it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 24


калі коратка, то нікому не раю ехаць у Рыгу. рэдка які горад пакінуў у мяне столькі адмоўных эмоцыяў. хоць гэта, вядома, суб'ектыўна. упэўнены, што знойдуцца сярод вас людзі, якія мне горача запярэчаць.
яшчэ больш ня раю ехаць туды машынаю. жахлівыя савецкія разьбітыя дарогі. 270 км ад мяжы да Рыгі ідзе такая траса, што ў нас між райцэнтрамі ў разы лепшыя дарогі. у цэнтры Рыгі -- толькі платная паркоўка. за дзень я аддаў 180 тысяч на нашыя грошы. гадзіна -- ад 27.700 да 31.000 на нашыя грошы. штрафы -- да 500 эўра. правілы дарожнага руху -- абсалютна ідыёцкія, нейкія свае. напрыклад, у горадзе амаль няма левых паваротаў, толькі для аўтобусаў. а калі павернеш -- штраф 50 эўра.
кошты -- што ну іх к чорту з іх Рыгаю. такія высокія кошты я бачыў толькі ў Вене ды Парыжы. але там, выбачаюся, ёсьць што паглядзець. меў працу на пару гадзін у інтэрнэце. сеў у кавярні, ежу не замаўляў, каву-гарбату з тостамі. вынік -- 150 тышч на нашыя грошы.
людзі пахмурныя, нядобразычлівыя. нібыта прыехаў не турыст, а нейкі маскальскі акупант (па-руску я там не размаўляў прынцыпова). дзікія кошты за ўваход у культурныя здабыткі -- ад 31.000 да 60.000 на нашыя грошы. пры тым, што глядзець асабліва няма чаго (вядома, калі параўноўваць з іншымі эўрапейскімі сталіцамі, а ня зь Менскам). у нармалёвых эўрапейскіх краінах журналістаў прынята пускаць у музеі бясплатна, але тут мне паведамілі на касе, што "у нас латвія, а не европа".
карацей, калі вы бывалі ў тройцы-пяцёрцы эўрапейскіх гарадоў, ехаць у Рыгу няма сэнсу. тут няма помнікаў архітэктуры, дзеля якіх сюды трэба ехаць адмыслова. ня ведаю чаму, але мяне абсалютна не ўзразіў ані Домскі сабор, ані сабор сьвятога Пятра. бачылі мы саборы і пакруцей. калі з Рыгі я прыехаў у Вільню, то ўзрадваўся як дзіця -- настолькі ўсё мілае, цёплае і хатняе! Рыга ж строгая, чужая, халодная, неадчувальная.
што паехаў -- не шкадую, на свае вочы паглядзеў, але другі раз там дакладна няма чаго рабіць.

Тэгі: ,