it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 05

перадрук з Радыё Свабода

Праверка фактаў катаваньняў вартаўніка аўтастаянкі Васіля Сарочыка скончылася тым, што завялі крымінальную справу па факту перавышэньня паўнамоцтваў міліцыянтамі.

Васіль Сарочык
Так вырашыла Менская ўпраўленьне Сьледчага камітэту, паведамляе сайт «Плятформы».

Справа заведзеная паводле крымінальнага артыкулу «Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў».

«Пакуль яшчэ рана рабіць высновы пра тое, чым скончыцца крымінальная справа, але сам факт, што яе завялі, абнадзейвае. На жаль, гэта ці ледзь не адзінкавы выпадак, калі праваабаронцы дамагаюцца крымінальнага перасьледу супрацоўнікаў праваахоўных органаў, адступнікаў закону. Асабліва, калі гаворка заходзіць пра катаваньні» — заявіў кіраўнік «Плятформы» Андрэй Бандарэнка.

21 лістапада ў міліцыі Ленінскага раёну Менску пачалася месячная праверка пасьля таго, як 54-гадовы Васіль Сарочык заявіў, што яго катавалі.

Інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова «Плятформа» накіравала ў Генэральную пракуратуру, Міністэрства ўнутраных спраў і Сьледчы камітэт Беларусі паведамленьні пра зьдзекі з Васіля Сарочыка.

54-гадовы вартаўнік аўтастаянкі Сарочык кажа, што яго катавалі і прымушалі прызнацца ў крадзяжах.

Пры гэтым ён адзначае, што ў зьдзеках зь яго ўдзельнічала жанчына-міліцыянт.

«Мяне пратрымалі ў міліцыі прыкладна з 9.30 да 18.00. Зь дзяжурнай часткі мяне забрала жанчына і завяла ў 235 кабінэт. Яна адразу ж надзела мне кайданкі і пачала зьбіваць: увесь час мацюкі — і нагамі, і рукамі. І яна сказала: калі патрэбныя паказаньні, то супраць цябе ўсе вадзіцелі аўтастаянкі, бо ты ў машынах акумулятары крадзеш. Яна выходзіць, другі заходзіць — і тое самае — мяне гэтак білі гадзіны тры. Пасьля зрабілі „ластаўку“, і я гадзіны тры на падлозе ляжаў, таксама зьбівалі. А ўвечары гадзіне а шостай нехта патэлефанаваў, каб мяне адпусьцілі. Яна выпісала нейкія дакумэнты і сказала, што дзякуй, што папрасілі цябе адпусьціць, я б цябе забіла, ты б жывым адсюль ня выйшаў», — сведчыў Васіль Сарочык.

Тэгі: