну дадумаліся пазваніць і даведацца пра цягнікі. Як высветлілася, апошні на Гародню сышоў роўна дзесяць хвілін таму. Таму ўсё прыйшлося адмяніць. А калі б не цягнік, то абавязкова ў Беластоку б прачнуліся J!

 

Як Аркуш з Воюшам на Новы год тэлевізар куплялі

Алесь Аркуш

Новы год у Беларусі лічыцца сямейным святам. У маім жыцці так і было да пэўнага часу, пакуль я не з’ехаў у Полацак і не пачаў жыць самастойна. У гэтым новым перыядзе жыцця Новы год стаўся святам сяброўскім, якое заўжды сустракаў у коле блізкіх мне людзей, у якім бы горадзе гэта ні адбывалася. У Наваполацку — з Сержуком Сокалавым-Воюшам, Вінцэсем Мудровым, Алегам Мінкіным, у Вільні — з Сяргеем Дубаўцом і Таццянай Сапач, у Полацку — з Сержуком Цімохавым, у Беластоку — з Алегам Латышонкам.

І заўжды гэта былі размовы пра Беларусь і мары пра светлую беларускую будучыню. Таму Новы год для мяне заўсёды быў нацыянальным святам. І тост «Жыве Беларусь!» быў самым галоўным.

Згадваюцца і асобныя гісторыі — навагоднія і ваколнавагоднія. Памятаецца, пры канцы 1988-га мая Таццяна выйграла на працы права купіць тэлевізар. Такія вось латарэі перад Новым годам разыгрывалі. Мы толькі пачыналі ствараць сям’ю, жылі ў інтэрнаце, шмат чаго не хапала. І вось літаральна за дзень да Новага года мы з Сержуком Сокалавым-Воюшам выправіліся ў краму «Арбіта» купляць новы «Гарызонт». Воюш сказаў, што ён вялікі спецыяліст па тэлевізарах і абярэ самы лепшы. Нешта ён там дыскутаваў з гандляркамі, круціў настройкі, разбіраўся ў тэхнічных характарыстыках і нарэшце выбраў. І вось мы па вечаровым Наваполацку амаль праз увесь горад цягнем на дзіцячых саначках той тэлевізар. І давольныя, жартуем, смяёмся! Той тэлевізар сапраўды служыў добра, можа, толькі пару разоў і сапсаваўся за ўсе гады яго эксплуатацыі.

 

Пацук у прамым эфіры

Генадзь Кеснер

Новы 1996 год мы сустракалі ў прамым эфіры Радыё 101,2. У рэдакцыі адбылося лёсаванне, і весці эфір з дванаццатай да першай гадзіны ночы выпала менавіта мне. А 1996 год, які надыходзіў, быў акурат годам пацука. Напярэдадні святкавання Алесь Хмяльніцкі здуру ляпнуў у эфір, што ўсе, хто жадае, могуць прыходзіць у рэдакцыю і разам з намі сустракаць свята.

У выніку да нас на вуліцу Рэвалюцыйную прыцягнулася вялізная колькасць людзей. Яны хадзілі па рэдакцыі, тусаваліся паўсюль і перашкаджалі працаваць. Але для мяне гэта было не самае галоўнае.

У нас у студыі былі таемныя дзверы ззаду ад вядоўцы. І вось у той вечар чамусьці іх забылі зачыніць. Сяджу я пры мікрафоне, вяду эфір навагодні, і тут невядома адкуль у мяне па стале пабег вялікі чорны пацук! Не сказаць, каб я баяўся гэтых істотаў, але ад нечаканасці вельмі шмат нецэнзурных слоў магло вылецець у эфір!

Уратавала тое, што паспеў своечасова выключыць мікрафон і даць адбіўку. Як высветлілася пазней, гэта быў пацучок нашага калегі Цэзарыя Галіньскага. А падклала яго мне Кася Камоцкая.

Наступная гісторыя была ў Новы 2000 год. Працавала тады яшчэ першая «Рацыя». 31 снежня мы вырашылі наперад на тры дні запісаць вечаровыя праграмы — на 31-е, 1 і 2 студзеня. Цэлы дзень працавалі, запісалі ўсе перадачы. І ў час, калі ў рэдакцыі заставаліся хіба тры чалавекі, усе былі ўжо па локці ў салаце, Барыс Мікалаевіч Ельцын прамаўляе сваё гістарычнае: «Я ухожу!»

Можна сабе ўявіць, колькі «добрых» слоў было сказана ў той вечар у адрас былога прэзідэнта Расіі, калі прыйшлося перапісваць праграмы ажно на тры дні! Давялося шукаць палітыкаў, грамадскіх актывістаў, аналітыкаў… Апошнюю перадачу мы запісалі і звялі літаральна за некалькі хвілін да поўначы. Такі быў экстрэмальны Новы год.

 

«Тут прыйшлі засранцы, сапсавалі танцы»

Аляксандр Коктыш

Самы мой векапомны Новы год — гэта была сустрэча 1989-га. Сустракалі мы яго з адным з будучых лепшых журналістаў свету Сяргеем Грыцом у студэнцкім інтэрнаце БДУ. Час страшэннага дэфіцыту, разгубленасці, але мы вырашылі ўсё зрабіць па-людску і пайшлі стаяць у чэргах. Стаялі за варанай каўбасой, за апельсінамі, яшчэ за чымсьці. Памятаю, гэты занятак у нас забраў роўна тры дні, а само святкаванне і віншаванне — усяго, можа, паўтары гадзіны.

Потым пачалася паслянавагодняя частка. Была, як водзіцца, дыскатэка. І мы чамусьці сутыкнуліся з двума арабамі, адзін з якіх вельмі моцна штурхануў Сяргея ў шкляныя дзверы ленінскага пакоя. У Грыца атрымалася даволі сур’ёзная рана і пайшла кроў. А літаральна перад гэтым з інтэрната выперлі дзвюх студэнтак за парушэнне ўнутранага распарадку. Мы падумалі, што па Сяргеевай крыві вылічаць нас, пачнуцца з камендантам праблемы і плакала наша месца ў інтэрнаце.

І я вырашыў праз увесь інтэрнат за Сяргеем да нашага пакоя кроў зацерці, прыбраць усё. Пасля таго як усе сляды былі схаваныя, а Грыц з парэзам транспартаваны ў пакой, я зноў скіраваўся на дыскатэку.

І вось праз паўтары гадзіны я вяртаюся з дыскатэкі, збіраюся адпачыць. Падыходжу да пакоя, грукаюся. А ў адказ — цішыня... Тады я прысеў каля батарэі — так прайшла другая палова навагодняй ночы.

 

Як Любоў Лунёва з Генадзем Барбарычам Шчукіна віншавалі

Любоў Лунёва

Напэўна, гэта быў Новы 1998 год. Напярэдадні Валера Шчукіна за нейкую акцыю садзяць на суткі. Атрымліваецца, што сустракаць Новы год ён будзе ў ізалятары на Акрэсціна. Тады мы вырашылі неяк падтрымаць свайго сябра. Сабраліся на ўправе БНФ, спакавалі яму перадачку навагоднюю: цукеркі, мандарынкі, кавалачкі сала, каўбасы...

Ну і падумалі, што Новы год жа, а Валер Шчукін у нас — афіцэр і ўсё такое. Вырашылі, што без навагодняга тоста афіцэру — ніяк, і пайшлі на крымінальныя хітрыкі: узялі шпрыц і накачалі адзін з апельсінаў гарэлкай. Вельмі стараліся, каб ніякіх прыкметаў не было. Нават соку крыху з яго выціснулі, каб не зашмат важыў.

Меркавалі: вось Шчукін атрымае перадачку, адзначыць Новы год і нас цёпла ўзгадае. І 31 снежня перадачу аднеслі. А ў той жа дзень Гена Барбарыч таксама прыехаў на Акрэсціна да Шчукіна, з намі размінуўся, але, каб Валеру было прыемна, узарваў петарду і крыкнуў: «З Новым годам!»

Калі ж Шчукін выйшаў, мы яго сустрэлі і пытаем: «Мы ж Вас віншавалі. Вы чулі петарду, воклічы?» «Не, — кажа, — я сядзеў на іншым баку будынка і нічога не чуў». Я пачала дапытвацца наконт апельсіна: «Мы ж Вам там выпіць перадалі…»

А Шчукін узгадвае і смяецца. Як высветлілася, ён сядзеў у камеры з нейкім алкаголікам — сямейным скандалістам і адзін з гэтых апельсінаў яму і прапанаваў. І гэты сукамернік быў такі радасны, кажа: «Які Вы душэўны чалавек, якія ў Вас добрыя сябры». Аказалася, што менавіта гэты «наколаты» апельсін дастаўся сукамерніку.

 

Як Леніну ў Маладзечне выпадкова галаву адбілі

Глеб Лабадзенка

Я з’яўляюся выкладчыкам у школе маладога журналіста ў Маладзечне. Неяк у гэтай школе мы праходзілі напісанне навінаў. І пасля лекцыі навучэнцы атрымалі заданне прыдумаць інфармацыйную падзею. Неабавязкова гэта павінна была быць праўдзівая гісторыя, проста трэніровачны матэрыял, які б можна было прывесці ў якасці прыкладу.

І вось адна дзяўчына ўзяла канкрэтны фотаздымак галоўнай маладзечанскай плошчы. На ёй стаіць помнік Леніну, а таксама на Новы год усталёўвалі елку. Дзяўчына фотаздымак трохі падфоташопіла, замазала таму Леніну галаву і напісала жартаўлівую навіну пра тое, як у Маладзечне павалілася елка і адбіла Леніну галаву.

Разам з фотаздымкам гэты матэрыял мы выставілі у нашым вучнёўскім блогу. Адразу матэрыял быў перадрукаваны «Хартыяй’97» і яшчэ некалькімі рэсурсамі, хоць на нашай старонцы і было напісана, што артыкул — гэта жарт. Некалькі гадзін гэта інфармацыя правісела, фотаздымак ужо пайшоў гуляць па сацыяльных сетках, людзі пачалі абмяркоўваць... Урэшце праз пэўны час людзі ўсё ж зразумелі, што гэта жарт, з «Хартыі» і адусюль матэрыял знялі. І толькі на наступны дзень у рэдакцыю мясцовай маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты» патэлефанавалі журналісты «Комсомольской правды». І зноў пачалі распытваць пра адбітую галаву Леніна.

 

Як Міндлін і Хашчавацкі сталі ганаровымі дваранамі

Леанід Міндлін

Гісторыя 1995 года. Мы здымалі ў Маскве Джуну Давіташвілі. Гэта была жанчына-легенда — супервядомы экстрасенс. Казалі, што яе наведвальнікамі былі члены камуністычнага палітбюро, ледзьве не сам Брэжнеў. Да гэтага яна была простай медсястрой, якая ў свой час патрапіла ў Маскву і стала там папулярнай. Настолькі папулярнай, што ў свой час Давіташвілі нават здолела пабіцца з Алай Пугачовай — была такая знакамітая бойка.

Нам жа трэба было зняць Давіташвілі для фільма «Звычайны прэзідэнт», паразмаўляць з ёй пра справы палітычныя. Гэта была зусім неапісальная жанчына. Яна мела зусім неапісальны кабінет на старым Арбаце: старажытныя кітайскія вазы, нейкі мадэрн, партрэты Джуны ў генеральскай форме, у форме рыцара Мальтыйскага ордэна і г. д.

Сама Джуна выглядала наступным чынам: мы прыходзім і бачым, што перад намі сядзіць старая жанчына. Проста старая. І раптам у секунды, пакуль ставім камеру, наладжваем святло, яна маладзее гадоў на трыццаць: скура нацягваецца, вочы блішчаць, з’яўляецца румянец — проста неапісальна. Але тое, што нас цікавіла, яна так і не сказала. Проста закрылася ад палітыкі.

Мы зразумелі, што няма сэнсу яе змушаць: ламай не ламай, яна ведала, што можна казаць, а што — не. Яна таксама зразумела, што мы вельмі расчараваныя, і, каб замяць канфлікт, абвясціла нас ганаровымі дваранамі Асірыйскага ордэна. Джуна сказала, што яна — вялікая асірыйская княгіня і што дваран гэтага ордэна засталося па ўсім свеце некалькі соцень. Апроч гэтага, Давіташвілі паабяцала выслаць нам адпаведныя дыпломы.

З гэтай нагоды па дарозе ў гатэль мы заехалі ў начную краму, каб мець магчымасць адзначыць не толькі Новы год, але і наша асірыйскае дваранства. За сталом мы адразу ж прыняліся дзяліць тытулы. Хашчавацкі доўга думаў і кажа: «Я буду баронам!» Аператар Уладзімір Андронаў таксама доўга думаў і гаворыць: «Я — граф!» Мне таксама дастаўся нейкі тытул. Але пасля другога-трэцяга келіха мы ўсё паблыталі і забыліся на сваё асірыйскае паходжанне. Як і трэба было чакаць, ніякіх дыпломаў Джуна Давіташвілі таксама не даслала. Таму Новы год прыйшлося сустракаць звычайнымі грамадзянамі Беларусі.

Тэгі: ,