it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 07

прэс-рэліз "Бацькаўшчыны"

Сябру Вялікай Рады Згуртавання беларуў свету “Бацькаўшчына”, старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведару Нюньку 6 снежня ў Беларускім пасольстве ў Вільні (Літва) адмовілі ў выдачы ўязной візы ў Беларусь. Віза мусіла быць аформлена па запрашэнні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

 

“Я сам да іх не напрошваўся, –  гаворыць Хведар Нюнька, –  пры сустрэчы з паслом Беларусі ў Літве Уладзімірам  Дражыным я так яму і сказаў, што, калі ёсць нейкі ўказ, каб мне не даваць візу, то лепей адразу скажыце, каб я не бегаў, як хлопчык, але мяне запэўнілі, што ніякіх праблем не будзе”.

Хведар Нюнька распавёў, што яму патэлефанавалі з пасольства і запрасілі на сустрэчу для атрымання візы, аднак на месцы высветлілася, што адразу могуць выдаць візу толькі на тры месяцы, а для гадавой візы патрэбна прадставіць дадатковыя дакументы, якія б пацвярджалі супрацоўніцтва Таварыства беларускай культуры ў Літве з МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” . Такія дакументы былі прадстаўлены, аднак 6 снежня супрацоўнікі пасольства паведамілі Хведару Нюньку, што ў візе яму адмоўлена.

“Я ўжо даўно маю праблемы з атрыманнем беларускай візы. Апошні раз я прыязджаў у Беларусь па аднаразовай візе гады два таму, ды і тое я сам не змог яе аформіць, а толькі пры спрыянні патрэбнай асобы, –  прыгадвае Хведар Якубавіч. – А доўгатэрміновай візы ў мяне няма ўжо гадоў пяць”.

Сітуацыю каментуе кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская: “Адмова ў атрыманні беларускай візы Хведарам Нюнькам разглядаецца намі ў шэрагу адмоваў іншым, таксама ключавым асобам беларускай дыяспары – Яўгену Вапу і Алене Галоўскай, што можа сведчыць ужо пра сістэмны падыход беларускага МЗС. Не ведаем, ці асобы, адказныя за гэтыя рашэнні, да канца асэнсоўваюць наступствы. Мы лічым, што калі гэта ўсвядомленая і сістэмная пазіцыя МЗС, гэта можа прывесці да інспірацыі штучнага падзелу беларусаў замежжа на “сваіх”  і  “чужых”. А гэта аслабляе беларускую дыяспару, як любы падзел, і што было ўжо неаднаразова ў гісторыі беларускай дыяспары  і радыкалізуе яе пэўную частку. Мы будзем працягваць захады па разуменні МЗС сітуацыі і дамагацца перагляду гэтых рашэнняў, якія безумоўна наносяць шкоду беларускаму руху ў замежжы”.

 

Хведар Нюнька ўзначальвае Таварыства беларускай культуры ў Літве ўжо больш за два дзесяцігоддзі. Дзякуючы намаганням ТБК і асабіста Хведара Якубавіча ў Вільні ўсталяваны помнікі на могілках беларускіх дзеячаў, адкрыты мемарыяльныя дошкі Францішку Скарыну, Кастусю Каліноўскаму, Рыгору Шырме, Янку Купалу, Вацлаву Ластоўскаму, Наталлі Арсенневай, Максіму Гарэцкаму і іншым дзеячам. Таварыствам выдадзены не адзін дзесятак кніг, сабраны багаты архіў па гісторыі Беларусі і Літвы. Хведар Якубавіч Нюнька ёсць адным з тых людзей, дзякуючы якім Вільня захоўвае беларускі дух і сёння.


Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Тэгі: